Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
23 жніўня 2004 г. № Р-175/2004
Аб звароце па пытанню прызнання не адпавядаючымі Закону Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян” асобных норм Інструкцыі аб парадку асабістага прыёму грамадзян у Гомельскім абласным выканаўчым камітэце, зацверджанай рашэннем Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта ад 17 красавіка 2003 г. № 267
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Шукліна В.З., разгледзеўшы на падставе часткі чацвёртай артыкула 122 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі зварот грамадзянкі Рудзяк І.Е., устанавіў наступнае.
 
У звароце ставіцца пытанне аб прызнанні Інструкцыі аб парадку асабістага прыёму грамадзян у Гомельскім абласным выканаўчым камітэце, зацверджанай рашэннем Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта ад 17 красавіка 2003 г. № 267, у частцы, якая выключае магчымасць вуснага звароту грамадзян на асабістым прыёме да старшыні аблвыканкома, а таксама ўстанаўлівае неабходнасць абгрунтавання грамадзянамі законнасці сваіх патрабаванняў, не адпавядаючай часткам першай, трэцяй і чацвёртай артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян”.
 
Заяўніца адзначае, што па прычыне наяўнасці ў пункце 9 указанай Інструкцыі нормы, якая прадугледжвае, што грамадзяне запісваюцца на асабісты прыём да старшыні аблвыканкома на падставе пісьмовага звароту па пытаннях, якія адносяцца да яго кампетэнцыі, калі іх патрабаванні законныя і не вырашаны адпаведнымі службовымі асобамі, ёй тройчы было адмоўлена ў асабістым прыёме, а на падставе пісьма з упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкома перапіска з ёй была спынена.
 
Па меркаванню заяўніцы, пункт 9 дадзенай Інструкцыі ўшчамляе законныя правы грамадзян, абавязваючы іх даказваць абгрунтаванасць і законнасць зваротаў у пісьмовым выглядзе; абмяжоўвае, а ў шэрагу выпадкаў робіць немагчымым асабісты прыём грамадзяніна старшынёй аблвыканкома.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што яго прававая пазіцыя па пытанню парадку рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на зварот у дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі выражана ў рашэнні ад 15 красавіка 2004 г. “Аб канстытуцыйнасці Палажэння аб парадку прыёму грамадзян у Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце, зацверджанага рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 1 кастрычніка 2002 г. № 1430”.
 
У сваім рашэнні Канстытуцыйны Суд прызнаў Палажэнне аб парадку прыёму грамадзян у Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце, зацверджанае рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 1 кастрычніка 2002 г. № 1430, у частцы, якая фактычна выключае магчымасць вуснага звароту грамадзян на асабістым прыёме, а таксама ўстанаўлівае неабходнасць абгрунтавання грамадзянамі законнасці сваіх патрабаванняў, не адпавядаючым часткам першай, трэцяй і чацвёртай артыкула 5 Закона “Аб зваротах грамадзян”.
 
Пры падрыхтоўцы справы да разгляду прадметам вывучэння і аналізу было не толькі дадзенае Палажэнне Мінгарвыканкома, але і іншыя нарматыўныя прававыя акты, якія датычацца парадку прыёму грамадзян у дзяржаўных органах, у тым ліку распараджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 красавіка 1997 г. № 128 рп “Аб мерах па паляпшэнню работы са зваротамі грамадзян”, Палажэнне аб парадку прыёму грамадзян у рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зацверджанае ўказаным вышэй распараджэннем, Палажэнне аб парадку прыёму грамадзян у Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 верасня 2001 г. № 1402, а таксама шэраг адпаведных рашэнняў абласных выканаўчых камітэтаў, уключаючы рашэнні Гомельскага аблвыканкома ад 17 красавіка 2003 г. № 267, Гродзенскага аблвыканкома ад 19 лістапада 2001 г. № 606, Магілёўскага аблвыканкома ад 17 чэрвеня 2002 г. № 12-19, таму Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным звярнуць увагу не толькі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, але і іншых мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў на неабходнасць належнага забеспячэння канстытуцыйнага права грамадзян на падачу зваротаў у дзяржаўныя органы, у тым ліку права на вусныя звароты на асабістым прыёме. Гэта прадугледжвала прывядзенне ў адпаведнасць з патрабаваннямі Закона “Аб зваротах грамадзян” як прынятых імі нарматыўных прававых актаў, так і правапрымяняльнай практыкі. Рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 15 красавіка 2004 г. накіравана 17 красавіка 2004 г. у Мінскі гарадскі і ва ўсе абласныя выканаўчыя камітэты, а таксама апублікавана ў газетах “Звязда” (24 красавіка 2004 г.), “Народная газета” (27 красавіка 2004 г.) і Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь (2004 г., № 69, 6/404).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што дадзенае рашэнне Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам выканана. Рашэннем Мінгарвыканкома ад 7 мая 2004 г. № 933 у Палажэнне аб парадку прыёму грамадзян у Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце ўнесены адпаведныя змяненні і дапаўненні. Па наяўных звестках, Гомельскі аблвыканком Iнструкцыю аб парадку асабістага прыёму грамадзян у Гомельскім абласным выканаўчым камітэце не пераглядваў.
 
Згодна з артыкулам 38 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” рашэнні ўступаюць у сілу з дня іх прыняцця, калі ў іх не ўстаноўлены іншыя тэрміны.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што канстытуцыйна-прававы сэнс частак першай, трэцяй і чацвёртай артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян”, выяўлены ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 15 красавіка 2004 г., з’яўляецца агульнаабавязковым і выключае любое іншае яго вытлумачэнне падзаконнымі актамі, у тым ліку рашэннямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, у сувязі з чым для вырашэння пастаўленага ў звароце грамадзянкі Рудзяк I.Е. пытання не патрабуецца вынясення новага рашэння, прадугледжанага артыкулам 35 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       Р.А. Васілевіч