Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
2 сакавіка 2005 г. № Р-184/2005
Аб канстытуцыйнасці пункта 2 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 11 красавіка 1996 г. № 240 “Аб рэгістрацыі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова прыбываюць у г. Мінск, і кампенсацыі адпаведных затрат гарадской гаспадаркі”
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот па пытанню канстытуцыйнасці пункта 2 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 11 красавіка 1996 г. № 240 “Аб рэгістрацыі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова прыбываюць у г. Мінск, і кампенсацыі адпаведных затрат гарадской гаспадаркі” (далей – рашэнне Мінгарвыканкома ад 11 красавіка 1996 г. № 240) у частцы спагнання грашовых сродкаў з замежных грамадзян і асоб без грамадзянства за прабыванне ў г. Мінску. Дадзенае рашэнне зацверджана пунктам 1 рашэння Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 8 чэрвеня 1999 г. № 27 “Аб зацвярджэнні рашэнняў Мінгарвыканкома ад 11 красавіка 1996 г. № 240 “Аб рэгістрацыі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова прыбываюць у г. Мінск, і кампенсацыі адпаведных затрат гарадской гаспадаркі” і ад 22 красавіка 1999 г. № 373 “Аб унясенні змяненняў у рашэнне Мінгарвыканкома ад 21 студзеня 1997 г. № 52”.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, законаў “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб дзяржаўнай пошліне”, “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь – горада Мінска” і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Згодна з Канстытуцыяй замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнароднымі дагаворамі (артыкул 11); усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22); ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў (артыкул 58).
 
У артыкуле 3 Закона “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь” прадугледжана, што абмежаванні правоў і свабод замежных грамадзян і асоб без грамадзянства могуць устанаўлівацца толькі ў выпадках, калі гэта неабходна для абароны правоў і асноўных свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, забеспячэння дзяржаўнай бяспекі, аховы грамадскага парадку і здароўя насельніцтва. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь роўныя перад законам незалежна ад паходжання, сацыяльнага і маёмаснага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, роду і характару заняткаў і іншых акалічнасцей.
 
У прэамбуле рашэння Мінгарвыканкома ад 11 красавіка 1996 г. № 240 указваецца, што яно прынята ў мэтах выканання заканадаўства, якое рэгулюе прававое становішча замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь і вызначае правілы прабывання іх у Рэспубліцы Беларусь. Дадзеным рашэннем зацверджана Палажэнне аб рэгістрацыі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія прыбываюць у г. Мінск (далей – Палажэнне), дзе прадугледжаны парадак уліку ўказаных грамадзян у г. Мінску, рэгістрацыі іх пашпартоў і інш. У пункце 2 гэтага рашэння ўстаноўлены абавязак замежных грамадзян, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, адлічваць грашовыя сродкі ў размеры 20 % мінімальнай заработнай платы за кожны дзень пражывання ў г. Мінску з мэтай кампенсацыі бюджэтных расходаў на сацыяльную сферу і на развіццё інфраструктуры горада. Згодна з пунктам 6 Палажэння кантроль за ўнясеннем платы за пражыванне і рэгістрацыю ў г. Мінску ўскладзены на органы, упаўнаважаныя на вядзенне рэгістрацыі. Больш таго, абавязак выплачваць указаную суму датычыцца нават блізкіх сваякоў, напрыклад дзяцей, якія сталі замежнымі грамадзянамі і прыбылі ў г. Мінск да сваіх бацькоў, і інш.
 
Аналіз рашэння Мінгарвыканкома ад 11 красавіка 1996 г. № 240 сведчыць аб тым, што абавязак замежных грамадзян і асоб без грамадзянства па ўнясенню грашовых сродкаў за пражыванне ў г. Мінску носіць характар падатковага плацяжу (збору).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што спагнанне дзяржаўнай пошліны з замежных грамадзян і асоб без грамадзянства прадугледжана ў адпаведнасці з пунктам 6 артыкула 2 Закона “Аб дзяржаўнай пошліне” і пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 2003 г. № 402 “Аб стаўках дзяржаўнай пошліны і прадастаўленні дадатковых ільгот па яе выплаце” за выдачу візы на ўезд у Рэспубліку Беларусь, дазволу на часовае прабыванне ў Беларусі, рэгістрацыю і прадаўжэнне тэрміну рэгістрацыі, іншыя дзеянні. Іншыя плацяжы з названых асоб указанымі нарматыўнымі прававымі актамі не прадугледжаны.
 
Пералік мясцовых падаткаў і збораў, якія залічваюцца ў мясцовыя бюджэты, штогадова ўстанаўліваецца законам аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на адпаведны фінансавы (бюджэтны) год. Аналіз законаў аб бюджэце Рэспублікі Беларусь, прынятых у 1996 – 2005 гадах, дазваляе зрабіць вывад аб тым, што ва ўказаныя гады мясцовы збор з замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў сувязі з іх часовым прабываннем у Рэспубліцы Беларусь не ўстанаўліваўся.
 
Законы “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь – горада Мінска”, “Аб прававым палажэнні замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь” і пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 кастрычніка 1999 г. № 1654 “Аб зацвярджэнні Правіл прабывання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь” не прадастаўляюць органам мясцовага кіравання і самакіравання права ўводзіць для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова прыбываюць у Рэспубліку Беларусь, якія-небудзь падаткі і зборы.
 
Вывучэнне міжнароднага вопыту паказала, што ў іншых еўрапейскіх дзяржавах (Расіі, Літве, Латвіі, Польшчы, Германіі, Румыніі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі) мясцовыя органы ўлады не ўстанаўліваюць мясцовыя зборы з замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. Выключэнне складае курортны збор, які збіраецца пры ўездзе ў асобныя гарады і на асобныя тэрыторыі.
 
Згодна з артыкулам 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. У артыкуле 27 Закона “Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь” прадугледжваецца, што міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь падлягаюць добрасумленнаму выкананню Рэспублікай Беларусь у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права. Агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права і нормы міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, якія ўступілі ў сілу, з’яўляюцца часткай права, што дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
 
У некаторых міжнародных дагаворах, заключаных Рэспублікай Беларусь, устаноўлена, у прыватнасці, што за выдачу віз і рэгуляванне рэжыму прабывання пошліна з грамадзян дзяржаў, з якімі заключаны дадзеныя дагаворы, не бярэцца. Падобная норма замацавана ў артыкуле 4 Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Саюзным Урадам Саюзнай Рэспублікі Югаславія аб адмене віз, ратыфікаванага Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 лістапада 1999 г. Спагнанне збораў з грамадзян гэтай рэспублікі (у цяперашні час – Сербія і Чарнагорыя) у перыяд часовага прабывання іх у Рэспубліцы Беларусь і рэгістрацыі ў г. Мінску ўказаным Пагадненнем не прадугледжана.
 
Такім чынам, пункт 2 рашэння Мінгарвыканкома ад 11 красавіка 1996 г. № 240 аб спагнанні з замежных грамадзян і асоб без грамадзянства грашовых сродкаў за кожны дзень пражывання ў г. Мінску з мэтай кампенсацыі бюджэтных расходаў на сацыяльную сферу і на развіццё інфраструктуры горада не адпавядае артыкулам 8, 11, 22, 58 Канстытуцыі, законам і іншым нарматыўным прававым актам Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававым актам.
 
З улікам выкладзенага, кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць не адпавядаючым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законам і іншым нарматыўным прававым актам Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававым актам пункт 2 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 11 красавіка 1996 г. № 240 “Аб рэгістрацыі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова прыбываюць у г. Мінск, і кампенсацыі адпаведных затрат гарадской гаспадаркі” і пункт 1 рашэння Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 8 чэрвеня 1999 г. № 27, якое зацвердзіла дадзенае рашэнне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, у частцы спагнання з замежных грамадзян і асоб без грамадзянства грашовых сродкаў за кожны дзень пражывання ў г. Мінску.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч