Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
11 сакавіка 2004 г. № З-171/2004
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь палажэнняў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць прымяненне ў якасці пакарання смяротнай кары
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.
 
з удзелам прадстаўнікоў:
 
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Кібака I.А., намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай бяспецы; Нарэйкі А.I., члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па прамысловасці, паліўна-энергетычнаму комплексу, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтву; Дамарада А.А., загадчыка аддзела міжнароднага права Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
 
Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Карповіч Н.А., начальніка Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь палажэнняў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць прымяненне ў якасці пакарання смяротнай кары”.
 
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:
 
Міклашэвіч П.П. – першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Iваноўскі А.У. – намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Петраш А.С. – першы намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 4 лістапада 2003 г. па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
 
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прапанавала Канстытуцыйнаму Суду даць заключэнне аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь палажэнняў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць прымяненне ў якасці пакарання смяротнай кары.
 
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Саркісаву Э.А., прадстаўнікоў бакоў, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, іншых міжнародна-прававых актаў, нормы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КК) і практыку іх прымянення, ацаніўшы пазіцыі дзяржаўных органаў і вучоных, вывучыўшы іншыя матэрыялы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У артыкуле 24 Канстытуцыі, прынятай 15 сакавіка 1994 г., прадугледжана, што кожны мае права на жыццё. Дзяржава абараняе жыццё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў. Смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда.
 
Дадзеная норма Канстытуцыі ўпершыню ў Рэспубліцы Беларусь замацавала неад’емнае права кожнага чалавека на жыццё і абавязак дзяржавы забяспечваць абарону чалавечага жыцця ад любых супрацьпраўных замахаў. У мэтах забеспячэння абароны права чалавека на жыццё Канстытуцыя дапусціла прымяненне пакарання ў выглядзе смяротнай кары, указаўшы адначасова на яго выключны і часовы характар.
 
Згодна з часткай першай артыкула 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.
 
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ў якасці прыярытэтнага права кожнага чалавека абвясціла права на жыццё (артыкул 3). Гэта права абвешчана і гарантавана іншымі міжнароднымі актамі.
 
У артыкуле 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь, у прыватнасці, прадугледжана, што права на жыццё ёсць неад’емнае права кожнага чалавека. Гэта права ахоўваецца законам. Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жыцця. У краінах, якія не адмянілі смяротную кару, смяротныя прыгаворы могуць выносіцца толькі за самыя цяжкія злачынствы ў адпаведнасці з законам, які дзейнічаў у час учынення злачынства (пункты 1, 2).
 
Пактам устаноўлена, што смяротная кара павінна насіць выключны характар, яе прымяненне апраўдана толькі за самыя сур’ёзныя злачынствы і пры абмежаваным коле асоб, у адносінах да якіх гэта пакаранне можа быць прыменена. У Пакце таксама замацавана імкненне дзяржаў да адмены гэтага пакарання і падтрымана развіццё іх заканадаўства ў дадзеным напрамку.
 
Міжнародныя пагадненні, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, замацоўваюць не толькі выключны, але і часовы характар смяротнай кары, што адлюстроўвае падыходы да ацэнкі гэтага пакарання, якія склаліся, і сведчыць аб паслядоўным імкненні дзяржаў да паступовай адмовы ад яго прымянення.
 
Прыхільнасць Рэспублікі Беларусь сусветным тэндэнцыям, накіраваным на паступовую адмову ад смяротнай кары, прасочваецца на працэсе развіцця нацыянальнага крымінальнага заканадаўства.
 
Да прыняцця ў 1994 г. Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічала і развівалася крымінальнае заканадаўства на аснове і ў цесным узаемадзеянні з заканадаўствам былога СССР. Пры гэтым пачынаючы з 1917 г. смяротная кара адмянялася тройчы: у 1917, у 1920 і ў 1947 гг. Аднак кожны раз праз некаторы час пасля прыняцця актаў аб адмене смяротнай кары яе прымяненне аднаўлялася, што ў пэўных гістарычных умовах тлумачылася неабходнасцю ўзмацнення барацьбы з асабліва небяспечнымі злачынствамі. У адпаведнасці з КК 1928 г. гэта пакаранне магло быць прыменена за ўчыненне звыш 60 відаў злачынстваў. У КК 1960 г. кола злачынстваў, за якія можна было прымяніць смяротную кару, было істотна зменшана, але ўсё ж заставалася дастаткова шырокім. Гэта пакаранне прадугледжвалася за ўчыненне больш чым 30 відаў злачынстваў (уключаючы воінскія), у тым ліку і не звязаных з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека.
 
Разам з тым і ў КК 1928 г., і ў КК 1960 г. замацоўваўся часовы характар смяротнай кары.
 
Пачынаючы з 90-х гадоў ХХ ст. заканадавец, прытрымліваючыся міжнародных тэндэнцый, пайшоў па шляху паслядоўнага звужэння сферы прымянення смяротнай кары, выключыўшы яе перш за ўсё з санкцый артыкулаў КК, якія прадугледжваюць адказнасць за злачынствы, не звязаныя з наўмысным замахам на жыццё чалавека. Законам ад 23 красавіка 1992 г. зменена рэдакцыя артыкула 85 КК 1960 г., які прадугледжваў адказнасць за парушэнне правіл аб валютных аперацыях, і разам з гэтым з яго санкцыі выключана пакаранне ў выглядзе смяротнай кары. Законам ад 6 ліпеня 1993 г. смяротная кара была выключана з санкцый артыкулаў 84, 911 і 169 КК, якія прадугледжвалі адказнасць за выраб, захоўванне або збыт падробленых грошай ці каштоўных папер, учыненыя ў выглядзе промыслу, раскраданне маёмасці ў асабліва буйных размерах, атрыманне хабару пры асабліва абцяжваючых акалічнасцях.
 
Звужэнне сферы прымянення смяротнай кары ажыццяўлялася паралельна з расшырэннем кола асоб, якім не магло быць назначана гэта пакаранне. У прыватнасці, па КК 1960 г. да прыняцця Закона ад 1 сакавіка 1994 г. у гэта кола ўваходзілі асобы, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту да ўчынення злачынства, і жанчыны, якія знаходзіліся ў стане цяжарнасці ў час учынення злачынства, да моманту вынясення ці выканання прыгавору. Згодна з артыкулам 22 КК у рэдакцыі ўказанага Закона прымяненне смяротнай кары не дапускалася да жанчын наогул.
 
У КК Рэспублікі Беларусь, прынятым 9 ліпеня 1999 г. і ўведзеным у дзеянне з 1 студзеня 2001 г., смяротная кара прадугледжана ў якасці выключнага пакарання (артыкул 59). Пры гэтым у КК больш чым у два разы скарочана сфера прымянення гэтага пакарання, у параўнанні з КК 1960 г. Яно дапускаецца толькі за ўчыненне асабліва цяжкіх злачынстваў, звязаных з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях.
 
У адпаведнасці з КК смяротная кара можа быць назначана за асабліва цяжкія злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, а таксама ваенныя злачынствы: развязванне ці вядзенне агрэсіўнай вайны (частка другая артыкула 122); забойства прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі з мэтай правакацыі міжнародных ускладненняў або вайны (частка другая артыкула 124); міжнародны тэрарызм (артыкул 126); генацыд (артыкул 127) і іншыя злачынствы, прадугледжаныя ў артыкулах 128, 134, у частцы трэцяй артыкула 135 КК. КК таксама ўстанаўлівае магчымасць прымянення смяротнай кары за наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека – забойства пры абцяжваючых акалічнасцях (дзвюх або больш асоб; заведама малалетняга, састарэлага або асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане; заведама для вінаватага цяжарнай жанчыны і іншых абцяжваючых акалічнасцях, прадугледжаных у частцы другой артыкула 139 КК). Магчымасць назначэння смяротнай кары ўстаноўлена ў КК таксама за ўчыненне тэрарызму, спалучанага з забойствам чалавека ці ўчыненага арганізаванай групай (частка трэцяя артыкула 289); здраду дзяржаве, спалучаную з забойствам (частка другая артыкула 356); захоп ці ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, якія выклікалі гібель людзей ці звязаны з забойствам (частка трэцяя артыкула 357); тэрарыстычны акт (артыкул 359); дыверсію, якая ўчынена арганізаванай групай ці выклікала гібель людзей або іншыя цяжкія вынікі (частка другая артыкула 360); забойства работніка міліцыі ў сувязі з выкананнем ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку (артыкул 362).
 
Разам з гэтым яшчэ больш пашырана кола асоб, у адносінах да якіх дадзенае пакаранне не можа быць прыменена, шляхам уключэння ў яго мужчын, якія дасягнулі да дня пастанаўлення прыгавору 65 гадоў.
 
Аналіз развіцця крымінальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе прымяненне смяротнай кары, дазваляе зрабіць вывад, што яно мае тэндэнцыю да скарачэння выкарыстання гэтага пакарання з перспектывай яе наступнай адмены. Канстытуцыйны Суд адначасова адзначае, што ў дзеючым КК не замацаваны часовы характар пакарання ў выглядзе смяротнай кары, як гэта вынікае з часткі трэцяй артыкула 24 Канстытуцыі, і лічыць, што ў артыкулах 48 і 59 КК гэта павінна быць замацавана.
 
Ацэньваючы артыкул 24 Канстытуцыі ў сістэме з іншымі яе нормамі, а таксама засноўваючыся на міжнародных прынцыпах і падыходах да праблемы смяротнай кары і ўлічваючы, што з часу прыняцця Канстытуцыі прайшло дзесяць гадоў, Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры вырашэнні пытання аб гэтым пакаранні неабходна кіравацца наступным.
 
1. Канстытуцыя абвясціла Рэспубліку Беларусь дэмакратычнай прававой дзяржавай. У яе прэамбуле гаворыцца, што народ Рэспублікі Беларусь усведамляе сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнага супольніцтва, пацвярджае сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцей, жадае забяспечыць грамадзянскую згоду, непахісныя ўстоі народаўладдзя і прававой дзяржавы.
 
У раздзеле I Канстытуцыі “Асновы канстытуцыйнага ладу” змяшчаюцца базавыя палажэнні, якія вызначаюць характар і сутнасць дзяржавы Рэспублікі Беларусь, на аснове і ў кантэксце з якімі сфармуляваны ўсе іншыя нормы Асноўнага Закона.
 
У артыкуле 2 Канстытуцыі замацавана, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы.
 
Згодна з артыкулам 7 Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права.
 
Нормы, якія змяшчаюцца ў іншых раздзелах Канстытуцыі, у тым ліку тыя, што датычацца правоў і свабод чалавека, развіваюць і канкрэтызуюць асноватворныя палажэнні раздзела I Асноўнага Закона: забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы. Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (артыкул 21); усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22); абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (артыкул 23).
 
Жыццё чалавека прызнаецца ў цывілізаванай чалавечай супольнасці ў якасці самага каштоўнага дабра, права на яго з’яўляецца натуральным і неадчужальным, атрыманым чалавекам з моманту яго нараджэння. Пры пазбаўленні жыцця чалавека ўсе яго іншыя натуральныя правы губляюць сэнс, паколькі знікае іх носьбіт. Таму агульнапрызнанае і замацаванае ў цэлым шэрагу міжнародных дакументаў і нормах нацыянальнага заканадаўства палажэнне аб тым, што кожны мае права на жыццё, носіць усеабдымны характар, узаемазвязаны з пытаннем аб правамернасці пазбаўлення чалавека жыцця, у тым ліку і праз прымяненне смяротнай кары ў якасці крымінальнага пакарання.
 
2. Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры ацэнцы пытання аб смяротнай кары неабходна ўлічваць прававую сістэму дзяржавы, яе традыцыі і гісторыю, умовы, у якіх фармуляваліся нормы законаў, іх змяненне, а таксама стан злачыннасці на сучасным этапе.
 
Пры прыняцці ў 1994 г. Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь палажэнне артыкула 24 Канстытуцыі, якое замацавала магчымасць прымянення смяротнай кары ў якасці выключнага пакарання, фармулявалася з улікам падыходаў, што склаліся, калі КК не прадугледжваў такога выключнага пакарання, як пажыццёвае заключэнне, якое па сваёй суровасці можа выступаць у якасці рэальнай альтэрнатывы смяротнай кары. У той час у якасці альтэрнатыўнага выключнай меры пакарання, якая прымяняецца за асабліва цяжкія злачынствы, у тым ліку і за наўмысныя забойствы пры абцяжваючых акалічнасцях, як максімальна магчымае пакаранне прадугледжвалася пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў, што было яўна несуразмерна такому пакаранню, як смяротная кара.
 
За гады, якія прайшлі пасля прыняцця Канстытуцыі, у Рэспубліцы Беларусь ажыццёўлена карэннае рэфармаванне крымінальнага заканадаўства, прычым працэс яго ўдасканальвання ажыццяўляўся ў асноўным у напрамку гуманізацыі крымінальнай адказнасці, у тым ліку і ў напрамку звужэння кола злачынстваў, за якія прадугледжвалася магчымасць назначэння смяротнай кары. У бок скарачэння прымянення смяротнай кары развівалася і судовая практыка.
 
Пытанне аб смяротнай кары непасрэдна звязана з магчымасцямі дзяржавы забяспечыць бяспеку грамадства і ахову чалавека, і перш за ўсё яго жыцця, ад злачынных замахаў. На гарантыю такой бяспекі мае права разлічваць кожны чалавек, які з’яўляецца грамадзянінам прававой дэмакратычнай дзяржавы. Для забеспячэння гэтай задачы крымінальнае закадаўства ўстанаўлівае строгую адказнасць за асабліва цяжкія злачынствы, што робяць замах на жыццё чалавека. Пры гэтым за забойства, учыненае пры абцяжваючых акалічнасцях, і іншыя асабліва цяжкія злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека, прадугледжваюцца самыя строгія пакаранні – пазбаўленне волі на тэрмін да 25 гадоў, пажыццёвае заключэнне або смяротная кара. Гэтыя пакаранні па сваёй сутнасці павінны былі б выступаць у ролі важных сродкаў забеспячэння бяспекі грамадства, перш за ўсё аховы жыцця людзей. Пагроза іх прымянення прызвана служыць забеспячэнню мэты агульнага папярэджання, гэта значыць недапушчэння ўчынення злачынстваў з боку грамадзян.
 
Разам з тым, нягледзячы на прымяненне ўказаных пакаранняў, у рэспубліцы мае месца рост злачынных замахаў на жыццё чалавека. У параўнанні з 1994 г., калі былі зарэгістраваны 952 забойствы, у тым ліку і замахаў на забойства, колькасць такіх злачынстваў у 2002 г. узрасла на 23,7 %. Прэвентыўная ж роля смяротнай кары, узаемазалежнасць яе прымянення і ўзроўню ўчыняемых забойстваў фактычна не прасочваюцца. Наадварот, рост ліку забойстваў, учыненых пры абцяжваючых акалічнасцях, пры наяўнасці якіх законам прадугледжана магчымасць назначэння смяротнай кары, прыходзіўся ў асноўным на тыя гады, калі гэта пакаранне прымянялася параўнальна ў вялікім аб’ёме. Напрыклад, у перыяд з 1994 г. па 1998 г. колькасць прыгавораных да смяротнай кары павялічвалася (25, 37, 29, 46, 47 чалавек), але разам з гэтым рос і лік асоб, якія асуджаюцца за забойства, учыненае пры абцяжваючых акалічнасцях (278, 345, 411, 480, 517 чалавек). Аднак, нягледзячы на тое што ў 2002 г. да смяротнай кары былі прыгавораны 4 чалавекі, у 2003 г. колькасць зарэгістраваных у рэспубліцы забойстваў, у тым ліку і замахаў на забойства, у параўнанні з 2002 г. знізілася на 104 злачынствы.
 
Ні практыка, ні навуковыя даследаванні не выявілі залежнасці ўчыняемых забойстваў ад ступені выкарыстання ў дзяржаве смяротнай кары і не вызначылі ўзровень яе эфекту, які застрашвае. Гэты факт знаходзіць сваё пацвярджэнне і ў іншых дзяржавах, што з’явілася для іх адным з дастаткова сур’ёзных аргументаў на карысць адмены смяротнай кары. Па сваёй прыродзе смяротная кара не можа забяспечыць дасягнення і іншых мэт крымінальнай адказнасці, замацаваных у частцы другой артыкула 44 КК: выпраўленне асобы, якая ўчыніла злачынства, і папярэджанне ўчынення ёй новых злачынстваў.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што пры вырашэнні пытання аб прымяненні смяротнай кары не могуць быць поўнасцю выключаны памылкі ў прызнанні асобы вінаватай ва ўчыненні злачынстваў, за якія яна асуджаецца да гэтага пакарання.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што для забеспячэння бяспекі грамадства, недапушчэння рэцэдыву з боку асоб, якія ўчыняюць наўмысныя замахі на жыццё пры абцяжваючых акалічнасцях, дзяржава валодае дастаткова эфектыўнымі крымінальна-прававымі сродкамі, што дазваляюць ізаляваць злачынцаў ад грамадства і тым самым не дапусціць учынення імі новых злачынстваў. Такімі сродкамі ўздзеяння, у прыватнасці, на злачынцаў у Рэспубліцы Беларусь, як і ў многіх іншых краінах, з’яўляюцца пакаранні ў выглядзе пажыццёвага заключэння ці пазбаўлення волі, што назначаецца на тэрмін да 25 гадоў. Іменна гэтым пакаранням, і перш за ўсё пазбаўленню волі, што назначаецца на працяглыя тэрміны, суды аддаюць перавагу пры вынясенні прыгавораў асобам, якія асуджаюцца за асабліва цяжкія злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця пры абцяжваючых акалічнасцях. У структуры пакаранняў, якія назначаюцца за ўказаныя злачынствы, удзельная вага пазбаўлення волі складае больш за 90 %. Напрыклад, у 2001 г. яна склала 96 %, у 2002 г. – 95 % і ў 2003 г. – 96 %. Пажыццёвае заключэнне ў гэтыя гады было назначана адпаведна 2,3 %, 4,2 %, 2,6 % ад агульнай колькасці асуджаных за такія злачынствы. Між тым прыярытэтнае выкарыстанне судамі ў якасці карнай меры пазбаўлення волі ў адносінах да небяспечных злачынцаў, якія замахваюцца на жыццё чалавека, не ставіць пад пагрозу бяспеку грамадства, забеспячэнне задач барацьбы са злачыннасцю.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што вырашэнню задачы абароны грамадства ад злачынных замахаў, і перш за ўсё ад наўмысных замахаў на жыццё чалавека, павінна садзейнічаць павышэнне эфектыўнасці дзейнасці праваахоўных органаў, накіраванай у тым ліку і на аптымальную рэалізацыю прынцыпу няўхільнасці адказнасці, павышэнне ўзроўню раскрывальнасці ўказаных злачынстваў, забеспячэнне збалансаванасці крымінальнай палітыкі ў адносінах да злачынцаў, якія замахваюцца на жыццё чалавека.
 
3. Канстытуцыйны Суд улічвае, што на захаванне смяротнай кары ў крымінальным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь аказваюць уплыў рэзультаты праведзенага 24 лістапада 1996 г. рэферэндуму, у ходзе якога 80,44 % грамадзян, што прынялі ўдзел у галасаванні, на пастаўленае пытанне: “Ці падтрымліваеце Вы адмену смяротнай кары ў Рэспубліцы Беларусь?” – адказалі адмоўна.
 
Рэферэндум праходзіў ва ўмовах, калі ў КК у якасці альтэрнатывы смяротнай кары прадугледжвалася толькі пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў, гэта значыць пакаранне, якое яўна не адпавядае характару і ступені грамадскай небяспекі наўмысных забойстваў, што ўчыняюцца пры абцяжваючых акалічнасцях. Пажыццёвае заключэнне як выключнае і альтэрнатыўнае смяротнай кары пакаранне было ўведзена ў КК Рэспублікі Беларусь толькі ў снежні 1997 г.
 
Неабходна адзначыць, што ў многіх еўрапейскіх дзяржавах, у тым ліку і краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаў, рашэнні аб адмене смяротнай кары ці аб аб’яўленні мараторыя на яе прымяненне прымаліся ва ўмовах, калі грамадская думка аб захаванні гэтага пакарання ў заканадаўстве, як правіла, пераважала над меркаваннем аб яго адмене.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае таксама ўвагу на тое, што рашэнне праведзенага ў 1996 г. народнага галасавання па ўказанаму пытанню не мела абавязковага характару. З моманту правядзення галасавання прайшло больш за сем гадоў, гэта значыць час, дастатковы для карэкціроўкі ацэнак, звязаных з прымяненнем смяротнай кары, яе захаваннем або адменай.
 
Канстытуцыйны Суд прымае да ўвагі тую акалічнасць, што ні адмена смяротнай кары наогул, ні аб’яўленне мараторыя на яе прымяненне або выкананне, ажыццёўленыя ў іншых дзяржавах, і перш за ўсё ў дзяржавах, што ўваходзілі раней у склад СССР, стан і дынаміка злачыннасці ў якіх не маюць істотных адрозненняў, не выклікалі выбуху крымінагеннага становішча і не пацягнулі за сабой росту забойстваў. Не ўскладнілася крымінагенная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь і ў 2000 – 2003 гг., калі прымяненне смяротнай кары было зведзена да адзінкавых выпадкаў. Пры гэтым узровень судзімасці за злачынствы пры абцяжваючых акалічнасцях у гэтыя гады ў параўнанні з гадамі, калі смяротная кара прымянялася ў параўнальна вялікім аб’ёме, знізіўся.
 
4. Згодна з артыкулам 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. У сілу гэтага Рэспубліка Беларусь не можа не ўлічваць тэндэнцый і працэсаў, звязаных з адменай смяротнай кары, якія адбываюцца ў сусветным супольніцтве, ці знаходзіцца ўбаку ад гэтых працэсаў.
 
У прэамбуле Другога факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, накіраванага на адмену смяротнай кары, прынятага рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 15 снежня 1989 г., дзяржавы – удзельніцы Пратакола адзначылі, што адмена смяротнай кары садзейнічае ўмацаванню чалавечай годнасці і прагрэсіўнаму развіццю правоў чалавека. Дзяржавы-ўдзельніцы перакананы ў тым, што ўсе меры па адмене смяротнай кары неабходна разглядаць як прагрэс у забеспячэнні права на жыццё. У артыкуле 1 Пратакола ўказана, што ні адна асоба, якая знаходзіцца пад юрысдыкцыяй дзяржавы – удзельніцы гэтага Пратакола, не падвяргаецца смяротнай кары (пункт 1); кожная дзяржава-ўдзельніца прымае ўсе неабходныя меры для адмены смяротнай кары ў рамках сваёй юрысдыкцыі (пункт 2).
 
На працягу некалькіх гадоў Камісія ААН па правах чалавека рэгулярна прымала рэзалюцыі, у якіх заклікала дзяржавы да ўвядзення мараторыя на смяротную кару ў мэтах яе поўнай адмены.
 
У Рэзалюцыі 1998/8, прынятай 3 красавіка 1998 г., Камісія ААН па правах чалавека прызвала ўсе краіны, якія захоўваюць смяротную кару, “устанавіць мараторый на кары з разлікам на поўную адмену смяротнай кары”. За прыняцце гэтай Рэзалюцыі галасавала і Рэспубліка Беларусь.
 
Больш інтэнсіўны працэс, звязаны з адменай смяротнай кары, характэрны для еўрапейскага рэгіёну. Ён пачаўся з моманту прыняцця Еўрапейскай Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (далей – Еўрапейская Канвенцыя), падпісанай у Рыме 4 лістапада 1950 г. дзесяццю дзяржавамі – членамі Савета Еўропы.
 
У артыкуле 2 гэтай Канвенцыі абвяшчалася наступнае:
 
1. Права кожнай асобы на жыццё ахоўваецца законам. Ніхто не можа быць наўмысна пазбаўлены жыцця інакш як у мэтах выканання смяротнага прыгавору, вынесенага судом за ўчыненне злачынства, у адносінах да якога законам прадугледжана такое пакаранне.
 
2. Пазбаўленне жыцця не разглядаецца як парушэнне гэтага артыкула, калі яно з’яўляецца вынікам абсалютна неабходнага прымянення сілы:
 
а) для абароны любой асобы ад проціпраўнага насілля;
 
b) для ажыццяўлення законнага затрымання або папярэджання ўö&cedіl;ку асобы, затрыманай на законных падставах;
 
с) для падаўлення, у адпаведнасці з законам, бунту або мецяжу.
 
Еўрапейская Канвенцыя не абвясціла адмену смяротнай кары, працэсы ў гэтым напрамку сталі паслядоўна праходзіць у еўрапейскіх дзяржавах. Практыка гэтых дзяржаў, многія з якіх перасталі фактычна прымяняць гэта пакаранне, з’явілася адным з пабуджальных матываў прыняцця Пратакола № 6 да Еўрапейскай Канвенцыі адносна адмены смяротнай кары, падпісанага дзяржавамі – членамі Савета Еўропы 28 красавіка 1983 г. у Страсбургу, якім абвешчана адмена смяротнай кары (артыкул 1). У прэамбуле гэтага Пратакола прама ўказвалася, што развіццё, якое мела месца ў некалькіх дзяржавах – членах Савета Еўропы, адлюстроўвае агульную тэндэнцыю на карысць адмены смяротнай кары. Дадзены Пратакол не выключаў прымянення смяротнай кары за дзеянні, учыненыя ў час вайны або пры непазбежнай пагрозе вайны (артыкул 2).
 
У Рэкамендацыі № 1246 (1994) Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы, прынятай у 1994 г., указвалася, што смяротная кара не мае законнага месца ў пенітэнцыярных сістэмах сучасных цывілізаваных грамадстваў і што яе прымяненне можа быць параўнальна з пакутамі і разгледжана як бесчалавечнае і прыніжаючае пакаранне ў сэнсе артыкула 3 Еўрапейскай Канвенцыі. Гэта было зноў пацверджана ў Рэзалюцыі № 1253 (2001), прынятай у 2001 г.
 
Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы ўстанавіла практыку прад’яўлення патрабавання дзяржавам, якія выказалі жаданне стаць членам Савета Еўропы, уводзіць мараторый на прымяненне прыгавораў аб смяротнай кары, выключаць з нацыянальнага заканадаўства гэта пакаранне, падпісаць і ратыфікаваць Пратакол № 6 да Еўрапейскай Канвенцыі адносна адмены смяротнай кары.
 
Згодна з Пратаколам № 13 да Еўрапейскай Канвенцыі, які датычыцца адмены смяротнай кары пры любых акалічнасцях, падпісаным дзяржавамі – членамі Савета Еўропы 3 мая 2002 г. у Вільнюсе, абвешчана поўная адмена смяротнай кары, у тым ліку і за дзеянні, учыненыя у час вайны або пры непазбежнай пагрозе вайны. У прэамбуле ўказанага Пратакола гаворыцца, што права кожнага чалавека на жыццё з’яўляецца асноўнай каштоўнасцю ў дэмакратычным грамадстве і што адмена смяротнай кары істотная для абароны гэтага права і для поўнага прызнання ўласцівай людзям годнасці. Поўная адмена гэтага пакарання ў дзяржавах – членах Савета Еўропы ажыццёўлена ў мэтах узмацнення абароны права на жыццё, гарантаванага Еўрапейскай Канвенцыяй.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што абсалютная большасць еўрапейскіх дзяржаў ужо некалькі дзесяцігоддзяў наогул не прымяняе смяротную кару. У цяперашні час 45 дзяржаў – членаў Савета Еўропы адмовіліся ад прымянення гэтага пакарання. Прагрэсіўны рух у гэтым напрамку адзначаецца асабліва ў канцы ХХ і пачатку ХХI ст. У 1999 г. Пратакол № 6 да Еўрапейскай Канвенцыі ратыфікавалі, напрыклад, Балгарыя, Вялікабрытанія, Латвія, Літва. У 2000 г. указаны Пратакол ратыфікавалі Албанія, Грузія, Кіпр, Польшча, Украіна, у 2002 г. – Азербайджан, Боснія і Герцагавіна. Пратакол № 6 падпісалі ў 2001 г. – Арменія, у 2003 г. – Сербія і Чарнагорыя, Турцыя. Рэспубліка Казахстан, не з’яўляючыся членам Савета Еўропы, аб’явіла ў снежні 2003 г. мараторый на выкананне смяротнай кары.
 
Тэндэнцыя да адмены смяротнай кары або скарачэння яе прымянення характэрна для ўсёй сусветнай супольнасці. У цяперашні час не прымяняюць смяротную кару звыш ста дзяржаў і тэрыторый.
 
Абмежаванне прымянення дадзенага пакарання праяўляецца і ў судовай практыцы Рэспублікі Беларусь, дзе ўсё больш аддаецца перавага іншаму выключнаму пакаранню – пажыццёваму заключэнню. У 2002 г. з 496 асуджаных за забойства пры абцяжваючых акалічнасцях і за забойства работніка міліцыі (частка другая артыкула 139 і артыкул 362 КК) былі прыгавораны да смяротнай кары 4 чалавекі, а да пажыццёвага заключэння – 21 чалавек. У 2003 г. з 466 асуджаных за ўказаныя злачынствы да смяротнай кары было прыгаворана 4, да пажыццёвага заключэння – 12 чалавек. Гэтыя даныя сведчаць аб тым, што суды, маючы права на прымяненне такога віду пакарання, як смяротная кара, ідуць па шляху максімальнага скарачэння выкарыстання не толькі гэтага, але і іншага выключнага пакарання – пажыццёвага заключэння, не ствараючы пры гэтым умоў для пагаршэння крымінагеннага становішча ў рэспубліцы.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што развіццё Рэспублікі Беларусь ажыццяўлялася паралельна з развіццём іншых дзяржаў – рэспублік былога СССР. Пры гэтым узровень злачыннасці, яе тэндэнцыі і меры барацьбы з ёй былі падобнымі для ўсіх гэтых дзяржаў, у тым ліку і для Рэспублікі Беларусь. У цяперашні час многія з гэтых дзяржаў (Азербайджан, Арменія, Грузія, Латвія, Літва, Малдова, Расійская Федэрацыя, Украіна, Эстонія) увайшлі ў Савет Еўропы, што абумовіла прыняцце імі рашэнняў аб адмене смяротнай кары ці аб аб’яўленні мараторыя на яе прымяненне або выкананне. Вопыт гэтых дзяржаў у вырашэнні праблемы смяротнай кары з’яўляецца важнай акалічнасцю, якая аблягчае прыняцце адпаведнага рашэння Рэспублікай Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што рашэнні аб адмене смяротнай кары ва ўказаных дзяржавах прымаліся звычайна іх прадстаўнічымі органамі ці органамі канстытуцыйнага кантролю. Пры гэтым еўрапейскія канстытуцыйныя суды прымалі адпаведныя рашэнні ва ўмовах, калі іх дзяржавы былі прыняты ў Савет Еўропы ці пытанне аб прыёме іх у гэтую арганізацыю было прадвырашана. У сувязі з гэтым Еўрапейская Канвенцыя і пратаколы да яе для іх былі абавязковымі.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што Рэспубліка Беларусь, нават не з’яўляючыся членам Савета Еўропы, у апошнія гады паслядоўна праводзіць актыўную пазіцыю па абмежаванню смяротнай кары як на заканадаўчым узроўні, так і на практыцы, што адпавядае патрабаванням, прадугледжаным у міжнародных актах. Па сутнасці, яна наблізілася да вырашэння дадзенага пытання, а ўступленне ў Савет Еўропы і падпісанне ў першую чаргу Еўрапейскай Канвенцыі, пратаколаў № 6 і 13 да яе мае на ўвазе безумоўнае прыняцце рашэння аб адмене смяротнай кары.
 
Канстытуцыйны Суд у якасці станоўчага факта адзначае, што 13 чэрвеня 2002 г. Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па выніках парламенцкіх слуханняў на тэму “Палітыка-прававыя праблемы адмены смяротнай кары ў Рэспубліцы Беларусь” прыняты Рэкамендацыі (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 70, 4/2960), у якіх Савету Міністраў, Міністэрству ўнутраных спраў, Міністэрству адукацыі, Міністэрству юстыцыі, Вярхоўнаму Суду, Міністэрству інфармацыі і Iнстытуту сацыяльна-палітычных даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прапанавана ажыццявіць мерапрыемствы, якія садзейнічалі б прыняццю рашэння па пытанню аб смяротнай кары. Аднак большасць рэкамендаваных мерапрыемстваў яшчэ не выканана. Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што дзяржаўныя органы (Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі, Вярхоўны Суд, Пракуратура, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства юстыцыі, Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь), Рэспубліканская калегія адвакатаў і большасць прадстаўнікоў навуковых устаноў і вышэйшых навучальных устаноў, якім у ходзе разгляду дадзенай справы накіроўваліся запыты з прапановай выкласці сваю пазіцыю па пытанню аб смяротнай кары, не выказаліся за адмену гэтага пакарання, уключаючы і мараторый на яго прымяненне, і адзначылі адпаведнасць норм Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным прававым актам, што з’яўляюцца абавязковымі для Рэспублікі Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу таксама на тое, што за апошняе дзесяцігоддзе ў Рэспубліцы Беларусь дынаміка асабліва цяжкіх злачынстваў, спалучаных з наўмысным замахам на жыццё чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях, характарызуецца ростам. Толькі ў 2002 – 2003 гг. намецілася тэндэнцыя да іх зніжэння, якую неабходна замацаваць намаганнямі праваахоўных органаў.
 
Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду, што норма часткі трэцяй артыкула 24 Канстытуцыі, якая прадугадвае адмену смяротнай кары і ўстанаўлівае своеасаблівае пераходнае палажэнне, калі яна можа часова прымяняцца ў якасці выключнай меры толькі за асабліва цяжкія злачынствы, мае на ўвазе адмову дзяржавы ад выкарыстання гэтага пакарання.
 
На падставе выкладзенага, кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 5, 6, 9, 11, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць пункт 11 часткі першай артыкула 48 і артыкул 59 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь не адпавядаючымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у частцы адсутнасці ў іх указання на часовы характар смяротнай кары.
 
2. Лічыць, што частка трэцяя артыкула 24 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая ўстанавіла магчымасць прымянення смяротнай кары ў якасці выключнай меры пакарання толькі да яе адмены, дазваляе прыняць рашэнне аб аб’яўленні мараторыя на прымяненне смяротнай кары або аб поўнай адмене гэтага пакарання.
 
Зыходзячы са зместу дадзенай нормы, дынамікі злачыннасці, неабходнасці выканання Рэкамендацый Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па пытанню аб смяротнай кары, прынятых пастановай Палаты прадстаўнікоў ад 13 чэрвеня 2002 г., а таксама ўлічваючы, што Другі факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах не ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь, не вырашана пытанне аб яе паўнапраўным членстве ў Савеце Еўропы і ў сілу гэтага не падпісаны і не ратыфікаваны Еўрапейская Канвенцыя аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод і адпаведныя пратаколы да яе, што абумовіла б у сілу артыкулаў 8 і 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь вяршэнства ўказаных міжнародных актаў у сістэме нацыянальнага права, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў сучасных умовах пытанне аб адмене гэтага віду пакарання або як першым кроку – аб аб’яўленні мараторыя на яго прымяненне можа быць вырашана Кіраўніком дзяржавы і Парламентам.
 
3. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, устаноўлены заканадаўствам, у газетах “Звязда” і “Народная газета”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
4. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                            Р.А. Васілевіч