Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
1 ліпеня 2004 г. № Р-173/2004
Аб канстытуцыйнасці падпункта 1.3 пункта 1 рашэння Вілейскага раённага выканаўчага камітэта ад 27 лютага 2003 г. № 84 “Аб дадатковых мерах па эканоміі бюджэтных сродкаў у 2003 годзе”
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе часткі першай артыкула 116, часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот аб правамернасці ўстанаўлення рашэннем Вілейскага раённага выканаўчага камітэта паніжаючых каэфіцыентаў да норм накладных расходаў і планавых накапленняў у будаўніцтве.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 мая 1999 г. № 285 “Аб некаторых мерах па стабілізацыі цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь” і іншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У мэтах удасканальвання сістэмы цэнаўтварэння Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 мая 1999 г. № 285 (са змяненнямі і дапаўненнямі) зацверджаны пералік тавараў (работ, паслуг), цэны (тарыфы), надбаўкі (скідкі) на якія рэгулююцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Ураду Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным банкам, аблвыканкомамі і Мінскім гарвыканкомам. Дадзеным пералікам прадугледжана, што цэны ў будаўніцтве, за выключэннем будаўніцтва, якое ажыццяўляецца за кошт замежных інвестыцый (па ўзгадненню з Міністэрствам эканомікі), рэгулююцца Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва.
 
У цяперашні час нормы накладных расходаў і планавых накапленняў для будаўніча-мантажных арганізацый, якія выконваюць будаўнічыя, мантажныя і спецыяльныя будаўнічыя работы падрадным спосабам, вызначаны нарматыўнымі прававымі актамі Урада Рэспублікі Беларусь.
 
Так, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 1993 г. № 67 “Аб новых каштарысных нормах і цэнах у  будаўніцтве” для  будаўніча-мантажных  арганізацый   незалежна  ад форм  уласнасці, якія выконваюць будаўнічыя, мантажныя і спецыяльныя будаўнічыя работы падрадным спосабам, былі зацверджаны гранічныя нормы накладных расходаў і планавых накапленняў (пункт 2).
 
З 1 студзеня 1996 г. пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 кастрычніка 1995 г. № 599 “Аб увядзенні паніжаючых каэфіцыентаў да гранічных норм накладных расходаў і планавых накапленняў для будаўніча-мантажных арганізацый” уведзены паніжаючыя каэфіцыенты да гранічных норм накладных расходаў і планавых накапленняў 0,996 і 0,96 адпаведна. Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва было даручана ў месячны тэрмін вызначыць парадак прымянення ўказаных каэфіцыентаў.
 
У мэтах устанаўлення адзінага парадку пераходу ў 2001 – 2002 гадах на новую каштарысна-нарматыўную базу ў будаўніцтве пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2001 г. № 997 “Аб пераходзе на рэсурсна-каштарысныя нормы ў будаўніцтве” зацверджаны новыя нормы накладных расходаў і планавых накапленняў для будаўніча-мантажных арганізацый, якія выконваюць будаўнічыя, мантажныя і спецыяльныя будаўнічыя работы падрадным спосабам (пункт 2). Пунктам 3 дадзенай пастановы дазволена прымяняць для разлікаў за выкананыя работы ў адпаведнасці з раней заключанымі дагаворамі (кантрактамі) будаўнічага падраду гранічныя нормы накладных расходаў і планавых накапленняў для будаўніча-мантажных арганізацый, якія выконваюць будаўнічыя, мантажныя і спецыяльныя будаўнічыя работы падрадным спосабам, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 1993 г. № 67.
 
Нягледзячы на тое што ў пункце 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2001 г. № 997 гаворка ідзе аб зацвярджэнні норм накладных расходаў і планавых накапленняў, пры непасрэдным вызначэнні размераў гэтых норм Урад прадугледзеў гранічныя нормы (у працэнтах да сумы асноўнай заработнай платы рабочых і кошту эксплуатацыі машын) накладных расходаў і планавых накапленняў.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што тэрмін “гранічныя нормы” неабходна разглядаць як найвышэйшы размер, які не падлягае павелічэнню пры заключэнні дагавораў, але які можна зніжаць.
 
Мінскі абласны выканаўчы камітэт рашэннем ад 18 сакавіка 2003 г. № 191 “Аб мерах па рэалізацыі рашэння Мінскага абласнога Савета дэпутатаў “Аб бюджэце вобласці на 2003 год” рэкамендаваў арганізацыям камунальнай уласнасці – заказчыкам пры заключэнні новых дагавораў з арганізацыямі любой формы ўласнасці на будаўнічыя і рамонтныя работы, якія выконваюцца падрадным спосабам за кошт бюджэтных сродкаў, прымяняць паніжаючы каэфіцыент да планавых накапленняў і накладных расходаў (акрамя работ па рамонту дахаў са стальнымі і шыфернымі пакрыццямі жыллёвага фонду): па будаўніцтву, рэканструкцыі і капітальнаму рамонту – 0,8, па бягучаму рамонту – 0,5 (падпункт 7.2 пункта 7).
 
Вілейскі раённы выканаўчы камітэт у мэтах выканання ўказаных рэкамендацый Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і ў мэтах “аптымізацыі і скарачэння бюджэтных расходаў, удасканальвання структуры кіравання бюджэтнай сферай і арганізацыямі камунальнай гаспадаркі” ў рашэнні ад 27 лютага 2003 г. № 84 “Аб дадатковых мерах па эканоміі бюджэтных сродкаў у 2003 годзе” вызначыў, што арганізацыі камунальнай уласнасці пры заключэнні новых дагавораў з арганізацыямі любой формы ўласнасці на будаўнічыя і рамонтныя работы, якія выконваюцца падрадным спосабам за кошт бюджэтных сродкаў, прымяняюць паніжаючы каэфіцыент да планавых накапленняў і накладных расходаў: па будаўніцтву, рэканструкцыі і капітальнаму рамонту – 0,8, па бягучаму рамонту – 0,5 (падпункт 1.3 пункта 1).
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, рашэнне Вілейскага раённага выканаўчага камітэта ў частцы ўстанаўлення паніжаючых каэфіцыентаў накіравана на эканомію бюджэтных сродкаў, што мае для рэгіёна станоўчыя сацыяльныя вынікі, паколькі змяншэнне расходаў дазваляе павялічваць аб’ёмы будаўнічых работ, праводзіць рэканструкцыю і капітальны рамонт большай колькасці аб’ектаў інфраструктуры раёна: школ, бальніц, дамоў культуры, спартыўных збудаванняў.
 
У адпаведнасці з артыкулам 121 Канстытуцыі да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў адносіцца вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю.
 
У пункце 5 часткі дзесятай артыкула 9 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” прадугледжана, што выканаўчы камітэт распараджаецца камунальнай уласнасцю адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў парадку, устаноўленым Саветам.
 
Камунальная ўласнасць складаецца з казны адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі і маёмасці, замацаванай за камунальнымі юрыдычнымі асобамі. Казну адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі складаюць сродкі мясцовага бюджэту і іншая камунальная маёмасць, не замацаваная за камунальнымі юрыдычнымі асобамі (частка першая артыкула 36 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”). Згодна з часткай першай артыкула 41 дадзенага Закона выканаўчыя камітэты выконваюць мясцовыя бюджэты ў інтарэсах насельніцтва. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 33 Закона “Аб бюджэтнай сістэме Рэспублікі Беларусь і дзяржаўных пазабюджэтных фондах” мясцовыя Саветы дэпутатаў самастойна ў межах сваіх паўнамоцтваў вызначаюць напрамкі выкарыстання сродкаў мясцовых бюджэтаў, за выключэннем перададзеных ім з вышэйстаячага бюджэту фінансавых рэсурсаў, якія маюць мэтавае прызначэнне.
 
З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Вілейскі раённы выканаўчы камітэт, прадугледзеўшы ў рашэнні ад 27 лютага 2003 г. № 84 паніжаючыя каэфіцыенты да планавых накапленняў і накладных расходаў, якія падлягаюць прымяненню арганізацыямі-заказчыкамі пры заключэнні новых дагавораў з арганізацыямі любой формы ўласнасці на будаўнічыя і рамонтныя работы, што выконваюцца падрадным спосабам за кошт бюджэтных сродкаў, не парушыў адпаведныя палажэнні пастаноў Савета Міністраў ад 11 лютага 1993 г. № 67 і ад 6 ліпеня 2001 г. № 997, паколькі дадзенымі пастановамі вызначаны гранічныя нормы накладных расходаў і планавых накапленняў.
 
Адначасова Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што паніжаючыя каэфіцыенты згодна з рашэннем самога Вілейскага раённага выканаўчага камітэта ад 27 лютага 2003 г. № 84 прымяняюцца толькі да новых дагавораў, якія заключаюцца пасля прыняцця дадзенага рашэння і ўступлення яго ў сілу. Акрамя таго, у адпаведнасці з артыкулам 67 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” нарматыўны прававы акт не мае зваротнай сілы, гэта значыць не распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі да яго ўступлення ў сілу, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян або іншым чынам паляпшае становішча асоб, на якіх распаўсюджваецца дзеянне нарматыўнага прававога акта, ці калі ў самім нарматыўным прававым акце або ў акце аб увядзенні яго ў дзеянне прама прадугледжваецца, што ён распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, што ўзніклі да яго ўступлення ў сілу.
 
У выпадку невыканання ўказаных патрабаванняў будаўнічыя арганізацыі маюць права абскарджваць дзеянні дзяржаўных органаў у гаспадарчы суд ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
 
Кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць падпункт 1.3 пункта 1 рашэння Вілейскага раённага выканаўчага камітэта ад 27 лютага 2003 г. № 84 “Аб дадатковых мерах па эканоміі бюджэтных сродкаў у 2003 годзе” адпавядаючым Канстытуцыі і актам заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                           Р.А. Васілевіч