Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

Аб падаткаабкладанні кампенсацыі маральнай шкоды

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты грамадзян аб канстытуцыйнасці заканадаўства, якое рэгулюе пытанні падаткаабкладання сум кампенсацыі фізічным асобам маральнай шкоды.

Вывучыўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Грамадзянскага і Падатковага кодэксаў, Закона «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

Згодна з часткай другой артыкула 60 Канстытуцыі з мэтай абароны правоў, свабод, гонару і годнасці грамадзяне, у адпаведнасці з законам, маюць права спагнаць у судовым парадку як маёмасную шкоду, так і матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды.

Шкода, нанесеная асобе або маёмасці грамадзяніна, у адпаведнасці з часткай першай пункта 1 артыкула 933 Грамадзянскага кодэкса (далей — ГК), падлягае пакрыццю ў поўным аб'ёме асобай, якая нанесла шкоду. Падставы і памер кампенсацыі грамадзяніну маральнай шкоды вызначаюцца правіламі, прадугледжанымі главой 58 і артыкулам 152 ГК (пункт 1 артыкула 968 ГК). Згодна з артыкуламі 152 і 970 ГК кампенсацыя маральнай шкоды ажыццяўляецца ў грашовай форме. Размер кампенсацыі вызначаецца судом у залежнасці ад характару прычыненых пацярпеўшаму фізічных і маральных пакут, а таксама ступені віны прычыніцеля шкоды ў выпадках, калі віна з'яўляецца падставай для пакрыцця шкоды. Пры вызначэнні памеру кампенсацыі шкоды павінны ўлічвацца патрабаванні разумнасці і справядлівасці. Характар фізічных і маральных пакут ацэньваецца судом з улікам фактычных акалічнасцяў, пры якіх была нанесена маральная шкода, і індывідуальных асаблівасцяў пацярпеўшага.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што грамадзянскае заканадаўства Рэспублікі Беларусь змяшчае прававыя нормы, якія рэгулююць адносіны па пакрыццю маральнай шкоды і вызначэнню судом памеру яе кампенсацыі.

У адпаведнасці з падпунктам 1.35 пункта 1 артыкула 3 Закона «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» (далей — Закон) не падлягаюць падаткаабкладанню ўсе віды прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь кампенсацыйных выплат у межах нормаў, устаноўленых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (за выключэннем кампенсацыі за нявыкарыстаны адпачынак, кампенсацыі за выкарыстанне транспартных сродкаў, абсталявання, інструментаў і прыстасаванняў, якія належаць работніку), у тым ліку звязаных з:

выкананнем фізічнай асобай працоўных абавязкаў (уключаючы пераезд на работу ў іншую мясцовасць і пакрыццё камандзіровачных расходаў). Пры аплаце работніку расходаў на камандзіроўкі як унутры краіны, так і за яе межамі ў абкладаемы падаткам даход не ўключаюцца сутачныя ў межах нормаў, якія ўстанаўліваюцца Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь, а таксама фактычна ажыццёўленыя і дакументальна пацверджаныя мэтавыя расходы, звязаныя з камандзіроўкамі;

пакрыццём шкоды, нанесенай незаконнымі дзеяннямі органаў дазнання, папярэдняга следства, пракуратуры, суда;

пакрыццём шкоды пры страце працаздольнасці, звязанай з калецтвам ці іншым пашкоджаннем здароўя, а таксама ў сувязі са стратай карміцеля;

бясплатным прадастаўленнем жылых памяшканняў і камунальных паслуг;

аплатай кошту і (або) выдачай належнага натуральнага забеспячэння, а таксама выплатай грашовых сродкаў узамен гэтага забеспячэння;

аплатай кошту харчавання, спартыўнага забеспячэння, абсталявання, спартыўнай і параднай формы, якія атрымліваюцца спартсменамі і работнікамі фізкультурна-спартыўных арганізацый для вучэбна-трэніровачнага працэсу і ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах;

гібеллю, устанаўленнем інваліднасці, якая звязана з выкананнем службовых абавязкаў ці наступіла ў выніку ранення, кантузіі, калецтва, ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога саставу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях ці дзяржаўных служачых пры выкананні імі сваіх службовых абавязкаў.

Вывучэнне правапрымяняльнай практыкі паказвае, што сумы грашовай кампенсацыі маральнай шкоды, за выключэннем непасрэдна пералічаных у Законе выпадкаў пакрыцця такой шкоды, разглядаюцца падатковымі органамі ў якасці даходаў, што падлягаюць падаткаабкладанню, і абкладаюцца падаходным падаткам як «іншыя даходы». Такі парадак падаткаабкладання сум, выплачаных грамадзянам у мэтах пакрыцця маральнай шкоды, устаноўлены пунктам 48 Iнструкцыі аб парадку вылічэння і выплаты падаходнага падатку з фізічных асоб, зацверджанай пастановай Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь ад 20 лютага 2002 г. № 16.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што існуючая практыка, калі з адных сум кампенсацыі маральнай шкоды падатак выплачваецца, а з другіх — не, не ў поўнай меры заснавана на палажэннях Закона, таму што адрозненне ў падаткаабкладанні сум кампенсацыі маральнай шкоды ў залежнасці ад абставінаў, якія з'явіліся прычынай яе пакрыцця, з нормаў Закона «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» прама не вынікае. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, практыка, якая склалася, з'яўляецца вынікам выкарыстання ў Законе неадназначнай фармулёўкі «у межах нормаў, устаноўленых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што мэтай кампенсацыі маральнай шкоды з'яўляецца не атрыманне даходу, а пакрыццё нанесеных маральных і фізічных пакут.

Згодна з артыкуламі 97, 98 Канстытуцыі права афіцыйнага тлумачэння законаў належыць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь. Парламент валодае правам устанаўліваць рэспубліканскія падаткі і зборы, у тым ліку вызначаць не толькі істотныя элементы падатку, але і льготы па яго вылічэнню і выплаце.

У Пасланні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2004 годзе» адзначана, што высокі ўзровень якасці заканадаўства прадугледжвае адсутнасць у ім якой бы то ні было двухсэнсавасці, што з'яўляецца неабходнай умовай аднастайнага разумення прававых нормаў і іх практычнага прымянення.

Кіруючыся артыкулам 40 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40 401 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд

ВЫРАШЫЎ:

1. Прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняць меры па ўдасканаленню нормаў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб падаходным падатку з фізічных асоб», якія рэгулююць падаткаабкладанне кампенсацыі маральнай шкоды, і практыкі іх прымянення шляхам тлумачэння дадзенага Закона ці ўнясення ў яго змяненняў для выключэння неадназначнага разумення і прымянення ўказаных нормаў у мэтах больш поўнай абароны правоў грамадзян.

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Старшынствуючы —

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь Р. А. ВАСIЛЕВIЧ

12 мая 2005 г., г. Мінск

№ Р-185/2005