Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3

Аб некаторых мерах па процідзеянню гандлю людзьмі

У мэтах прыняцця эфектыўных мераў па папярэджанню гандлю людзьмі, асабліва жанчынамі і дзецьмі, абароны жыцця, здароўя, свабоды і іншых канстытуцыйных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пастанаўляю:

1. Устанавіць, што:

1.1. любыя дзеянні, у тым ліку аднаразовыя, накіраваныя на працаўладкаванне грамадзян Рэспублікі Беларусь (далей — грамадзяне) за мяжой, уключаючы пасрэдніцтва, ажыццяўляюцца толькі пры наяўнасці спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), які выдаецца Міністэрствам унутраных спраў;

1.2. спецыяльны дазвол (ліцэнзія) на ажыццяўленне дзейнасці, звязанай з працаўладкаваннем грамадзян за мяжой, выдаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ліцэнзаванні, а таксама:

пры наяўнасці дакумента, які пацвярджае дамоўленасць паміж суіскальнікам ліцэнзіі і замежным наймальнікам аб працаўладкаванні грамадзян за мяжой, і звестак аб гэтым наймальніку, якія вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

пасля правядзення Міністэрствам унутраных спраў сумесна з зацікаўленымі папярэдняй праверкі ўмоў ажыццяўлення гэтай дзейнасці. Парадак правядзення такой праверкі ўстанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

1.3. заключэнне дагавораў аб працаўладкаванні грамадзян за мяжой з арганізацыямі і грамадзянамі, у тым ліку замежнымі, якія не з'яўляюцца непасрэднымі наймальнікамі, забараняецца;

1.4. юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць дзейнасць, звязаную з працаўладкаваннем грамадзян за мяжой, абавязаны:

1.4.1. рэгістраваць у структурных падраздзяленнях па грамадзянству і міграцыі галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама, упраўленняў унутраных спраў аблвыканкамаў працоўныя дагаворы (кантракты) з замежнымі наймальнікамі ў адносінах да кожнага грамадзяніна, які працаўладкоўваецца за мяжой, з прадастаўленнем звестак аб наймальніку, прадугледжаных падпунктам 1.2 гэтага пункта;

1.4.2. заключаць з грамадзянамі пісьмовы дагавор аб садзейнічанні ў працаўладкаванні ў замежнага наймальніка за межамі Рэспублікі Беларусь, які ўключае абавязацельства аб аказанні дапамогі ў заключэнні працоўнага дагавора (кантракта) з замежным наймальнікам.

Дагавор аб садзейнічанні ў працаўладкаванні ў замежнага наймальніка павінен змяшчаць:

абавязак боку, які аказвае паслугу, прадаставіць поўную і аб'ектыўную інфармацыю аб наймальніку, характары плануемай у яго работы;

папярэднія ўмовы заключэння працоўнага дагавора (кантракта);

адказнасць боку, які аказвае паслугу, у выпадку прадастаўлення інфармацыі, што не адпавядае рэчаіснасці;

1.4.3. правяраць дакладнасць інфармацыі аб замежных наймальніках;

1.5. спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) на ажыццяўленне дзейнасці, звязанай з працаўладкаваннем грамадзян за мяжой, выдадзеныя да ўступлення ў сілу гэтага Дэкрэта, дзейнічаюць да 1 ліпеня 2005 г. Пры атрыманні юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі новых спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на ажыццяўленне такой дзейнасці ліцэнзійны збор не спаганяецца, калі тэрмін дзеяння раней выдадзеных ім спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) завяршаецца пасля 1 ліпеня 2005 г.

У мэтах рэгулявання рынку працы, абароны правоў і свабод грамадзян Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь мае права ўносіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь прапановы аб увядзенні часовых абмежаванняў на выдачу спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на ажыццяўленне дзейнасці, звязанай з працаўладкаваннем грамадзян за мяжой;

1.6. накіраванне грамадзян, якія навучаюцца ў арганізацыях сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, на вучобу за мяжу ажыццяўляецца з пісьмовага дазволу Міністэрства адукацыі;

1.7. юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія накіравалі грамадзян на работу або вучобу за мяжу (за выключэннем накіравання сваіх работнікаў у службовыя замежныя камандзіроўкі), прадстаўляюць інфармацыю аб іх у Міністэрства ўнутраных спраў на працягу пяці рабочых дзён з дня іх ад'езду і ў такі ж тэрмін — з дня іх вяртання;

1.8. юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць турыстычную дзейнасць, абавязаны прадстаўляць у Міністэрства ўнутраных спраў інфармацыю аб грамадзянах, якія ажыццяўлялі тур у складзе арганізаванай групы і не вярнуліся ў Рэспубліку Беларусь пасля яго заканчэння, на працягу пяці рабочых дзён з дня вяртання гэтай групы;

1.9. Міністэрства ўнутраных спраў не пазней як пятага чысла кожнага месяца накіроўвае абагульненую інфармацыю, што паступіла ў адпаведнасці з падпунктамі 1.7 і 1.8. гэтага пункта, у Міністэрства замежных спраў;

1.10. усынаўленне дзяцей — грамадзян Рэспублікі Беларусь замежнымі грамадзянамі ажыццяўляецца толькі з пісьмовага дазволу Міністра адукацыі;

1.11. дзейнасць, звязаная са зборам і распаўсюджваннем інфармацыі аб фізічных асобах з мэтай іх знаёмства (дзейнасць шлюбных агенцтваў), у выпадку яе ажыццяўлення без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) з 1 ліпеня 2005 г. з'яўляецца незаконнай.

Спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) на такі від дзейнасці выдаюцца Міністэрствам унутраных спраў у парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

1.12. каардынацыя дзейнасці па папярэджанню і прадухіленню гандлю людзьмі, уключаючы міжнароднае супрацоўніцтва ў гэтай сферы, ажыццяўляецца Міністэрствам унутраных спраў.

2. У мэтах упарадкавання ажыццяўлення рэкламнай дзейнасці, дзейнасці мадэльных агенцтваў, арганізацый, якія займаюцца падрыхтоўкай мадэляў (дэманстратараў адзення), вызначыць, што:

2.1. распаўсюджваемая на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэклама прадукцыі, тавараў (работ, паслуг), што выпускаюцца на гэтай тэрыторыі, вырабляецца толькі з прыцягненнем арганізацый і грамадзян рэспублікі;

2.2. падлягаюць абавязковаму ўзгадненню інфармацыйныя (рэкламныя) аб'явы, што размяшчаюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь:

аб працаўладкаванні грамадзян за мяжой — з Міністэрствам унутраных спраў;

аб вучобе грамадзян за мяжой — з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам унутраных спраў.

Размяшчэнне і распаўсюджванне ў Рэспубліцы Беларусь няўзгодненых інфармацыйных (рэкламных) аб'яў з названай інфармацыяй забараняюцца;

2.3. дзейнасць мадэльных агенцтваў, арганізацый, якія займаюцца падрыхтоўкай мадэляў (дэманстратараў адзення), разглядаецца ў якасці работ і паслуг, якія складаюць адукацыйную дзейнасць.

Дзейнасць мадэльных агенцтваў, арганізацый, якія займаюцца падрыхтоўкай мадэляў (дэманстратараў адзення), у выпадку яе ажыццяўлення без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) з 1 ліпеня 2005 г. з'яўляецца незаконнай.

Спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) на такі від дзейнасці выдаюцца Міністэрствам адукацыі ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

2.4. правядзенне конкурсных адбораў кандыдатаў на ўдзел у рэкламных праектах або ў мэтах далейшага іх працаўладкавання (кастынг) ажыццяўляецца тэрытарыяльнымі органамі дзяржаўнай службы занятасці, а таксама мадэльнымі агенцтвамі, іншымі арганізацыямі або індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія маюць спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) на ажыццяўленне дзейнасці, звязанай з працаўладкаваннем грамадзян за мяжой.

Правядзенне кастынгаў іншымі асобамі забараняецца.

3. Дыпламатычным прадстаўніцтвам і консульскім установам Рэспублікі Беларусь:

3.1. весці банк даных аб грамадзянах на падставе інфармацыі, якая прадстаўляецца ў адпаведнасці з падпунктам 1.9 пункта 1 гэтага Дэкрэта;

3.2. ажыццяўляць збор даных аб дзецях — грамадзянах Рэспублікі Беларусь, якія ўсыноўлены замежнымі грамадзянамі і пражываюць за мяжой, вывучаць умовы іх жыцця і кожнае паўгоддзе інфармаваць аб гэтым Міністэрства адукацыі;

3.3. ва ўзаемадзеянні з арганізацыямі, якія аказваюць дапамогу ў рэабілітацыі ахвяр гандлю людзьмі, ажыццяўляць дзейнасць па абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян, што сталі такімі ахвярамі, садзейнічаць вяртанню іх на радзіму;

3.4. прадстаўляць органам улады дзяржаў знаходжання звесткі аб заканадаўстве Рэспублікі Беларусь па процідзеянню гандлю людзьмі, распаўсюджваць інфармацыю аб мерапрыемствах, што праводзяцца ў Рэспубліцы Беларусь па процідзеянню гандлю людзьмі, у тым ліку аб правах ахвяр гандлю людзьмі;

3.5. неадкладна забяспечваць грамадзянам — ахвярам гандлю людзьмі афармленне і выдачу дакументаў, якія даюць права на вяртанне іх з-за мяжы.

4. Iнфармацыя аб ахвярах гандлю людзьмі або аб абставінах гандлю людзьмі, абнародаванне якой стварае пагрозу жыццю або здароўю ахвяры гандлю людзьмі або яе блізкіх, а таксама аб асобах, якія процідзейнічаюць гандлю людзьмі, не падлягае абвяшчэнню.

Выдача такой інфармацыі прыводзіць да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

5. Устанавіць, што:

5.1. купля-продаж чалавека або заключэнне іншых здзелак у адносінах да яго, а таксама ажыццёўленыя ў мэтах эксплуатацыі вярбоўка, перавозка, перадача, укрывальніцтва або атрыманне чалавека (гандаль людзьмі) —

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Пад эксплуатацыяй у гэтым Дэкрэце разумеецца незаконны прымус чалавека да работы ці аказання паслуг у выпадку, калі ён па не залежных ад яго прычынах не можа адмовіцца ад выканання работ (паслуг), уключаючы рабства або звычаі, падобныя на рабства;

5.2. гандаль людзьмі, учынены:

5.2.1. у адносінах да яўна непаўналетняга;

5.2.2. у адносінах да дзвюх або больш асоб;

5.2.3. з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі;

5.2.4. з мэтай вымання ў пацярпелых органаў або тканак для трансплантацыі;

5.2.5. групай асоб па папярэдняму згавору;

5.2.6. службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў;

5.2.7. асобай, якая раней учыніла злачынствы, звязаныя з гандлем людзьмі, сэксуальнай эксплуатацыяй або ўцягненнем у занятак прастытуцыяй;

5.2.8. з мэтай вывазу пацярпелага за межы дзяржавы;

5.2.9. з выкарыстаннем збегу цяжкіх асабістых, сямейных ці іншых абставінаў пацярпелага;

5.2.10. шляхам падману, злоўжывання даверам ці звязаны з насіллем, пагрозай яго прымянення або іншымі формамі прымусу, —

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да дванаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Пад сэксуальнай эксплуатацыяй у гэтым Дэкрэце разумеецца атрыманне выгады з дзеянняў сэксуальнага характару, якія ажыццяўляюцца іншай асобай, у тым ліку выкарыстанне занятку прастытуцыяй;

5.3. гандаль людзьмі, які прывёў па неасцярожнасці да смерці пацярпелага, ці прычынення яму цяжкіх цялесных пашкоджанняў, ці іншых цяжкіх вынікаў або ўчынены арганізаванай групай, —

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дванаццаці да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці;

5.4. незаконныя дзеянні, накіраваныя на працаўладкаванне грамадзян за мяжой, калі ў выніку такіх дзеянняў асобы, працаўладкаваныя за мяжой, зведалі сэксуальную ці іншую эксплуатацыю не па сваёй волі, пры адсутнасці прымет злачынстваў, прадугледжаных падпунктамі 5.1—5.3 гэтага пункта (незаконныя дзеянні, накіраваныя на працаўладкаванне грамадзян за мяжой), —

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю;

5.5. незаконныя дзеянні, накіраваныя на працаўладкаванне грамадзян за мяжой, учыненыя асобай, якая раней учыніла злачынствы, звязаныя з гандлем людзьмі, сэксуальнай эксплуатацыяй або ўцягненнем у занятак прастытуцыяй, —

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад чатырох да шасці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю;

5.6. незаконныя дзеянні, накіраваныя на працаўладкаванне грамадзян за мяжой, ажыццёўленыя арганізаванай групай, —

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад чатырох да васьмі гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю;

5.7. выраб або захоўванне з мэтай распаўсюджвання або рэкламавання, або распаўсюджванне або рэкламаванне парнаграфічных матэрыялаў, друкаваных выданняў, выяў або іншых прадметаў парнаграфічнага характару, або публічная дэманстрацыя кіна- або відэафільмаў парнаграфічнага зместу —

караюцца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам на тэрмін да трох месяцаў;

5.8. выраб або захоўванне з мэтай распаўсюджвання або рэкламавання, або распаўсюджванне або рэкламаванне парнаграфічных матэрыялаў, друкаваных выданняў, выяў або іншых прадметаў парнаграфічнага характару, якія змяшчаюць адлюстраванне непаўналетніх, або дэманстрацыя кіна- або відэафільмаў парнаграфічнага зместу непаўналетнім, учыненыя асобай, якая дасягнула васемнаццацігадовага ўзросту, —

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад аднаго года да трох гадоў;

5.9. дзеянні, прадугледжаныя падпунктамі 5.7 або 5.8 гэтага пункта, учыненыя групай асоб або па папярэдняй змове або арганізаванай групай, —

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў;

5.10. па крымінальных справах аб злачынствах, прадугледжаных падпунктамі 5.1—5.6 гэтага пункта, папярэдняе следства праводзіцца тым органам, які ўзбудзіў крымінальную справу, па крымінальных справах аб злачынствах, прадугледжаных падпунктамі 5.7 і 5.8 гэтага пункта, папярэдняе расследаванне праводзіцца органамі дазнання ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй, а па крымінальных справах аб злачынстве, прадугледжаным падпунктам 5.9 гэтага пункта, папярэдняе следства праводзіцца следчымі органаў унутраных спраў;

5.11. ахвяры гандлю людзьмі не падлягаюць прыцягненню да адміністрацыйнай адказнасці за дзеянні, якія з'яўляюцца адміністрацыйнымі правапарушэннямі, калі гэтыя дзеянні былі ўчынены ў выніку абставінаў, абумоўленых гандлем такімі асобамі. Рашэнне аб вызваленні ахвяры гандлю людзьмі ад крымінальнай адказнасці за дзеянні, якія з'яўляюцца злачынствамі, прымаецца ў адпаведнасці з Крымінальным і Крымінальна-працэсуальным кодэксамі Рэспублікі Беларусь;

5.12. дзеянні, накіраваныя на працаўладкаванне грамадзян за мяжой, якія ажыццяўляюцца без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) або з парушэннем правілаў і ўмоў ажыццяўлення такога віду дзейнасці, прадугледжаных у спецыяльным дазволе (ліцэнзіі), калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства, —

прыводзяць да накладання штрафу ў памеры ад пяцідзесяці да двухсот базавых велічынь з канфіскацыяй даходу, атрыманага ў выніку такіх дзеянняў, і пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю, а на юрыдычных асоб — ад пяцісот да тысячы базавых велічынь з канфіскацыяй даходу, атрыманага ў выніку такіх дзеянняў, і пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю;

5.13. незаключэнне дагавора, прадугледжанага падпунктам 1.4.2 пункта 1 гэтага Дэкрэта, а таксама яго заключэнне без уліку прад'яўляемых да такога дагавора патрабаванняў —

прыводзяць да накладання штрафу на індывідуальнага прадпрымальніка ў памеры ад пяцідзесяці да двухсот базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад пяцісот да тысячы базавых велічынь;

5.14. увядзенне грамадзян у зман аб характары будучай працоўнай дзейнасці, а таксама парушэнне ўстаноўленага парадку накіравання іх за мяжу для працоўнай дзейнасці, учыненыя службовай асобай юрыдычнай асобы або індывідуальным прадпрымальнікам, што ажыццяўляюць дзейнасць па працаўладкаванню грамадзян за мяжой, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства, прадугледжанага падпунктамі 5.1—5.6 гэтага пункта, —

прыводзяць да накладання штрафу ў памеры ад пяцідзесяці да ста базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад пяцідзесяці да ста базавых велічынь з канфіскацыяй даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці, і пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю, а на юрыдычную асобу — ад ста да двухсот базавых велічынь з канфіскацыяй даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці, і пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю;

5.15. размяшчэнне або распаўсюджванне інфармацыйных (рэкламных) аб'яў юрыдычнымі асобамі або індывідуальнымі прадпрымальнікамі, упаўнаважанымі ажыццяўляць такую дзейнасць, з парушэннем патрабаванняў гэтага Дэкрэта —

прыводзяць да накладання штрафу ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь;

5.16. непрадстаўленне службовай асобай юрыдычнай асобы або індывідуальным прадпрымальнікам у тэрміны, устаноўленыя ў падпунктах 1.7 і 1.8 пункта 1 гэтага Дэкрэта, даных аб грамадзянах, накіраваных на работу або вучобу за мяжу або тых, хто ажыццяўляў тур у складзе арганізаванай групы і не вярнуўся ў Рэспубліку Беларусь пасля яго заканчэння, або прадстаўленне заведама недакладных звестак аб такіх грамадзянах —

прыводзяць да накладання штрафу ў памеры ад чатырох да дваццаці базавых велічынь;

5.17. арганізацыя, правядзенне або стварэнне ўмоў для правядзення конкурсных адбораў кандыдатаў на ўдзел у рэкламных праектах або ў мэтах далейшага іх працаўладкавання (кастынг) з парушэннем заканадаўства —

прыводзяць да накладання штрафу ў памеры ад пяцідзесяці да ста базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад пяцідзесяці да двухсот базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад ста да пяцісот базавых велічынь;

5.18. пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, названых у падпунктах 5.12—5.14, 5.16 і 5.17 гэтага пункта, маюць права складаць упаўнаважаныя службовыя асобы структурных падраздзяленняў па грамадзянству і міграцыі галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінс- кага гарвыканкама, упраўленняў унутраных спраў аблвыканкамаў, Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў, а названых у падпункце 5.15 гэтага пункта, — упаўнаважаныя службовыя асобы Міністэрства гандлю. Справы па такіх правапарушэннях разглядаюцца судом.

6. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

6.1. у двухмесячны тэрмін:

вызначыць змест такіх відаў эканамічнай дзейнасці, як «дзейнасць мадэльных агенцтваў», «дзейнасць, звязаная са зборам і распаўсюджваннем інфармацыі аб фізічных асобах з мэтай іх знаёмства», і ўмовы іх ажыццяўлення, а таксама забяспечыць прывядзенне ўстаноўчых дакументаў юрыдычных асоб і пасведчанняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць гэтыя віды дзейнасці, у адпаведнасці з гэтым Дэкрэтам;

рэгламентаваць парадак правядзення праверкі, названай у падпункце 1.2 пункта 1 гэтага Дэкрэта;

прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтага Дэкрэта;

6.2. у трохмесячны тэрмін:

зацвердзіць комплекс мерапрыемстваў па развіццю канцэртнай і культурна-забаўляльнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, якая забяспечвае шырокае далучэнне да яе маладых дзеячаў мастацтва і культуры, а таксама па стварэнню ўмоў для занятасці асоб, якія працуюць у мадэльным бізнэсе;

прыняць меры па актывізацыі рэкламнай дзейнасці айчынных таваравытворцаў, шырокаму ўцягванню ў вытворчасць рэкламы, што распаўсюджваецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, арганізацый і грамадзян рэспублікі;

зацвердзіць комплекс мераў па прадухіленню росту ўзроўню беспрацоўя сярод жанчын і выпускнікоў арганізацый сістэмы адукацыі, стымуляванню прадастаўлення працоўных месцаў для моладзі, стварэнню спрыяльных умоў для набыцця ёю прафесій, што карыстаюцца попытам на рынку працы;

прыняць эфектыўныя меры па аказанню ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання псіхалагічнай і арганізацыйнай падтрымкі, дапамогі ў працаўладкаванні ахвяр гандлю людзьмі, стварэнню спецыяльных «тэлефонаў даверу», «гарачых ліній» па прадухіленню гандлю людзьмі;

унесці Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь праект нарматыўнага прававога акта, што рэгламентуе статус ахвяры гандлю людзьмі;

прыняць меры па прывядзенню актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Дэкрэтам;

6.3. забяспечыць сістэмную работу па арганізацыі і правядзенню не радзей як адзін раз у два гады рэспубліканскіх і рэгіянальных конкурсаў прыгажосці.

7. Міжведамаснай камісіі па барацьбе са злачыннасцю, карупцыяй і наркаманіяй пры Савеце Бяспекі Рэспублікі Беларусь:

у двухмесячны тэрмін прааналізаваць эфектыўнасць рэалізацыі на тэрыторыі рэспублікі міжнародных праграм у галіне процідзеяння гандлю людзьмі і ўнесці Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь прапановы па яе павышэнню;

кожнае паўгоддзе дакладваць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь аб стане спраў у галіне процідзеяння гандлю людзьмі.

8. Міністэрству ўнутраных спраў, Пракуратуры, Камітэту дзяржаўнай бяспекі, Дзяржаўнаму камітэту пагранічных войскаў у межах сваёй кампетэнцыі:

спыняць дзейнасць асоб, якія незаконна або з парушэннем заканадаўства ажыццяўляюць працаўладкаванне грамадзян за мяжой або накіраванне іх на вучобу за мяжу;

узмацніць кантроль за дзейнасцю юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) на ажыццяўленне працаўладкавання грамадзян за мяжой, з мэтай спынення гандлю людзьмі;

у трохмесячны тэрмін прааналізаваць дзейнасць шлюбных агенцтваў і ўнесці прапановы па яе ўдасканаленню.

9. Міністэрству ўнутраных спраў сумесна з Міністэрствам гандлю, Міністэрствам інфармацыі, Міністэрствам юстыцыі, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам:

узмацніць кантроль за распаўсюджваннем у сродках масавай інфармацыі і на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэкламы, накіраванай на ўцягванне патэнцыяльных ахвяр у гандаль людзьмі, прадастаўленне сэксуальных паслуг пад выглядам законнай дзейнасці, антыграмадскія паводзіны;

забяспечваць грамадзян праўдзівай інфармацыяй аб знешняй працоўнай міграцыі, перыядычна публікаваць у сродках масавай інфармацыі спісы юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, што маюць спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) на ажыццяўленне дзейнасці па працаўладкаванню грамадзян за мяжой.

10. Міністэрству інфармацыі, Міністэрству адукацыі сумесна з Міністэрствам унутраных спраў арганізаваць інфармацыйна-асветную работу па прадухіленню гандлю людзьмі, забяспечыць павышэнне інфармаванасці грамадства аб небяспечных сітуацыях, у якіх могуць апынуцца патэнцыяльныя ахвяры гандлю людзьмі, у тым ліку аб патэнцыяльнай рызыцы эксплуатацыі, насілля і злоўжыванняў у дачыненні нелегальных мігрантаў, аб сродках і метадах, што выкарыстоўваюцца гандлярамі людзьмі, мерах, якія прымаюцца дзяржавай, па абароне грамадзян ад супроціпраўных дзеянняў, аб адказнасці за гандаль людзьмі.

11. Ускласці на кіраўнікоў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый персанальную адказнасць за выкананне патрабаванняў гэтага Дэкрэта.

12. Унесці змяненне і дапаўненні ў наступныя дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:

12.1. у Палажэнні аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання, зацверджаным Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 сакавіка 1999 г. № 11 «Аб упарадкаванні дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 23, 1/191; 2002 г., № 142, 1/4230):

12.1.1. пункт 38 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«38. Рэгіструючы орган у пятнаццацідзённы тэрмін з дня дзяржаўнай рэгістрацыі суб'ектаў гаспадарання паведамляе аб ёй у падатковыя органы і органы дзяржаўнай статыстыкі, а ў дачыненні суб'ектаў гаспадарання, што займаюцца рэкламнай дзейнасцю, дзейнасцю мадэльных агенцтваў, падрыхтоўкай мадэляў (дэманстратараў адзення), акрамя таго, — у дзесяцідзённы тэрмін у Міністэрства ўнутраных спраў.»;

12.1.2. падпункт 41.2 пункта 41 дапоўніць абзацам наступнага зместу:

«устанаўленне фактаў, якія сведчаць аб тым, што яе дзейнасць была звязана з гандлем людзьмі;»;

12.2. у Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2003 г. № 17 «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., нумар 79, 1/4779):

12.2.1. у пункце 8 Палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, зацверджанага гэтым Дэкрэтам:

абзац дзесяты часткі першай дапоўніць словамі «, або вызначаныя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь»;

частку трэцюю дапоўніць словамі «, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь»;

12.2.2. пералік відаў дзейнасці, на ажыццяўленне якіх патрабуюцца спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі), і ўпаўнаважаных на іх выдачу дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый, зацверджаны названым Дэкрэтам, дапоўніць пунктам 30прым. наступнага зместу:

«301. Дзейнасць, звязаная

са зборам і распаўсюджваннем

інфармацыі аб фізічных асобах

з мэтай іх знаёмства

13. Гэты Дэкрэт уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем падпунктаў 5.1—5.10 пункта 5, з'яўляецца часовым і згодна з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўляецца на разгляд Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Палажэнні падпунктаў 5.1—5.10 пункта 5 гэтага Дэкрэта ўводзяцца ў дзеянне з дня ўступлення ў сілу Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях узмацнення адказнасці за гандаль людзьмі і іншыя, звязаныя з ім правапарушэнні».

Прэзідэнт

Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

9 сакавіка 2005 г.

г. Мінск.