Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
8 лістапада 2004 г. № Р-179/2004
Аб канстытуцыйнасці рашэння Мінскага абласнога Савета дэпутатаў ад 21 студзеня 2004 г. № 34 “Аб бюджэце вобласці на 2004 год”, рашэння Мінскага раённага Савета дэпутатаў ад 30 студзеня 2004 г. № 46 “Аб павелічэнні ставак зямельнага падатку і ўстанаўленні паніжаючых каэфіцыентаў на 2004 год” у частцы абкладання зямельным падаткам садаводчых таварыстваў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. на падставе часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь разгледзеў звароты грамадзян аб праверцы на прадмет канстытуцыйнасці пункта 21 рашэння Мінскага абласнога Савета дэпутатаў ад 21 студзеня 2004 г. № 34 “Аб бюджэце вобласці на 2004 год” у частцы рэкамендацый раённым і гарадскім Саветам дэпутатаў павялічыць стаўкі зямельнага падатку, Мінскаму раённаму Савету дэпутатаў – устанавіць стаўкі зямельнага падатку на тэрыторыі раёна з улікам ставак зямельнага падатку, дзеючых у горадзе Мінску, а таксама аб неправамернасці аднясення Міністэрствам па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь зямель садаводчых таварыстваў для мэт абкладання зямельным падаткам да катэгорыі зямель прамысловасці, транспарту, сувязі, энергетыкі, абароны і іншага прызначэння.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Агульнай часткі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб плацяжах за зямлю”, актаў Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, рашэнняў Мінскага абласнога і Мінскага раённага Саветаў дэпутатаў, іншых нарматыўных прававых актаў, якія маюць адносіны да пытанняў, што разглядаюцца, практыку іх прымянення, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
1. У пункце 2 артыкула 50 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год” прадугледжана, што мясцовыя Саветы дэпутатаў у 2004 годзе маюць права павялічваць (памяншаць) стаўкі, змяняць тэрміны выплаты зямельнага падатку асобным катэгорыям плацельшчыкаў, а таксама прадастаўляць асобным плацельшчыкам – фізічным асобам, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, ільготы па выплаце зямельнага падатку. Пры гэтым стаўкі зямельнага падатку ў адносінах да плацельшчыкаў – фізічных асоб могуць быць павялічаны (паменшаны) не больш чым у два разы.
 
Пунктам 21 рашэння Мінскага абласнога Савета дэпутатаў ад 21 студзеня 2004 г. № 34 “Аб бюджэце вобласці на 2004 год” раённым і гарадскім Саветам дэпутатаў рэкамендавана пры фарміраванні бюджэтаў на 2004 год павялічыць стаўкі зямельнага падатку на землі сельскагаспадарчага прызначэння не менш чым на 20 працэнтаў. Па іншых катэгорыях зямель стаўкі зямель стаўкі зямельнага падатку рэкамендавана павялічыць не менш чым на 30 працэнтаў з далейшым накіраваннем дадаткова атрыманых сродкаў на добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
 
Рашэннем Мінскага раённага Савета дэпутатаў ад 30 студзеня 2004 г. № 46 “Аб павелічэнні ставак зямельнага падатку і ўстанаўленні паніжаючых каэфіцыентаў на 2004 год” стаўкі зямельнага падатку на зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя грамадзянам для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, садаводства, жывёлагадоўлі, касьбы і выпасу жывёлы, дачнага будаўніцтва, традыцыйных народных промыслаў і ў выпадку атрымання ў спадчыну або набыцця асабістага дома, павялічаны на 100 працэнтаў (падпункт “в” пункта 1). Падпунктам “г” пункта 2 указанага рашэння ўстаноўлены таксама паніжаючыя каэфіцыенты да базавай стаўкі зямельнага падатку ў залежнасці ад аддаленасці садаводчых таварыстваў ад г. Мінска: да 5 км – 0,1; ад 5 км да 10 км – 0,1; ад 10 км да 20 км – 0,1; звыш 20 км – 0,2.
 
Такім чынам, як пункт 21 рашэння Мінскага абласнога Савета дэпутатаў ад 21 студзеня 2004 г. № 34 у частцы рэкамендацый раённым і гарадскім Саветам дэпутатаў павялічыць стаўкі зямельнага падатку па іншых катэгорыях зямель не менш чым на 30 працэнтаў, так і рашэнне Мінскага раённага Савета дэпутатаў ад 30 студзеня 2004 г. № 46 у частцы павелічэння ставак зямельнага падатку на зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя грамадзянам для садаводства, дачнага будаўніцтва, на 100 працэнтаў прыняты ў межах правоў, прадастаўленых указаным Саветам артыкулам 50 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год”.
 
2. Адначасова пунктам 21 вышэйуказанага рашэння ад 21 студзеня 2004 г. № 34 Мінскі абласны Савет дэпутатаў рэкамендаваў Мінскаму раённаму Савету дэпутатаў устанавіць стаўкі зямельнага падатку на тэрыторыі раёна з улікам ставак зямельнага падатку, якія дзейнічаюць у горадзе Мінску.
 
Канстытуцыйны Суд мяркуе, што такая рэкамендацыя адпавядае Закону Рэспублікі Беларусь ад 18 снежня 1991 г. “Аб плацяжах за зямлю” (з далейшымі змяненнямі і дапаўненнямі), які ў якасці аднаго з крытэрыяў вызначэння размеру платы за зямельныя ўчасткі ўстанавіў месцазнаходжанне зямельнага ўчастка.
 
Так, згодна з часткай другой артыкула 3 Закона “Аб плацяжах за зямлю” размер платы за зямлю залежыць ад якасці і месцазнаходжання зямельнага ўчастка. У адпаведнасці з артыкулам 6 гэтага Закона, які вызначае прынцыпы абкладання зямельным падаткам, размер зямельнага падатку ўстанаўліваецца ў залежнасці ад якасці і месцазнаходжання зямельнага ўчастка і не залежыць ад вынікаў гаспадарчай і іншай дзейнасці землеўладальніка, землекарыстальніка і ўласніка зямлі. Размер зямельнага падатку на землі сельскагаспадарчага прызначэння вызначаецца па даных кадастравай ацэнкі зямель. Зямельны падатак устанаўліваецца ў выглядзе штогадовых фіксаваных плацяжоў за гектар зямельнай плошчы. Стаўкі зямельнага падатку індэксіруюцца з выкарыстаннем каэфіцыента, прадугледжанага законам Рэспублікі Беларусь аб бюджэце на чарговы фінансавы год.
 
3. Згодна з Законам “Аб плацяжах за зямлю” адносіны па ўстанаўленню, спагнанню і выкарыстанню платы за зямлю рэгулююцца дадзеным Законам, Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб зямлі і іншым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (артыкул 2); аб’ектам абкладання з’яўляецца зямельны ўчастак, які знаходзіцца ў валоданні, карыстанні або ўласнасці, акрамя выпадкаў, прадугледжаных артыкуламі 17–19 гэтага Закона (частка першая артыкула 4). У адпаведнасці з часткай другой артыкула 4 Закона зямельным падаткам абкладаюцца землі: сельскагаспадарчага прызначэння; населеных пунктаў (гарадоў, пасёлкаў гарадскога тыпу і сельскіх населеных пунктаў); прамысловасці, транспарту, сувязі, абароны і іншага прызначэння; ляснога фонду; воднага фонду. Плацельшчыкамі зямельнага падатку ў сілу прадпісанняў артыкула 5 Закона з’яўляюцца юрыдычныя і фізічныя асобы (уключаючы замежныя), якім зямельныя ўчасткі прадастаўлены ў валоданне, карыстанне або ва ўласнасць.
 
У артыкулах 8–15 указанага Закона вызначаны стаўкі зямельнага падатку на землі розных катэгорый.
 
Катэгорыі зямель устаноўлены артыкулам 3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі (далей – Кодэкс аб зямлі), у сілу якога ўсе землі ў Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з асноўным мэтавым прызначэннем і незалежна ад форм уласнасці падраздзяляюцца на: 1) землі сельскагаспадарчага прызначэння; 2) землі населеных пунктаў (гарадоў, пасёлкаў гарадскога тыпу і сельскіх населеных пунктаў), садаводчых таварыстваў і дачнага будаўніцтва; 3) землі прамысловасці, транспарту, сувязі, энергетыкі, абароны і іншага прызначэння; 4) землі прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага і гістарычна-культурнага прызначэння; 5) землі ляснога фонду; 6) землі воднага фонду; 7) землі запасу.
 
Аднясенне зямель да ўказаных катэгорый праводзіцца ў адпаведнасці з асноўным мэтавым прызначэннем зямель. Перавод зямель з адной катэгорыі ў іншую праводзіцца ў выпадках змянення асноўнага мэтавага прызначэння гэтых зямель (часткі першая і другая артыкула 4 Кодэкса аб зямлі).
 
Аднясенне зямель да вызначаных у Кодэксе аб зямлі катэгорый і перавод зямель з адной катэгорыі ў іншую ажыццяўляецца спецыяльна ўпаўнаважанымі на тое органамі.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што землі садаводчых таварыстваў і дачнага будаўніцтва разам з землямі населеных пунктаў аднесены Кодэксам аб зямлі да адной катэгорыі зямель.
 
Аналіз артыкула 4 Закона “Аб плацяжах за зямлю” ў супастаўленні яго з артыкулам 3 Кодэкса аб зямлі паказвае, што землі садаводчых таварыстваў і дачнага будаўніцтва не агавораны ў якасці самастойнага аб’екта падаткаабкладання. У Законе “Аб плацяжах за зямлю” землі садаводчых таварыстваў і дачнага будаўніцтва не аднесены ні да катэгорыі зямель населеных пунктаў, ні да катэгорыі зямель прамысловасці, транспарту, сувязі, абароны і іншага прызначэння. Канстытуцыйны Суд адзначае, што артыкул 4 гэтага Закона не карэкціраваўся ў сувязі з прыняццем новага Кодэкса аб зямлі.
 
Разам з тым указаны Закон дыферэнцыруе размер ставак зямельнага падатку ў залежнасці ад катэгарыйнасці зямельных участкаў. Так, артыкул 8 вызначае стаўкі зямельнага падатку на землі сельскагаспадарчага прызначэння, артыкул 9 – на землі населеных пунктаў, артыкул 10 – на землі прамысловасці, транспарту, сувязі, абароны і іншага прызначэння, размешчаныя за межамі населеных пунктаў, артыкул 11 – на зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя грамадзянам для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, вядзення калектыўнага садаводства і агародніцтва, касьбы і выпасу жывёлы, дачнага будаўніцтва, традыцыйных народных промыслаў і ў выпадку атрымання ў спадчыну або набыцця жылога дома, а таксама на службовыя зямельныя надзелы, прадастаўленыя грамадзянам раённымі выканаўчымі і распарадчымі органамі з зямель запасу і зямель ляснога фонду.
 
Пры гэтым, як вынікае з тэксту артыкула 11 Закона “Аб плацяжах за зямлю”, пры наяўнасці кадастравай ацэнкі зямлі зямельны падатак устанаўліваецца па стаўках, указаных у дадатку 1 да дадзенага Закона, пры адсутнасці кадастравай ацэнкі зямельнага ўчастка – па стаўках, прадугледжаных у дадатку 3, павялічаных на каэфіцыенты, прыведзеныя ў дадатку 4. У прыватнасці, па Мінскаму раёну сярэдняя стаўка зямельнага падатку ў дадатку 3 вызначана ў размеры 20508 руб. за гектар. Павышаючыя каэфіцыенты ў дадатку 4 устаноўлены ў размеры: для г. Мінска – 19,1, гарадоў раённага падпарадкавання, пасёлкаў гарадскога тыпу, сельскіх населеных пунктаў, а таксама тэрыторый, размешчаных за межамі населеных пунктаў, – 1,6.
 
У адпаведнасці з артыкулам 6 Закона “Аб плацяжах за зямлю” і артыкулам 48 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год” стаўкі зямельнага падатку індэксіруюцца на 19 працэнтаў.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што няўзгодненасць норм Кодэкса аб зямлі і Закона “Аб плацяжах за зямлю” ў частцы зямель садаводчых таварыстваў і дачнага будаўніцтва прывяла да таго, што на практыцы падатковыя органы вылічваюць зямельны падатак у залежнасці ад таго, ва ўласнасці, валоданні, карыстанні якога суб’екта знаходзяцца зямельныя ўчасткі.
 
Пазіцыя Міністэрства па падатках і зборах па пытаннях, якія разглядаюцца, выкладзена ў Інструкцыі аб парадку вылічэння і выплаты зямельнага падатку фізічнымі асобамі, зацверджанай пастановай Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 27 лютага 2001 г. № 23, з далейшымі змяненнямі і дапаўненнямі (далей – Інструкцыя № 23), а таксама ў Інструкцыі аб парадку вылічэння і выплаты плацяжоў за зямлю юрыдычнымі асобамі, зацверджанай пастановай Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь ад 31 студзеня 2004 г. № 21. Так, часткай другой пункта 4 Інструкцыі № 23 прадугледжана, што фізічныя асобы – члены садаводчых таварыстваў з’яўляюцца плацельшчыкамі зямельнага падатку, калі зямельныя ўчасткі прадастаўлены непасрэдна ім раённым выканаўчым і распарадчым органам у пажыццёвае спадчыннае валоданне або ва ўласнасць.
 
У адказе Міністэрства па падатках і зборах ад 19 кастрычніка 2004 г. № 2-3-6/8328 на запыт Канстытуцыйнага Суда ўказваецца, што “за зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя ў валоданне, карыстанне і ва ўласнасць у межах населеных пунктаў (гарадоў, гарадскіх, курортных і рабочых пасёлкаў, сельскіх населеных пунктаў) (у тым ліку садаводчымі таварыствамі), зямельны падатак вылічваецца згодна з артыкулам 9 Закона. За зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя ў валоданне, карыстанне і ва ўласнасць за межамі населеных пунктаў (у тым ліку садаводчымі таварыствамі), зямельны падатак вылічваецца згодна з артыкулам 10 Закона. За зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя членам садаводчага таварыства (кааператыва) як фізічным асобам у пажыццёвае спадчыннае валоданне, прыватную ўласнасць, зямельны падатак вылічваецца ў адпаведнасці з артыкулам 11 Закона”.
 
У пісьме інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Мінскай вобласці ад 26 лютага 2004 г. № 02-01-09/69 “Аб вылічэнні зямельнага падатку ў 2004 годзе”, накіраваным па мадэмнай сувязі інспекцыям Міністэрства па падатках і зборах па гарадах і раёнах, у адносінах да садаводчых таварыстваў растлумачваецца, што стаўкі падатку, прадугледжаныя артыкулам 11 Закона “Аб плацяжах за зямлю”, прымяняюцца ў тым выпадку, калі зямельны ўчастак выдзелены фізічнай асобе ў прыватную ўласнасць. Садаводчымі таварыствамі плата за землі агульнага карыстання і за землі, якія знаходзяцца ў карыстанні членаў садаводчых таварыстваў, вызначаецца па стаўках у адпаведнасці з артыкулам 10 Закона “Аб плацяжах за зямлю”, устаноўленых для зямель прамысловасці, транспарту, сувязі і іншага прызначэння.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў артыкуле 11 Закона “Аб плацяжах за зямлю” ў прымяненні да калектыўнага садаводства і дачнага будаўніцтва гаворка ідзе аб зямельным падатку на зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя грамадзянам для вядзення калектыўнага садаводства, дачнага будаўніцтва. Артыкул 11 Закона выкладзены ва ўказанай рэдакцыі ўжо пасля ўступлення Кодэкса аб зямлі ў сілу. У ім ужыты тэрміны і паняцці, выкарыстаныя ў Кодэксе, у тым ліку ў прымяненні да калектыўнага садаводства і дачнага будаўніцтва.
 
Указаны падыход у прынцыпе адпавядае палажэнням артыкулаў 72 і 73 Кодэкса аб зямлі, у адпаведнасці з якімі зямельныя ўчасткі для вядзення калектыўнага садаводства і дачнага будаўніцтва прадастаўляюцца грамадзянам Рэспублікі Беларусь.
 
Па сэнсу артыкулаў 75 і 76 Кодэкса аб зямлі пад калектыўным садаводствам заканадавец мае на ўвазе садаводчае таварыства.
 
Што датычыцца зямельных участкаў, якія знаходзяцца ў агульным карыстанні членаў садаводчага таварыства, то па свайму мэтаваму прызначэнню яны прызваны абслугоўваць не патрэбы садаводчага таварыства як юрыдычнай асобы, а інтарэсы членаў садаводчага таварыства, паколькі без карыстання ўказанымі землямі немагчыма карыстанне канкрэтнымі зямельнымі ўчасткамі, якія знаходзяцца ў валоданні, карыстанні або ўласнасці асобных членаў таварыства.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што артыкул 11 Закона “Аб плацяжах за зямлю” не размяжоўвае абкладанне падаткам зямель, якія з’яўляюцца землямі агульнага карыстання, і абкладанне падаткам зямельных участкаў, якія належаць членам садаводчага таварыства.
 
Акрамя таго, ва ўказаным артыкуле не размяжоўваецца, на якой правовой падставе замацаваны зямельныя ўчасткі за членамі садаводчага таварыства: на праве карыстання, на праве пажыццёвага спадчыннага валодання ці на праве ўласнасці. У Законе гаворка ідзе аб участках, прадастаўленых грамадзянам для вядзення калектыўнага садаводства і дачнага будаўніцтва.
 
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду, што землі садаводчых таварыстваў, незалежна ад таго, у валоданні, карыстанні або ўласнасці якога суб’екта яны знаходзяцца, у тым ліку і землі агульнага карыстання, падлягаюць абкладанню па стаўках, прадугледжаных артыкулам 11, а не артыкуламі 9 і 10 Закона “Аб плацяжах за зямлю”.
 
Кіруючыся часткай чацвёртай артыкула 122, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 11, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць пункт 21 рашэння Мінскага абласнога Савета дэпутатаў ад 21 студзеня 2004 г. № 34 “Аб бюджэце вобласці на 2004 год” у частцы рэкамендацыі раённым і гарадскім Саветам дэпутатаў павялічыць стаўкі зямельнага падатку адпавядаючым Закону Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год”.
 
Прызнаць указаны пункт рашэння ў частцы рэкамендацыі Мінскаму раённаму Савету дэпутатаў устанавіць стаўкі зямельнага падатку на тэрыторыі раёна з улікам ставак зямельнага падатку, якія дзейнічаюць у горадзе Мінску, адпавядаючым Закону Рэспублікі Беларусь “Аб плацяжах за зямлю”.
 
2. Прызнаць рашэнне Мінскага раённага Савета дэпутатаў ад 30 студзеня 2004 г. № 46 “Аб павелічэнні ставак зямельнага падатку і ўстанаўленні паніжаючых каэфіцыентаў на 2004 год” адпавядаючым Закону Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год” і іншым актам заканадаўства, якія валодаюць у адносінах да ўказанага рашэння больш высокай юрыдычнай сілай.
 
3. Адзначыць, што ў сілу артыкулаў 3, 72, 73, 75 і 76 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі і артыкулаў 3, 6 і 11 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб плацяжах за зямлю” спагнанне зямельнага падатку за зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя грамадзянам для вядзення калектыўнага садаводства і дачнага будаўніцтва, павінна ажыццяўляцца па стаўках, прадугледжаных артыкулам 11 Закона “Аб плацяжах за зямлю”.
 
У сувязі з гэтым прапанаваць Міністэрству па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь да прыняцця заканадаўцам іншага рашэння пры спагнанні зямельнага падатку з садаводчых таварыстваў зыходзіць з патрабаванняў артыкула 11 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб плацяжах за зямлю” як заснаваных на палажэннях Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі.
 
4. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
5. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                            Р.А. Васілевіч