Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 299

Аб парадку выплаты збору з фізічных асоб пры перасячэнні імі Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь праз пункты пропуску

У адпаведнасці з падпунктам 1.7 пункта 1 артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 лістапада 2004 года «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2005 год»:

1. Устанавіць, што ў 2005 годзе:

1.1. абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў маюць права ўводзіць збор з фізічных асоб пры перасячэнні імі Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь праз пункты пропуску ў памеры, які не перавышае 0,25 базавай велічыні;

1.2. названы ў падпункце 1.1 гэтага пункта збор выплачваецца фізічнымі асобамі пры выездзе за межы Рэспублікі Беларусь або пры ўездзе на яе тэрыторыю ў беларускіх рублях або ў замежнай валюце па курсу Нацыянальнага банка на дату яго выплаты.

Асобе, якая выплаціла гэты збор, выдаецца адпаведны дакумент, які прадастаўляе права аднаразовага выезду за межы Рэспублікі Беларусь і аднаразовага ўезду на яе тэрыторыю.

2. Вызваліць ад выплаты збору з фізічных асоб пры перасячэнні імі Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь праз пункты пропуску:

кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, членаў парламенцкіх, урадавых і іншых афіцыйных дэлегацый замежных дзяржаў, асоб, якія прыбылі ў Рэспубліку Беларусь па запрашэннях Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншых дзяржаўных органаў, — пры прад'яўленні дакументаў, якія пацвярджаюць іх статус, і (або) адпаведных запрашэнняў;

дзяржаўных служачых, камандзіраваных за мяжу, у тым ліку ў складзе дзяржаўных, урадавых і парламенцкіх дэлегацый, а таксама фізічных асоб, якія не з'яўляюцца дзяржаўнымі служачымі, камандзіраваных за мяжу ў складзе названых дэлегацый, — пры прад'яўленні выпісак з рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі або Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, іншых дзяржаўных органаў, дзяржаўных арганізацый і (або) камандзіровачных пасведчанняў, выдадзеных гэтымі дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі;

удзельнікаў калектываў мастацкай творчасці і спартсменаў, членаў спартыўных дэлегацый Рэспублікі Беларусь, якія выязджаюць, адпаведна, для ажыццяўлення гастрольна-канцэртнай дзейнасці і ўдзелу ў міжнародных і іншых спартыўных мерапрыемствах, — пры прад'яўленні запрашэнняў прымаючага боку і адпаведных спісаў асоб, падпісаных кіраўнікамі накіроўваючых арганізацый і завераных пячаткай гэтых арганізацый;

фізічных асоб, якія накіроўваюцца на пахаванне блізкіх сваякоў і (або) тых, хто перавозіць (суправаджае) целы памёршых для пахавання, — пры прад'яўленні тэлеграмы або іншага дакумента аб смерці;

дзяцей дашкольнага ўзросту і навучэнцаў устаноў адукацыі, што забяспечваюць атрыманне пачатковай, базавай, агульнай сярэдняй адукацыі, — пры прад'яўленні пашпартоў і (або) дакументаў, якія пацвярджаюць іх навучанне завераных пячаткай гэтых устаноў адукацыі;

інвалідаў I і II групы, дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў — пры прад'яўленні пасведчанняў інвалідаў, а таксама фізічную асобу, якая суправаджае інваліда I групы або дзіця-інваліда да 18 гадоў;

ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, іншых асоб, якія маюць права на льготы ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 года «Аб ветэранах» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 15, ст. 249; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2001 г., № 67, 2/787), — пры прад'яўленні пасведчанняў адзінага ўзору, устаноўленага для кожнай катэгорыі ветэранаў або іншых асоб Урадам СССР да 1 студзеня 1992 г. або Урадам Рэспублікі Беларусь;

фізічных асоб, якія выязджаюць на лячэнне і (або) кансультацыю, — пры наяўнасці рашэнняў Камісіі па накіраванню грамадзян Рэспублікі Беларусь на лячэнне або кансультацыю за межы Рэспублікі Беларусь пры Міністэрстве аховы здароўя, а таксама тых, хто выязджае на лячэнне ў санаторна-курортныя арганізацыі, — пры прад'яўленні санаторна-курортных картак і пуцёвак;

работнікаў дзяржаўных арганізацый Рэспублікі Беларусь, размешчаных на тэрыторыі замежных дзяржаў, — пры прад'яўленні службовых пасведчанняў;

членаў экіпажаў паветраных суднаў, суднаў унутранага і змешанага плавання, чыгуначны службовы і іншы персанал, якія ажыццяўляюць і абслугоўваюць міжнародныя перавозкі, — пры прад'яўленні службовых пасведчанняў і (або) іншых дакументаў, якія пацвярджаюць іх статус;

вадзіцеляў аўтатранспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі, — пры прад'яўленні ліцэнзійнай карткі на кожную адзінку транспартнага сродку (для беларускіх міжнародных перавозчыкаў), дазволаў на міжнародную перавозку грузаў або міжнародных таварна-транспартных накладных СMR (для замежных міжнародных перавозчыкаў грузаў), дазволаў на перавозку пасажыраў аўтобусамі ў міжнародных зносінах або фармуляраў (спісаў пасажыраў) для замежных міжнародных перавозчыкаў пасажыраў і багажу;

фізічных асоб, якія перавозяць (суправаджаюць) замежную бязвыплатную дапамогу, — пры прад'яўленні дакументаў аб перавозцы (суправаджэнні) такой дапамогі або пасведчанняў, выдадзеных Дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія пацвярджаюць яе рэгістрацыю;

грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у прыгранічных з сумежнымі дзяржавамі раёнах, грамадзян Літоўскай Рэспублікі, Латвійскай Рэспублікі, Рэспублікі Польшча і Украіны, якія пастаянна пражываюць у прыгранічных з Рэспублікай Беларусь раёнах, выязджаюць або ўязджаюць да блізкіх сваякоў, для наведвання месцаў пахавання блізкіх сваякоў, — пры наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць факт пастаяннага пражывання ў прыгранічных раёнах, а таксама працуюць у названых прыгранічных раёнах па працоўных дагаворах, — пры прад'яўленні даведак з месцаў работы, падпісаных кіраўнікамі адпаведных арганізацый і завераных пячаткай гэтых арганізацый;

ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь, ваеннаслужачых замежных дзяржаў, накіраваных для ўдзелу ў сумесных вучэннях і іншых мерапрыемствах у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, — пры наяўнасці запрашэнняў прымаючага боку і прад'яўленні адпаведных спісаў асоб.

Для мэтаў гэтага Указа пад блізкімі сваякамі разумеюцца бацькі, дзеці, усынавіцелі, усыноўленыя (удачароныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабуля, унукі, муж (жонка).

3. Дакумент, які пацвярджае выплату збору з фізічных асоб пры перасячэнні імі Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь праз пункты пропуску, або дакументы, якія даюць асобам, пералічаным у пункце 2 гэтага Указа, права на вызваленне ад яго выплаты, прад'яўляюцца па патрабаванню службовых асоб Дзяржаўнага камітэта пагранічных войскаў у пунктах пропуску.

4. Абласным і Мінскаму гарадскому выканаўчым камітэтам пры прыняцці адпаведнымі Саветамі дэпутатаў рашэнняў аб увядзенні збору з фізічных асоб пры перасячэнні імі Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь праз пункты пропуску прымаць меры па выкананню гэтага Указа.

5. Гэты Указ уступае ў сілу праз трыццаць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем пункта 4 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня падпісання Указа.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

29 чэрвеня 2005 г.

г. Мінск.