Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 2

Аб удасканаленні работы з насельніцтвам

У мэтах захавання правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, рэалізацыі іх канстытуцыйнага права на ўдзел у вырашэнні дзяржаўных спраў і ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пастанаўляю:

1. Увесці ў дзяржаўных органах і іншых арганізацыях (далей — арганізацыі), у індывідуальных прадпрымальнікаў кнігу заўваг і прапаноў (далей — кніга).

2. Устанавіць, што:

2.1. кніга з'яўляецца дакументам адзінага ўзору, выдаецца і рэгіструецца ў падатковым органе па месцы пастаноўкі арганізацыі, індывідуальнага прадпрымальніка на ўлік, захоўваецца ў арганізацыі або ў індывідуальнага прадпрымальніка ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

2.2. у кнігу ўносяцца заўвагі і прапановы грамадзян аб дзейнасці гэтай арганізацыі або індывідуальнага прадпрымальніка, якасці выпускаемых (рэалізуемых) імі тавараў, выконваемых работ, аказваемых паслуг;

2.3. кіраўнікі арганізацый, індывідуальныя прадпрымальнікі нясуць персанальную адказнасць за неналежную работу з заўвагамі і прапановамі грамадзян, выкладзенымі ў кнізе;

2.4. не падлягаюць абавязковаму разгляду выкладзеныя ў кнізе:

заўвагі і прапановы па пытаннях, якія не адносяцца да дзейнасці арганізацыі, індывідуальнага прадпрымальніка;

заўвагі і прапановы па пытаннях, не названых у падпункце 2.2 гэтага пункта;

скаргі і заявы, для якіх заканадаўствам устаноўлены іншы парадак накіравання і разгляду;

2.5. арганізацыя (упаўнаважаная асоба, адказная за вядзенне кнігі), індывідуальны прадпрымальнік абавязаны:

2.5.1. весці кнігу ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, у арганізацыі, яе адасобленых падраздзяленнях, размешчаных па-за месцам знаходжання арганізацыі, у індывідуальнага прадпрымальніка, а таксама ў месцах рэалізацыі імі тавараў, выканання работ або аказання паслуг;

2.5.2. прад'яўляць кнігу па першаму патрабаванню грамадзяніна;

2.5.3. на працягу 15 дзён разглядаць выкладзеныя ў кнізе заўвагі і прапановы, якія не патрабуюць дадатковага вывучэння і праверкі, і прымаць па іх меры.

Пры неабходнасці правядзення спецыяльнай праверкі, атрымання дадатковай інфармацыі кіраўнікі арганізацый (упаўнаважаныя асобы, адказныя за вядзенне кнігі), індывідуальныя прадпрымальнікі, у адрас якіх паступілі выкладзеныя ў кнізе заўвагі і прапановы, могуць падоўжыць названы ў частцы першай гэтага падпункта тэрмін, але не больш як на 15 дзён, з адначасовым паведамленнем аб гэтым грамадзяніну;

2.5.4. уносіць у кнігу звесткі аб выніках разгляду заўваг і прапаноў грамадзян;

2.5.5. у выпадку адмовы ў задавальненні заўвагі і (або) прапановы пісьмова інфармаваць аб гэтым грамадзяніна ва ўстаноўлены ў падпункце 2.5.3 гэтага пункта тэрмін з матывацыяй прычын адмовы. Адзнака аб накіраваным грамадзяніну адказе ўносіцца ў кнігу. Копія адказу захоўваецца разам з кнігай.

Пры адсутнасці прозвішча грамадзяніна, даных аб яго месцы жыхарства і (або) работы пісьмовы адказ не накіроўваецца і адпаведная адзнака аб прычынах адмовы ў задавальненні заўвагі і (або) прапановы ўносіцца ў кнігу;

2.6. грамадзяне маюць права:

знаёміцца з матэрыяламі праверкі, выкарыстанымі пры разглядзе іх заўваг і прапаноў, у той меры, у якой гэта не закранае правы іншых грамадзян і не супярэчыць патрабаванням заканадаўства аб ахове дзяржаўных сакрэтаў, камерцыйнай і (або) іншай тайны, што ахоўваецца законам;

абскардзіць ва ўстаноўленым парадку адмову ў прадастаўленні кнігі, а таксама ў разглядзе па сутнасці выкладзеных у кнізе заўваг і прапаноў у вышэйстаячыя арганізацыі і (або) у суд, а ў адносінах да індывідуальнага прадпрымальніка — у орган, які яго зарэгістраваў, і (або) у суд;

2.7. вышэйстаячыя арганізацыі абавязаны кантраляваць выкананне патрабаванняў гэтага Дэкрэта падпарадкаванымі (падведамаснымі) арганізацыямі і прымаць ва ўстаноўленым парадку меры па ўстараненню выяўленых парушэнняў.

Кантралюючыя органы, органы пракуратуры, ліцэнзуючыя органы, органы, якія ажыццяўляюць дзяржаўны нагляд за выкананнем тэхнічных рэгламентаў, абавязаны пры правядзенні праверак (рэвізій) дзейнасці арганізацыі і індывідуальных прадпрымальнікаў правяраць выкананне патрабаванняў гэтага Дэкрэта;

2.8. невыкананне кіраўніком арганізацыі або ўпаўнаважанай асобай, адказнай за вядзенне кнігі, або індывідуальным прадпрымальнікам патрабаванняў гэтага Дэкрэта —прыводзіць да накладання штрафу ў памеры ад чатырох да дзесяці базавых велічынь;

2.9. права складаць пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным у падпункце 2.8 гэтага пункта, прадастаўляецца ўпаўнаважаным службовым асобам органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, падатковых органаў, органаў унутраных спраў, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў у гарадах;

2.10. права разглядаць справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным у падпункце 2.8 гэтага пункта, і накладаць адміністрацыйныя спагнанні прадастаўляецца ад імя:

органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю — Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю і яго намеснікам, начальнікам галоўных упраўленняў гэтага Камітэта і іх намеснікам, старшыням камітэтаў дзяржаўнага кантролю абласцей і іх намеснікам, начальнікам органаў фінансавых расследаванняў і іх намеснікам, старшыням міжраённых камітэтаў дзяржаўнага кантролю і асобам, якія іх замяшчаюць;

падатковых органаў — начальнікам тэрытарыяльных падатковых органаў і іх намеснікам;

органаў унутраных спраў — начальнікам галоўных упраўленняў, упраўленняў у г. Мінску, абласцях, упраўленняў унутраных спраў у гарадах, раёнах, раёнах у гарадах і іх намеснікам;

гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў у гарадах — адпаведным адміністрацыйным камісіям.

Рашэнні названых у частцы першай гэтага падпункта службовых асоб, адміністрацыйных камісій аб накладанні адміністрацыйнага спагнання могуць быць абскарджаны ў судовым парадку.

Iнфармацыя аб накладанні адміністрацыйнага спагнання накіроўваецца названымі ў частцы першай гэтага падпункта службовымі асобамі, адміністрацыйнымі камісіямі ў ліцэнзуючы орган, які выдаў спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на від дзейнасці, пры ажыццяўленні якога дапушчана правапарушэнне, для прыняцця рашэння аб прыпыненні дзеяння гэтага спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі).

3. У пункце 26 Палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, зацверджанага Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2003 г. нумар 17 «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., нумар 79, 1/4779):

пасля часткі другой дапоўніць пункт часткай наступнага зместу:

«У выпадку сістэматычнага (тры і больш разоў на працягу каляндарнага года) парушэння ліцэнзіятам або яго адасобленым падраздзяленнем патрабаванняў заканадаўства пры вядзенні кнігі заўваг і прапаноў, разглядзе выкладзеных у ёй заўваг і прапаноў, якія прывялі да накладання адміністрацыйнага спагнання, ліцэнзуючы орган на падставе прадстаўленай інфармацыі аб накладанні спагнанняў абавязаны прыняць рашэнне аб прыпыненні дзеяння ліцэнзіі на тэрмін да шасці месяцаў.»;

часткі трэцюю і чацвёртую лічыць адпаведна часткамі чацвёртай і пятай.

4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін:

па ўзгадненню з Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь устанавіць форму кнігі, а таксама вызначыць парадак яе выдачы, рэгістрацыі, вядзення і захоўвання;

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Дэкрэтам;

прыняць іншыя меры па выкананню гэтага Дэкрэта.

5. Кантроль за выкананнем гэтага Дэкрэта ўскласці на Камітэт дзяржаўнага кантролю.

6. Гэты Дэкрэт уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем пункта 4 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання дадзенага Дэкрэта, з'яўляецца часовым і згодна з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўляецца на разгляд Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.ЛУКАШЭНКА.

14 студзеня 2005 г.

г. Мінск.