Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
23 ліпеня 2004 г. № Р-174/2004
Аб канстытуцыйнасці пункта 10 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 2004 г. № 453 “Аб выніках выканання бюджэту г. Мінска і стане кантрольна-эканамічнай работы за 2003 год, задачах па выкананню рашэння Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 30 снежня 2003 г. № 72 і эканоміі бюджэтных сродкаў у 2004 годзе”
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот аб правамернасці надання зваротнай сілы рашэнню Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ў частцы норм, якія ўстанаўліваюць паніжаючыя каэфіцыенты да планавых накапленняў і накладных расходаў.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” і іншых актаў заканадаўства, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Рашэнне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 2004 г. № 453 “Аб выніках выканання бюджэту г. Мінска і стане кантрольна-эканамічнай работы за 2003 год, задачах па выкананню рашэння Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 30 снежня 2003 г. № 72 і эканоміі бюджэтных сродкаў у 2004 годзе” змяшчае даручэнне кіраўнікам адміністрацый раёнаў, кіраўнікам камітэтаў, упраўленняў Мінгарвыканкома, арганізацый камунальнай уласнасці г. Мінска забяспечыць эканомнае і рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, звярнуўшы асаблівую ўвагу на ўзмацненне кантролю за расходваннем пазабюджэтных сродкаў і фондаў, якія выдзяляюцца на правядзенне капітальнага рамонту жылога фонду, вуліц горада, рамонт і добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый і іншых аб’ектаў (падпункт 3.1 пункта 3); пастаянна праводзіць работу па скарачэнню расходаў за кошт зніжэння затрат і сабекошту аказваемых паслуг, а таксама крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасці (падпункт 3.2 пункта 3).
 
Устаноўлена таксама, што камітэты, упраўленні Мінгарвыканкома, адміністрацыі раёнаў, юрыдычныя асобы, якія фінансуюцца з бюджэту, не маюць права заключаць дагаворы аб пастаўцы тавараў, выкананні работ (аказанні паслуг), не забяспечаныя планавымі бюджэтнымі асігнаваннямі, што падлягаюць выдзяленню з бюджэту г. Мінска на 2004 год (пункт 5).
 
У пункце 10 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта змяшчаецца прадпісанне арганізацыям-заказчыкам жыллёва-камунальнай і невытворчай сферы пры выкананні капітальнага і бягучага рамонту за кошт бюджэтных асігнаванняў прымяняць пры заключэнні (перазаключэнні) дагавораў з падраднымі арганізацыямі любой формы ўласнасці наступныя паніжаючыя каэфіцыенты да планавых накапленняў і накладных расходаў (акрамя работ па рамонту дахаў з шыферным і стальным пакрыццём): па капітальнаму рамонту – 0,8, па бягучаму рамонту – 0,5.
 
Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда па пытанню канстытуцыйнасці ўстанаўлення выканаўчымі камітэтамі паніжаючых каэфіцыентаў да планавых накапленняў і накладных расходаў выкладзена ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 1 ліпеня 2004 г. № Р-173/2004 “Аб канстытуцыйнасці падпункта 1.3 пункта 1 рашэння Вілейскага раённага выканаўчага камітэта ад 27 лютага 2003 г. № 85 “Аб дадатковых мерах па эканоміі бюджэтных сродкаў у 2003 годзе”. Канстытуцыйны Суд пацвердзіў права выканаўчага камітэта распараджацца камунальнай уласнасцю адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, якая складаецца з казны адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі і маёмасці, замацаванай за камунальнымі юрыдычнымі асобамі ў парадку, устаноўленым Саветам дэпутатаў. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, рашэнне выканаўчага камітэта ў частцы ўстанаўлення паніжаючых каэфіцыентаў накіравана на эканомію бюджэных сродкаў, што мае для рэгіёна станоўчыя сацыяльныя вынікі, паколькі памяншэнне расходаў дазваляе павялічваць аб’ёмы будаўнічых работ, праводзіць рэканструкцыю і капітальны рамонт большай колькасці аб’ектаў інфраструктуры: школ, бальніц, дамоў культуры, спартыўных збудаванняў. Адначасова Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што згодна з рашэннем самога Вілейскага раённага выканаўчага камітэта паніжаючыя каэфіцыенты прымяняюцца толькі да новых дагавораў, заключаных пасля прыняцця дадзенага рашэння і ўступлення яго ў сілу. Таму Канстытуцыйны Суд прызнаў рашэнне ў частцы ўстанаўлення паніжаючых каэфіцыентаў адпавядаючым Канстытуцыі і актам заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
 
Згодна з пунктам 25 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 2004 г. № 453 яно ўступае ў сілу з 1 студзеня 2004 г., гэта значыць дадзенаму нарматыўнаму прававому акту нададзена зваротная сіла. Рашэнне ўключана ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь 1 сакавіка 2004 г., № 9/3294.
 
Вывучэнне правапрымяняльнай практыкі паказала, што ў перыяд з 1 студзеня 2004 г. да прыняцця рашэння і яго ўключэння ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь арганізацыямі-заказчыкамі жыллёва-камунальнай і невытворчай сферы былі заключаны (перазаключаны) дагаворы з падраднымі арганізацыямі на выкананне работ па капітальнаму і бягучаму рамонту за кошт бюджэтных асігнаванняў без уліку паніжаючых каэфіцыентаў да планавых накапленняў і накладных расходаў. Адны дагаворы былі спынены ў сувязі з выкананнем абавязацельстваў абодвума бакамі, другія – выкананы падрадчыкамі, але не аплачаны заказчыкам, трэція – выкананы падрадчыкамі не поўнасцю. Пасля прыняцця рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 2004 г. № 453 падрадным арганізацыям прапанавана зрабіць пераразлік кошту выкананых з 1 студзеня 2004 г. работ з улікам паніжаючых каэфіцыентаў.
 
Згодна з часткай шостай артыкула 104 Канстытуцыі закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян. У артыкуле 67 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” прадугледжана, што нарматыўны прававы акт не мае зваротнай сілы, гэта значыць не распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, што ўзніклі да ўступлення яго ў сілу, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян або іншым чынам паляпшае становішча асоб, на якіх распаўсюджваецца дзеянне нарматыўнага прававога акта, або калі ў самім нарматыўным прававым акце або ў акце аб увядзенні яго ў дзеянне прама прадугледжваецца, што ён распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі да яго ўступлення ў сілу.
 
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што замацаванае ў Канстытуцыі і ўказаным Законе правіла надання зваротнай сілы нарматыўнаму прававому акту азначае недапушчальнасць надання зваротнай сілы нарматыўнаму прававому акту не толькі пры вырашэнні пытання аб ускладанні юрыдычнай адказнасці, але і пры такім змяненні заканадаўства, у выніку якога пагаршаецца становішча грамадзян або юрыдычных асоб. Канстытуцыйны Суд адзначае, што і ў тых выпадках, калі ў самім нарматыўным прававым акце або ў акце аб увядзенні яго ў дзеянне прама прадугледжваецца, што ён распаўсюджвае сваё дзеянне на праваадносіны, якія ўзніклі да яго ўступлення ў сілу, зваротная сіла можа быць нададзена толькі тым нормам гэтага акта, якія не пагаршаюць становішча грамадзян або юрыдычных асоб. На неабходнасць выканання прынцыпу надання актам зваротнай сілы, які вынікае з Канстытуцыі, Канстытуцыйным Судом звярталася ўвага ў шэрагу яго рашэнняў (заключэнняў).
 
Акрамя таго, Канстытуцыйны Суд адзначае, што наданне зваротнай сілы нормам, якія змяшчаюцца ў пункце 10 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 2004 г. № 453, супярэчыла б устаноўленым у артыкуле 2 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь прынцыпам вяршэнства права і роўнасці правоў удзельнікаў грамадзянскіх адносін.
 
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на неабходнасць выканання канстытуцыйнага прынцыпу свабоды дагавора (частка чацвёртая артыкула 13 Канстытуцыі; абзац сёмы часткі другой артыкула 2, артыкул 391 Грамадзянскага кодэкса), з улікам якога рашэнне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 2004 г. № 453 з’яўляецца падставай для перагавораў арганізацый-заказчыкаў з падрадчыкамі аб змянені ўмоў дагавора або, пры недасягненні пагаднення, – аб яго спыненні. Выключэнне, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, з улікам палажэнняў часткі другой пункта 3 артыкула 276 Грамадзянскага кодэкса могуць скласці толькі выпадкі, калі заказчыкам і падрадчыкам па дагавору выступаюць унітарныя камунальныя прадпрыемствы.
 
Кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што прымяненне пункта 10 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 2004 г. № 453 “Аб выніках выканання бюджэту г. Мінска і стане кантрольна-эканамічнай работы за 2003 год, задачах па выкананню рашэння Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 30 снежня 2003 г. № 72 і эканоміі бюджэтных сродкаў у 2004 годзе”, які ўстанаўлівае паніжаючыя каэфіцыенты, павінна ажыццяўляцца з улікам патрабаванняў артыкула 104 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкула 67 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”, якімі не дапускаецца пагаршэнне прававога становішча ўдзельнікаў грамадскіх адносін, а таксама норм Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія замацоўваюць прынцып свабоды дагавора.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        Р.А. Васілевіч