Закон Рэспублікі Беларусь

Аб амністыі ў сувязі з 60-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 19 красавіка 2005 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 28 красавіка 2005 года

Артыкул 1. Вызваліць ад пакарання ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу, пазбаўлення права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю, папраўчых работ, абмежавання па ваеннай службе, арышту, абмежавання волі, накіравання ў дысцыплінарную воінскую часць, пазбаўлення волі, а таксама ад іншых мераў крымінальнай адказнасці ў выглядзе асуджэння з адтэрміноўкай выканання пакарання, асуджэння з умоўным непрымяненнем пакарання, асуджэння без прызначэння пакарання:

ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны;

непаўналетніх;

цяжарных жанчын;

жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць дзяцей ва ўзросце да васемнаццаці гадоў;

мужчын старэй за шэсцьдзесят гадоў і жанчын старэй за пяцьдзесят пяць гадоў;

інвалідаў I ці II групы, а таксама хворых на актыўную форму туберкулёзу, аднесеных да I, II, V «А» ці V «Б» груп дыспансэрнага ўліку, і хворых на анкалагічныя захворванні другой, трэцяй і чацвёртай клінічных груп;

ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў;

удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і асоб, якія пацярпелі ад гэтай катастрофы;

асоб, якія атрымалі раненні (кантузіі), калецтвы пры выкананні абавязкаў у перыяд ваеннай службы ва Узброеных Сілах СССР, Камітэце дзяржаўнай бяспекі СССР, Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях, створаных у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, а таксама асоб, якія атрымалі раненні (кантузіі), калецтвы, захворванні ў сувязі з ажыццяўленнем службовай дзейнасці ў перыяд праходжання службы ў органах унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, пракуратуры, органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях.

Артыкул 2. Вызваліць ад мераў крымінальнай адказнасці ў выглядзе асуджэння з адтэрміноўкай выканання пакарання, асуджэння з умоўным непрымяненнем пакарання, асуджэння без прызначэння пакарання асоб, не пералічаных у артыкуле 1 гэтага Закона, прыгаворы ў адносінах да якіх пастаноўлены на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона.

Артыкул 3. Вызваліць ад пакарання ў выглядзе арышту асоб, не пералічаных у артыкуле 1 гэтага Закона, прыгаворы ў адносінах да якіх пастаноўлены на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона.

Артыкул 4. Вызваліць ад пакарання ў выглядзе накіравання ў дысцыплінарную воінскую часць ваеннаслужачых, не пералічаных у артыкуле 1 гэтага Закона, калі яны на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона адбылі не менш як адну трэць прызначанага тэрміну пакарання.

Артыкул 5. Вызваліць ад пакарання асоб, не пералічаных у артыкуле 1 гэтага Закона, якім прызначана пакаранне за злачынствы, учыненыя па неасцярожнасці, калі яны на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона адбылі не менш як адну трэць прызначанага тэрміну пакарання.

Артыкул 6. Вызваліць ад пакарання асоб, не пералічаных у артыкуле 1 гэтага Закона, якім прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі (артыкул 55 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 1999 года (далей — Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь), умоўнага асуджэння да пазбаўлення волі з абавязковым прыцягненнем асуджанага да працы (артыкул 231 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 1960 года (далей — Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь 1960 года), а таксама асоб, якім прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў уключна, калі яны на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона адбылі не менш як адну трэць прызначанага пакарання.

Артыкул 7. Не вызваляць ад пакарання:

асоб, пералічаных у артыкулах 1—6 гэтага Закона, асуджаных паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за:

злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва (артыкулы 122, 124—129, часткі 2 і 3 артыкула 130, артыкул 131);

ваенныя злачынствы і іншыя парушэнні законаў і звычаяў вядзення вайны (артыкулы 132—137);

злачынствы супраць жыцця і здароўя (артыкулы 139, 147, часткі 2 і 3 артыкула 157, частка 2 артыкула 164);

злачынствы супраць палавой недатыкальнасці ці палавой свабоды (артыкулы 166 і 167);

злачынствы супраць укладу сямейных адносінаў і інтарэсаў непаўналетніх (часткі 2 і 3 артыкула 172);

злачынствы супраць асабістай свабоды, гонару і годнасці (артыкулы 181, 182, частка 2 артыкула 183, частка 3 артыкула 187);

злачынствы супраць уласнасці (часткі 3 і 4 артыкула 205, часткі 2, 3 і 4 артыкула 206, артыкул 207, часткі 2 і 3 артыкула 208, часткі 3 і 4 артыкула 209, часткі 3 і 4 артыкула 210, часткі 3 і 4 артыкула 211, часткі 3 і 4 артыкула 212, часткі 2 і 3 артыкула 214, часткі 2 і 3 артыкула 218);

злачынствы супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці (артыкул 221, частка 2 артыкула 222, часткі 2 і 3 артыкула 223, часткі 2, 3 і 4 артыкула 228, артыкулы 229, 230, частка 2 артыкула 231, частка 3 артыкула 233, частка 2 артыкула 234, часткі 2 і 3 артыкула 235, частка 3 артыкула 236, частка 2 артыкула 243, частка 2 артыкула 245, частка 3 артыкула 246);

злачынствы супраць экалагічнай бяспекі і прыроднага асяроддзя (частка 1 артыкула 265, частка 1 артыкула 266, частка 2 артыкула 267, частка 2 артыкула 268, частка 3 артыкула 272, частка 3 артыкула 274, частка 3 артыкула 278, частка 2 артыкула 279);

злачынствы супраць грамадскай бяспекі (артыкулы 285—287, частка 2 артыкула 288, артыкул 289, частка 2 артыкула 290, артыкул 291, частка 2 артыкула 292, артыкулы 293, 294, часткі 2, 3 і 4 артыкула 295, частка 2 артыкула 299, частка 3 артыкула 301, частка 2 артыкула 302, частка 2 артыкула 303, частка 3 артыкула 304, частка 2 артыкула 305, частка 3 артыкула 306, артыкул 308);

злачынствы супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту (частка 3 артыкула 309, частка 2 артыкула 310, часткі 2 і 3 артыкула 311, артыкулы 312, 313, частка 3 артыкула 314, частка 2 артыкула 316, частка 3 артыкула 317, частка 2 артыкула 319, частка 3 артыкула 320);

злачынствы супраць здароўя насельніцтва (артыкул 323, частка 3 артыкула 325, часткі 2 і 3 артыкула 327, часткі 2, 3 і 4 артыкула 328, часткі 2 і 3 артыкула 329, частка 2 артыкула 331, частка 2 артыкула 332, частка 2 артыкула 333, частка 2 артыкула 335, частка 2 артыкула 336, частка 3 артыкула 337, частка 2 артыкула 338);

злачынствы супраць грамадскага парадку і грамадскай маралі (частка 3 артыкула 339, частка 2 артыкула 340, частка 2 артыкула 344);

злачынствы супраць інфармацыйнай бяспекі (частка 3 артыкула 349, частка 2 артыкула 350, частка 2 артыкула 351, частка 2 артыкула 354, частка 3 артыкула 355);

злачынствы супраць дзяржавы (артыкулы 356—361);

злачынствы супраць парадку кіравання (артыкулы 362, 364, 366, частка 3 артыкула 371, частка 2 артыкула 3711, частка 3 артыкула 376, частка 2 артыкула 384);

злачынствы супраць правасуддзя (артыкул 388, частка 2 артыкула 392, частка 3 артыкула 393, часткі 2 і 3 артыкула 394, частка 3 артыкула 395, частка 2 артыкула 397, частка 2 артыкула 399, артыкул 410, частка 2 артыкула 413);

злачынствы супраць інтарэсаў службы (частка 3 артыкула 424, частка 3 артыкула 425, частка 3 артыкула 426, артыкул 430, часткі 2 і 3 артыкула 431, частка 3 артыкула 432, частка 3 артыкула 433);

злачынствы прызыўнікоў і ваеннаабавязаных (артыкул 434);

воінскія злачынствы (частка 2 артыкула 438, частка 2 артыкула 440, частка 2 артыкула 441, частка 3 артыкула 443, частка 4 артыкула 445, частка 2 артыкула 446, артыкулы 447—449, часткі 2 і 3 артыкула 450, частка 3 артыкула 451, частка 2 артыкула 453, часткі 2 і 3 артыкула 455, частка 2 артыкула 456, частка 2 артыкула 457, частка 2 артыкула 459, частка 3 артыкула 463, частка 3 артыкула 464, частка 2 артыкула 465);

асоб, пералічаных у артыкулах 1—6 гэтага Закона, асуджаных паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1960 года за:

дзяржаўныя злачынствы (артыкулы 61—69, частка трэцяя артыкула 71, артыкулы 74, 741, 742, 75, 751, 752, 76, 78, частка першая артыкула 82, артыкулы 83, 84, часткі другая і трэцяя артыкула 85);

злачынствы супраць уласнасці (часткі трэцяя і чацвёртая артыкула 87, часткі другая, трэцяя і чацвёртая артыкула 88, артыкул 89, часткі трэцяя і чацвёртая артыкула 90, часткі трэцяя і чацвёртая артыкула 91, часткі другая і трэцяя артыкула 93, часткі другая і трэцяя артыкула 96, частка чацвёртая артыкула 141, часткі другая, трэцяя і чацвёртая артыкула 142, артыкул 143, частка трэцяя артыкула 144, часткі другая і трэцяя артыкула 145);

злачынствы супраць жыцця, здароўя, свабоды і годнасці асобы (артыкулы 100, 101, 106, частка другая артыкула 1131, артыкулы 115, 119, 123, 1241);

злачынствы ў сферы прадпрымальніцтва і іншай гаспадарчай дзейнасці (частка другая артыкула 1514, часткі другая і трэцяя артыкула 1516);

службовыя злачынствы (частка другая артыкула 167, артыкул 169, частка другая артыкула 1691, частка другая артыкула 170);

злачынствы супраць правасуддзя (частка другая артыкула 172, частка другая артыкула 173, частка другая артыкула 175, артыкул 184);

злачынствы супраць парадку кіравання (артыкул 1891);

злачынствы супраць грамадскай бяспекі, грамадскага парадку і здароўя насельніцтва (частка трэцяя артыкула 201, частка трэцяя артыкула 206, часткі другая і трэцяя артыкула 2072, частка другая артыкула 2081, артыкул 2082, частка трэцяя артыкула 2101, частка другая артыкула 211, частка другая артыкула 2111, артыкул 2112, частка другая артыкула 2114, частка другая артыкула 212, частка другая артыкула 2121, частка першая артыкула 213, артыкул 2131, артыкул 2133, частка другая артыкула 2161, артыкулы 2191 — 2194, частка другая артыкула 220, частка другая артыкула 2201);

воінскія злачынствы (пункты «б» і «в» артыкула 227, пункты «б» і «в» артыкула 229, артыкул 231, пункт «в» артыкула 233, пункт «г» артыкула 235, артыкулы 236—238, пункты «б» і «в» артыкула 240, пункт «в» артыкула 2401, артыкулы 242, 243, пункты «д» і «е» артыкула 244, пункт «в» артыкула 245, пункты «в» і «г» артыкула 246, пункты «б» і «в» артыкула 249, пункт «г» артыкула 2491, артыкулы 251, 252, 255 і 256).

Не вызваляць ад пакарання асоб, пералічаных у артыкулах 1—6 гэтага Закона, асуджаных за злачынствы, прадугледжаныя часткай 1 артыкула 231, часткамі 1 і 2 артыкула 233, часткай 1 артыкула 234, часткай 2 артыкула 237, часткай 2 артыкула 238, артыкуламі 239—241, часткай 1 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і асуджаных за злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 1501—1505, 151, 1526, 160 і 1601 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1960 года, і на дзень разгляду матэрыялаў аб прымяненні амністыі не пакрыўшых поўнасцю нанесены дадзенымі злачынствамі ўрон, які падлягае спагнанню з іх згодна з прыгаворам ці іншым рашэннем суда, якія ўступілі ў законную сілу.

Артыкул 8. Не вызваляць ад дадатковых пакаранняў, прызначаных судом, асоб, якія не падпадаюць пад дзеянне гэтага Закона, за выключэннем асоб, пералічаных у артыкуле 1 гэтага Закона.

Артыкул 9. Амністыя не пашыраецца на асоб:

да якіх на працягу 1999—2004 гадоў прымянялася амністыя ці памілаванне і якія зноў учынілі наўмыснае злачынства ў перыяд незнятай ці непагашанай судзімасці;

якія злосна парушаюць устаноўлены парадак адбыцця пакарання;

якім смяротная кара ў парадку памілавання заменена пазбаўленнем волі, пажыццёвым зняволеннем, і асоб, якім пажыццёвае зняволенне заменена пазбаўленнем волі;

асуджаных да пажыццёвага зняволення;

якія раней учынілі наўмыснае злачынства, за якое яны асуджаліся да пазбаўлення волі, і якія зноў учынілі наўмыснае злачынства ў перыяд незнятай ці непагашанай судзімасці;

аб'яўленых у вышук у сувязі з ухіленнем ад адбыцця пакарання па прыгавору, які ўступіў у законную сілу.

Артыкул 10. Вызваліць ад пакарання часткова тэрмінам на адзін год:

асоб, якім прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі;

асоб, якім неадбытая частка пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі заменена пакараннем у выглядзе абмежавання волі ці папраўчых работ або якім неадбытая частка пакарання ў выглядзе абмежавання волі заменена пакараннем у выглядзе папраўчых работ (артыкул 91 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), і асоб, умоўна вызваленых з месцаў пазбаўлення волі з абавязковым прыцягненнем асуджанага да працы (артыкул 512 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1960 года), а таксама асоб, умоўна-датэрмінова вызваленых ад пакарання ў выглядзе абмежавання волі ці пазбаўлення волі ў адпаведнасці з артыкулам 90 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;

ваеннаслужачых, якім прызначана пакаранне ў выглядзе накіравання ў дысцыплінарную воінскую часць;

асоб, якім прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі (артыкул 55 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), і асоб, умоўна асуджаных да пазбаўлення волі з абавязковым прыцягненнем асуджанага да працы (артыкул 231 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1960 года).

Вызваліць ад пакарання асоб, пералічаных у частцы першай гэтага артыкула, у якіх на дзень разгляду матэрыялаў аб прымяненні амністыі да заканчэння тэрміну пакарання застаецца менш як адзін год.

Артыкул 11. Зняць судзімасць з асоб, вызваленых ад пакарання на падставе артыкула 1 гэтага Закона.

Артыкул 12. Вызваліць ад крымінальнай адказнасці і спыніць папярэдняе расследаванне па крымінальных справах, якія знаходзяцца ў вытворчасці органаў папярэдняга расследавання, і вытворчасць па крымінальных справах, не разгледжаных судамі, аб злачынствах, учыненых да ўступлення ў сілу гэтага Закона асобамі, пералічанымі ў артыкуле 1 гэтага Закона.

Палажэнне часткі першай гэтага артыкула не пашыраецца на асоб, якія падпадаюць пад дзеянне артыкула 7 гэтага Закона.

Артыкул 13. Пад дзеянне гэтага Закона падпадаюць асобы, якія ўчынілі злачынствы да дня ўступлення ў сілу гэтага Закона, як асуджаныя, так і не асуджаныя судамі Рэспублікі Беларусь, асобы, прыгаворы ў адносінах да якіх разглядаюцца ў касацыйным ці наглядным парадку, а таксама асобы, якія асуджаны судамі іншых дзяржаў, але адбываюць пакаранне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці перададзеныя для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на ўмовах прынцыпу ўзаемнасці.

Пад дзеянне артыкула 10 гэтага Закона падпадаюць асуджаныя, якія ўчынілі злачынствы да дня ўступлення ў сілу гэтага Закона, у адносінах да якіх прыгаворы пастаноўлены да заканчэння тэрміну, устаноўленага артыкулам 22 гэтага Закона.

Артыкул 14. Пад дзеянне абзаца другога артыкула 1 гэтага Закона падпадаюць асобы, якія з'яўляюцца ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны ў адпаведнасці з артыкулам 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 года «Аб ветэранах» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 15, стар. 249; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2001 г., № 67, 2/787) і маюць пасведчанні (сведчанні) устаноўленага ўзору.

Дзеянне абзаца другога артыкула 1 гэтага Закона не пашыраецца на асоб, пазбаўленых ва ўстаноўленым парадку ордэнаў і медалёў СССР.

Пад дзеянне абзаца трэцяга артыкула 1 гэтага Закона падпадаюць асобы, якія ўчынілі злачынствы ва ўзросце да васемнаццаці гадоў.

Пад дзеянне абзаца чацвёртага артыкула 1 гэтага Закона падпадаюць жанчыны, якія з'яўляюцца цяжарнымі на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона.

Пад дзеянне абзаца пятага артыкула 1 гэтага Закона падпадаюць асобы (жанчыны, мужчыны-ўдаўцы, мужчыны, якія выхоўваюць дзяцей, маці якіх пазбаўлены бацькоўскіх правоў, мужчыны, якія выхоўваюць дзяцей і не знаходзяцца ў шлюбе), якія не пазбаўлены бацькоўскіх правоў і маюць дзяцей, якім на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона не споўнілася васемнаццаці гадоў.

Пад дзеянне абзаца шостага артыкула 1 гэтага Закона падпадаюць мужчыны, якія дасягнулі шасцідзесяці гадоў, і жанчыны, якія дасягнулі пяцідзесяці пяці гадоў на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона, а пры адсутнасці дакументаў, якія пацвярджаюць дзень і месяц нараджэння, — мужчыны, якія нарадзіліся да 1945 года, і жанчыны, якія нарадзіліся да 1950 года.

Пад дзеянне абзаца сёмага артыкула 1 гэтага Закона падпадаюць асобы, прызнаныя ва ўстаноўленым парадку інвалідамі I і II групы на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона; хворыя на актыўную форму туберкулёзу, аднесеныя да I, II, V «А» ці V «Б» групам дыспансэрнага ўліку, хворыя на анкалагічныя захворванні другой, трэцяй і чацвёртай клінічных груп на дзень разгляду матэрыялаў аб прымяненні амністыі.

Пад дзеянне абзаца восьмага артыкула 1 гэтага Закона падпадаюць асобы, якія з'яўляюцца ветэранамі баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў у адпаведнасці з артыкулам 3 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ветэранах» і маюць пасведчанні (сведчанні) устаноўленага ўзору.

Пад дзеянне абзаца дзевятага артыкула 1 гэтага Закона падпадаюць асобы, якім выдадзены дакументы ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 22 лютага 1991 года «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай СС Р, 1991 г., № 10, ст. 111) ці аналагічнымі законамі іншых дзяржаў.

Артыкул 15. Пры прымяненні гэтага Закона да асоб, якім тэрмін пакарання раней скарочаны ў парадку памілавання ці амністыі, варта зыходзіць з тэрміну пакарання, устаноўленага ў адпаведнасці з актамі памілавання ці амністыі.

Артыкул 16. Пры прымяненні гэтага Закона не ўлічваюцца судзімасці, пагашаныя або знятыя ў парадку, устаноўленым артыкуламі 97 і 98 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (артыкулам 54 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1960 года), а таксама судзімасці за злачынствы, адказнасць за якія не прадугледжана Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 17. Асобамі, якія злосна парушаюць устаноўлены парадак адбывання пакарання, варта лічыць асоб:

якія маюць не менш як тры спагнанні за парушэнні, пералічаныя ў частцы 3 артыкула 55 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, не пагашаныя або не знятыя ва ўстаноўленым парадку на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона;

якія маюць спагнанні, пералічаныя ў частцы 1 артыкула 117 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, не пагашаныя або не знятыя ва ўстаноўленым парадку на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона. Спагнанні, накладзеныя да ўступлення прыгавора ў законную сілу, пры гэтым не ўлічваюцца;

якія ўчынілі наўмыснае злачынства пасля ўступлення прыгавора ў законную сілу, але не накіраваны для адбывання пакарання ў выглядзе арышту, абмежавання волі, пазбаўлення волі;

якія ўчынілі наўмыснае злачынства падчас адбывання пакарання ў папраўчых установах, арыштных дамах, следчых ізалятарах;

якія ўчынілі наўмыснае злачынства ў перыяд адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі, у тым ліку асуджаных за ўхіленне ад адбывання пакарання па артыкулу 415 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь; якія ўчынілі наўмыснае злачынства ў перыяд абавязковага прыцягнення асуджанага да працы (артыкул 231 і 512 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1960 года), а таксама асоб, якія пасля ўмоўна-датэрміновага вызвалення ад пакарання ўчынілі ў перыяд неадбытай часткі тэрміну пакарання наўмыснае злачынства, калі яны па зноў пастаноўленаму прыгавору адбылі менш чым адзін год назначанага судом тэрміну пакарання на дзень разгляду матэрыялаў аб прымяненні амністыі;

якія ўчынілі наўмыснае злачынства ў перыяд адбывання пакарання ў выглядзе папраўчых работ, а таксама накіраваныя ў месцы пазбаўлення волі за злоснае ўхіленне ад адбывання папраўчых работ без пазбаўлення волі (артыкул 28 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1960 года), калі яны па зноў пастаноўленаму прыгавору адбылі менш чым шэсць месяцаў назначанага судом тэрміну пакарання на дзень разгляду матэрыялаў аб прымяненні амністыі;

якія асуджаны з умоўным непрымяненнем пакарання (артыкул 78 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), умоўна асуджаны (артыкул 43 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1960 года), якім суд адмяніў умоўнае непрымяненне пакарання або ўмоўнае асуджэнне і накіраваў іх для адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, калі яны адбылі менш чым шэсць месяцаў назначанага судом тэрміну пакарання на дзень разгляду матэрыялаў аб прымяненні амністыі;

якім неадбытая частка пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі была заменена абмежаваннем волі ці папраўчымі работамі і якія асуджаны за ўхіленне ад адбывання пакарання (артыкулы 415 і 416 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), калі яны па зноў пастаноўленаму прыгавору адбылі менш чым шэсць месяцаў назначанага судом тэрміну пакарання на дзень разгляду матэрыялаў аб прымяненні амністыі;

якія пераведзены з папраўчых калоній-пасяленняў у папраўчыя калоніі іншых відаў за злоснае парушэнне ўстаноўленага парадку адбывання пакарання, калі з дня вынясення пастановы аб накіраванні ў папраўчую калонію на дзень разгляду матэрыялаў аб прымяненні амністыі прайшло менш чым адзін год;

якія ўчынілі наўмыснае злачынства ў перыяд адтэрміноўкі выканання пакарання (артыкул 77 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), адтэрміноўкі выканання прыгавора (артыкул 441 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1960 года), у перыяд выпрабавальнага тэрміну (артыкул 78 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, артыкул 43 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1960 года), адтэрміноўкі адбывання пакарання (артыкул 93 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), калі яны адбылі менш чым адзін год назначанага судом тэрміну пакарання на дзень разгляду матэрыялаў аб прымяненні амністыі;

якія асуджаны да пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання (артыкул 77 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), адтэрміноўкай выканання прыгавора (артыкул 441 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1960 года), якім суд адмяніў адтэрміноўку і накіраваў іх для адбывання пакарання, калі яны адбылі менш чым шэсць месяцаў назначанага судом тэрміну пакарання на дзень разгляду матэрыялаў аб прымяненні амністыі;

якія пераведзены ў турму з папраўчых калоній у адпаведнасці з пунктам 3 часткі 5 артыкула 69 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь за злоснае парушэнне ўстаноўленага парадку адбывання пакарання.

Артыкул 18. Да асоб, якія праходзяць курс першаснага лячэння венерычнага захворвання, гэты Закон прымяняецца толькі пасля завяршэння курса лячэння.

Падставай для прызнання завершаным курса першаснага лячэння венерычнага захворвання асуджанага з'яўляецца медыцынскае заключэнне.

Да асоб, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў папраўчых установах і хварэюць на хранічны алкагалізм, наркаманію ці таксікаманію, да якіх судом прыменены прымусовыя меры бяспекі і лячэння, гэты Закон прымяняецца толькі пасля завяршэння курса лячэння. Падставай для прызнання завершаным курса лячэння асуджанага ад хранічнага алкагалізму, наркаманіі ці таксікаманіі з'яўляецца пастанова суда аб спыненні прымусовага лячэння.

Для арганізацыі неабходнай медыцынскай дапамогі вызваленым з месцаў пазбаўлення волі хворым на актыўную форму туберкулёзу, аднесеных да I, II, V «А» ці V «Б» груп дыспансэрнага ўліку, установы, якія выконваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, павінны паведаміць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам і арганізацыям аховы здароўя па месцы жыхарства аб вызваленні памянёных асоб. Хворыя на актыўную форму туберкулёзу ці венерычныя захворванні абавязаны пасля прыбыцця на месца жыхарства звярнуцца ў адпаведныя арганізацыі аховы здароўя для далейшага лячэння і нагляду.

Артыкул 19. Выкананне гэтага Закона ўскласці на:

органы і ўстановы, якія ажыццяўляюць пакаранні і іншыя меры крымінальнай адказнасці, — у адносінах да асуджаных, якія знаходзяцца ў папраўчых установах, арыштных дамах, следчых ізалятарах, папраўчых установах адкрытага тыпу, дысцыплінарных воінскіх часцях, а таксама ў адносінах да асоб, якія ўмоўна асуджаны да пазбаўлення волі з абавязковым прыцягненнем да працы і ўмоўна вызвалены з месцаў пазбаўлення волі з абавязковым прыцягненнем да працы, і асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай у следчых ізалятарах, прыгавор, у дачыненні да якіх уступіў у законную сілу;

органы папярэдняга расследавання — у адносінах да асоб, справы і матэрыялы аб злачынствах якіх знаходзяцца ў вытворчасці гэтых органаў;

суды:

у адносінах да асоб, крымінальныя справы аб злачынствах якіх знаходзяцца ў вытворчасці судоў і да ўступлення ў сілу гэтага Закона не разгледжаны;

у адносінах да асоб, крымінальныя справы аб злачынствах якіх разгледжаны, але прыгаворы не ўступілі ў законную сілу, а таксама да асоб, у адносінах да якіх прыгаворы ўступілі ў законную сілу, але не накіраваны для выканання на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона;

у адносінах да асоб, прыгаворы якіх разглядаюцца ў касацыйным або наглядным парадку;

у адносінах да асоб, якія асуджаны да штрафу, калі да ўступлення ў сілу гэтага Закона штраф не спагнаны;

у адносінах да асоб, якія ўмоўна-датэрмінова вызвалены ад пакарання, і асоб, якім неадбытая частка пакарання заменена больш мяккім пакараннем да ўступлення ў сілу гэтага Закона (пытанне аб прымяненні гэтага Закона вырашае суд па месцы адбывання пакарання або ажыццяўлення кантролю за асуджаным па прадстаўленню крымінальна-выканаўчай інспекцыі ці па заяве асуджанага);

органы ўнутраных спраў:

у адносінах да асоб, якія асуджаны да арышту, пазбаўлення волі, але не знаходзяцца пад вартай, прыгаворы ў адносінах да якіх уступілі ў законную сілу, асоб, якія асуджаны да абмежавання волі, але не накіраваны да месца адбывання пакарання;

у адносінах да асоб, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю (як асноўнага віду пакарання), папраўчых работ, а таксама асуджаны з адтэрміноўкай выканання пакарання, адтэрміноўкай выканання прыгавора, умоўным непрымяненнем пакарання, умоўным асуджэннем і асуджаны без назначэння пакарання.

Артыкул 20. Рашэнне аб прымяненні або непрымяненні гэтага Закона прымаецца ў адносінах да кожнай асобы індывідуальна пасля праведзенай з ёй гутаркі.

Пры адсутнасці неабходных звестак аб асуджаным разгляд пытання аб прымяненні гэтага Закона адкладваецца да атрымання дадатковых матэрыялаў. Органам, на якія ўскладзена выкананне гэтага Закона, прадастаўляецца права запытваць у адпаведных устаноў дакументы і іншыя матэрыялы, неабходныя для вырашэння пытанняў, звязаных з прымяненнем гэтага Закона. Такія запыты павінны выконвацца неадкладна.

Калі падстаў да адмовы ў прымяненні амністыі на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона не мелася, то адсутнасць рашэння аб прымяненні амністыі не можа разглядацца як акалічнасць, якая перашкаджае прымяненню амністыі ў далейшым. Пры гэтым амністыя да асобы можа быць прыменена і пасля заканчэння тэрміну, указанага ў артыкуле 22 гэтага Закона.

Артыкул 21. Прымяненне гэтага Закона ажыццяўляецца па пастанове начальніка органа ўнутраных спраў, папраўчай установы, следчага ізалятара, арыштнага дома, папраўчай установы адкрытага тыпу, камандзіра дысцыплінарнай воінскай часці, зацверджанай пракурорам. Да ўказанай пастановы дадаюцца даведка аб заахвочваннях і спагнаннях, асабовая справа асуджанага і іншыя дакументы, неабходныя для вырашэння пытання аб прымяненні амністыі.

Пры прымяненні амністыі да асоб, якія вызвалены ад пакарання ў адпаведнасці з артыкуламі 90 і 91 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, да пастановы органа ўнутраных спраў дадаюцца копіі прыгавораў, пастановы (вызначэнні) суда і даведка аб судзімасці.

Рашэнні аб прымяненні гэтага Закона, прынятыя органамі папярэдняга расследавання, органамі ўнутраных спраў, зацвярджаюцца пракурорам. Пры выкананні гэтага Закона судамі ўдзел пракурора абавязковы.

Артыкул 22. Гэты Закон падлягае выкананню органамі, якія пералічаны ў артыкуле 19 гэтага Закона, на працягу шасці месяцаў з дня ўступлення яго ў сілу.

Артыкул 23. Гэты Закон уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.

Артыкул 24. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам забяспечыць:

арганізацыю своечасовага ўліку асоб, якія вызвалены ад пакарання на падставе гэтага Закона, і аказання ім дапамогі ў бытавым і працоўным уладкаванні;

змяшчэння ў дамы інвалідаў вызваленых ад пакарання інвалідаў і непрацаздольных асоб пенсійнага ўзросту, якія не маюць родных, якія маглі б узяць іх на сваё ўтрыманне.

Артыкул 25. Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам:

забяспечыць своечасовае ўзяцце на ўлік вызваленых ад пакарання на падставе гэтага Закона непаўналетніх пасля прыбыцця іх на месца жыхарства, іх працаўладкаванне або перадачу пад кантроль бацькоў, органаў апекі і папячыцельства, накіраванне ў неабходных выпадках у дзіцячыя дамы, уладкаванне ў школы-інтэрнаты, прафесійна-тэхнічныя вучылішчы;

прыняць неабходныя меры, накіраваныя на правядзенне сярод указаных асоб выхаваўчай работы, недапушчэнне ўчынення імі новых злачынстваў;

забяспечыць асоб, якія вызвалены з месцаў пазбаўлення волі па хваробе, стацыянарным і амбулаторным лячэннем, а таксама дыспансэрным наглядам за імі.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

5 мая 2005 года, г. Мінск.

№ 14-З