Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
15 верасня 2004 г. № Р-176/2004
Аб прававым рэгуляванні пакрыцця шкоды, прычыненай жыццю або здароўю грамадзян, у сувязі з ліквідацыяй юрыдычных асоб, абавязаных ажыццяўляць плацяжы ў пакрыццё дадзенай шкоды
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот па пытанню невыканання рашэння суда аб пакрыцці шкоды, прычыненай здароўю грамадзяніна, у сувязі з ліквідацыяй юрыдычнай асобы, абавязанай ажыццяўляць плацяжы ў пакрыццё дадзенай шкоды.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК), Закона Рэспублікі Беларусь “Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)”, Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 ліпеня 2003 г. № 18 “Аб абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесіянальных захворванняў”, іншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 933 ГК шкода, прычыненая асобе або маёмасці грамадзяніна, падлягае пакрыццю ў поўным аб’ёме асобай, якая прычыніла шкоду. Шкода, прычыненая жыццю або здароўю грамадзяніна пры выкананні дагаворных абавязацельстваў, пакрываецца па правілах, прадугледжаных главой 58 ГК, калі заканадаўствам або дагаворам не прадугледжаны больш высокі памер адказнасці (артыкул 953 ГК).
 
Пры прычыненні грамадзяніну калецтва або іншага пашкоджання здароўя пакрыццю падлягаюць страчаны пацярпеўшым заработак (даход), які ён меў ці дакладна мог мець, а таксама дадаткова панесеныя расходы, выкліканыя пашкоджаннем здароўя (пункт 1 артыкула 954 ГК). Пакрыццё шкоды, выкліканай зніжэннем працаздольнасці або смерцю пацярпеўшага, ажыццяўляецца штомесячнымі плацяжамі (пункт 1 артыкула 961 ГК). Сумы ў пакрыццё дадтковых расходаў (пункт 1 артыкула 954 ГК) могуць быць прысуджаны на будучы час у межах тэрмінаў, якія вызначаюцца на аснове заключэння медыцынскай экспертызы, а таксама пры неабходнасці папярэдняй аплаты кошту адпаведных паслуг і маёмасці, у тым ліку набыцця пуцёўкі, аплаты праезду, аплаты спецыяльных транспартных сродкаў (пункт 2 артыкула 961 ГК).
 
У выпадку ліквідацыі юрыдычнай асобы, прызнанай ва ўстаноўленым парадку адказнай за шкоду, прычыненую жыццю або здароўю, адпаведныя плацяжы павінны быць капіталізаваны для выплаты іх пацярпеўшаму па правілах, устаноўленых заканадаўствам (пункт 2 артыкула 962 ГК). Патрабаванні грамадзян, перад якімі ліквідуемая юрыдычная асоба нясе адказнасць за прычыненне шкоды жыццю або здароўю шляхам капіталізацыі адпаведных пачасовых плацяжоў, задавальняюцца ў першую чаргу (падпункт 1 пункта 1 артыкула 60 ГК).
 
Парадак капіталізацыі пачасовых плацяжоў, якія падлягаюць выплаце ў пакрыццё шкоды здароўю, у выпадку банкруцтва юрыдычнай асобы ўстаноўлены артыкулам 145 Закона “Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)” (далей – Закон). Вызначэнне памеру патрабаванняў фізічнай асобы, перад якой даўжнік нясе адказнасць за прычыненне шкоды яго жыццю або здароўю, ажыццяўляецца шляхам капіталізацыі не менш чым за пятнаццаць гадоў адпаведных пачасовых плацяжоў, устаноўленых на дату адкрыцця гаспадарчым судом ліквідацыйнага вядзення або ўвядзення санацыі, што падлягаюць выплаце гэтай асобе да дасягнення ёю ўзросту сямідзесяці гадоў. Калі ўзрост фізічнай асобы перавышае семдзесят гадоў, тэрмін для капіталізацыі адпаведных пачасовых плацяжоў вылічваецца ў пятнаццаць гадоў (частка першая артыкула 145 Закона).
 
Выплата сумы капіталізаваных пачасовых плацяжоў, памер якой вызначаецца ў адпаведнасці з часткай першай артыкула 145 Закона, спыняе адпаведнае абавязацельства даўжніка (частка другая артыкула 145 Закона).
 
Права патрабавання да даўжніка ў суме капіталізаваных пачасовых плацяжоў пры наяўнасці згоды фізічнай асобы пераходзіць да Рэспублікі Беларусь. У гэтым выпадку абавязацельствы даўжніка перад фізічнай асобай па выплаце пачасовых плацяжоў пераходзяць да Рэспублікі Беларусь і выконваюцца Рэспублікай Беларусь у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь (частка трэцяя артыкула 145 Закона).
 
Згодна з артыкулам 145 Закона капіталізацыя пачасовых плацяжоў ажыццяўляецца даўжніком ва ўсіх выпадках прычынення шкоды жыццю або здароўю: як пры прычыненні шкоды ў сувязі з выкананнем фізічнай асобай сваіх працоўных абавязкаў, так і пры прычыненні шкоды, не звязанай з выкананнем працоўных абавязкаў.
 
У прымяненні да пакрыцця шкоды, прычыненай у выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесіянальных захворванняў (г.зн. звязанай з выкананнем працоўных абавязкаў), парадак капіталізацыі адпаведных плацяжоў раней быў устаноўлены пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 1992 г. № 664 “Аб зацвярджэнні Правілаў накаплення пачасовых плацяжоў ліквідуемых прадпрыемстваў у сувязі з прычыненнем калецтва, іншым пашкоджаннем здароўя або са смерцю работніка пры выкананні ім працоўных абавязкаў”, а ў цяперашні час – Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 ліпеня 2003 г. № 18 “Аб абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесіянальных захворванняў”, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 кастрычніка 2003 г. № 1301 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку ўнясення Беларускаму рэспубліканскаму унітарнаму страхавому прадпрыемству “Белдзяржстрах” капіталізаваных пачасовых плацяжоў пры ліквідацыі (банкруцтве з ліквідацыяй) або спыненні дзейнасці страхавальнікаў па абавязковаму страхаванню ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесіянальных захворванняў”.
 
Такім чынам, актамі заканадаўства ўстаноўлены толькі парадак пакрыцця шкоды, звязанай з няшчаснымі выпадкамі на вытворчасці і прафесіянальнымі захворваннямі, і ажыццяўленне абавязковага страхавання такіх выпадкаў ускладзена на Беларускае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства “Белдзяржстрах”. Парадак жа пакрыцця шкоды жыццю і здароўю фізічнай асобы, якой такая шкода прычынена не ў сувязі з выкананнем ёю працоўных абавязкаў, пры пераходзе права патрабавання фізічнай асобы ў суме капіталізаваных пачасовых плацяжоў ад даўжніка да Рэспублікі Беларусь у заканадаўстве не вызначаны.
 
Закон “Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)” прыняты 18 ліпеня 2000 г. і апублікаваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь 11 жніўня 2000 г. Артыкулам 260 Закона Савету Міністраў даручана на працягу шасці месяцаў з дня яго афіцыяльнага апублікавання:
 
падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прапановы па прывядзенню заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з дадзеным Законам;
 
унесці Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь праекты нарматыўных прававых актаў, якія забяспечваюць прывядзенне ў дзеянне дадзенага Закона;
 
прывесці акты Урада ў адпаведнасць з дадзеным Законам;
 
прыняць прававыя акты, якія забяспечваюць рэалізацыю Закона;
 
прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі Закона.
 
Аднак да цяперашняга часу парадак рэалізацыі прадугледжанага часткай трэцяй артыкула 145 Закона права грамадзян, здароўю якіх прычынена шкода, на пакрыццё гэтай шкоды вызначаны не поўнасцю.
 
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў дадзеным выпадку не ў поўнай меры выкананы артыкул 59 Канстытуцыі, які прадугледжвае абавязак дзяржаўных органаў, службовых асоб прымаць у межах сваёй кампетэнцыі неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы.
 
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у мэтах устаранення прабелу ў прававым рэгуляванні вызначыць парадак рэалізацыі права фізічнай асобы на пакрыццё шкоды жыццю або здароўю, не звязанай з выкананнем працоўных абавязкаў, прадугледжаны часткай трэцяй артыкула 145 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)”, і пры гэтым разгледзець пытанне аб магчымай абароне маёмасных правоў асоб, якім шкода прычынена пасля ўступлення ў сілу ўказанага Закона.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                            Р.А. Васілевіч