Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
15 верасня 2004 г. № Р-177/2004
Аб канстытуцыйнасці Iнструкцыі аб парадку вылічэння і выплаты мясцовага збору за карыстанне інфраструктурай пры размяшчэнні аб'екта гандлю, грамадскага харчавання і іншай прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыях, якія ўваходзяць у адміністрацыйнае падпарадкаванне гарадскіх Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта, зацверджанай рашэннем Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 30 снежня 2003 г. № 41
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З. разгледзеў на падставе часткі чацвёртай артыкула 122 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот індывідуальнага прадпрымальніка аб правамернасці ўвядзення Наваполацкім гарадскім Саветам дэпутатаў мясцовага збору за карыстанне інфраструктурай пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыях, якія ўваходзяць у адміністрацыйнае падпарадкаванне гарадскіх Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Агульнай часткі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год» і іншых актаў заканадаўства, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Віды мясцовых падаткаў і збораў, якія маюць права ўводзіць на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак у 2004 годзе абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў, Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, вызначаны артыкулам 10 Закона Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2003 г. «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год» (далей – Закон).
 
Падпункт 1.3 пункта 1 артыкула 10 Закона прадугледжвае ўвядзенне мэтавых збораў (транспартнага збору на абнаўленне і аднаўленне гарадскога, прыгараднага пасажырскага транспарту, аўтобусаў міжгародніх зносін і ўтрыманне ведамаснага гарадскога электрычнага транспарту, збору на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры горада (раёна)).
 
Плацельшчыкамі мэтавых збораў з’яўляюцца арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі (за выключэннем індывідуальных прадпрымальнікаў – плацельшчыкаў адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання).
 
У якасці аб’екта падаткаабкладання мэтавымі зборамі вызначана ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, падатковыя стаўкі ўстанаўліваюцца ў размеры, які не перавышае (у сукупнасці) 4 працэнтаў падатковай базы.
 
Пунктам 7 рашэння Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2003 г. № 39 «Аб бюджэце вобласці на 2004 год» на тэрыторыі Віцебскай вобласці на 2004 год уведзены мэтавы збор на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры горада (раёна), стаўка якога ўстаноўлена ў размеры 2 працэнтаў ад сумы прыбытку (даходу), якая застаецца ў распараджэнні плацельшчыка. Мэтавы збор на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры горада (раёна) залічваецца ў размеры 20 працэнтаў у абласны бюджэт і 80 працэнтаў у гарадскія і раённыя бюджэты.
 
Iнструкцыяй аб парадку вылічэння і выплаты мэтавага збору на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры горада (раёна), зацверджанай рашэннем Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2003 г. № 41, прадугледжваецца, што плацельшчыкі збору праводзяць яго налічэнне штомесячна нарастаючым падрахункам зыходзячы з прыбытку (даходу), які застаецца ў іх распараджэнні; падатковыя дэкларацыі (разлікі) прадстаўляюцца падатковым органам па месцы пастаноўкі на падатковы ўлік; збор залічваецца плацельшчыкамі на рахункі фінансавых аддзелаў раённых (гарадскіх) выканаўчых камітэтаў, апошнія праводзяць пералічэнне 20 працэнтаў сум, што паступілі, на рахунак фінансавага ўпраўлення Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.
 
Падпунктам 1.4 пункта 1 артыкула 10 Закона прадугледжана ўвядзенне збораў з карыстальнікаў. Плацельшчыкамі гэтых збораў Законам вызначаны не толькі арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі (г.зн. асобы, якія выплачваюць мэтавыя зборы), але і фізічныя асобы, якія не з’яўляюцца прадпрымальнікамі.
 
Аб’ектамі падаткаабкладання з’яўляюцца: паркоўка (стаянка) у спецыяльна абсталяваных месцах; ажыццяўленне гандлю на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльнаых адзінак; валоданне сабакамі і (або) выкарыстанне іх у прадпрымальніцкай дзейнасці; выкарыстанне мясцовай сімволікі; правядзенне аўкцыёнаў; ажыццяўленне паляўніцтва і рыбалоўства; будаўніцтва аб’ектаў на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак; іншыя віды карыстання інфраструктурай адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія вызначаюцца Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў, Саветамі дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню. Падатковыя стаўкі ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад аб’екта падаткаабкладання ў працэнтах ад падатковай базы і (або) у размерах, кратных базавай велічыні.
 
Рашэннем Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 30 снежня 2003 г. № 41 зацверджана Iнструкцыя аб парадку вылічэння і выплаты мясцовага збору за карыстанне інфраструктурай пры размяшчэнні аб’екта гандлю, грамадскага харчавання і іншай прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыях, якія ўваходзяць у адміністрацыйнае падпарадкаванне гарадскіх Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта (са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі рашэннем ад 30 студзеня 2004 г. № 57) (далей – Iнструкцыя № 41). Палажэннямі Iнструкцыі ў якасці плацельшчыкаў збору вызначаны арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія маюць аб’екты для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці (рознічнага гандлю, грамадскага харчавання, ігральныя ўстановы, аб’екты па аказанню турыстычных паслуг, платныя аўтастаянкі, аўтазаправачныя станцыі); у якасці аб’екта абкладання вызначана карыстанне эксплуатацыйнымі сістэмамі і камунікацыямі пры размяшчэнні аб’ектаў гандлю, грамадскага харчавання, ігральнага бізнесу і г.д.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што Віцебскі абласны Савет дэпутатаў пры ўвядзенні мэтавага збору на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры горада (раёна) (далей – мэтавы збор) і Наваполацкі гарадскі Савет дэпутатаў пры ўвядзенні збору за карыстанне інфраструктурай на тэрыторыях, якія ўваходзяць у адміністрацыйнае падпарадкаванне названага гарадскога Савета дэпутатаў і адпаведнага выканаўчага камітэта (далей – збор з карыстальнікаў), дзейнічалі ў межах прадастаўленых ім паўнамоцтваў.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўвядзенне збору з карыстальнікаў не парушае палажэнняў часткі другой артыкула 132 Канстытуцыі, якая  прадугледжвае правядзенне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адзінай падатковай палітыкі, і не супярэчыць пункту 3 артыкула 28 Агульнай часткі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, згодна з якім адзін і той жа аб’ект можа абкладацца пэўным падаткам, зборам (пошлінай) у аднаго плацельшчыка толькі адзін раз за адпаведны падатковы перыяд.
 
Аб’ектам абкладання мэтавым зборам з’яўляецца прадпрымальніцкая дзейнасць, дадзены збор выплачваецца па месцы пастаноўкі юрыдычнай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка на падатковы ўлік. Аб’ектам абкладання зборам з карыстальнікаў (адным з аб’ектаў) з’яўляецца размяшчэнне аб’ектаў гандлю, гэты збор выплачваецца па месцы размяшчэння названых аб’ектаў.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу таксама на тое, што адсутнасць факта двайнога падаткаабкладання пацвярджаецца і тым, што арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па г. Наваполацку і, адпаведна, выплачваюць у бюджэт горада мэтавы збор, ад выплаты збору з карыстальнікаў вызвалены (артыкул 6 Iнструкцыі № 41).
 
Канстытуцыйны Суд не знаходзіць прававых падстаў для прызнання абгрунтаванымі довадаў заяўніка аб тым, што збор з карыстальнікаў, прадугледжаны Iнструкцыяй № 41, павінен насіць разавы характар. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, змест падпункта 1.4 пункта 1 артыкула 10 Закона, які прадугледжвае магчымасць устанаўлення збору з карыстальнікаў не толькі ў базавых велічынях, але і ў працэнтах ад падатковай базы, не выключае права мясцовых Саветаў дэпутатаў устанаўліваць перыядычнасць выплаты дадзенага збору.
 
Кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што Iнструкцыя аб парадку вылічэння і выплаты мясцовага збору за карыстанне інфраструктурай пры размяшчэнні аб’екта гандлю, грамадскага харчавання і іншай прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыях, якія ўваходзяць у адміністрацыйнае падпарадкаванне гарадскіх Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта, зацверджаная рашэннем Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 30 снежня 2003 г. № 41, не супярэчыць артыкулам 121 і 132 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулу 10 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год».
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                              Р.А. Васілевіч