Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1

Аб некаторых пытаннях вылічэння і выплаты падатку на дабаўленую вартасць і прызнанні страціўшымі сілу асобных дэкрэтаў і палажэння Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

У мэтах удасканалення парадку вылічэння і выплаты падатку на дабаўленую вартасць і ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пастанаўляю:

1. Устанавіць, што:

1.1. памяншэнне сумы падатковых вылікаў, якія прыпадаюць на абароты па рэалізацыі экспартуемых тавараў (работ, паслуг), што абкладаюцца падаткам на дабаўленую вартасць (далей падатак), згодна з падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 11 Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 снежня 1991 года «Аб падатку на дабаўленую вартасць» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 3, арт. 51; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 95, 2/99) па стаўцы нуль (0) працэнтаў, не праводзіцца;

1.2. па абаротах пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) рэзідэнтамі свабодных эканамічных зон, створаных у адпаведнасці з заканадаўствам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, падатак вылічваецца па стаўках, устаноўленых Законам Рэспублікі Беларусь «Аб падатку на дабаўленую вартасць», і выплачваецца згодна з заканадаўствам аб свабодных эканамічных зонах;

1.3. сумы падатку, выплачаныя плацельшчыкам пры ўвозе на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь асноўных сродкаў і нематэрыяльных актываў або пры іх набыцці, падлягаюць аднясенню на павелічэнне кошту гэтых асноўных сродкаў і нематэрыяльных актываў прапарцыянальна долі выручкі ад аперацый па рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, вызваленых ад абкладання падаткам, у агульным аб'ёме выручкі ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці за справаздачны падатковы перыяд.

Гэты парадак распаўсюджваецца таксама на тавары ўласнай вытворчасці, прынятыя на ўлік у якасці асноўных сродкаў і нематэрыяльных актываў;

1.4. сумы падатку, выплачаныя плацельшчыкам пры ўвозе на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь асноўных сродкаў і нематэрыяльных актываў або пры іх набыцці, падлягаюць выліку ў адпаведнасці з палажэннямі падпункта 1.3 гэтага пункта ў поўным аб'ёме з моманту прыняцця на ўлік гэтых асноўных сродкаў і нематэрыяльных актываў.

Названы парадак распаўсюджваецца таксама на тавары ўласнай вытворчасці, прынятыя на ўлік у якасці асноўных сродкаў і нематэрыяльных актываў;

1.5. сумы падатку, выплачаныя плацельшчыкам пры ўвозе на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь або пры набыцці сыравіны, матэрыялаў, паліва, камплектуючых, паўфабрыкатаў, іншых тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, за выключэннем асноўных сродкаў і нематэрыяльных актываў, адносяцца на затраты плацельшчыка па вытворчасці і рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці ў выпадку іх выкарыстання для вытворчасці тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, аперацыі па рэалізацыі якіх у адпаведнасці з заканадаўствам вызвалены ад абкладання падаткам;

1.6. сума падатку, якая застаецца ў распараджэнні плацельшчыка пры вызваленні яго згодна з заканадаўствам ад выплаты падатку, вызначаецца як розніца паміж агульнай сумай падатку, вылічанай па выніках падатковага перыяду па аперацыях, якія вызваляюцца ад выплаты падатку, і сумамі падатковых вылікаў, што прыпадаюць на гэтыя аперацыі ў гэтам падатковым перыядзе;

1.7. пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці па цэнах ніжэйшых за іх сабекошт па-датковая база вызначаецца зыходзячы з цаны рэалізацыі такіх тавараў (работ, паслуг);

1.8. тэрміны выплаты падатку ў бюджэт устанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

2. Прызнаць страціўшымі сілу:

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2001 г. № 14 «Аб некаторых пытаннях вылічэння і выплаты падатку на дабаўленую вартасць» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2001 г., № 49, 1/2671);

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага 2002 г. нумар 1 «Аб некаторых пытаннях вылічэння і выплаты падатку на дабаўленую вартасць пры экспарце нафтапрадуктаў» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., №17, 1/3471);

падпункт 1.2 пункта 1 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 мая 2004 г. № 4 «Аб унясенні змяненняў у некаторыя дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г., № 86, 1/5539).

3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у двухмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Дэкрэтам.

4. Гэты Дэкрэт уступае ў сілу з дня ўступлення ў сілу Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб прынцыпах спагнання ўскосных падаткаў пры экспарце і імпарце тавараў, выкананні работ, аказанні паслуг (за выключэннем пункта 3 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання дадзенага Дэкрэта), з'яўляецца часовым і згодна з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўляецца на разгляд Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

13 студзеня 2005 г.

г. Мінск.