Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
15 красавіка 2004 г. № Р-172/2004
Аб канстытуцыйнасці Палажэння аб парадку прыёму грамадзян у Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце, зацверджанага рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 1 кастрычніка 2002 г. № 1430
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. на падставе часткі першай артыкула 116 і часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь разгледзеў зварот грамадзяніна Шырко А.М. па пытанню канстытуцыйнасці Палажэння аб парадку прыёму грамадзян у Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце, зацверджанага рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 1 кастрычніка 2002 г. № 1430.
 
У звароце ўказана, што пункт 7 дадзенага Палажэння змяшчае нормы, якія абмяжоўваюць права грамадзян на непасрэдны зварот да старшыні Мінгарвыканкома па пытаннях, што адносяцца да яго кампетэнцыі.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян”, “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” і іншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У артыкуле 40 Канстытуцыі замацавана права кожнага накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы. Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаны разгледзець зварот і даць адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павінна быць пісьмова матываванай.
 
Парадак рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на зварот у дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі вызначаны ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1996 г. “Аб зваротах грамадзян” (далей – Закон). Законам устаноўлены парадак звароту грамадзян з прапановамі, заявамі і скаргамі да службовых асоб дзяржаўных органаў, органаў грамадскіх аб’яднанняў, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў незалежна ад форм уласнасці, а таксама парадак разгляду прапаноў, заяў і скарг.
 
Законам прадугледжаны, у прыватнасці, абавязак кіраўнікоў органаў, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў ажыццяўляць асабісты прыём грамадзян. Згодна з часткамі першай і трэцяй артыкула 5 Закона кіраўнікі органаў, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў абавязаны праводзіць асабісты прыём грамадзян і не маюць права адмовіць грамадзяніну ў асабістым прыёме пры яго звароце ва ўстаноўленым парадку непасрэдна да іх з пытаннямі, якія адносяцца да іх кампетэнцыі.
 
Распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 красавіка 1997 г. № 128 рп “Аб мерах па паляпшэнню работы са зваротамі грамадзян” на кіраўнікоў дзяржаўных органаў, а таксама кіраўнікоў устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў незалежна ад форм уласнасці ўскладзены абавязак па забеспячэнню выканання Закона “Аб зваротах грамадзян”.
 
Згодна з пунктам 14 часткі дзесятай артыкула 9 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” выканаўчы камітэт прымае рашэнні, накіраваныя на абарону правоў і задавальненне законных інтарэсаў грамадзян, арганізуе прыём насельніцтва кіраўнікамі выканаўчага камітэта.
 
Парадак арганізацыі прыёму грамадзян старшынёй Мінгарвыканкома, першым намеснікам старшыні, намеснікамі старшыні, кіраўніком спраў у межах іх кампетэнцыі ў адпаведнасці з размеркаваннем абавязкаў устаноўлены Палажэннем аб парадку прыёму грамадзян у Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце, зацверджаным рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 1 кастрычніка 2002 г. № 1430 (Нацыянальны рэестр прававых актаў, 2002 г., № 116, 9/2176).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што рашэнне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 1 кастрычніка 2002 г. № 1430 прынята на падставе законаў Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян” і “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”.
 
У пункце 7 Палажэння ўстаноўлена, што грамадзяне запісваюцца на прыём да старшыні гарвыканкома на падставе пісьмовай заявы па пытаннях, якія адносяцца да яго кампетэнцыі, калі іх патрабаванні законныя і не вырашаны адпаведнымі службовымі асобамі. Заявы аб асабістым прыёме, што паступаюць на імя старшыні Мінгарвыканкома, накіроўваюцца першаму намесніку старшыні, намеснікам старшыні, кіраўніку спраў згодна з размеркаваннем абавязкаў, зацверджаных ва ўстаноўленым парадку, для даклада старшыні пры неабходнасці.
 
Як вынікае з адказу Мінгарвыканкома на запыт Канстытуцыйнага Суда, “для вырашэння пытання запісу на прыём да старшыні гарвыканкома грамадзяніну прапаноўваецца выкласці сваё пытанне ў пісьмовым выглядзе з указаннем новых доказаў і фактаў, г.зн. абгрунтаваць законнасць свайго звароту”.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, ажыццяўленне папярэдняга запісу грамадзян садзейнічае больш стараннай, якаснай падрыхтоўцы да асабістага прыёму, таму што дазваляе дасканала вывучыць пастаўленае пытанне, падабраць неабходныя матэрыялы, запрасіць у выпадку неабходнасці спецыялістаў, але гэта не павінна выключаць замацаванае ў Законе права грамадзян на вусныя звароты на асабістым прыёме.
 
Канстытуцыйны Суд таксама звяртае ўвагу на тое, што ўстанаўленне ў якасці ўмовы асабістага прыёму грамадзян старшынёй Мінгарвыканкома законнасці патрабаванняў, якія змяшчаюцца ў зваротах грамадзян, не адпавядае палажэнням частак першай і трэцяй артыкула 5 Закона. Абгрунтаванне законнасці не з’яўляецца абавязкам грамадзяніна. Гэта павінны ўстанавіць органы і службовыя асобы, на якіх Законам ускладзены абавязак разгледзець зварот і даць матываваны адказ. Для вызначэння правамернасці (законнасці) зваротаў грамадзян Законам устанаўліваюцца адпаведныя тэрміны (15 дзён, 1 месяц, 2 месяцы). Гэта сведчыць аб тым, што законнасць звароту павінна ўстанаўлівацца не на стадыі папярэдняга запісу на прыём, а ў ходзе яго разгляду.
 
Абавязак дзяржаўных служачых у межах сваіх службовых паўнамоцтваў своечасова і аб’ектыўна разглядаць звароты грамадзян і вырашаць іх у парадку, устаноўленым заканадаўствам, артыкулам 21 Закона “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь” аднесены да ліку іх асноўных абавязкаў.
 
Гэта не выключае права грамадзяніна, які мяркуе, што яго правы ўшчэмлены, звярнуцца са скаргай у суд на неправамерныя, на яго думку, дзеянні (бяздзеянне) дзяржаўных органаў, службовых асоб у парадку, устаноўленым Грамадзянскім працэсуальным кодэксам.
 
Кіруючыся артыкулам 7, часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць Палажэнне аб парадку прыёму грамадзян у Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце, зацверджанае рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 1 кастрычніка 2002 г. № 1430, у частцы, якая фактычна выключае магчымасць вуснага звароту грамадзян на асабістым прыёме, а таксама ўстанаўлівае неабходнасць абгрунтавання грамадзянамі законнасці сваіх патрабаванняў, не адпавядаючым часткам першай, трэцяй і чацвёртай артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян”.
 
2. Звярнуць увагу Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, іншых мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў на неабходнасць належнага забеспячэння канстытуцыйнага права грамадзян на падачу зваротаў у дзяржаўныя органы, у тым ліку права на вусныя звароты на асабістым прыёме.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          Р.А. Васілевіч