Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
5 студзеня 2005 г. № Р-182/2005
Аб прававым рэгуляванні парадку і ўмоў вяртання паявых узносаў асобам, якія выбылі з арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты грамадзян адносна канстытуцыйнасці дзеючых парадку і ўмоў вяртання сродкаў пры спыненні ўдзелу ў будаўніцтве жылых памяшканняў.
 
У зваротах, у прыватнасці, адзначаецца, што пытанні вяртання грашовых сродкаў асобам, якія выбылі з арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў па розных прычынах, у тым ліку з-за значнага падаражэння кошту будаўніцтва ў параўнанні з першапачаткова агавораным, належным чынам не ўрэгуляваны і іх вырашэнне залежыць ад прыняцця новых грамадзян-забудоўшчыкаў узамен выбыўшых. Нарматыўна ўстаноўленыя гранічныя тэрміны вяртання грашовых сродкаў адсутнічаюць.
 
Праблема вяртання паявых узносаў грамадзянам, якія выбылі з арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў, ужо разглядалася Канстытуцыйным Судом у 2001 годзе. 12 чэрвеня 2001 г. было прынята рашэнне, у якім Канстытуцыйны Суд адзначыў, што прадугледжаныя Часовым палажэннем аб парадку індэксацыі паявых узносаў, якія вяртаюцца грамадзянам у выпадку іх выхаду з жыллёва-будаўнічых кааператываў, зацверджаным пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1996 г. № 375, тэрміны вяртання ўказаных узносаў не ўлічваюць асаблівасці фарміравання і расходавання фінансавых сродкаў жыллёва-будаўнічых кааператываў, што ўшчамляе правы і законныя інтарэсы членаў кааператываў, пагаршае функцыяніраванне жыллёва-будаўнічых кааператываў як юрыдычных асоб, затрымлівае завяршэнне будаўніцтва жылых дамоў і ўвод іх у эксплуатацыю.
 
У дадзеным рашэнні Канстытуцыйны Суд прапанаваў Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь: вызначыць такі парадак вяртання паявых узносаў, які забяспечваў бы прававую абарону членаў жыллёва-будаўнічых кааператываў, іншых арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў, не толькі якія выбываюць, але і застаюцца; прадугледзець магчымыя механізмы аказання садзейнічання жыллёва-будаўнічым кааператывам, іншым арганізацыям грамадзян-забудоўшчыкаў у вырашэнні пытанняў, што датычацца вяртання паявых узносаў грамадзянам, якія выбылі з членаў кааператыва (іншых арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў), з улікам уважлівасці прычын выбыцця, іншых заслугоўваючых увагі акалічнасцей; пры неабходнасці падрыхтаваць і ўнесці адпаведныя прапановы заканадаўцу.
 
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 2001 г. № 1735 “Аб парадку і ўмовах вяртання (унясення) сродкаў, якія паступілі з розных крыніц, пры спыненні (аднаўленні) удзелу ў будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў” пастанова Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1996 г. № 375 “Аб зацвярджэнні Часовага палажэння аб парадку індэксацыі паявых узносаў, якія вяртаюцца грамадзянам у выпадку іх выхаду з жыллёва-будаўнічых кааператываў” была прызнана страціўшай сілу з 1 студзеня 2002 г. Адначасова Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва з удзелам аблвыканкомаў, Мінскага гарвыканкома, адкрытага акцыянернага таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк” даручалася распрацаваць і па ўзгадненню з Міністэрствам эканомікі, Міністэрствам фінансаў зацвердзіць палажэнне аб парадку і ўмовах вяртання (унясення) сродкаў, якія паступілі з розных крыніц, пры спыненні (аднаўленні) удзелу ў будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў з тэрмінам увядзення яго ў дзеянне з 1 студзеня 2002 г.
 
Пастановай Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь ад 28 студзеня 2002 г. № 3 Палажэнне аб парадку і ўмовах вяртання (унясення) сродкаў, якія паступілі з розных крыніц, пры спыненні (аднаўленні) удзелу ў будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў (далей – Палажэнне) было зацверджана.
 
Пунктам 7 Палажэння прадугледжана, што ў выпадку добраахвотнага выхаду або выключэння інвестара з арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў (удзельнікаў долевага будаўніцтва) агульны сход арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў (упаўнаважаны орган) прымае рашэнне аб выключэнні яго са складу арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў (аб скасаванні дагавора з удзельнікам долевага будаўніцтва) і аб вяртанні ўнесеных сродкаў па прыналежнасці. Сума сродкаў, якая вяртаецца, падлягае індэксацыі ў парадку, прадугледжаным Палажэннем, з улікам індэкса змянення кошту будаўніча-мантажных работ, зацверджанага на дату выплаты.
 
У адпаведнасці з пунктам 18 Палажэння разлік узносаў інвестара, якія падлягаюць вяртанню, зацвярджаецца арганізацыяй грамадзян-забудоўшчыкаў (упаўнаважаным органам) на працягу сямі дзён пасля прыняцця рашэння аб выключэнні інвестара з арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў (скасавання дагавора з удзельнікам долевага будаўніцтва).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што пад разлікам, аб якім ідзе гаворка ў пункце 18 Палажэння, на практыцы разумеецца не рэальны разлік з выбыўшым членам арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў, а разлік размеру сум, якія падлягаюць выплаце.
 
Максімальна магчымы тэрмін унясення ўзносу новым інвестарам вызначаецца органам, упаўнаважаным прымаць рашэнне аб уключэнні новага інвестара (пункт 22 Палажэння), таму выплата сум выбыўшаму члену адкладваецца на ўказаны тэрмін.
 
Аналіз дзеючага парадку і ўмоў вяртання сродкаў выбыўшаму члену арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў пры спыненні ўдзелу ў будаўніцтве сведчыць, што пытанні, пастаўленыя Канстытуцыйным Судом у рашэнні ад 12 чэрвеня 2001 г., не знайшлі належнага вырашэння, у выніку чаго парушаюцца правы і законныя інтарэсы грамадзян – былых членаў арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў, якім своечасова не вяртаюцца іх уласныя сродкі. Да цяперашняга часу не вызначаны дзейсны механізм фарміравання сродкаў у выпадку неўступлення новых членаў (узамен выбыўшых) у арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў на працягу доўгага часу, што ў канчатковым выніку адбіваецца і на фінансавым становішчы арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў, замаруджванні тэмпаў будаўніцтва з-за недафінансавання.
 
Патрабуе ўпарадкавання прававое рэгуляванне ўзаемаадносін грамадзян-забудоўшчыкаў і ЖБК, іншых аналагічных арганізацый. Прыкладны статут жыллёва-будаўнічага кааператыва, зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 1984 г. № 400, яўна ўстарэў, яго нормы не адпавядаюць нормам новых Грамадзянскага і Жыллёвага кодэксаў, іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Вырашэнне многіх пытанняў на ўзроўні ўстаноўчых дакументаў арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў не з’яўляецца эфектыўным, паколькі ў такіх выпадках не забяспечваюцца ў належнай меры правы і законныя інтарэсы грамадзян.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што выплата праіндэксіраваных сум паявых узносаў выбыўшым членам не абавязкова павінна ўвязвацца з уступленнем у арганізацыю грамадзян-забудоўшчыкаў новых членаў, калі будуць вызначаны парадак і ўмовы падобнага роду выплат са спецыяльнай крыніцы (фондаў, якія ўтвараюцца спецыяльна). Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, пры ўважлівасці прычын выхаду з ліку забудоўшчыкаў гарантамі такіх выплат маглі б быць мясцовыя органы ўлады, банкі, нябанкаўскія фінансава-крэдытныя, страхавыя арганізацыі, суб’екты гаспадарання.
 
Кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 11, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь вырашыць пытанні, звязаныя з рэальнай выплатай асобам, якія выбылі з арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў, належных ім грашовых сум, забяспечыўшы аптымальны ўлік інтарэсаў як арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў, так і грамадзян, якія з іх выбылі.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        Р.А. Васілевіч