Аб неадкладных мерах па падтрымцы прадпрымальніцтва

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 148

У мэтах стварэння ўмоў для далейшага развіцця прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, забеспячэння гарантый захавання правоў і законных інтарэсаў асоб, што ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, спынення злоўжыванняў у гэтай сферы, пашырэння рынку тавараў і паслуг, фарміравання ў краіне спрыяльнага эканамічнага клімату:

1. Устанавіць, што:

1.1. памер арэнднай платы за гандлёвыя месцы, якія прадастаўляюцца арандатарам на рынках і іншых гандлёвых аб'ектах прыватнай формы ўласнасці (далей — гандлёвыя аб'екты), вызначаецца арэндадаўцамі гандлёвых месцаў зыходзячы з памеру базавай стаўкі арэнднай платы згодна з дадаткам з прымяненнем каэфіцыентаў 0,6—1,0, устаноўленых аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам у залежнасці ад месцазнаходжання гандлёвых аб'ектаў у населеных пунктах;

1.2. арэндадаўцы маюць права вызначаць асобным арандатарам паніжаючыя каэфіцыенты да арэнднай платы, вылічанай у адпаведнасці з падпунктам 1.1 гэтага пункта;

1.3. прымяненне арэндадаўцамі павышаючых каэфіцыентаў да арэнднай платы, вылічанай у адпаведнасці з падпунктам 1.1 гэтага пункта, дапускаецца пры наяўнасці эканамічнага абгрунтавання па ўзгадненню са старшынямі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама;

1.4. арандатары гандлёвых месцаў на гандлёвых аб'ектах (далей — арандатары гандлёвых месцаў) абавязаны падтрымліваць арандаваную маёмасць у непашкоджаным стане і, разам з арэнднай платай, аплачваць паслугі па водазабеспячэнню, каналізацыі, спажыванню газу, электрычнай і цеплавой энергіі, карыстанню ліфтамі, вывазу і абясшкоджанню цвёрдых бытавых адходаў па тарыфах, устаноўленых у адпаведнасці з заканадаўствам.

Памер платы за іншыя паслугі, якія аказваюцца арэндадаўцам арандатару гандлёвага месца, а таксама платы за ахову, што ўносіцца арандатарам, вызначаецца па ўзгадненню са старшынямі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.

Спагнанне з арандатараў гандлёвых месцаў іншых плацяжоў, не прадугледжаных часткамі першай і другой гэтага падпункта, забараняецца;

1.5. арэндадаўцы гандлёвых месцаў абавязаны ажыццяўляць за свой кошт капітальны рамонт гандлёвых аб'ектаў, забяспечваць наяўнасць на іх у належным стане інжынерных камунікацый, прадастаўляць арандатарам гандлёвыя месцы, якія адпавядаюць санітарна-гігіенічным, проціпажарным, прыродаахоўным і іншым патрабаванням, прадугледжаным заканадаўствам і дагаворамі арэнды;

1.6. дагаворы арэнды гандлёвых месцаў, заключаныя да ўступлення ў сілу гэтага Указа, тэрмін дзеяння якіх заканчваецца пасля 1 ліпеня 2005 г., павінны быць прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі падпунктаў 1.1—1.5 гэтага пункта да названай даты;

1.7. індывідуальныя прадпрымальнікі, якія з'яўляюцца плацельшчыкамі адзінага падатку, па таварах, што ўвозяцца імі з 1 студзеня 2005 г. з Расійскай Федэрацыі, абавязаны прадстаўляць у падатковы орган падатковую дэкларацыю (разлік) па падатку на дабаўленую вартасць у адносінах названых тавараў і выплачваць яго ў тэрміны, устаноўленыя заканадаўствам.

Пры парушэнні заканадаўства па падатку на дабаўленую вартасць па таварах, увезеных з 1 студзеня па 30 чэрвеня 2005 г. з Расійскай Федэрацыі, упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі да 20 ліпеня 2005 г. налічваецца сума гэтага падатку без прымянення эканамічных санкцый, пені і мераў адміністрацыйнай адказнасці. У выпадку нявыплаты налічанай сумы падатку на дабаўленую вартасць у пяцідзённы тэрмін з дня выяўлення парушэння сума асноўнага доўгу, эканамічныя санкцыі і пеня спаганяюцца з прымяненнем мераў адміністрацыйнай адказнасці;

1.8. з 1 ліпеня 2005 г. індывідуальныя прадпрымальнікі, якія з'яўляюцца плацельшчыкамі адзінага падатку і ажыццяўляюць рознічны гандаль, вядуць улік руху тавараў у кнізе, форма і парадак вядзення якой вызначаюцца пастановай Міністэрства фінансаў і Міністэрства па падатках і зборах.

Кніга ўліку руху тавараў рэгіструецца ў падатковым органе па месцы пастаноўкі на ўлік індывідуальнага прадпрымальніка;

1.9. да 1 студзеня 2006 г. падлягаюць вяртанню ўласнікам (арэндадаўцам) гандлёвага месца арандатару — індывідуальнаму прадпрымальніку грашовыя сродкі, выплачаныя на працягу трох гадоў да ўступлення ў сілу гэтага Указа гэтым арандатарам уласніку (арэндадаўцу):

на падставе аднабаковага рашэння ўласніка (арэндадаўца);

у адпаведнасці са здзелкай, заключанай на вельмі нявыгадных для гэтага арандатара ўмовах у параўнанні з тымі, якімі скарыстаўся ўласнік (арэндадавец).

Не вернутыя добраахвотна да 1 студзеня 2006 г. названыя грашовыя сродкі могуць быць спагнаны арандатарам — індывідуальным прадпрымальнікам у судовым парадку на працягу трох гадоў з дня ўступлення ў сілу гэтага Указа;

1.10. для арганізацыі ўзаемадзеяння індывідуальных прадпрымальнікаў, уласнікаў (арэндадаўцаў) гандлёвых месцаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў індывідуальнымі прадпрымальнікамі на гандлёвых аб'ектах ствараюцца саветы індывідуальных прадпрымальнікаў (далей — саветы).

Савет выбіраецца тайным галасаваннем з ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія з'яўляюцца арандатарамі гандлёвых месцаў на гэтым гандлёвым аб'екце, у колькасці ад трох да сямі чалавек на тэрмін не менш як два гады.

Палажэнне аб савеце, якое прадугледжвае яго паўнамоцтвы, у тым ліку па інфармаванню праваахоўных і кантралюючых органаў аб парушэнні заканадаўства пры ажыццяўленні праверак індывідуальных прадпрымальнікаў і кантролю за выкананнем імі заканадаўства, зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

З членамі саветаў не дапускаецца датэрміновае скасаванне дагавораў арэнды гандлёвых месцаў, за выключэннем выпадкаў сістэматычнага (два і больш разоў на працягу каляндарнага года) неўнясення імі арэнднай платы або адсутнасці ў гэтых асоб спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на ажыццяўленне рознічнага гандлю. Iскавая заява аб датэрміновым скасаванні дагавора арэнды гандлёвага месца з членам савета можа падавацца арэндадаўцам у гаспадарчы суд толькі пасля абавязковага папярэдняга разгляду старшынёй (кіраўніком адміністрацыі) мясцовага выканаўчага і распарадчага органа першаснага або базавага ўзроўню прычын падачы гэтай заявы.

Спрэчкі паміж індывідуальнымі прадпрымальнікамі і арэндадаўцамі гандлёвых месцаў па пытаннях, звязаных з арэнднай платай і іншымі плацяжамі, вырашаюцца гаспадарчым судом пасля іх абавязковага папярэдняга разгляду старшынямі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама з удзелам саветаў;

1.11. прадстаўнікі дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый, у кампетэнцыю якіх уваходзяць ажыццяўленне праверкі і кантролю за выкананнем заканадаўства, абавязаны да правядзення праверкі і кантролю асоб, што ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, унесці звесткі аб іх правядзенні ў кнігу ўліку праверак (рэвізій), за выключэннем праверкі з выкарыстаннем метаду кантрольнай закупкі таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў або кантрольнага афармлення заказаў на выкананне работ (аказанне паслуг), пры ажыццяўленні якой гэтыя звесткі ўносяцца ў названую кнігу пасля яе правядзення.

Невыкананне абавязку, прадугледжанага часткай першай гэтага падпункта, вядзе да дысцыплінарнай адказнасці названых прадстаўнікоў аж да вызвалення ад займаемай пасады (звальнення).

2. Кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў нясуць персанальную адказнасць за дзейнасць гандлёвых аб'ектаў, на якіх арандатарамі выступаюць індывідуальныя прадпрымальнікі, а таксама за своечасовы і ўсебаковы разгляд заўваг і прапаноў індывідуальных прадпрымальнікаў, саветаў, а таксама ўласнікаў (арэндадаўцаў) гандлёвых месцаў.

3. Прадаставіць індывідуальным прадпрымальнікам:

3.1. адтэрміноўку да 1 ліпеня 2005 г. утворанай на 1 сакавіка 2005 г. запазычанасці па выплаце абавязковых страхавых узносаў, эканамічных санкцый і пеняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны;

3.2. растэрміноўку пагашэння штомесячна роўнымі долямі з 1 ліпеня 2005 г. па 30 чэрвеня 2006 г. запазычанасці па выплаце абавязковых страхавых узносаў, эканамічных санкцый і пеняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Дзеянне адтэрміноўкі і (або) растэрміноўкі, названых у падпунктах 3.1 і 3.2 гэтага пункта, спыняецца:

пасля заканчэння ўстаноўленага тэрміну;

пры датэрміновай выплаце адпаведных плацяжоў;

пры нявыплаце індывідуальнымі прадпрымальнікамі бягучых плацяжоў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

У выпадку нявыплаты ва ўстаноўлены тэрмін плацяжоў, па якіх прадастаўлены адтэрміноўка і (або) растэрміноўка, сума, якая засталася нявыплачанай, спаганяецца ў адпаведнасці з заканадаўствам з налічэннем пені зыходзячы са стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, якая дзейнічае на дзень спагнання.

4. Парушэнне індывідуальным прадпрымальнікам, службовай або іншай асобай патрабаванняў гэтага Указа —

прыводзіць да накладання штрафу ў памеры ад 10 да 20 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — да 500 базавых велічынь.

Вядзенне па справах аб правапарушэнні, прадугледжаным часткай першай гэтага пункта, у тым ліку накладанне спагнанняў, ажыццяўляецца ўпаўнаважанымі службовымі асобамі падатковых органаў, органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Паўторнае парушэнне індывідуальным прадпрымальнікам патрабаванняў гэтага Указа на працягу года пасля накладання спагнання —

прыводзіць да анулявання спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на той від дзейнасці, пры ажыццяўленні якога дапушчана парушэнне, з канфіскацыяй рэалізуемых тавараў, атрыманай грашовай выручкі, іншых прадметаў, што былі сродкам учынення або непасрэдным аб'ектам правапарушэння.

Аб учыненні правапарушэння, прадугледжанага часткай трэцяй гэтага пункта, упаўнаважанымі службовымі асобамі падатковых органаў, органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю складаецца акт, а на маёмасць, уключаючы грашовыя сродкі, па рашэнню гэтых службовых асоб накладаецца арышт. Справы аб такім правапарушэнні разглядаюцца гаспадарчым судом. Пры гэтым да прыняцця гэтым судом рашэння аб канфіскацыі тавар, які хутка псуецца, ва ўстаноўленым парадку забіраецца і перадаецца для рэалізацыі неадкладна.

5. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

адмяніць ва ўстаноўленым парадку спагнанне платы за выдачу пасведчання аб дзяржаўнай гігіенічнай рэгламентацыі і рэгістрацыі на хімічныя і біялагічныя рэчывы, матэрыялы і вырабы з іх, прадукцыю вытворча-тэхнічнага прызначэння, тавары для асабістых (бытавых) патрэб, харчовую сыравіну і харчовыя прадукты, а таксама на матэрыялы і вырабы, што прымяняюцца для вытворчасці, упакоўкі, захавання, транспарціроўкі, продажу або іншых спосабаў адчужэння харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў і іх выкарыстання;

зацвердзіць палажэнне аб саветах індывідуальных прадпрымальнікаў, што ствараюцца на рынках і гандлёвых аб'ектах прыватнай формы ўласнасці, на якіх арандатарамі выступаюць індывідуальныя прадпрымальнікі;

прыняць меры па аптымізацыі тарыфаў на паслугі па сертыфікацыі, дзяржаўнай гігіенічнай рэгістрацыі і рэгламентацыі тавараў;

зацвердзіць пералік дакументаў, што прадстаўляюцца кантралюючым органам індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія з'яўляюцца плацельшчыкамі адзінага падатку, або фізічнымі асобамі, што прыцягваюцца імі;

у трохмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі;

растлумачваць пытанні выканання парадку і ўмоў выканання гэтага Указа.

6. Нацыянальнаму банку да 1 ліпеня 2005 г. прыняць меры па ўдасканаленню крэдытавання індывідуальных прадпрымальнікаў.

7. Аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму сумесна з Міністэрствам гандлю, Міністэрствам транспарту і камунікацый, Дзяржаўным мытным камітэтам, Дзяржаўным камітэтам па авіяцыі, іншымі зацікаўленымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, Беларускім рэспубліканскім саюзам спажывецкіх таварыстваў у двухмесячны тэрмін вывучыць патрэбнасць унутранага рынку ў таварах, якія не вырабляюцца ў рэспубліцы або вырабляюцца ў недастатковай колькасці, і аказаць садзейнічанне індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць аптовы і (або) рознічны гандаль на рынках і іншых гандлёвых аб'ектах незалежна ад формаў уласнасці ў арганізацыі аптовых паставак гэтых тавараў, уключаючы забеспячэнне іх цэнтралізаваных транспартных перавозак.

8. Кантроль за выкананнем гэтага Указа ўскласці на Камітэт дзяржаўнага кантролю.

9. Гэты Указ уступае ў сілу праз 10 дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

24 сакавіка 2005 г., г. Мінск.