Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
8 снежня 2004 г. № Р-181/2004
Аб канстытуцыйнасці пункта 1.5 главы 1 Інструкцыі аб парадку вылічэння і выплаты збору за ажыццяўленне гандлю на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, зацверджанай рашэннем Верхнядзвінскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2003 г. № 27 “Аб бюджэце раёна на 2004 год” са змяненнямі і дапаўненнямі ад 27 лютага 2004 г. № 37 і ад 25 чэрвеня 2004 г. № 50
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот па пытанню правамернасці ўключэння Верхнядзвінскім раённым Саветам дэпутатаў у лік плацельшчыкаў мясцовага збору за ажыццяўленне гандлю на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць рэалізацыю лесапрадукцыі, пілапрадукцыі за межы Рэспублікі Беларусь.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Агульнай часткі Падатковага кодэкса, законаў “Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб гандлі”, “Аб дзяржаўным рэгуляванні знешнегандлёвай дзейнасці”, “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год” і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Артыкулам 121 Канстытуцыі да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў аднесена ўстанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў. На няўхільнае выкананне дадзенай канстытуцыйнай нормы Канстытуцыйны Суд неаднаразова ўказваў у сваіх рашэннях: ад 16 лістапада 2001 г. “Аб мясцовым зборы за карыстанне стаянкамі і паркоўку ў спецыяльна абсталяваных месцах”; ад 4 снежня 2001 г. “Аб мясцовым паляўнічым зборы”; ад 9 кастрычніка 2002 г. “Аб канстытуцыйнасці ўстанаўлення мясцовага збору з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты”; ад 14 лютага 2003 г. “Аб канстытуцыйнасці рашэння Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 104 “Аб бюджэце г. Пінска на 2002 г.” у частцы ўвядзення мясцовага збору з карыстальнікаў інфраструктуры горада” і інш.
 
З улікам палажэнняў артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год” Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на правамоцнасць мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню ўводзіць мясцовыя зборы з карыстальнікаў, у тым ліку і збор з карыстальнікаў, аб’ектам якога з’яўляецца ажыццяўленне гандлю на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак (падпункт 1.4 пункта 1). Згодна з пунктам 4 дадзенага артыкула ўказаныя Саветы дэпутатаў уводзяць мясцовыя падаткі і зборы пасля ўступлення ў сілу Закона і вызначаюць плацельшчыкаў, аб’екты падаткаабкладання, падатковую базу, падатковыя стаўкі ў адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 10 Закона.
 
Пунктам 7 рашэння Верхнядзвінскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2003 г. № 27 “Аб бюджэце раёна на 2004 год” уведзены мясцовы збор за ажыццяўленне гандлю на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і зацверджана Iнструкцыя аб парадку вылічэння і выплаты гэтага збору, якая дзейнічае са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі рашэннямі Верхнядзвінскага раённага Савета дэпутатаў ад 27 лютага 2004 г. № 37 і ад 25 чэрвеня 2004 г. № 50 (далей – Iнструкцыя).
 
У Iнструкцыі плацельшчыкамі мясцовага збору за ажыццяўленне гандлю на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, у прыватнасці, прызнаюцца арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі (за выключэннем індывідуальных прадпрымальнікаў – плацельшчыкаў адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў, што прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання), якія ажыццяўляюць рэалізацыю лесапрадукцыі, пілапрадукцыі за межы Рэспублікі Беларусь (пункт 1.5 главы 1). Згодна з пунктам 2 главы 1 Iнструкцыі аб’ектам абкладання ў прымяненні да названых суб’ектаў з’яўляецца ажыццяўленне гандлю за межы Рэспублікі Беларусь (гандаль драўнінай і вырабамі з яе), а ў якасці падатковай базы вызначана выручка ад рэалізацыі лесапрадукцыі, пілапрадукцыі з тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна за межы Рэспублікі Беларусь. Стаўкі збору ўстаноўлены ў базавых велічынях і залежаць ад аб’ёму выручкі (пункт 2.5 главы 2 Iнструкцыі), налічэнне і выплата збору праводзіцца штомесячна (пункт 14 главы 3 Iнструкцыі).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што прававыя асновы ажыццяўлення гандлю на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вызначаны Законам “Аб гандлі”. У адпаведнасці з указаным Законам гандаль – прадпрымальніцкая дзейнасць гандлёвых арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, у аснове якой ляжаць адносіны па продажы вырабленых, перапрацаваных або набытых тавараў, а таксама па выкананню работ, аказанню паслуг, звязаных з продажам тавараў (артыкул 2); суб’ектамі гандлю з’яўляюцца гандлёвыя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць гандаль на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 5). Згодна з артыкулам 1 дадзенага Закона яго дзеянне не распаўсюджваецца на адносіны, звязаныя з ажыццяўленнем знешнегандлёвай дзейнасці.
 
У Законе “Аб дзяржаўным рэгуляванні знешнегандлёвай дзейнасці” вызначана, што знешнегандлёвая дзейнасць – дзейнасць рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, звязаная з іншай дзяржавай, яе суб’ектамі або міжнароднымі арганізацыямі па рэалізацыі тавараў, работ, паслуг, вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці. Экспартам прызнаецца вываз з мытнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь за мяжу з мэтай пастаяннага размяшчэння за яе межамі тавараў, работ, паслуг, вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці, у тым ліку выключных правоў на іх, на падставе платных грамадзянска-прававых здзелак. Факт экспарту фіксуецца ў момант перасячэння таварамі мытнай мяжы Рэспублікі Беларусь, выканання работ, атрымання паслуг і правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, у тым ліку выключных правоў на іх (артыкул 1).
 
З пунктаў 1.5 і 2 главы 1 Iнструкцыі вынікае, што плацельшчыкамі мясцовага збору за ажыццяўленне гандлю на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак прызнаны арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць рэалізацыю лесапрадукцыі, пілапрадукцыі за межы Рэспублікі Беларусь. Гандаль драўнінай і вырабамі з яе за межы Рэспублікі Беларусь вызначаны ў якасці аб’екта абкладання зборам, выручка ад рэалізацыі лесапрадукцыі, пілапрадукцыі з тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна за межы Рэспублікі Беларусь – падатковай базы.
 
Такім чынам, да ліку плацельшчыкаў дадзенага збору аднесены асобы, якія не ажыццяўляюць гандаль на тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна і не з’яўляюцца суб’ектамі гандлю на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а ў рамках сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці экспартуюць указаную прадукцыю за межы тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, гэта значыць ажыццяўляюць знешнегандлёвую дзейнасць.
 
З сэнсу падпункта 1.4 пункта 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год” вынікае, што знешнегандлёвая дзейнасць не вызначана ў якасці аб’екта абкладання мясцовым зборам з карыстальнікаў. Канстытуцыйны Суд лічыць, што аб’ектам дадзенага мясцовага збору можа быць дзейнасць гандлёвых арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, у аснове якой ляжаць адносіны па продажы вырабленых, перапрацаваных або набытых тавараў, а таксама па выкананню работ, аказанню паслуг, звязаных з продажам тавараў, на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак (у выпадку, які разглядаецца, – на тэрыторыі Верхнядзвінскага раённага Савета дэпутатаў).
 
У адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год” у 2004 годзе абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў, Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню не маюць права ўводзіць іншыя мясцовыя падаткі і зборы, акрамя ўказаных у пункце 1 дадзенага артыкула, а таксама ўстанаўліваць узносы і плацяжы ў адпаведныя мясцовыя бюджэты, мясцовыя мэтавыя бюджэтныя і пазабюджэтныя фонды, якія валодаюць прыметамі падаткаў, збораў (пошлін), калі іншае не ўстаноўлена ўказаным Законам.
 
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што пры ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Інструкцыю рашэннямі Верхнядзвінскага раённага Савета дэпутатаў ад 27 лютага 2004 г. № 37 і ад 25 чэрвеня 2004 г. № 50 стаўкі збору на працягу 2004 года змяняліся двойчы, прычым у бок іх павялічэння. Так, першапачаткова, з 1 студзеня 2004 г., былі ўстаноўлены наступныя стаўкі збору: пры выручцы ад рэалізацыі да 5 млн. руб. – 50 еўра ў месяц; ад 5 да 10 млн. руб. – 75 еўра ў месяц; звыш 10 млн. руб. – 100 еўра. З 1 сакавіка 2004 г. дзве першыя стаўкі былі падвоены (адпаведна 100 і 150 еўра ў месяц) і праведзена далейшая дыферэнцыяцыя ставак: ад 10 да 20 млн. руб. – 300 еўра; ад 20 да 30 млн. руб. – 600 еўра; ад 30 да 40 млн. руб. – 900 еўра; ад 40 да 50 млн. руб. – 1200 еўра; ад 50 да 60 млн. руб. – 1500 еўра і г.д. да ўстанаўлення стаўкі пры выручцы ад рэалізацыі звыш 80 млн. руб. у размеры 2500 еўра. Дзеючыя стаўкі ўстаноўлены рашэннем ад 25 чэрвеня 2004 г. № 50 у базавых велічынях (адпаведна 10, 20, 40, 80, 120 і г.д. да 355 базавых велічынь у месяц пры выручцы ад рэалізацыі звыш 80 млн. руб.); пры гэтым іх прымяненню нададзена зваротная сіла: згодна з пунктам 4 рашэння яны прымяняюцца з 1 сакавіка 2004 г.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, дадзены падыход Верхнядзвінскага раённага Савета дэпутатаў да ўстанаўлення ставак мясцовага збору сведчыць аб недастатковым аналізе эканамічнай абгрунтаванасці іх размеру і адсутнасці своечасовага прагнозу такога павелічэння. На неабходнасць гэтага Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу ў сваіх рашэннях ад 4 красавіка 2001 г. “Аб падаткаабкладанні суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы транспартнага абслугоўвання грамадзян” і ад 12 студзеня 2004 г. “Аб канстытуцыйнасці рашэнняў Віцебскага, Полацкага і Наваполацкага гарадскіх Саветаў дэпутатаў аб увядзенні мясцовага збору за права заняцця ігральным бізнесам (права размяшчэння ігральнай установы)”.
 
Акрамя таго, згодна з падпунктам 1.4 пункта 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год” падатковыя стаўкі збораў з карыстальнікаў устанаўліваюцца ў залежнасці ад аб’екта падаткаабкладання ў працэнтах ад падатковай базы і (або) у размерах, кратных базавай велічыні. Такім чынам, да ўнясення рашэннем Верхнядзвінскага раённага Савета дэпутатаў ад 25 чэрвеня 2004 г. № 50 змяненняў у Інструкцыю яе палажэнні ў частцы ўстанаўлення ставак, якія вылічваюцца ў еўра, не адпавядалі Закону “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год”.
 
Кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць пункт 1.5 главы 1 Інструкцыі аб парадку вылічэння і выплаты збору за ажыццяўленне гандлю на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, зацверджанай рашэннем Верхнядзвінскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2003 г. № 27 “Аб бюджэце раёна на 2004 год” са змяненнямі і дапаўненнямі ад 27 лютага 2004 г. № 37 і ад 25 чэрвеня 2004 г. № 50, а таксама заснаваныя на дадзеным пункце іншыя нормы Інструкцыі не адпавядаючымі артыкулу 121 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулу 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год”.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                            Р.А. Васілевіч