Аб канстытуцыйнасці рашэння Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2003 г. № 40

Аб канстытуцыйнасці рашэння Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2003 г. № 40 «Аб бюджэце раёна на 2004 год» у частцы ўвядзення мясцовага збору з фізічных асоб за карыстанне аб'ектамі інфраструктуры і рашэння Пухавіцкага раённага Савета дэпутатаў ад 18 лютага 2004 г. № 43 «Аб бюджэце раёна на 2004 год» у частцы ўвядзення мэтавага збору з фізічных асоб на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры раёна

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот грамадзян аб правамернасці ўстанаўлення Пастаўскім раённым Саветам дэпутатаў мясцовага збору з фізічных асоб за карыстанне аб'ектамі інфраструктуры і Пухавіцкім раённым Саветам дэпутатаў мэтавага збору з фізічных асоб на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры раёна, устанавіў наступнае.

1. Артыкулам 121 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадугледжана, што да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў адносіцца ўстанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што згодна з часткай другой пункта 3 артыкула 10 Закона «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год» (далей — Закон) зборы з карыстальнікаў уводзяцца Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў, Саветамі дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню і залічваюцца ў адпаведныя бюджэты.

Плацельшчыкамі збораў з карыстальнікаў з'яўляюцца арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі і фізічныя асобы (за выключэннем індывідуальных прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання). Аб'ектамі гэтых збораў з'яўляюцца: паркоўка (стаянка) у спецыяльна абсталяваных месцах; ажыццяўленне гандлю на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак; валоданне сабакамі і (або) выкарыстанне іх у прадпрымальніцкай дзейнасці; выкарыстанне мясцовай сімволікі; правядзенне аўкцыёнаў; ажыццяўленне паляўніцтва і рыбалоўства; будаўніцтва аб'ектаў на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак; іншыя віды карыстання інфраструктурай адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія вызначаюцца Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў, Саветамі дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню (падпункт 1.4 пункта 1 артыкула 10 Закона).

Мэтавыя зборы (транспартны збор на абнаўленне і аднаўленне гарадскога, прыгараднага пасажырскага транспарту, аўтобусаў міжгародных зносінаў і ўтрыманне ведамаснага гарадскога электрычнага транспарту, збор на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры горада (раёна) (падпункт 1.3 пункта 1 артыкула 10 Закона) уводзяцца абласнымі, Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў і залічваюцца ў адпаведныя бюджэты абласцей і г. Мінска (частка першая пункта 3 артыкула 10 Закона).

Плацельшчыкамі мэтавых збораў з'яўляюцца арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі (за выключэннем індывідуальных прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання). Аб'ектам падаткаабкладання па мэтавых зборах з'яўляецца ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак (падпункт 1.3 пункта 1 артыкула 10 Закона).

Згодна з пунктам 4 артыкула 10 Закона мясцовыя Саветы дэпутатаў уводзяць мясцовыя падаткі і зборы пасля ўступлення ў сілу дадзенага Закона і вызначаюць плацельшчыкаў, аб'екты падаткаабкладання, падатковую базу, падатковыя стаўкі ў адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 10; ільготы асобным катэгорыям плацельшчыкаў, парадак вылічэння і выплаты, тэрміны выплаты мясцовых падаткаў і збораў у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

2. Рашэннем Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2003 г. № 40 «Аб бюджэце раёна на 2004 год» на тэрыторыі раёна ўведзены наступныя мясцовыя зборы з карыстальнікаў: за паркоўку ў спецыяльна абсталяваных месцах; за ажыццяўленне гандлю на тэрыторыі раёна; з уладальнікаў сабак; за права выкарыстання мясцовай сімволікі; за правядзенне аўкцыёнаў; за ажыццяўленне паляўніцтва і рыбалоўства; за будаўніцтва аб'ектаў на тэрыторыі раёна; за карыстанне аб'ектамі інфраструктуры пры размяшчэнні дробнарознічнай гандлёвай сеткі ў сельскіх населеных пунктах і гарпасёлках; з фізічных асоб за карыстанне аб'ектамі інфраструктуры (пункт 6). Стаўка збору з фізічных асоб за карыстанне аб'ектамі інфраструктуры ўстаноўлена ў размеры 0,3 базавай велічыні ў год з кожнага кватэранаймальніка або домаўласніка.

Прызнаючы права Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў на ўвядзенне мясцовага збору з карыстальнікаў інфраструктурай на адміністрацыйнай тэрыторыі Пастаўскага раёна, у тым ліку на вызначэнне іншых, акрамя непасрэдна пералічаных у Законе, відаў карыстання інфраструктурай, як заснаванае на палажэннях артыкула 10 Закона «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год», Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на наступнае.

Зборы з карыстальнікаў, уведзеныя рашэннем Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2003 г. № 40 «Аб бюджэце раёна на 2004 год», за выключэннем збору з фізічных асоб за карыстанне аб'ектамі інфраструктуры, валодаюць адпаведнымі заканадаўству прыметамі мясцовага збору з карыстальнікаў, у тым ліку збор за карыстанне аб'ектамі інфраструктуры пры размяшчэнні дробнарознічнай гандлёвай сеткі ў сельскіх населеных пунктах і гарпасёлках, аб'ектам якога мясцовым Саветам дэпутатаў вызначаны іншы від карыстання інфраструктурай адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, непасрэдна не ўказаны ў Законе.

Згодна з пунктам 1 Iнструкцыі аб парадку вылічэння і выплаты збору з фізічных асоб за карыстанне аб'ектамі інфраструктуры, зацверджанай рашэннем Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2003 г. № 42 «Аб зацвярджэнні Iнструкцый аб мясцовых зборах» (далей — Iнструкцыя), плацельшчыкамі з'яўляюцца фізічныя асобы, якія пражываюць на тэрыторыі Пастаўскага раёна і маюць ва ўласнасці жылыя дамы і кватэры, а таксама кватэранаймальнікі ведамаснага жыллёвага фонду і жылфонду мясцовых Саветаў.

Такім чынам, акалічнасцю (юрыдычным фактам), з якой Пастаўскі раённы Савет дэпутатаў звязвае абавязак фізічнай асобы выплачваць збор за карыстанне аб'ектамі інфраструктуры, з'яўляецца не факт карыстання канкрэтным відам інфраструктуры Пастаўскага раёна, а, па сутнасці, факт валодання, карыстання маёмасцю ці знаходжання яе ва ўласнасці падаткаплацельшчыка. Дадзены вывад пацвярджаецца таксама зместам пункта 3 Iнструкцыі, які вызначае парадак вылічэння і тэрміны выплаты збору. Так, улік грамадзян і вылічэнне збору праводзіцца па г. Паставы: інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах па Пастаўскаму раёну — па фізічных асобах, якія маюць ва ўласнасці жылыя дамы ў г. Паставы; УП ЖКГ — па кватэранаймальніках жылфонду мясцовых Саветаў і ўладальніках прыватызаваных кватэр пры налічэнні кватэрнай платы, платы за тэхнічнае абслугоўванне і камунальныя паслугі; суб'ектамі гаспадарання, якія маюць ведамасны жылфонд, — па кватэранаймальніках і кватэраўладальніках, якія пражываюць у іх жылфондзе; у гарпасёлках і сельскіх населеных пунктах — пасялковымі і сельскімі Саветамі.

Дадзены збор, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, з'яўляецца абавязковым плацяжом, які абцяжарвае разам з падаткам на нерухомасць маёмасць грамадзян, і для плацельшчыкаў ніяк не звязаны з канкрэтнымі відамі карыстання аб'ектамі інфраструктуры, размешчанымі на тэрыторыі Пастаўскага раёна.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што такое вызначэнне аб'екта падаткаабкладання нельга лічыць устаноўленым у адпаведнасці з падпунктам 1.4 пункта 1 артыкула 10 Закона, паколькі ў Iнструкцыі не вызначана, які канкрэтны від карыстання інфраструктурай Пастаўскага раёна з'яўляецца аб'ектам падаткаабкладання.

На неабходнасць канкрэтызацыі аб'екта падаткаабкладання ўказваецца і ў артыкуле 28 Агульнай часткі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, згодна з якім аб'ектамі падаткаабкладання прызнаюцца акалічнасці, з наяўнасцю якіх у плацельшчыка падатковае заканадаўства звязвае ўзнікненне падатковага абавязацельства (пункт 1); кожны падатак, збор (пошліна) мае самастойны аб'ект падаткаабкладання (пункт 2).

Акрамя таго, у Iнструкцыі адсутнічае норма, якая ўстанаўлівае падатковую базу збору з карыстальніка, хаця ў падпункце 1.4 пункта 1 артыкула 10 Закона прадугледжана, што падатковая база вызначаецца ў залежнасці ад аб'екта падаткаабкладання. У пункце 1 артыкула 41 Агульнай часткі Падатковага кодэкса вызначана, што падатковая база ўяўляе сабой вартасную, фізічную або іншую характарыстыку аб'екта падаткаабкладання; падатковая база і парадак яе вызначэння (вылічэння) устанаўліваюцца ў прымяненні да кожнага падатку, збору (пошліны).

Зыходзячы са зместу Iнструкцыі і палажэнняў падпункта 1.4 пункта 1 артыкула 10 Закона, Канстытуцыйны Суд не знаходзіць прававых падстаў для аднясення збору з фізічных асоб за карыстанне аб'ектамі інфраструктуры, уведзенага рашэннем Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2003 г. № 40 «Аб бюджэце раёна на 2004 год», плацельшчыкамі якога з'яўляюцца фізічныя асобы, што пражываюць на тэрыторыі Пастаўскага раёна і маюць ва ўласнасці жылыя дамы і кватэры, а таксама кватэранаймальнікі ведамаснага жыллёвага фонду і жылфонду мясцовых Саветаў, да збораў з карыстальнікаў, паўнамоцтвамі па ўстанаўленню якіх валодаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню ў адпаведнасці з Законам.

3. Канстытуцыйны Суд акцэнтуе ўвагу на тым, што, згодна з часткай першай пункта 3 артыкула 10 Закона, права на ўвядзенне мэтавага збору на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры горада (раёна) належыць абласным, Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў.

Дадзенае права рэалізавана рашэннем Мінскага абласнога Савета дэпутатаў ад 21 студзеня 2004 г. № 34 «Аб бюджэце вобласці на 2004 год» (са змяненнямі, унесенымі рашэннем ад 28 красавіка 2004 г. № 70), якім на тэрыторыі Мінскай вобласці быў уведзены мэтавы збор на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры горада (раёна) (падпункт 18.2 пункта 18). Стаўка збору ўстаноўлена ў размеры 3,6 працэнта ад сумы прыбытку (даходу), якая застаецца ў распараджэнні арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў пасля падаткаабкладання (за выключэннем індывідуальных прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, а таксама з індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання). Чатыры працэнты ад мэтавага збору цэнтралізаваны ў абласным бюджэце з накіраваннем гэтых сродкаў на набыццё ва ўстаноўленым парадку санітарных аўтамабіляў «хуткая дапамога», а астатнія залічваюцца ў бюджэты раёнаў і гарадоў.

Рашэннем Пухавіцкага раённага Савета дэпутатаў ад 18 лютага 2004 г. № 43 таксама ўведзены мэтавы збор з фізічных асоб на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры раёна і зацверджана Палажэнне аб ім. Плацельшчыкамі дадзенага мясцовага збору вызначаны фізічныя асобы, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Пухавіцкага раёна і дасягнулі 18 гадоў па стану на 1 студзеня 2004 г., а таксама фізічныя асобы, якія часова пражываюць і маюць зямельны ўчастак на тэрыторыі г. Мар'іна Горка, пасялковых і сельскіх Саветаў (пункт 2 Палажэння). У пункце 3 Палажэння ўстаноўлена, што мэтавы збор выплачваецца адзін раз у год па наступных стаўках: фізічнымі асобамі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Пухавіцкага раёна і дасягнулі 18 гадоў, у размеры 0,25 базавай велічыні, што дзейнічае на момант выплаты; фізічнымі асобамі, якія часова пражываюць і маюць зямельны ўчастак на тэрыторыі г. Мар'іна Горка, пасялковых і сельскіх Саветаў, у размеры 0,03 базавай велічыні, што дзейнічае на момант выплаты, за 0,01 га.

Прымаючы рашэнне ад 18 лютага 2004 г. № 43 аб увядзенні мэтавага збору з фізічных асоб на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры раёна і зацвярджаючы Палажэнне аб ім, Пухавіцкі раённы Савет дэпутатаў выйшаў за межы сваіх паўнамоцтваў. Як адзначалася раней, у адпаведнасці з часткай другой пункта 3 артыкула 10 Закона, мясцовым Саветам дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, да якіх адносіцца Пухавіцкі раённы Савет, належыць, у прыватнасці, права на ўвядзенне збораў з карыстальнікаў (падпункт 1.4 пункта 1 артыкула 10 Закона), плацельшчыкамі якіх могуць быць і фізічныя асобы, а аб'ектамі з'яўляюцца: паркоўка (стаянка) у спецыяльна абсталяваных месцах; ажыццяўленне гандлю на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак; валоданне сабакамі і (або) выкарыстанне іх у прадпрымальніцкай дзейнасці; выкарыстанне мясцовай сімволікі; правядзенне аўкцыёнаў; ажыццяўленне паляўніцтва і рыбалоўства; будаўніцтва аб'ектаў на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак; іншыя віды карыстання інфраструктурай адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, вызначаемыя Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў, Саветамі дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню.

Такім чынам, Пухавіцкі раённы Савет дэпутатаў меў права вызначыць іншыя (акрамя пералічаных у падпункце 1.4 пункта 1 артыкула 10 Закона) віды карыстання інфраструктурай раёна і ўвесці мясцовы збор за карыстанне гэтымі відамі інфраструктуры, але не меў права на ўвядзенне мэтавага збору на ўтрыманне і развіцце інфраструктуры раёна.

Акрамя таго, Канстытуцыйны Суд адзначае, што плацельшчыкамі мэтавага збору на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры горада (раёна) могуць выступаць арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, а не фізічныя асобы, як гэта прадугледжана ў Палажэнні.

Кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд

ВЫРАШЫЎ:

1. Прызнаць не адпавядаючымі артыкулу 121 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпункту 1.4 пункта 1 артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год»:

пункт 6 рашэння Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2003 г. № 40 «Аб бюджэце раёна на 2004 год» у частцы ўвядзення мясцовага збору з фізічных асоб за карыстанне аб'ектамі інфраструктуры і ўстанаўлення стаўкі гэтага збору, а таксама пункт 1 рашэння Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2003 г. № 42 «Аб зацвярджэнні Iнструкцый аб мясцовых зборах» у частцы зацвярджэння Iнструкцыі аб парадку вылічэння і выплаты збору з фізічных асоб за карыстанне аб'ектамі інфраструктуры;

рашэнне Пухавіцкага раённага Савета дэпутатаў ад 18 лютага 2004 г. № 43 «Аб бюджэце раёна на 2004 год» у частцы ўвядзення мэтавага збору з фізічных асоб на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры раёна і зацвярджэння Палажэння аб ім.

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Старшынствуючы —

Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Р.А. ВАСIЛЕВIЧ

8 снежня 2004 г., г. Мінск

№ Р-180/2004