Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 285

Аб некаторых мерах па рэгуляванню прадпрымальніцкай дзейнасці

У мэтах удасканалення рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці, парадку спагнання падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе індывідуальнымі прадпрымальнікамі тавараў з Расійскай Федэрацыі пастанаўляю:

1. Зацвердзіць прыкладзеныя:

Палажэнне аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб (далей — адзіны падатак);

пералік відаў дзейнасці, пры ажыццяўленні якіх індывідуальныя прадпрымальнікі і іншыя фізічныя асобы выплачваюць адзіны падатак, і базавых ставак адзінага падатку (далей — пералік).

2. Для займання прадпрымальніцкай дзейнасцю ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка грамадзянін мае права:

прыцягваць не больш як трох фізічных асоб па працоўных і (або) грамадзянска-прававых дагаворах, у тым ліку што заключаюцца з юрыдычнымі асобамі;

выкарыстоўваць для вытворчасці і (або) рэалізацыі тавараў, а таксама выканання работ, аказання паслуг адначасова ў сукупнасці не больш як чатыры гандлёвыя аб'екты (гандлёвыя месцы на гандлёвых аб'ектах, што з'яўляюцца самастойнымі гандлёвымі аб'ектамі), гандлёвыя месцы на рынках, аб'екты, у якіх індывідуальныя прадпрымальнікі аказваюць паслугі (выконваюць работы) спажыўцам, уключаючы транспартныя сродкі, якія прымяняюцца для перавозак пасажыраў і грузаў на падставе спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) (далей — абслуговыя аб'екты), іншыя аб'екты, што выкарыстоўваюцца для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці (для захоўвання тавараў, іх перапрацоўкі і інш.).

Названая прадпрымальніцкая дзейнасць з прыцягненнем больш як трох фізічных асоб і (або) выкарыстаннем адначасова больш як чатырох гандлёвых абслуговых і іншых аб'ектаў, гандлёвых месцаў на рынках, транспартных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для перавозак пасажыраў і грузаў на падставе спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), забараняецца.

3. Устанавіць, што з 1 жніўня 2005 г. па 31 снежня 2006 г.:

тавары, якія паходзяць з трэціх краін і выпушчаны ў свабоднае абарачэнне ў Расійскай Федэрацыі (за выключэннем падакцызных тавараў, што падлягаюць маркіроўцы акцызнымі маркамі), пры рэалізацыі якіх індывідуальныя прадпрымальнікі выплачваюць адзіны падатак у адпаведнасці з гэтым Указам, не падлягаюць мытнаму афармленню і абкладанню мытнай пошлінай (зборамі) пры іх увозе на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь;

індывідуальныя прадпрымальнікі выплачваюць падатак на дабаўленую вартасць у фіксаванай суме па ўвезеных на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі таварах, пры рознічным гандлі якімі згодна з гэтым Указам выплачваецца адзіны падатак, у выпадку адсутнасці дакументаў на гэтыя тавары (дагавораў, на падставе якіх тавар увозіцца з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, транспартных дакументаў (таварасуправаджальных дакументаў), што пацвярджаюць перамяшчэнне тавараў з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, рахункаў-фактур падаткаплацельшчыкаў Расійскай Федэрацыі);

пры ўвозе індывідуальнымі прадпрымальнікамі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі тавараў, не прызначаных для рознічнага гандлю, а таксама пры наяўнасці дакументаў, названых у абзацы трэцім гэтага пункта, на ўсе ўвезеныя імі тавары выплата падатку на дабаўленую вартасць ажыццяўляецца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку;

пры наяўнасці дакументаў на ўсе ўвезеныя тавары індывідуальны прадпрымальнік мае права не прымяняць парадак падаткаабкладання, устаноўлены ў гэтым Указе, а выплачваць падаткі, зборы (пошліны) да канца каляндарнага года ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі па ўсіх рэалізуемых таварах на падставе заявы, якая прадастаўляецца індывідуальным прадпрымальнікам у падатковы орган па месцы пастаноўкі на ўлік да пачатку месяца, з якога будуць выплачвацца падаткі, зборы (пошліны);

падатак на дабаўленую вартасць у фіксаванай суме вылічваецца як двухкратная сума належнага да выплаты адзінага падатку без уліку павышальнага каэфіцыента 1,5, устаноўленага ў пункце 12 Палажэння аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб (далей — Палажэнне);

падатак на дабаўленую вартасць у фіксаванай суме выплачваецца па кожнаму гандлёваму аб'екту, гандлёваму месцу на рынку, на якіх ажыццяўляецца рознічны гандаль увезенымі з Расійскай Федэрацыі таварамі, у выпадку адсутнасці на гэтыя тавары дакументаў, названых у абзацы трэцім гэтага пункта, незалежна ад удзельнай вагі такіх тавараў у гандлёвым асартыменце;

падатак на дабаўленую вартасць у фіксаванай суме выплачваецца і дакументы аб яго выплаце прадстаўляюцца ў адпаведнасці з Палажэннем у парадку і тэрміны, устаноўленыя для адзінага падатку;

вылічаныя сумы падатку на дабаўленую вартасць у фіксаванай суме адлюстроўваюцца асобным радком у падатковай дэкларацыі (разліку) па адзінаму падатку;

падатак на дабаўленую вартасць у фіксаванай суме змяншаецца прапарцыянальна суме адзінага падатку, якая падлягае вяртанню (заліку) у адпаведнасці з палажэннем.

4. Допуск юрыдычнай асобай і індывідуальным прадпрымальнікам да рэалізацыі тавараў у гандлёвых аб'ектах, на гандлёвых месцах на рынку індывідуальных прадпрымальнікаў, фізічных асоб, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, без прад'яўлення імі дакумента аб выплаце адзінага падатку (заверанай падатковым органам копіі) з адзнакай падатковага органа або даведкі, выдадзенай мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, якая пацвярджае, што прадаваемая гэтымі асобамі прадукцыя выраблена на зямельным участку, прадастаўленым ім у адпаведнасці з заканадаўствам для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, садоўніцтва, агародніцтва (у дачыненні да прадукцыі пчалярства — ветэрынарна-санітарнага пашпарта пчальніка або пасведчання, аформленага на падставе гэтага пашпарта), за выключэннем фізічных асоб, якія рэалізуюць лекавыя расліны, ягады, грыбы, арэхі, іншую дзікарослую прадукцыю,

прыводзіць да накладання штрафу на службовую асобу юрыдычнай асобы і індывідуальнага прадпрымальніка ў памеры ад 10 да 50 базавых велічынь.

5. Незабеспячэнне юрыдычнай асобай і індывідуальным прадпрымальнікам, якія прадастаўляюць індывідуальным прадпрымальнікам, што выплачваюць адзіны падатак, гандлёвыя, абслуговыя аб'екты, транспартныя сродкі, што выкарыстоўваюцца пры ажыццяўленні відаў дзейнасці, пералічаных у пунктах 11—13 пераліку, у парадку, устаноўленым заканадаўствам, умоў для эксплуатацыі касавых падсумоўваючых апаратаў і (або) спецыяльных камп'ютарных сістэм,

прыводзіць да накладання штрафу на службовую асобу юрыдычнай асобы і індывідуальнага прадпрымальніка ў памеры ад 10 да 50 базавых велічынь.

6. Адсутнасць у індывідуальнага прадпрымальніка і іншай фізічнай асобы ў гандлёвых, абслуговых аб'ектах (для ажыццяўлення відаў дзейнасці, пералічаных у пунктах 11 — 13 пераліку, — у транспартных сродках), на гандлёвых месцах на рынку дакумента аб выплаце адзінага падатку (заверанай падатковым органам копіі) з адзнакай па-датковага органа або даведкі, выдадзенай мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, якая пацвярджае, што прадаваемая прадукцыя выраблена на зямельным участку, прадастаўленым у адпаведнасці з заканадаўствам для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, садоўніцтва, агародніцтва (у адносінах да прадукцыі пчалярства — ветэрынарна-санітарнага пашпарта пчальніка або пасведчання, аформленага на падставе гэтага пашпарта), за выключэннем фізічнай асобы, якая рэалізуе лекавыя расліны, ягады, грыбы, арэхі, іншую дзікарослую прадукцыю, —

прыводзіць да накладання штрафу ў памеры ад 2 да 5 базавых велічынь.

7. Прадаставіць права ажыццяўляць вядзенне спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, у тым ліку прымяняць меры адказнасці за правапарушэнні, прадугледжаныя:

у пунктах 4 і 5 гэтага Указа, — упаўнаважаным службовым асобам органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю і Міністэрства па падатках і зборах;

у пункце 6 гэтага Указа, — упаўнаважаным службовым асобам органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства гандлю.

8. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

вызначыць віды тавараў, што належаць да таварных груп, пералічаных у пераліку;

або па яго даручэнню адпаведным рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання даваць растлумачэнні аб прымяненні гэтага Указа ў адносінах да асобных тавараў (работ, паслуг), гандлёвых, абслуговых і іншых аб'ектаў, гандлёвых месцаў, у тым ліку на рынках;

у шасцімесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.

9. Абласным і Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму ў месячны тэрмін прывесці свае нарматыўныя прававыя акты ў адпаведнасць з гэтым Указам.

10. Унесці ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 2005 г. № 148 «Аб неадкладных мерах па падтрымцы прадпрымальніцтва» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2005 г., № 52, 1/6336) наступныя змяненні і дапаўненні:

10.1. у пункце 1:

у частцы другой падпункта 1.7 словы «30 чэрвеня» і «20 ліпеня» замяніць адпаведна словамі «31 ліпеня» і «20 жніўня»;

абзац першы падпункта 1.8 дапоўніць сказам наступнага зместу: «Пры гэтым у кнізе ўліку руху тавараў павінны быць названы колькасць, від і назва тавару ў адпаведнасці з парадкам яе вядзення.»;

10.2. у пункце 4:

абзац першы дапоўніць словамі «, за выключэннем парушэння, прадугледжанага часткай трэцяй гэтага пункта,»;

дапоўніць пункт пасля часткі другой часткай трэцяй наступнага зместу:

«Называнне індывідуальным прадпрымальнікам, які з'яўляецца плацельшчыкам адзінага падатку, непраўдзівых звестак у кнізе ўліку руху тавараў аб іх колькасці і відзе

прыводзіць да накладання штрафу ў памеры ад 30 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй рэалізуемых тавараў, што з'явіліся непасрэдным прадметам правапарушэння, або выручкі, атрыманай ад іх рэалізацыі.»;

часткі трэцюю і чацвёртую лічыць адпаведна часткамі чацвёртай і пятай;

абзац першы часткі чацвёртай выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Паўторнае (два і больш разоў на працягу каляндарнага года) учыненне правапарушэння, названага ў частцы трэцяй гэтага пункта, або паўторнае (два і больш разоў на працягу каляндарнага года) парушэнне індывідуальным прадпрымальнікам іншых патрабаванняў гэтага Указа пасля накладання спагнання»;

у частцы пятай словы «правапарушэння, прадугледжанага часткай трэцяй» замяніць словамі «правапарушэнняў, прадугледжаных часткамі трэцяй і чацвёртай», а словы «такім правапарушэнні» словамі «такіх правапарушэннях».

11. Прызнаць страціўшымі сілу:

пункт 7 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 2002 г. № 28 «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту, рэкламы і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 143, 1/4234);

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2003 г. № 4 «Аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб і аб некаторых мерах па рэгуляванню прадпрымальніцкай дзейнасці» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 14, 1/4342), за выключэннем падпункта 1.21 пункта 1, які прызнаецца страціўшым сілу з 1 лістапада 2005 г.;

падпункт 1.7 пункта 1 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2003 г. № 22 «Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ў некаторыя дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнанні страціўшымі сілу пункта 6 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 мая 1997 г. № 12 і іншых дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 127, 1/5084);

падпункт 1.3 пункта 1 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 мая 2004 г. № 4 «Аб унясенні змяненняў у некаторыя дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г., № 86, 1/5539).

12. Гэты Указ уступае ў сілу з 1 жніўня 2005 г., за выключэннем пунктаў 8, 9 абзаца другога падпункта 10.1 пункта 10 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня падпісання гэтага Указа, а таксама падпункта 10.2 пункта 10 гэтага Указа і пункта 26 Палажэння, якія ўступаюць у сілу з 1 лістапада 2005 г.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

18 чэрвеня 2005 г., г. Мінск.