УКАЗ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 222

Аб некаторых пытаннях арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў

У мэтах рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь:

1. Устанавіць, што:

1.1. развіццё дзейнасці студэнцкіх атрадаў з'яўляецца прыярытэтным напрамкам у выхаванні моладзі шляхам прыцягнення да грамадска карыснай працы, набыцця прафесійных і кіраўніцкіх навыкаў;

1.2. студэнцкі атрад — гэта добраахвотнае аб'яднанне асоб, якія вучацца ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі (далей — установы адукацыі), іншых катэгорый моладзі, якія выказалі жаданне ў вольны ад вучобы і асноўнай работы час удзельнічаць у вытворчай, творчай, сацыяльна значнай дзейнасці;

1.3. фарміраванне студэнцкіх атрадаў ажыццяўляецца ўстановамі адукацыі, грамадскім аб'яднаннем «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» (далей ГА «БРСМ»), іншымі маладзёжнымі грамадскімі аб'яднаннямі пры арганізацыйнай, метадычнай і фінансавай падтрымцы зацікаўленых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Рашэнне аб стварэнні студэнцкага атрада ўзгадняецца з Міністэрствам адукацыі;

1.4. у склад студэнцкіх атрадаў уваходзяць студэнты і навучэнцы ўстаноў адукацыі, іншыя катэгорыі моладзі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, ГА «БРСМ», іншых маладзёжных грамадскіх аб'яднанняў, якія ажыццяўляюць кіраўніцтва гэтымі атрадамі, у абавязковым парадку ўключаюцца ўрачы або клінічныя ардынатары (далей — удзельнікі студэнцкіх атрадаў).

Залічэнне ў студэнцкі атрад праводзіцца:

студэнтаў і навучэнцаў устаноў адукацыі на падставе іх заяў пры ўмове адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў да выканання ажыццяўляемых атрадам відаў дзейнасці (работ), пацверджаных медыцынскай даведкай, і акадэмічнай запазычанасці;

іншых катэгорый моладзі на падстве заяў пры ўмове станоўчай характарыстыкі з месца работы або месца жыхарства;

1.5. студэнцкія атрады ствараюцца на час летніх канікулаў для ажыццяўлення дзейнасці ў галіне адукацыі, па ахове навакольнага асяроддзя, будаўнічай, сельскагаспадарчай дзейнасці ў дзяржаўных арганізацыях або ў арганізацыях з доляй дзяржаўнай уласнасці, а таксама ў сельскагаспадарчых арганізацыях (далей — прымаючыя арганізацыі).

Канкрэтныя аб'екты (віды і аб'ёмы работ), на якіх студэнцкія атрады маюць права ажыццяўляць сваю дзейнасць, устанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Паміж установай адукацыі, ГА «БРСМ», іншым маладзёжным грамадскім аб'яднаннем, што сфарміравала студэнцкі атрад, і прымаючай арганізацыяй у абавязковым парадку заключаецца дагавор, які вызначае ўмовы дзейнасці атрада з улікам патрабаванняў працоўнага заканадаўства, у тым ліку па ахове працы і тэхніцы бяспекі, а таксама абавязацельствы прымаючай арганізацыі па забеспячэнню ўмоў размяшчэння, харчавання, аплаты працы ўдзельнікаў студэнцкага атрада.

Установы адукацыі, ГА «БРСМ», іншыя маладзёжныя грамадскія аб'яднанні, якія сфарміравалі студэнцкія атрады, забяспечваюць навучанне ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў асновам працоўнага заканадаўства, па ахове працы і тэхніцы бяспекі, правядзенне інструктажаў па будучай дзейнасці. Кіраўнік студэнцкага атрада ва ўстаноўленым парадку інфармуе адпаведныя ўстановы адукацыі, ГА «БРСМ», іншыя маладзёжныя грамадскія аб'яднанні аб дзейнасці атрада.

За парушэнне патрабаванняў гэтага Указа, іншых нарматыўных прававых актаў, якія рэгламентуюць дзейнасць студэнцкага атрада, а таксама за невыкананне правілаў унутранага распарадку атрада, інструкцый па ахове працы і тэхніцы бяспекі ўдзельнікі студэнцкага атрада падлягаюць выключэнню з яго складу;

1.6. удзельнікам студэнцкіх атрадаў прадастаўляецца 50-працэнтная скідка з кошту праезду на аднаразовы праезд у складзе студэнцкага атрада прыгараднымі і мясцовымі паяздамі чыгуначнага транспарту агульнага карыстання ўнутрырэспубліканскіх чыгуначных зносінаў з 1 мая па 30 верасня да месца работы і назад па спісу, заверанаму кіраўніком установы адукацыі, ГА «БРСМ», іншага маладзёжнага грамадскага аб'яднання, у якім фарміраваўся гэты атрад, і ўзгодненаму з Міністэрствам адукацыі;

1.7. даходы, атрыманыя ўдзельнікамі студэнцкіх атрадаў за работу ў іх складзе, не падлягаюць абкладанню падаходным падаткам.

2. Адказнасць за склад студэнцкага атрада і кантроль за яго дзейнасцю нясе кіраўнік установы адукацыі, ГА «БРСМ», іншага маладзёжнага грамадскага аб'яднання, якое сфарміравала студэнцкі атрад.

3. Дзеянне частак першай і другой падпункта 1.5, падпунктаў 1.6 і 1.7 пункта 1 гэтага Указа не пашыраецца на дзейнасць студэнцкіх атрадаў за мяжой.

Накіраванне студэнцкага атрада за мяжу ажыццяўляецца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку пры наяўнасці спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), што выдаецца Міністэрствам унутраных спраў.

4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечыць:

4.1. штогадовае зацвярджэнне ва ўстаноўленым парадку пераліку аб'ектаў (відаў і аб'ёмаў работ), на якіх студэнцкія атрады маюць права ажыццяўляць сваю дзейнасць;

4.2. за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту штогадовае кампенсаванне Беларускай чыгунцы расходаў, панесеных арганізацыямі чыгуначнага транспарту агульнага карыстання ў сувязі з прадастаўленнем ільгот на праезд асобам, названым у падпункце 1.6 пункта 1 гэтага Указа;

4.3. у трохмесячны тэрмін прывядзенне нарматыўных прававых актаў Урада Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваных яму рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.

5. Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам забяспечыць стварэнне аператыўных штабоў для каардынацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў, кантролю за стварэннем неабходных бытавых умоў удзельнікам студэнцкіх атрадаў у адпаведнасці з заканадаўствам, прадугледзеўшы пры неабходнасці ўдзел у іх работнікаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, а таксама ГА «БРСМ», іншых маладзёжных грамадскіх аб'яднанняў.

6. Рэкамендаваць мясцовым Саветам дэпутатаў прадастаўляць ільготы па мясцовых падатках і зборах асобным катэгорыям юрыдычных асоб незалежна ад формаў уласнасці, якія прыцягваюць да работ студэнцкія атрады.

7. Гэты Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

12 мая 2005 г., г. Мінск.