Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
6 лютага 2004 г. № Р-169/2004
Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2003 годзе

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Шукліна В.З., разгледзеўшы пытанне аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь, кіруючыся артыкулам 44 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкулам 80 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда,

 ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прыняць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту і палатам Парламента Рэспублікі Беларусь “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2003 годзе” (тэкст дадаецца).
 
2. Апублікаваць Пасланне “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2003 годзе” ў газетах “Звязда” і “Народная газета” ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і часопісе “Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч 

 


 
                                                                                                                         Прэзідэнту
                                                                                                                         Рэспублікі Беларусь
 
                                                                                                                         Палаце прадстаўнікоў
                                                                                                                         Нацыянальнага сходу
                                                                                                                         Рэспублікі Беларусь
 
                                                                                                                         Савету Рэспублікі
                                                                                                                         Нацыянальнага сходу
                                                                                                                         Рэспублікі Беларусь
 
 
ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
 
АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦI
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2003 ГОДЗЕ
 
Важнай вехай у развіцці канстытуцыйных працэсаў у Беларусі з’явілася прыняцце ў 1994 годзе Канстытуцыі – асноўнага элемента новай беларускай дзяржаўнасці, складанай часткі еўрапейскай канстытуцыйнай прасторы.
 
На аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь развіваецца дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, створаны новыя органы дзяржаўнай улады, фарміруецца нацыянальная прававая сістэма, будуюцца якасна новыя адносіны паміж асобай, грамадствам і дзяржавай, арганізуецца эканамічнае, палітычнае, сацыяльнае і культурнае жыццё. Канстытуцыя Беларусі выступае палітыка-прававой асновай фарміравання і развіцця сацыяльна-прававой дзяржаўнасці, галоўным фактарам праватворчага і правапрымяняльнага працэсаў. На працягу дзесяцігадовага перыяду дзеяння Канстытуцыі на аснове і ў адпаведнасці з ёй створана шырокая заканадаўчая база для эканамічных, палітычных і сацыяльных пераўтварэнняў, забеспячэння правоў і свабод грамадзян, гарантый іх рэалізацыі, сфарміравана новая прававая сістэма, якая адлюстроўвае сучасныя дасягненні еўрапейскай прававой культуры.
 
Створаны ў 1994 годзе на аснове новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйны Суд сваёй дзейнасцю няўхільна садзейнічаў фарміраванню дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавы, і ў першую чаргу абароне правоў, свабод і законных інтарэсаў чалавека і грамадзяніна.
 
Ацэньваючы дзесяцігадовы шлях станаўлення, развіцця і зацвярджэння канстытуцыйнага правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь, Канстытуцыйны Суд адзначае, што яно стала рэальнасцю, адной са складаных канстытуцыйных асноў беларускай дзяржаўнасці. Рашэнні Канстытуцыйнага Суда садзейнічалі ўмацаванню канстытуцыйнага ладу, рэалізацыі правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, сталі рэальным фактарам удасканальвання прававой сістэмы, фарміравання правасвядомасці, прававой ідэалогіі.
 
Прававая сістэма Рэспублікі Беларусь у цэлым паспяхова развіваецца на падставе і ў рамках дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права. Аднак Канстытуцыйны Суд неаднаразова адзначаў у сваіх пасланнях такія недахопы прававога рэгулявання, як прабельнасць, калізійнасць, адступленне ад прынцыпу вяршэнства Канстытуцыі. Даючы ў шэрагу сваіх рашэнняў ацэнку канстытуцыйнасці норм матэрыяльнага права, Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу і на недасканаласць норм працэсуальнага права. Адсутнасць механізмаў рэалізацыі норм матэрыяльнага права нярэдка давала падставу службовым асобам для невыканання палажэнняў Канстытуцыі, нормы якой маюць непасрэднае і прамое дзеянне. У сувязі з гэтым больш поўнае замацаванне ў заканадаўстве парадку рэалізацыі правоў і свабод грамадзян садзейнічала б умацаванню канстытуцыйнай законнасці і дапамагло некаторым службовым асобам усвядоміць неабходнасць няўхільнага выканання прадпісанняў Канстытуцыі як Асноўнага Закона дзяржавы.
 
Канстытуцыйны Суд актыўна і непасрэдна ўдзельнічаў у развіцці і ўдасканальванні сістэмы права ў цэлым і асобных яго галін. Сваімі рашэннямі Канстытуцыйны Суд сцвярджаў агульныя і галіновыя прынцыпы права, у тым ліку вяршэнства і непасрэднае дзеянне канстытуцыйных норм, якія замацоўваюць правы чалавека (у прыватнасці, права кожнага на судовую абарону, на юрыдычную дапамогу). Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда адносна канстытуцыйнага раўнапраўя грамадзян і форм уласнасці, даступнасці правасуддзя для грамадзян, прынцыпу непрыдання зваротнай сілы нарматыўным актам, за выключэннем тых, якія змякчаюць або адмяняюць адказнасць грамадзян, з’яўляецца важнай састаўляючай развіцця прававой культуры Беларусі.
 
Пры вынясенні рашэнняў Канстытуцыйны Суд, засноўваючыся на нормах Канстытуцыі, імкнуўся забяспечыць не толькі разуменне сапраўднага зместу канстытуцыйных норм і прынцыпаў, але і іх непасрэднае дзеянне, кіруючыся справядлівасцю, разумнасцю, суразмернасцю, збалансаванасцю, праводзячы ў рашэннях лінію на тое, што дзяржава, яе органы і службовыя асобы маюць абавязкі і нясуць адказнасць перад народам, роўна як і грамадзяне адказны перад дзяржавай за выкананне сваіх абавязкаў (артыкулы 2, 59 і іншыя артыкулы Канстытуцыі).
 
Адным з важнейшых арыенціраў у дзейнасці Канстытуцыйнага Суда з’яўляюцца звароты грамадзян, у якіх ставяцца праблемы, якія датычацца стану канстытуцыйнай законнасці.
 
У 2003 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла 1638 пісьмовых зваротаў ад грамадзян, грамадскіх аб’яднанняў і іншых юрыдычных асоб. З улікам асабістых і калектыўных зваротаў грамадзян агульная колькасць асоб, якія звярнуліся ў Канстытуцыйны Суд, склала 12 266 чалавек. Канстытуцыйны Суд адзначае, што звароты грамадзян закраналі пытанні крымінальных, крымінальна-працэсуальных праваадносін (12,8%), былі звязаны са скаргамі на судовыя рашэнні і дзеянні службовых асоб розных дзяржаўных органаў (23,8%), а таксама датычыліся сацыяльнай абароны насельніцтва (7%), забеспячэння эканамічных, сацыяльных, культурных правоў і свабод (10,3%), жыллёвых праваадносін (5,5 %), растлумачэнняў прававога характару (11,2%) і інш.
 
Пры разглядзе кожнага звароту Канстытуцыйны Суд кіраваўся Канстытуцыяй, міжнародна-прававымі актамі, законамі “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, “Аб зваротах грамадзян”, іншымі нарматыўнымі прававымі актамі і зыходзіў з суадносін заканадаўчых актаў, тэрмінаў іх прыняцця, грамадскай значнасці пастаўленых пытанняў, а таксама ацэнкі сацыяльных вынікаў прымянення прававых прадпісанняў. Асноўнымі напрамкамі ў дзейнасці Канстытуцыйнага Суда з’яўляліся забеспячэнне правоў і свабод грамадзян, а таксама рэалізацыя асноватворных прынцыпаў сацыяльнай і прававой дзяржавы, што знайшло адлюстраванне ў 36 рашэннях, прынятых у 2003 годзе.
 
Абвяшчэнне Рэспублікі Беларусь як сацыяльнай дзяржавы мае на ўвазе, зыходзячы з прыроды такой дзяржавы, з аднаго боку, абарону найбольш слабых пластоў насельніцтва ад неспрыяльнага ўздзеяння рынку, а з другога – садзейнічанне развіццю эканамічнай актыўнасці грамадзян, пераадоленню ўтрыманскіх настрояў у сацыяльнай сферы.
 
Для значнай часткі насельніцтва Рэспублікі Беларусь асобую важнасць мае дзейнасць дзяржавы ў галіне забеспячэння сацыяльных правоў грамадзян.
 
Абароне аднаго з важнейшых сацыяльных правоў грамадзян – права на адукацыю прысвечана рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 31 кастрычніка 2003 г.
 
Вывучыўшы нарматыўныя прадпісанні Міністэрства адукацыі па методыцы пераводу ў балы выстаўленых раней адзнак атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі пры прыёме ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд, кіруючыся прынцыпамі справядлівасці і роўнасці правоў грамадзян, прыйшоў да вываду, што прымяняемая схема пераводу ў балы вядзе да перавагі атэстатаў пяцібальнай сістэмы ў адносінах да дзесяцібальнай, якая цягне за сабой няроўную канкурэнцыю паміж абітурыентамі, і прапанаваў Міністэрству адукацыі ўрэгуляваць дадзеныя адносіны ў сферы адукацыі ў належным нарматыўным прававым акце.
 
Засноўваючыся на канстытуцыйным прынцыпе даступнасці сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага, а таксама з улікам права грамадзян на атрыманне дакладнай і поўнай інфармацыі Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 9 кастрычніка 2003 г. прапанаваў Міністэрству адукацыі загадзя ў правілах прыёму ў навучальныя ўстановы, якія зацвярджаюцца штогадова, устанаўліваць тэрміны і парадак вызначэння кантрольных лічбаў прыёму абітурыентаў на атрыманне адукацыі за кошт бюджэтных сродкаў і сродкаў фізічных і юрыдычных асоб.
 
Кіруючыся прынцыпамі роўнасці ўсіх перад законам і роўнай абароны правоў і законных інтарэсаў, у мэтах рэалізацыі права грамадзян на пенсіённае забеспячэнне Канстытуцыйны Суд 21 лістапада 2003 г. прыняў рашэнне “Аб выплаце пенсіі індывідуальнаму прадпрымальніку”. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што згодна з часткай першай артыкула 83 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” частка пенсіі, вылічаная з улікам заработку звыш 130 працэнтаў сярэдняй заработнай платы рабочых і служачых у рэспубліцы, якая прымяняецца для карэкціроўкі фактычнага заработку пенсіянера (артыкулы 56 і 70), не выплачваецца ў перыяд работы ці заняцця прадпрымальніцкай дзейнасцю. Указанае правіла прымянялася на практыцы незалежна ад таго, ці мела месца ў сапраўднасці прадпрымальніцкая дзейнасць грамадзяніна пасля набыцця статусу індывідуальнага прадпрымальніка, нягледзячы на тое што Закон “Аб пенсіённым забеспячэнні” ў якасці ўмовы абмежавання размеру выплачваемай пенсіі прадугледжвае менавіта заняцце прадпрымальніцкай дзейнасцю.
 
Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб недасканаласці норм права і прапанаваў Ураду ўстараніць існуючы прававы прабел у заканадаўстве, які выключаў бы фармальнае тлумачэнне абмежаванняў і прад’яўленне неабгрунтаваных матэрыяльных патрабаванняў да пенсіянераў з боку дзяржавы. Органамі выканаўчай улады былі дадзены адпаведныя растлумачэнні, накіраваныя на рэалізацыю ўказанага рашэння Канстытуцыйнага Суда.
 
Прынцыпы сацыяльнай дзяржавы знайшлі адлюстраванне і ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 31 кастрычніка 2003 г. па пытанню абароны правоў інвалідаў, забеспячэння іх роўнасці і паўнапраўнага ўдзелу ў жыцці грамадства. Разгледзеўшы пытанні прадастаўлення інвалідам зямельных участкаў для размяшчэння гаражоў, Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу Савета Міністраў на неабходнасць устаранення супярэчнасцей, якія ёсць у заканадаўстве аб зямлі і спецыяльным нарматыўным акце аб сацыяльнай абароне інвалідаў. У прыватнасці, згодна з Кодэксам аб зямлі 1999 года інваліды з парушэннем апорна-рухальнага апарату не маюць права на атрыманне зямельнага ўчастка ў часовае карыстанне і, адпаведна, на будаўніцтва гаража блізка ад месца пражывання, калі яны не падпадаюць пад катэгорыі грамадзян, пералічаныя ў частцы другой артыкула 74 названага Кодэкса. Разам з тым у сілу прадпісанняў Закона “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь” такое права інвалідам прадастаўлена. Канстытуцыйны Суд прапанаваў Ураду прыняць меры па ўстараненню гэтай калізіі і забяспечыць справядліваць у адносінах да абароны правоў інвалідаў.
 
Канстытуцыйны Суд адзначыў таксама недасканаласць прававых прадпісанняў па прадастаўленню дзяржавай абароны асобам, якія прымалі ўдзел у аперацыях па баявому траленню мін у паслеваенны перыяд. Кіруючыся канстытуцыйным прынцыпам роўнасці ўсіх перад законам, а таксама зыходзячы з неабходнасці уніфікацыі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 24 красавіка 2003 г. прапанаваў Савету Міністраў увайсці ў парадку заканадаўчай ініцыятывы з прапановай аб унясенні адпаведных дапаўненняў у Закон “Аб ветэранах” у мэтах устаранення супярэчнасцей у заканадаўстве.
 
Адным з асноўных сацыяльных правоў у Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца права на ахову здароўя і даступнасць медыцынскага абслугоўвання. Прадастаўленне высокакваліфікаваных медыцынскіх паслуг насельніцтву ажыццяўляецца з улікам патрабаванняў артыкула 45 Канстытуцыі, які гарантуе бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя і стварэнне належных умоў даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання.
 
На рэалізацыю ўказанага канстытуцыйнага права грамадзян было накіравана Заключэнне Канстытуцыйнага Суда ад 26 мая 2003 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя”, пастановы Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 жніўня 1996 г. № 566 “Аб платных відах медыцынскай дапамогі і паслуг, якія аказваюцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя”, пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2002 г. № 871 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аказання платных медыцынскіх паслуг у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя”, прынятае па справе, узбуджанай па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Канстытуцыйны Суд у Заключэнні ўказаў, што фарміраванне і прымяненне дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў павінна ажыццяўляцца зыходзячы з прынцыпаў захавання канстытуцыйных правоў грамадзян у галіне сацыяльных гарантый; усебаковай абгрунтаванасці іх устанаўлення і прымянення з улікам эканамічных магчымасцей дзяржавы; агульнадаступнасці, мэтавага і адраснага іх фінансавання; шырокай інфармаванасці грамадзян праз сродкі масавай інфармацыі аб гэтых сацыяльных стандартах. Канстытуцыйны Суд адзначае, што яшчэ да вынясення ўказанага Заключэння Савет Міністраў прыняў пастанову ад 25 красавіка 2003 г. № 556, у якой пералік платных медыцынскіх паслуг быў значна скарочаны.
 
На сацыяльную абарону адзінокіх і састарэлых грамадзян і рэалізацыю прынцыпу справядлівасці ў падатковых праваадносінах накіравана рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 23 студзеня 2003 г., якое датычыцца падаткаабкладання маёмасці, атрыманай па дагавору пажыццёвага ўтрымання з забеспячэннем. У рашэнні адзначана, што ў грамадзянскім заканадаўстве прадугледжана магчымасць прымянення да адносін бакоў па бязвыплатнаму дагавору рэнты ў частцы перадачы маёмасці правіл аб дагаворы дарэння (артыкул 556 ГК). У адпаведнасці з падатковым заканадаўствам даходы, атрыманыя ў выніку дарэння, вызваляюцца ад абкладання падаходным падаткам поўнасцю ці ў пэўнай частцы (падпункт 1.14 пункта 1 артыкула 3 Закона “Аб падаходным падатку з фізічных асоб”). Адначасова падатковае заканадаўства пакінула адкрытым пытанне аб парадку падаткаабкладання маёмасці, атрыманай пад выплату рэнты. У выніку на практыцы па бязвыплатных дагаворах рэнты даход падлягае падаткаабкладанню ў выглядзе ўсёй маёмасці, атрыманай плацельшчыкам рэнты, у той час як абдорваемы пры атрыманні такой жа маёмасці ў дар атрымлівае істотную льготу.
 
Прымаючы да ўвагі сутнасць рэнтных адносін, Канстытуцыйны Суд палічыў супярэчлівымі такую пазіцыю заканадаўца і практыку прымянення палажэнняў Закона “Аб падаходным падатку з фізічных асоб” у частцы падаткаабкладання маёмасці, атрыманай пад выплату рэнты па дагавору пажыццёвага ўтрымання з забеспячэннем, і прыйшоў да вываду аб неабходнасці выключэння выпадкаў абкладання падаходным падаткам нерухомай маёмасці, перадаваемай па дагавору пажыццёвага ўтрымання з забеспячэннем ва ўласнасць плацельшчыка рэнты бясплатна, і ўнясення адпаведных змяненняў і дапаўненняў у падатковае заканадаўства.
 
З улікам указанага рашэння распрацаваны праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб падаходным падатку з фізічных асоб”, у якім адлюстравана прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда па дадзенаму пытанню.
 
У сувязі са зваротамі, якія паступалі, Канстытуцыйны Суд у 2003 годзе, як і ў папярэднія гады, на падставе часткі першай артыкула 116, часткі чацвёртай артыкула 122, артыкула 137 Канстытуцыі правяраў таксама канстытуцыйнасць нарматыўных прававых актаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў.
 
Прымаючы рашэнні па дадзеных пытаннях, Канстытуцыйны Суд сцвярджаў прынцып канстытуцыйнасці (законнасці), абараняў канстытуцыйныя правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, а таксама інтарэсы дзяржавы.
 
У рашэннях ад 14 лютага 2003 г., ад 3 лістапада 2003 г. і ад 16 снежня 2003 г. Канстытуцыйны Суд прызнаў, што мясцовыя Саветы дэпутатаў рэалізавалі сваё выключнае права на ўвядзенне асобных мясцовых збораў у адпаведнасці з палажэннямі артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2003 год”. Дадзены вывад датычыўся рашэння Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 104 у частцы ўвядзення мясцовага збору з карыстальнікаў інфраструктуры горада; рашэння Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 56 у частцы ўвядзення мясцовага збору за права гандлю і рашэння Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 24 снежня 2002 г. № 23-2 аб увядзенні мясцовага збору за паслугі ў частцы абкладання гэтым зборам паслуг па ахове кватэр і ўстаноўцы ахоўнай сігналізацыі.
 
Правяраючы канстытуцыйнасць рашэння Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 28 чэрвеня 2002 г. № 83 “Аб увядзенні мясцовых збораў і аб зацвярджэнні палажэнняў аб парадку вылічэння і выплаты мясцовых збораў, уведзеных на 2002 год”, Канстытуцыйны Суд не знайшоў прававых падстаў для аднясення мясцовага збору за права пастаўкі вуглевадароднай сыравіны з мэтай прамысловай перапрацоўкі на давальніцкіх умовах да збораў з карыстальніка ці да збораў за паслугі, а таксама ні да аднаго з відаў мясцовых падаткаў і збораў, права на ўвядзенне якіх было прадастаўлена мясцовым Саветам дэпутатаў пунктам 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”, і прызнаў не адпавядаючымі артыкулу 121 Канстытуцыі і артыкулу 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год” асобныя нормы рашэння Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 28 чэрвеня 2002 г. № 83, якімі быў уведзены такі збор і зацверджана палажэнне аб ім.
 
Рашэннем ад 25 чэрвеня 2003 г. № 19 Наваполацкі гарадскі Савет дэпутатаў выканаў рашэнне Канстытуцыйнага Суда, адмяніўшы мясцовы збор за права пастаўкі вуглевадароднай сыравіны з мэтай прамысловай перапрацоўкі на давальніцкіх умовах. З мясцовага бюджэту плацельшчыкам дадзенага збору былі вернуты (залічаны ў лік іншых плацяжоў, што належаць у бюджэт) грашовыя сродкі ў суме 652 млн. рублёў.
 
Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 14 лютага 2003 г., прызнаўшы права Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў на ўвядзенне мясцовага збору з карыстальнікаў інфраструктуры горада, адначасова звярнуў увагу на асобныя нормы Палажэння аб дадзеным зборы, зацверджанага рашэннем Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 104, якімі парушаліся канстытуцыйныя правы грамадзян і юрыдычных асоб. У рашэнні Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў адносінах да многіх плацельшчыкаў збору з карыстальнікаў інфраструктуры горада, вызначаных у пункце 1 Палажэння, дзейнічаюць заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якімі яны ўжо з’яўляюцца плацельшчыкамі абавязковых плацяжоў пры ўчыненні аналагічных дзеянняў ці наяўнасці пэўнай маёмасці. Апроч таго, Пінскі гарадскі Савет дэпутатаў пры ўвядзенні мясцовага збору з карыстальнікаў інфраструктуры горада не ў поўнай меры ўлічыў адпаведныя палажэнні рашэння Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 21 снежня 2001 г. № 94 “Аб бюджэце вобласці на 2002 год” у частцы вызначэння кола плацельшчыкаў збору, устанаўлення іх адказнасці за нявыплату ці несвоечасовую выплату дадзенага збору. Зыходзячы з гэтага, Канстытуцыйны Суд прызнаў пункт 1 Палажэння аб мясцовым зборы з карыстальнікаў інфраструктуры горада, а таксама заснаваныя на дадзеным пункце іншыя нормы Палажэння не адпавядаючымі Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь і не маючымі юрыдычнай сілы з дня іх прыняцця.
 
Пінскім гарадскім Саветам дэпутатаў рашэнне Канстытуцыйнага Суда выканана. Падаткаплацельшчыкам вернуты грашовыя сродкі ў суме 30023,6 тыс. рублёў з адпаведнага мясцовага бюджэту.
 
Аналізуючы нормы дзеючага заканадаўства ў сферы мясцовага падаткаабкладання, Канстытуцыйны Суд неаднаразова выказваў прававую пазіцыю адносна таго, што для забеспячэння абароны канстытуцыйных правоў і законных інтарэсаў падаткаплацельшчыкаў, а таксама ў мэтах правядзення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адзінай бюджэтна-фінансавай, падатковай, грашова-крэдытнай, валютнай палітыкі (артыкул 132 Канстытуцыі) заканадаўцу неабходна ўстанавіць вычарпальны пералік мясцовых падаткаў і збораў, якія мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць уводзіць на адпаведнай тэрыторыі. Канстытуцыйны Суд таксама звяртаў увагу на тое, што параметры важнейшых элементаў мясцовых падаткаў і збораў (плацельшчыкі, аб’екты абкладання, размер стаўкі, парадак і тэрміны выплаты), у рамках якіх мясцовыя Саветы дэпутатаў павінны рэалізоўваць свае выключныя паўнамоцтвы на ўвядзенне мясцовых падаткаў і збораў, таксама трэба вызначыць у законе. Канстытуцыйны Суд адзначае, што многія прававыя пазіцыі, якія змяшчаюцца ў яго рашэннях, ужо знайшлі сваё прававое замацаванне ў артыкуле 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год”.
 
Практыка разгляду спраў у Канстытуцыйным Судзе паказвае, што больш за ўсё парушэнняў дапускаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню пры ўвядзенні мясцовых збораў з карыстальнікаў і за паслугі. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканадаўцу неабходна ісці па шляху далейшага ўдасканальвання прававога рэгулявання адносін у сферы мясцовага падаткаабкладання. Гэта будзе ў поўнай меры садзейнічаць рэалізацыі адпаведных палажэнняў Канстытуцыі (артыкулаў 21–23, 121 і 132), а таксама дазволіць выключыць неканстытуцыйную практыку ўвядзення мясцовымі Саветамі дэпутатаў мясцовых падаткаў і збораў, якая працягвала мець месца ў 2003 годзе.
 
Рэалізацыя прынцыпу законнасці ў дзейнасці мясцовых прадстаўнічых і выканаўчых органаў правяралася Канстытуцыйным Судом і пры разглядзе рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 22 чэрвеня 1995 г. № 399 “Аб мерах па павелічэнню даходаў і змяншэнню страт ад работы гарадскога пасажырскага транспарту і прыгарадных аўтобусаў”, якое прадугледжвала рэалізацыю праязных білетаў (талонаў) на адну паездку ў гарадскім пасажырскім транспарце непасрэдна вадзіцелямі. Канстытуцыйны Суд устанавіў, што рашэнне Мінгарвыканкома ад 22 чэрвеня 1995 г. № 399 прынята ў мэтах яго кампетэнцыі, прадугледжанай законамі Рэспублікі Беларусь. Разам з тым Мінгарвыканкому прапанавана ўрэгуляваць пытанне аб вызваленні вадзіцеляў ад абавязку прадаваць праязныя білеты (абанементныя талоны), перш за ўсё на маршрутах з інтэнсіўным дарожным рухам і вялікім пасажырапатокам, а таксама разгледзець пытанне аб пашырэнні сеткі продажу праязных талонаў, у тым ліку з выкарыстаннем, як гэта было раней, магчымасцей рознічнай гандлёвай сеткі ці іншых форм, прымальных як для перавозчыкаў, так і для пасажыраў.
 
У мэтах выканання даручэння Савета Міністраў аб прыняцці мер па рэалізацыі рашэння Канстытуцыйнага Суда Міністэрствам транспарту і камунікацый прапанавана кіраўнікам транспартных арганізацый рэспублікі разгледзець дадзеную праблему і вызначыць магчымасць пашырэння сеткі продажу праязных дакументаў, а таксама неабходнасць вызвалення вадзіцеляў ад продажу праязных білетаў (талонаў) на маршрутах гарадскога транспарту.
 
На працягу ўсёй сваёй дзейнасці Канстытуцыйны Суд паслядоўна адстойваў прынцыпы справядлівасці і роўнасці і ў галіне крымінальна-прававога рэгулявання, забяспечваў аптымальную рэалізацыю дэмакратычных інстытутаў крымінальнага права ў правапрымяняльнай практыцы, стымулюючы яе пераход ад сфарміраваных стэрэатыпаў да новых падыходаў, якія ў поўнай меры адпавядаюць прадпісанням Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў.
 
Паколькі ўдасканальванне крымінальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у апошнія гады ажыццяўляецца ў напрамку яго гуманізацыі, важнае значэнне набыло пытанне аб правільным разуменні і прымяненні на практыцы правіла аб зваротнай сіле крымінальнага закона. Да разгляду гэтага пытання Канстытуцыйны Суд звяртаўся неаднаразова (Заключэнне ад 9 ліпеня 1997 г., рашэнне ад 5 кастрычніка 2001 г.). Рашэннем ад 21 кастрычніка 2003 г. “Аб падставах перагляду прыгавораў у адпаведнасці з правілам аб зваротнай сіле крымінальнага закона” Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з сутнасці і універсальнага характару правіла аб зваротнай сіле закона, замацаванага як у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, так і ў міжнародна-прававых актах, змяніў сфарміраваныя ў заканадаўчай і правапрымяняльнай практыцы падыходы да прымянення правіла аб зваротнай сіле больш мяккага закона, указаўшы, што гэта правіла павінна прымяняцца без якіх-небудзь абмежаванняў, у поўным аб’ёме ва ўсіх выпадках, калі новым законам змякчаецца крымінальная адказнасць. Дадзенае рашэнне, падтрыманае заканадаўцам, накіравана на аднаўленне прынцыпаў справядлівасці і канстытуцыйнай законнасці пры назначэнні пакарання, а таксама прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам, замацаванага ў артыкуле 22 Канстытуцыі. Нормы дзеючага заканадаўства дазваляюць прымяняць гэта правіла ў поўным аб’ёме. Практыка ж яго прымянення пры пераглядзе вынесеных судамі прыгавораў павінна быць скарэкціравана Вярхоўным Судом.
 
Неаднаразова звяртаючыся да разгляду пытанняў, звязаных з прымяненнем актаў аб амністыі, якія перыядычна прымаюцца ў рэспубліцы, Канстытуцыйны Суд, забяспечваючы рэалізацыю прынцыпаў роўнасці ўсіх перад законам і справядлівасці, аднавіў права на амністыю асоб, якія асуджаны судамі замежных дзяржаў, але перададзены для адбывання пакарання ў Рэспубліку Беларусь; асоб, у адносінах да якіх прыгаворы не ўступілі ў законную сілу ў сувязі з іх касацыйным абскарджаннем (апратэставаннем); асоб, прыгаворы ў адносінах да якіх разглядаліся ў наглядным парадку; асоб, якія ўчынілі злачынствы да ўступлення ў сілу законаў аб амністыі, але прыгаворы ў адносінах да якіх былі вынесены ўжо пасля ўступлення ў сілу такіх законаў (рашэнні ад 17 лістапада 2000 г., ад 11 студзеня 2002 г. і ад 24 снежня 2002 г.).
 
Паколькі рашэнні Канстытуцыйнага Суда рэалізоўваліся ў законах аб амністыі, якія прымаліся ў далейшы час, Канстытуцыйны Суд, засноўваючыся на канстытуцыйных прынцыпах справядлівасці і роўнасці ўсіх перад законам, звярнуўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з прапановай разгледзець пытанне аб распаўсюджванні дзеяння законаў аб амністыі ад 18 студзеня 1999 г. і ад 14 ліпеня 2000 г. на асоб, якія ўчынілі злачынствы і асуджаны да ўступлення гэтых законаў у сілу, прыгаворы ў адносінах да якіх разглядаліся ў касацыйным або наглядным парадку, а таксама аб распаўсюджванні Закона аб амністыі ад 18 студзеня 1999 г. на асоб, якія асуджаны судамі замежных дзяржаў, але адбываюць пакаранне ў папраўчых установах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд паслядоўна праводзіць лінію па забеспячэнню канстытуцыйнага права кожнага на доступ да правасуддзя, цвёрда прытрымліваючыся прынцыпу прамога дзеяння норм Канстытуцыі, і перш за ўсё артыкула 60, які гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом. Пры гэтым у рашэннях Канстытуцыйнага Суда пастаянна падкрэсліваецца, што ўказаная норма, з’яўляючыся нормай непасрэднага дзеяння, мае ў сілу артыкула 137 Канстытуцыі вяршэнства, таму права на судовую абарону не можа быць пастаўлена ў залежнасць ад яго замацавання ў падканстытуцыйных актах (Заключэнне ад 13 мая 1999 г., рашэнні ад 2 красавіка 2001 г., ад 3 красавіка 2001 г., ад 15 ліпеня 2002 г., ад 24 снежня 2002 г. і інш.). Неразуменне ці ігнараванне службовымі асобамі прынцыпу прамога дзеяння норм Канстытуцыі прыводзіць да парушэнняў канстытуцыйных правоў грамадзян.
 
У 2003 годзе Канстытуцыйны Суд зноў разгледзеў пытанні, звязаныя з забеспячэннем права на судовую абарону. У рашэнні ад 3 лістапада 2003 г., пацвердзіўшы права абвінавачваных на зварот у суд у выпадках, калі з іх згоды прынята пастанова аб спыненні крымінальнай справы ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці, у мэтах забеспячэння больш поўнай абароны правоў такіх асоб Канстытуцыйны Суд прапанаваў заканадаўчаму органу ўстанавіць у КПК прымальны тэрмін, на працягу якога абвінавачваны меў бы магчымасць звярнуцца ў суд са скаргай па пытаннях, звязаных са спыненнем вядзення па справе па ўказанай падставе, а таксама замацаваць у законе абавязак службовых асоб органаў крымінальнага праследавання, якія прымаюць рашэнне аб спыненні вядзення па крымінальнай справе ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў даўнасці, растлумачваць абвінавачваным прававы характар і прававыя вынікі такога рашэння.
 
У рашэнні ад 1 снежня 2003 г. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што асуджаныя да пазбаўлення волі, якія не маюць сродкаў на выплату дзяржаўнай пошліны пры абскарджванні прыгавораў у наглядным парадку маюць права на вызваленне ад выплаты такой пошліны, і падкрэсліў, што больш поўнаму забеспячэнню права на зварот з нагляднымі скаргамі на вынесеныя ў адносінах да іх прыгаворы павінна садзейнічаць справядлівае вырашэнне кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі адпаведных заяў асуджаных з улікам аб’ектыўных прычын іх матэрыяльнай неплацежаздольнасці.
 
На забеспячэнне права грамадзян на судовую абарону былі накіраваны і рашэнні Канстытуцыйнага Суда аб прававым рэгуляванні выплаты дзяржаўнай пошліны пры разглядзе працоўных спрэчак, а таксама пры падачы касацыйных і наглядных скарг на судовыя пастановы па ісках аб спагнанні аліментаў (рашэнні ад 24 красавіка 2003 г. і ад 12 лістапада 2003 г.). Канстытуцыйны Суд прапанаваў Нацыянальнаму сходу ўнесці неабходныя змяненні і дапаўненні ў Закон “Аб дзяржаўнай пошліне”, якія прадугледжваюць вызваленне ад выплаты (або ўстанаўліваюць роўныя ўмовы аплаты) дзяржаўнай пошліны работнікаў па працоўных спрэчках і істцоў па ісках аб спагнанні аліментаў пры іх звароце ў суды і органы пракуратуры. Рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 24 красавіка 2003 г. у частцы вызвалення работнікаў ад выплаты дзяржаўнай пошліны па працоўных спрэчках рэалізавана ў Законе ад 1 студзеня 2004 г. “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаннях падаткаабкладання”.
 
Па выніках вывучэння пастаўленых у зваротах пытанняў Канстытуцыйны Суд нярэдка выносіў прапановы па ўдасканальванню крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага і іншага заканадаўства, якія, як правіла, прымаліся да ўвагі заканадаўцам.
 
Так, у рашэнні ад 27 мая 2003 г. аб заліку меры стрымання ў выглядзе дамашняга арышту ў тэрмін пакарання Канстытуцыйны Суд прапанаваў Парламенту разгледзець пытанне аб унясенні ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь дапаўненняў, якія прадугледжваюць парадак і правілы заліку меры стрымання ў выглядзе дамашняга арышту ў тэрмін пакарання, назначанага судом. Указаная прапанова была рэалізавана ў Законе ад 22 ліпеня 2003 г., згодна з якім у артыкул 75 Крымінальнага кодэкса ўнесены адпаведныя дапаўненні, што прадугледжваюць правілы заліку ў тэрмін пакарання тэрмінаў не толькі ўтрымання пад вартай, але і дамашняга арышту.
 
Праблемы канстытуцыйнай законнасці аналізаваліся Канстытуцыйным Судом і пры разглядзе пытання аб рэалізацыі на практыцы канстытуцыйнага права грамадзян на карыстанне роднай мовай. У прыватнасці, на забеспячэнне роўнага выкарыстання дзяржаўных моў было накіравана рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 4 снежня 2003 г. Канстытуцыйны Суд устанавіў, што ў сферы абслугоўвання абарачэння банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання пры фармальна-юрыдычным раўнапраўі дзяржаўных моў на практыцы баланс іх выкарыстання не захоўваецца. Таму Канстытуцыйны Суд палічыў неабходным звярнуцца ў Парламент з прапановай аб унясенні ў Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” і іншыя акты заканадаўства адпаведных змяненняў і дапаўненняў, здольных забяспечыць фактычную роўнасць у выкарыстанні дзяржаўных моў.
 
Усталяванню прынцыпу канстытуцыйнай законнасці садзейнічае і выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда. Канстытуцыйны Суд адзначае, што большасць дзяржаўных органаў належным чынам выконваюць рашэнні Суда, у тым ліку прынятыя ў папярэднія гады. У некаторых выпадках гэта абумоўлена тым, что Канстытуцыйны Суд устанаўлівае больш працяглыя тэрміны для выканання сваіх рашэнняў у мэтах прадастаўлення магчымасці для падрыхтоўкі адпаведных нарматыўных прававых актаў і стварэння ўмоў для іх рэалізацыі. Так, толькі ў 2003 годзе ў заканадаўстве рэалізаваны рашэнні Канстытуцыйнага Суда, звязаныя з пытаннямі аказання юрыдычнай дапамогі асуджаным, забеспячэннем асуджаным да пазбаўлення волі права на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання, правам грамадзян на абскарджанне рашэння органа крымінальнага праследавання аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў судовым парадку, удакладненнем прававога статусу дзяржаўных служачых, а таксама паняцця службовай асобы ў крымінальным праве па прымеце ўчынення юрыдычна значных дзеянняў, ліцэнзаваннем дзейнасці навучальных устаноў, валютным рэгуляваннем, і іншыя. У сувязі з гэтым правапрымяняльнікі абавязаны няўхільна выконваць палажэнні прававых актаў, прыведзеных у адпаведнасць з Канстытуцыяй.
 
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што сярод дзяржаўных органаў найбольшую актыўнасць у своечасовым выкананні рашэнняў Канстытуцыйнага Суда праяўляюць мясцовыя Саветы дэпутатаў, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.
 
* * *
 
Канстытуцыйны кантроль ахоплівае ўсе галіны права і правапрымяняльнай дзейнасці. Аднак Канстытуцыйны Суд не з’яўляецца адзіным дзяржаўным органам, адказным за стан канстытуцыйнай законнасці ў дзяржаве, стварэнне правапарадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод асобы. Артыкул 59 Канстытуцыі абавязвае ўсе дзяржаўныя органы і службовых асоб абараняць правы і свабоды асобы і ўскладае на іх адказнасць за дзеянні, якія іх парушаюць. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд разлічвае на ўзаемадзеянне з усімі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі, дзейнасць якіх павінна быць накіравана на няўхільнае выкананне прынцыпаў і норм Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 6 лютага 2004 года.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       Р.А. Васілевіч