Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
20 лютага 2004 г. № З-170/2004
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закону Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя“ Палажэння аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці і Палажэння аб ліцэнзаванні фармацэўтычнай дзейнасці, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2003 г. № 1378
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Вараб'я Г.А., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.
 
з удзелам прадстаўнікоў:
 
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Лектарава В.М., старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі; Мяшковай Н.М., загадчыка аддзела дзяржаўнага права Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
 
Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь – Раманенкава А.С., намесніка Міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закону Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя “ Палажэння аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці і Палажэння аб ліцэнзаванні фармацэўтычнай дзейнасці, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2003 г. № 1378”.
 
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:
 
Вышкевіч В.М. – намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Козырава Л.Р. – намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Калугін В.Ю. – намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 8 снежня 2003 г. па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.
 
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь унесла прапанову аб праверцы Палажэння аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці і Палажэння аб ліцэнзаванні фармацэўтычнай дзейнасці, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2003 г. № 1378 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 122, 5/13295), якія прадугледжваюць парадак і ўмовы выдачы спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на ажыццяўленне адпаведна медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці.
 
Палата прадстаўнікоў указала, у прыватнасці, што пункт 9 Палажэння аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці адной з абавязковых умоў для атрымання ліцэнзіі юрыдычнай асобай прадугледжвае наяўнасць у кіраўніка арганізацыі або ў кіраўніка структурнага падраздзялення, што будзе ажыццяўляць медыцынскую дзейнасць, першай або вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і наяўнасць у штаце дадзенай арганізацыі работнікаў, якія маюць таксама першую або вышэйшую катэгорыю. Аналагічныя па сутнасці патрабаванні прад’яўляюцца і пунктам 9 Палажэння аб ліцэнзаванні фармацэўтычнай дзейнасці да фармацэўтычных работнікаў.
 
Па меркаванню Палаты прадстаўнікоў, устаноўленыя ва ўказаных палажэннях дадатковыя (у параўнанні з Законам “Аб ахове здароўя”) патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі медыцынскага персаналу пацягнуць за сабой закрыццё многіх арганізацый аховы здароўя, асабліва пярвічнага звяна, дзе працуе невялікая колькасць медыцынскіх работнікаў з адпаведнымі катэгорыямі. Палата прадстаўнікоў лічыць, што гэта ў поўнай меры адносіцца і да аптэчных арганізацый.
 
У адпаведнасці з артыкулам 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” межы вырашэння пытанняў, пастаўленых на разгляд Канстытуцыйнага Суда, вызначае Суд. Таму, зыходзячы з сутнасці ўнесеных Палатай прадстаўнікоў прапаноў, Канстытуцыйным Судом ажыццёўлена праверка на прадмет канстытуцыйнасці норм, якія змяшчаюцца ў пункце 9 Палажэння аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці, пунктах 9 і 10 Палажэння аб ліцэнзаванні фармацэўтычнай дзейнасці.
 
Заслухаўшы паведамленне суддзі-дакладчыка Падгрушы В.В., прадстаўнікоў бакоў, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 чэрвеня 1993 г.“Аб ахове здароўя” (у рэдакцыі Закона ад 11 студзеня 2002 г.), Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2003 г. № 17 “Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці” (далей – Дэкрэт № 17), нормы палажэнняў аб ліцэнзаванні адпаведна медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці, іншых нарматыўных прававых актаў, якія маюць адносіны да пытання, што разглядаецца, даследаваўшы іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Згодна з артыкулам 2 Канстытуцыі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.
 
Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя. Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання (артыкул 45 Асноўнага Закона).
 
У сілу патрабаванняў артыкула 13 Канстытуцыі дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства, забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах. Дзяржава прадастаўляе ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці.
 
Згодна з артыкулам 9 Закона “Аб ахове здароўя” сістэму аховы здароўя Рэспублікі Беларусь складаюць дзяржаўная ахова здароўя і прыватная ахова здароўя. Пры гэтым, як указана ў Законе, асновай сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца дзяржаўная ахова здароўя.
 
Артыкулам 12 Закона “Аб ахове здароўя” прадугледжана, што медыцынская і фармацэўтычная дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца фізічнымі і юрыдычнымі асобамі толькі пры наяўнасці спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі).
 
Ліцэнзія ўяўляе сабой спецыяльны дазвол на ажыццяўленне віду дзейнасці пры абавязковым выкананні ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў, які выдадзены ліцэнзуючым органам суіскальніку ліцэнзіі або ліцэнзіяту і які пацвярджае, што суб’ект гаспадарання прымае на сябе абавязацельствы па забеспячэнню належнага ажыццяўлення ліцэнзуемага віду дзейнасці.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, нарматворчыя органы, прымаючы акты ў межах сваёй кампетэнцыі, у тым ліку рэгулюючы медыцынскую і фармацэўтычную дзейнасць, маюць права вызначаць парадак і ўмовы яе ажыццяўлення, устанаўліваць абмежаванні, якія павінны адпавядаць крытэрыям, замацаваным у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а іменна: асноўвацца на законе і прымацца толькі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.
 
Дзяржаўнае рэгуляванне ў галіне ажыццяўлення медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці абумоўлена неабходнасцю забяспечыць ахову жыцця і здароўя грамадзян. У гэтых мэтах нарматыўнымі прававымі актамі ўстанаўліваюцца павышаныя патрабаванні да суб’ектаў, якія ажыццяўляюць такую дзейнасць, у тым ліку замацоўваецца абавязковасць ліцэнзавання ўказанай дзейнасці.
 
Дэкрэтам № 17 прадугледжана, што права на ажыццяўленне юрыдычнымі і фізічнымі асобамі асобных відаў дзейнасці, уключаючы медыцынскую і фармацэўтычную, можа быць рэалізавана пасля атрымання ва ўстаноўленым парадку спецыяльных дазволаў (ліцэнзій). Згодна з падпунктам 3.9 пункта 3 Дэкрэта № 17 у выпадку разыходжання норм дадзенага Дэкрэта з іншымі заканадаўчымі актамі, якія рэгулююць ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці на падставе спецыяльных дазволаў (ліцэнзій), прымяняюцца нормы гэтага Дэкрэта.
 
У адпаведнасці з пунктам 2 Палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, зацверджанага Дэкрэтам № 17, ліцэнзійныя патрабаванні і ўмовы – гэта сукупнасць устаноўленых заканадаўствам патрабаванняў і ўмоў, што прад’яўляюцца да суіскальніка ліцэнзіі пры яе выдачы і да ліцэнзіята пры ажыццяўленні ім дзейнасці, на якую патрабуецца ліцэнзія.
 
Пунктам 5 указанага Палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці прадугледжана, што Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у межах сваёй кампетэнцыі зацвярджае палажэнні аб ліцэнзаванні відаў дзейнасці, якія разам з іншымі ўмовамі і патрабаваннямі павінны ўключаць пералік ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў, што прад’яўляюцца да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама асаблівасці выдачы ліцэнзій на асобны від дзейнасці.
 
Дэкрэт № 17 разглядаўся Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адпаведна 9 і 17 кастрычніка 2003 г. і прыняты да ведама без заўваг.
 
У мэтах выканання Дэкрэта № 17 Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь пастановай ад 20 кастрычніка 2003 г. № 1378 зацверджаны Палажэнне аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці і Палажэнне аб ліцэнзаванні фармацэўтычнай дзейнасці.
 
Пунктам 9 Палажэння аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці прадугледжана, што абавязковымі ўмовамі для суіскальніка ліцэнзіі і ліцэнзіята пры ажыццяўленні медыцынскай дзейнасці (акрамя работ і паслуг, звязаных з вытворчасцю і абаротам медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння) з’яўляюцца:
 
для юрыдычнай асобы: наяўнасць у кіраўніка арганізацыі або ў кіраўніка структурнага падраздзялення арганізацыі, якое непасрэдна будзе ажыццяўляць медыцынскую дзейнасць, вышэйшай медыцынскай адукацыі, спецыяльнай падрыхтоўкі, што адпавядаюць патрабаванням і характару выконваемых работ і прадастаўляемых паслуг, і першай або вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі; наяўнасць у штаце дадзенай арганізацыі работнікаў, якія маюць вышэйшую і (або) сярэднюю медыцынскую адукацыю, спецыяльную падрыхтоўку, што адпавядаюць патрабаванням і характару выконваемых работ і прадастаўляемых паслуг, і першую або вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю (для сярэдняга медыцынскага персаналу наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі) (падпункт 9.1 пункта 9);
 
для індывідуальнага прадпрымальніка і прыцягнутых ім ва ўстаноўленым парадку медыцынскіх работнікаў – вышэйшая або сярэдняя медыцынская адукацыя, спецыяльная падрыхтоўка, якія адпавядаюць патрабаванням і характару выконваемых работ і прадастаўляемых паслуг, і першая або вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя (для сярэдняга медыцынскага персаналу наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі) (падпункт 9.2 пункта 9);
 
праходжанне тэматычнага ўдасканальвання ў аб’ёме, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь для кіраўніка ў сферы медыцынскай дзейнасці і медыцынскіх работнікаў юрыдычнай асобы, а таксама для індывідуальнага прадпрымальніка і прыцягнутых ім медыцынскіх работнікаў (падпункт 9.3 пункта 9).
 
Пунктам 9 Палажэння аб ліцэнзаванні фармацэўтычнай дзейнасці прадугледжана ў якасці абавязковай умовы для атрымання ліцэнзіі на фармацэўтычную дзейнасць (за выключэннем работ і паслуг, звязаных з прамысловай вытворчасцю лекавых сродкаў) наяўнасць у кіраўніка юрыдычнай асобы (кіраўніка структурнага падраздялення, якое займаецца фармацэўтычнай дзейнасцю) або індывідуальнага прадпрымальніка вышэйшай фармацэўтычнай адукацыі, вышэйшай або першай кваліфікацыйнай катэгорыі і ўдасканальвання па спецыяльнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
Згодна з пунктам 10 Палажэння аб ліцэнзаванні фармацэўтычнай дзейнасці суіскальнік ліцэнзіі павінен заключыць працоўныя дагаворы (кантракты) або грамадзянска-прававыя дагаворы з работнікамі (не менш двух чалавек акрамя кіраўніка структурнага падраздзялення), якія маюць спецыяльную фармацэўтычную адукацыю (вышэйшую або сярэднюю), кваліфікацыйную катэгорыю і прайшлі ўдасканальванне па спецыяльнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
Часткай першай артыкула 15 Закона “Аб ахове здароўя” прадугледжана, што права на заняцце медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасцю маюць асобы, якія атрымалі спецыяльную адукацыю і пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь. Пры допуску да медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці ў якасці ўрача або правізара акрамя спецыяльнай адукацыі неабходны стажыроўка і наяўнасць сертыфікату (пасведчання) па адпаведнай спецыяльнасці, а ў прыватнай ахове здароўя – таксама стаж работы па віду дзейнасці, які ліцэнзуецца, не менш чым тры гады.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што нормы, якія змяшчаюцца ў частцы першай артыкула 15 Закона “Аб ахове здароўя”, не датычацца пытанняў ліцэнзавання медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці як тых, што адносяцца да спецыяльнага рэгулявання, а вызначаюць умовы і патрабаванні забеспячэння права асоб на заняцце медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасцю ў якасці ўрача або правізара, але не ў якасці кіраўнікоў юрыдычных асоб (кіраўнікоў структурных падраздзяленняў) і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія арганізуюць ажыццяўленне ліцэнзуемых відаў дзейнасці і нясуць усю паўнату адказнасці за належнае медыцынскае або фармацэўтычнае абслугоўванне.
 
Такі вывад вынікае са зместу часткі другой артыкула 12 Закона “Аб ахове здароўя”, згодна з якой парадак і ўмовы выдачы спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на ажыццяўленне медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці рэгулююцца актамі заканадаўства, пункта 5 Палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, зацверджанага Дэкрэтам № 17, і прынятых на яго аснове Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь палажэнняў аб ліцэнзаванні адпаведна медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці.
 
Урачы і правізары, згодна з артыкулам 41 Канстытуцыі, рэалізуюць сваё права на працу, гэта значыць права на выбар роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, шляхам заключэння працоўных або грамадзянска-прававых дагавораў з адпаведнымі суб’ектамі гаспадарання як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці, якія павінны арганізаваць ажыццяўленне медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці ў адпаведнасці з існуючымі ў дзяржаве патрабаваннямі і стандартамі.
 
Суіскальнікам ліцэнзіі на ажыццяўленне медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасці можа быць юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік (пункт 3 Палажэння аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці, пункт 5 Палажэння аб ліцэнзаванні фармацэўтычнай дзейнасці). Да суіскальніка ліцэнзіі і прад’яўляюцца ў адпаведнасці з указанымі палажэннямі ліцэнзійныя патрабаванні і ўмовы.
 
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўстаноўленыя ў палажэннях аб ліцэнзаванні адпаведна медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці патрабаванні да прафесійнага ўзроўню кіраўнікоў арганізацый аховы здароўя (кіраўнікоў структурных падраздзяленняў арганізацый), індывідуальных прадпрымальнікаў, не супярэчаць артыкулу 15 Закона “Аб ахове здароўя”. Канстытуцыйны Суд зыходзіць пры гэтым з таго, што ўказанымі актамі рэгулююцца розныя віды адносін: палажэннямі аб ліцэнзаванні – адносіны, звязаныя з магчымасцю ажыццяўлення суб’ектамі гаспадарання ліцэнзуемых відаў медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці, Законам “Аб ахове здароўя” – адносіны, якія датычацца рэалізацыі грамадзянамі права на заняцце медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасцю ў якасці ўрача або правізара.
 
Разам з тым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на розныя падыходы, што змяшчаюцца ў пункце 9 Палажэння аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці, у частцы патрабаванняў да прафесійнага ўзроўню медыцынскіх работнікаў, якія прыцягваюцца суб’ектамі гаспадарання. Калі па сэнсу абзаца трэцяга падпункта 9.1 пункта 9, што патрабуе наяўнасці ў штаце арганізацыі работнікаў, якія маюць першую або вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, колькасць такіх работнікаў не агаворваецца (у судовым пасяджэнні прадстаўніком Савета Міністраў было выказана меркаванне, што дастаткова аднаго спецыяліста, які мае патрабуемую катэгорыю па ліцэнзуемаму віду дзейнасці), то ў прымяненні да індывідуальнага прадпрымальніка (падпункт 9.2 пункта 9) усе прыцягнутыя ім работнікі павінны мець першую або вышэйшую катэгорыю (для сярэдняга медперсаналу – кваліфікацыйную катэгорыю), нават калі ён будзе займацца ажыццяўленнем аднаго віду дзейнасці.
 
Адзначанае сведчыць аб неабходнасці ўдакладнення зместу палажэнняў аб ліцэнзаванні адпаведна медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці ў мэтах забеспячэння іх адназначнага разумення і прымянення на практыцы. Акрамя таго, Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з замацаванага ў Канстытуцыі прынцыпу стварэння роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці, мяркуе неабходным перагледзець норму часткі першай артыкула 15 Закона “Аб ахове здароўя”, якой устаноўлена абмежаванне на працу ў прыватнай ахове здароўя для ўрачоў і правізараў, якія маюць стаж работы па ліцэнзуемаму віду дзейнасці менш чым тры гады.
 
Канстытуцыйны Суд знаходзіць заслугоўваючымі ўвагі довады Палаты прадстаўнікоў аб тым, што ўстанаўленне дадатковых патрабаванняў да ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі кіраўнікоў арганізацый (кіраўнікоў структурных падраздзяленняў) як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў пацягне за сабой для многіх з іх спыненне (прыпыненне) дзейнасці з-за адсутнасці кваліфікацыйных катэгорый, якія патрабуюцца.
 
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў дзяржаўнай ахове здароўя па стану на 1 студзеня 2004 г. не маюць першай або вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі 23,2 працэнта кіраўнікоў арганізацый і 38,7 працэнта кіраўнікоў структурных падраздзяленняў, 42,1 працэнта правізараў – кіраўнікоў арганізацый (кіраўнікоў структурных падраздзяленняў). Па даных прадстаўніка Палаты прадстаўнікоў Лектарава В.М., толькі па Віцебскай вобласці па стану на 13 лістапада 2003 г. не мелі першай або вышэйшай катэгорыі галоўныя ўрачы 40 участковых бальніц, 13 гарадскіх і раённых бальніц, пяці раённых тэрытарыяльных медыцынскіх аб’яднанняў. Пры гэтым тры ўчастковыя бальніцы маюць статус юрыдычнай асобы.
 
Што датычыцца недзяржаўных арганізацый аховы здароўя, то, па прадстаўленых звестках, на цяперашні час медыцынскую дзейнасць ажыццяўляюць 1228 юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, у якіх працуе 3060 урачоў, з іх з вышэйшай катэгорыяй – 352 урачы, з першай – 659, што складае каля 33 працэнтаў. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што абсалютная большасць спецыялістаў, якія працуюць у прыватнай ахове здароўя, маюць працяглы стаж работы: агульны ўрачэбны стаж 9 гадоў і больш маюць 2407 урачоў, ад 6 да 8 гадоў – 427. Фармацэўтычную дзейнасць ажыццяўляюць 1052 спецыялісты з вышэйшай фармацэўтычнай адукацыяй, якія працуюць у складзе 416 юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. З іх індывідуальных прадпрымальнікаў, кіраўнікоў юрыдычных асоб і структурных падраздзяленняў са стажам ад 6 да 8 гадоў – 114 чалавек, са стажам 9 гадоў і больш – 570.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што да ўвядзення новых патрабаванняў, што прад’яўляюцца да суіскальнікаў ліцэнзій і ліцэнзіятаў для ажыццяўлення медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасці, дзейнічала Палажэнне аб парадку выдачы суб’ектам гаспадарання (юрыдычным асобам і прадпрымальнікам без утварэння юрыдычнай асобы) спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на ажыццяўленне відаў дзейнасці, якія знаходзяцца ў вядзенні Міністэрства аховы здароўя, зацверджанае загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 1998 г. № 15, згодна з якім выдача ліцэнзій на медыцынскую практыку, аптовую і рознічную рэалізацыю лекавых сродкаў і лекавых раслін (падпункты 2.3.2 і 2.5 пункта 2) ажыццяўлялася пры меншым аб’ёме патрабаванняў і ўмоў, што прад’яўляюцца да суіскальнікаў (ліцэнзіятаў).
 
У адпаведнасці з заканадаўствам, якое дзейнічала раней, атрыманне суб’ектам гаспадарання ліцэнзіі на ажыццяўленне медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасці не залежала ад наяўнасці або адсутнасці ў кіраўніка арганізацыі (кіраўніка структурнага падраздзялення), індывідуальнага прадпрымальніка, а роўна прыцягнутых імі работнікаў першай або вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Больш за тое, згодна з пунктам 5 Палажэння аб парадку прысваення кваліфікацыйных катэгорый медыцынскім і фармацэўтычным работнікам, зацверджанага пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2002 г. № 45, прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі праводзілася па ініцыятыве і жаданню асобы, якая працуе ў сістэме аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, і з’яўлялася адной з умоў павышэння аплаты працы работнікаў, якія маюць кваліфікацыйныя катэгорыі. Пунктам 36 указанага Палажэння прадугледжана таксама, што для прысваення другой кваліфікацыйнай катэгорыі патрабуецца стаж работы па спецыяльнасці тры гады, першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі шэсць і дзевяць гадоў адпаведна.
 
У сувязі з выкладзеным, прызнаючы права Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з часткай пятай артыкула 13 Канстытуцыі ўстанаўліваць патрабаванні да прафесійнай падрыхтоўкі медыцынскіх і фармацэўтычных работнікаў пры атрыманні імі ліцэнзій дзеля дасягнення галоўнай мэты – павышэння якасці медыцынскай дапамогі і фармацэўтычных паслуг насельніцтву, якія аказваюцца як у дзяржаўнай, так і ў прыватнай ахове здароўя, Канстытуцыйны Суд у той жа час лічыць, што пры абмежаванні ўжо набытых правоў асабліва неабходна ўлічваць прынцыпы справядлівасці, суразмернасці, максімальнага ўліку прыватных і публічных інтарэсаў. Такі падыход садзейнічае фарміраванню давер’я грамадзян да дзяржавы. Важнейшым прынцыпам прававога рэгулявання адносін у прававой дзяржаве, якой абвешчана Рэспубліка Беларусь, павінны быць прадказальнасць і разумная стабільнасць нарматыўнага рэгулявання, што базіруецца на спалучэнні інтарэсаў дзяржавы і грамадзян, а таксама суб’ектаў гаспадарання.
 
Таму Канстытуцыйны Суд лічыць правамерным прад’яўленне дадатковых патрабаванняў да новых асоб, якія жадаюць атрымаць ліцэнзіі на ажыццяўленне медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасці праз утварэнне юрыдычнай асобы або работу ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.
 
Што датычыцца суб’ектаў гаспадарання дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, якія атрымалі ліцэнзіі на ажыццяўленне медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасці на падставе раней дзеючага заканадаўства, то Канстытуцыйны Суд лічыць, што для выключэння ліквідацыі (прыпынення дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання па прычынах, якія яны не маглі прадбачыць у момант іх стварэння, кіраўнікам гэтых арганізацый аховы здароўя, іншым асобам, указаным у пункце 9 Палажэння аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці і пунктах 9, 10 Палажэння аб ліцэнзаванні фармацэўтычнай дзейнасці, павінна быць прадастаўлена магчымасць прыняць удзел у атэстацыі для атрымання адпаведнай катэгорыі з улікам стажу іх работы і іншых акалічнасцей, што заслугоўваюць увагі, у тэрмін, дастатковы пасля прыняцця дадзенага Заключэння для вырашэння гэтых пытанняў.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся часткамі першай, чацвёртай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць адпавядаючымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закону Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя” нормы пункта 9 Палажэння аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці, пунктаў 9 і 10 Палажэння аб ліцэнзаванні фармацэўтычнай дзейнасці, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2003 г. № 1378.ъ
 
2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з мэтай выключэння ліквідацыі (прыпынення дзейнасці) суб’ектў гаспадарання, якія займаліся ажыццяўленнем медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасці на аснове ліцэнзій, выдадзеных у адпаведнасці з раней дзеючым заканадаўствам, забяспечыць кіраўнікам гэтых арганізацый аховы здароўя (кіраўнікам структурных падраздзяленняў), індывідуальным прадпрымальнікам, прыцягнутым імі медыцынскім работнікам праходжанне атэстацыі для атрымання імі адпаведных кваліфікацыйных катэгорый з улікам стажу іх работы і іншых акалічнасцей, што заслугоўваюць увагі, у тэрмін, дастатковы пасля прыняцця дадзенага Заключэння для вырашэння гэтых пытанняў.
 
Для ўказаных асоб упаўнаважаныя дзяржаўныя органы маюць права змякчыць патрабаванні, прадугледжаныя Палажэннем аб парадку прысваення кваліфікацыйных катэгорый медыцынскім і фармацэўтычным работнікам, зацверджаным пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2002 г. № 45, у частцы прысваення кваліфікацыйных катэгорый па-за ўстаноўленай паслядоўнасцю, з улікам стажу работы, узроўню прафесійнай падрыхтоўкі і іншых акалічнасцей, уключаючы і факт стварэння імі суб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўлялі медыцынскую або фармацэўтычную дзейнасць на падставе выдадзеных раней дзяржаўнымі органамі ліцэнзій.
 
3. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, устаноўлены заканадаўствам, у газетах “Звязда” і “Народная газета”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
4. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        Р.А. Васілевіч