Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаннях прававога становішча сялянскай (фермерскай) гаспадаркі

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 10 чэрвеня 2005 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 30 чэрвеня 2005 года

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 18 лютага 1991 года «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, 1991 г., № 12, ст. 125; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2001 г., № 48, 2/759) змяненні і дапаўненні, выклаўшы яго ў новай рэдакцыі:

«Закон рэспублікі Беларусь

Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы

Гэты Закон вызначае прававое становішча, умовы стварэння, дзейнасці, рэарганізацыі і ліквідацыі сялянскай (фермерскай) гаспадаркі, правы і абавязкі яго членаў.

Глава 1

Агульныя палажэнні

Артыкул 1. Паняцце сялянскай (фермерскай) гаспадаркі

1. Сялянскай (фермерскай) гаспадаркай прызнаецца камерцыйная арганізацыя, створаная адным грамадзянінам (членамі адной сям'і), які ўнёс (якія ўнеслі) маёмасныя ўклады, для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама па яе перапрацоўцы, захоўванню, транспарціроўцы і рэалізацыі, заснаванай на яго (іх) асабістым працоўным удзеле і выкарыстанні зямельнага ўчастка, які прадастаўлены для гэтых мэтаў у адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні зямель (далей — фермерская гаспадарка).

2. Фермерскай гаспадарцы належыць на праве ўласнасці маёмасць, якая перададзена ў якасці ўкладу ў статутны фонд фермерскай гаспадаркі яе заснавальнікамі (членамі), а таксама маёмасць, якая выраблена і набыта фермерскай гаспадаркай у працэсе яе дзейнасці.

3. Члены фермерскай гаспадаркі маюць абавязацельныя правы ў адносінах да гэтай фермерскай гаспадаркі.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб фермерскай гаспадарцы

1. Адносіны, звязаныя са стварэннем і дзейнасцю фермерскай гаспадаркі, рэгулююцца гэтым Законам, актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, грамадзянскім заканадаўствам, заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні зямель і іншым заканадаўствам.

2. Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў заканадаўстве аб фермерскай гаспадарцы, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавору.

Артыкул 3. Дзяржаўная падтрымка і гарантыі дзейнасці фермерскіх гаспадарак

1. Фермерскім гаспадаркам, у якіх выручка ад рэалізацыі вырабленай ці вырабленай і перапрацаванай імі прадукцыі ўласнай вытворчасці раслінаводства (акрамя кветак і дэкаратыўных раслін), жывёлагадоўлі (акрамя пушной зверагадоўлі), рыбаводства і пчалярства складае не менш чым 50 працэнтаў ад агульнай выручкі за папярэдні фінансавы год, а таксама новаствораным фермерскім гаспадаркам (на працягу першага года з дня іх стварэння) аказваецца дзяржаўная падтрымка за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў у парадку і формах, прадугледжаных заканадаўствам. Указаным гаспадаркам аказваецца дзяржаўная падтрымка ў сферы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, набыцця (у тым ліку па дагавору фінансавай арэнды (лізінгу, рамонту і тэхнічнага абслугоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання, меліярацыі зямель і вапнавання глеб, аховы раслін, насенняводства, ветэрынарнай і племянной справы, навуковага абслугоўвання і ў іншых сферах нароўні з іншымі вытворцамі сельскагаспадарчай прадукцыі.

2. Фермерскія гаспадаркі маюць роўныя правы з іншымі вытворцамі сельскагаспадарчай прадукцыі на пастаўку тавараў для дзяржаўных патрэб у адпаведнасці з заканадаўствам.

3. Устанаўленне межаў зямельных участкаў, якія прадастаўлены для вядзення фермерскіх гаспадарак, распрацоўка праектаў унутрыгаспадарчага землеўпарадкавання фермерскіх гаспадарак, афармленне дакументаў, якія сведчаць правы на зямельныя ўчасткі, ажыццяўляюцца тэрытарыяльнымі органамі Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні зямель, за кошт сродкаў, якія накіроўваюцца на гэтыя мэты з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

4. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь могуць быць устаноўлены іншыя ўмовы і формы дзяржаўнай падтрымкі і гарантыі дзейнасці фермерскіх гаспадарак.

5. На тэрыторыі, дзе адсутнічаюць аб'екты вытворчай інфраструктуры, раённы выканаўчы і распарадчы орган забяспечвае першапачатковае ўпарадкаванне фермерскай гаспадаркі шляхам будаўніцтва дарог, ліній радыё- і электраперадачы, аб'ектаў водазабеспячэння, газазабеспячэння, тэлефоннай сувязі і іншых аб'ектаў, а таксама меліярацыю зямель за кошт сродкаў, якія накіроўваюцца на гэтыя мэты з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў у адпаведнасці з заканадаўствам.

Глава 2

Стварэнне фермерскай гаспадаркі

Артыкул 4. Права на стварэнне фермерскай гаспадаркі

1. Права на стварэнне фермерскай гаспадаркі маюць дзеяздольныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

2. Пераважнае права на стварэнне фермерскіх гаспадарак на зямельных участках, якія канфіскаваны ў ліквідуемых і рэарганізуемых сельскагаспадарчых арганізацый, маюць члены (работнікі) гэтых сельскагаспадарчых арганізацый.

3. Рашэнне аб стварэнні фермерскай гаспадаркі афармляецца пратаколам сходу заснавальнікаў фермерскай гаспадаркі (акрамя выпадкаў стварэння фермерскай гаспадаркі адным грамадзянінам).

Артыкул 5. Статут фермерскай гаспадаркі

1. Фермерская гаспадарка дзейнічае на падставе статута, у якім адзначаюцца:

найменне фермерскай гаспадаркі, якое павінна змяшчаць словы «сялянская (фермерская) гаспадарка» або «фермерская гаспадарка» або «сялянская гаспадарка»;

звесткі пра кіраўніка і іншых членаў фермерскай гаспадаркі (прозвішча, імя, імя па бацьку, пашпартныя даныя, месца жыхарства);

месца знаходжання фермерскай гаспадаркі;

мэты дзейнасці фермерскай гаспадаркі;

памер статутнага фонду фермерскай гаспадаркі, памер укладаў у статутны фонд яго членаў, склад, тэрміны і парадак іх унясення;

памер доляў членаў фермерскай гаспадаркі ў яе статутным фондзе;

парадак фарміравання маёмасці фермерскай гаспадаркі і ўмовы распараджэння ёю;

парадак працоўнага ўдзелу членаў фермерскай гаспадаркі ў дзейнасці фермерскай гаспадаркі;

парадак размеркавання прыбытку фермерскай гаспадаркі;

правы і абавязкі членаў фермерскай гаспадаркі;

парадак уступлення ў склад членаў фермерскай гаспадаркі новых членаў, выхаду і выключэння са складу членаў фермерскай гаспадаркі;

парадак кіравання дзейнасцю фермерскай гаспадаркі, спынення яе дзейнасці.

У статуце фермерскай гаспадаркі могуць змяшчацца і іншыя палажэнні, якія не супярэчаць заканадаўству і звязаны з асаблівасцямі дзейнасці фермерскай гаспадаркі.

2. Статут фермерскай гаспадаркі зацвярджаецца рашэннем сходу заснавальнікаў фермерскай гаспадаркі, якое афармляецца пратаколам сходу заснавальнікаў фермерскай гаспадаркі. Пратакол сходу заснавальнікаў фермерскай гаспадаркі падпісваецца ўсімі заснавальнікамі фермерскай гаспадаркі.

У выпадку стварэння фермерскай гаспадаркі адным грамадзянінам статут фермерскай гаспадаркі зацвярджаецца гэтым грамадзянінам (кіраўніком фермерскай гаспадаркі).

3. У статут фермерскай гаспадаркі ўносяцца змяненні і дапаўненні ў парадку, устаноўленым грамадзянскім заканадаўствам, у выпадку змянення палажэнняў пункта 1 гэтага артыкула, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

Артыкул 6. Статутны фонд фермерскай гаспадаркі

1. Пры стварэнні фермерскай гаспадаркі фарміруецца яго статутны фонд у парадку, устаноўленым гэтым Законам, іншым заканадаўствам і статутам фермерскай гаспадаркі. Памер статутнага фонду фермерскай гаспадаркі павінен быць не меншым за мінімальны памер, прадугледжаны заканадаўствам.

2. Статутны фонд фермерскай гаспадаркі фарміруецца з кошту ўкладаў заснавальнікаў (членаў) фермерскай гаспадаркі.

Укладам у статутны фонд фермерскай гаспадаркі могуць быць рэчы, якія належаць заснавальнікам (членам) фермерскай гаспадаркі на праве ўласнасці (у тым ліку агульнай уласнасці), уключаючы грошы і каштоўныя паперы, іншую маёмасць, у тым ліку маёмасныя правы ці іншыя адчужальныя правы, якія маюць грашовую ацэнку.

Грашовая ацэнка ўкладу ў статутны фонд фермерскай гаспадаркі падлягае экспертызе ў выпадках і парадку, прадугледжаных заканадаўствам.

У статутны фонд фермерскай гаспадаркі не можа быць унесена маёмасць, калі права на адчужэнне гэтай маёмасці абмежавана заканадаўствам, дагаворам або ўласнікам.

3. Калі пасля заканчэння другога і кожнага наступнага фінансавага года кошт чыстых актываў фермерскай гаспадаркі акажацца меншым за статутны фонд, фермерская гаспадарка абавязана аб'явіць і зарэгістраваць ва ўстаноўленым парадку змяншэнне свайго статутнага фонду. Калі кошт указаных актываў меншы за вызначаны заканадаўствам мінімальны памер статутнага фонду, фермерская гаспадарка падлягае ліквідацыі ва ўстаноўленым парадку.

4. Для фарміравання і павелічэння памеру статутнага фонду фермерскай гаспадаркі не могуць быць выкарыстаны прыцягнутыя сродкі.

5. Статутны фонд фермерскай гаспадаркі дзеліцца на долі, за выключэннем выпадкаў стварэння фермерскай гаспадаркі адным грамадзянінам. Памер долі заснавальніка (члена) фермерскай гаспадаркі ў статутным фондзе вызначаецца ў працэнтах або ў выглядзе дробу. Памер долі заснавальніка фермерскай гаспадаркі на момант фарміравання статутнага фонду фермерскай гаспадаркі роўны адносінам кошту яго ўкладу ў статутны фонд да памеру статутнага фонду фермерскай гаспадаркі.

Кошт долі заснавальніка (члена) фермерскай гаспадаркі ў маёмасці фермерскай гаспадаркі роўны частцы кошту чыстых актываў фермерскай гаспадаркі, прапарцыянальнай памеру яго долі ў статутным фондзе фермерскай гаспадаркі.

6. У выпадку ўнясення ў статутны фонд фермерскай гаспадаркі маёмасці, якая належыць заснавальнікам (членам) фермерскай гаспадаркі на праве агульнай уласнасці, памеры доляў членаў фермерскай гаспадаркі лічацца роўнымі, калі іншае не прадугледжана статутам фермерскай гаспадаркі.

7. Змяншэнне статутнага фонду фермерскай гаспадаркі дапускаецца пасля паведамлення ўсім яго крэдыторам. Апошнія маюць права ў гэтым выпадку запатрабаваць датэрміновае спыненне ці выкананне абавязацельстваў фермерскай гаспадаркі і вяртанне ім страт.

8. Павелічэнне статутнага фонду фермерскай гаспадаркі дапускаецца пасля ўнясення ўсімі яго заснавальнікамі (членамі) укладаў у статутны фонд у поўным аб'ёме.

Павелічэнне статутнага фонду можа ажыццяўляцца за кошт маёмасці фермерскай гаспадаркі, дадатковых укладаў у статутны фонд членаў фермерскай гаспадаркі і (або) за кошт укладаў у статутны фонд грамадзян, якія прымаюцца ў склад членаў фермерскай гаспадаркі ў якасці новых членаў.

Пры павелічэнні статутнага фонду фермерскай гаспадаркі за кошт маёмасці фермерскай гаспадаркі памер долі члена фермерскай гаспадаркі можа быць зменены з улікам укладу ў статутны фонд і (або) асабістага працоўнага ўдзелу члена фермерскай гаспадаркі ў яе дзейнасці па рашэнню агульнага сходу членаў фермерскай гаспадаркі.

Артыкул 7. Дзяржаўная рэгістрацыя фермерскай гаспадаркі

1. Фермерская гаспадарка лічыцца створанай з дня яе дзяржаўнай рэгістрацыі.

Дзяржаўная рэгістрацыя фермерскай гаспадаркі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

2. Для дзяржаўнай рэгістрацыі фермерскай гаспадаркі прадастаўляюцца наступныя дакументы:

заява аб дзяржаўнай рэгістрацыі фермерскай гаспадаркі, аформленая ва ўстаноўленым парадку;

два экзэмпляры статута фермерскай гаспадаркі;

копія рашэння адпаведнага раённага выканаўчага і распарадчага органа аб тым, што зямельны ўчастак будзе прадастаўлены для вядзення фермерскай гаспадаркі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні зямель;

пратакол сходу заснавальнікаў фермерскай гаспадаркі (акрамя выпадкаў стварэння фермерскай гаспадаркі адным грамадзянінам);

копіі пашпарта, пасведчанні аб шлюбе, пасведчанні аб нараджэнні і іншыя дакументы, якія пацвярджаюць адпаведнасць заснавальнікаў (заснавальніка) фермерскай гаспадаркі патрабаванням, якія выкладзены ў пункце 1 артыкула 4 і пункце 1 артыкула 8 гэтага Закона;

дакументы, якія пацвярджаюць згоду ўласнікаў на ўнясенне ў статутны фонд фермерскай гаспадаркі маёмасці, якая належыць ім на праве агульнай уласнасці;

дакументы, якія пацвярджаюць фарміраванне статутнага фонду фермерскай гаспадаркі ў адпаведнасці з патрабаваннямі артыкула 6 гэтага Закона (плацежны дакумент, які пацвярджае ўнясенне грашовага ўкладу ў статутны фонд, і (або) заключэнне экспертызы дакладнасці ацэнкі маёмасці і маёмасных правоў у выпадку ўнясення неграшовага ўкладу ў статутны фонд);

плацежны дакумент, які пацвярджае ўнясенне платы за дзяржаўную рэгістрацыю.

Пры прадстаўленні ў рэгіструючы орган копій дакументаў заснавальнікі (заснавальнік) фермерскай гаспадаркі абавязаны прад'явіць іх арыгіналы або гэтыя копіі павінны быць натарыяльна засведчаны.

3. Для дзяржаўнай рэгістрацыі фермерскіх гаспадарак, якія ствараюцца з удзелам замежных грамадзян, акрамя дакументаў, прадугледжаных пунктам 2 гэтага артыкула, дадаткова прадстаўляюцца і іншыя дакументы ў адпаведнасці з Iнвестыцыйным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Глава 3

Членства ў фермерскай гаспадарцы

Артыкул 8. Члены фермерскай гаспадаркі

1. Членамі фермерскай гаспадаркі могуць быць дзеяздольныя грамадзяне, якія з'яўляюцца членамі адной сям'і.

Для мэтаў гэтага Закона членамі сям'і прызнаюцца муж і жонка, іх бацькі (усынавіцелі), дзеці (у тым ліку ўсыноўленыя), браты і сёстры, муж і жонка і дзеці ўказаных асоб, а таксама іншыя асобы, прызнаныя членамі сям'і ў адпаведнасці з заканадаўствам аб шлюбе і сям'і.

2. Членства ў фермерскай гаспадарцы захоўваецца, калі іншае не прадугледжана статутам фермерскай гаспадаркі, за членамі фермерскай гаспадаркі, якія не могуць прымаць асабісты працоўны ўдзел у дзейнасці фермерскай гаспадаркі ў сувязі з:

выхадам на пенсію па ўзросту ці інваліднасці — пажыццёва;

пераходам на работу на выбарную пасаду, праходжаннем ваеннай службы па прызыву, навучаннем па дзённай форме ва ўстановах адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, — на час работы на выбарнай пасадзе, праходжання ваеннай службы па прызыву, навучання па дзённай форме ў такіх установах адукацыі.

Артыкул 9. Падставы для змянення складу членаў фермерскай гаспадаркі

Змяненне складу членаў фермерскай гаспадаркі можа ажыццяўляцца па наступных падставах:

прыняцце новага члена фермерскай гаспадаркі, у тым ліку ў выніку ўступкі долі (яе часткі) члена фермерскай гаспадаркі ў статутным фондзе фермерскай гаспадаркі;

выхад члена фермерскай гаспадаркі са складу членаў фермерскай гаспадаркі;

выключэнне члена фермерскай гаспадаркі са складу членаў фермерскай гаспадаркі;

смерць члена фермерскай гаспадаркі або аб'яўленне яго памёршым.

Артыкул 10. Прыняцце новага члена фермерскай гаспадаркі ў склад членаў фермерскай гаспадаркі

Грамадзянін, які адпавядае патрабаванням, выкладзеным у пункце 1 артыкула 4 і пункце 1 артыкула 8 гэтага Закона, можа быць прыняты ў склад членаў фермерскай гаспадаркі па рашэнню агульнага сходу членаў фермерскай гаспадаркі ці кіраўніка фермерскай гаспадаркі (у выпадку стварэння фермерскай гаспадаркі адным грамадзянінам) пры ўмове ўнясення ўкладу ў статутны фонд фермерскай гаспадаркі, а таксама ў выніку ўступкі долі (яе часткі) члена фермерскай гаспадаркі ў статутным фондзе фермерскай гаспадаркі ў парадку, устаноўленым статутам фермерскай гаспадаркі.

Артыкул 11. Выхад і выключэнне члена фермерскай гаспадаркі са складу членаў фермерскай гаспадаркі

1. Член фермерскай гаспадаркі мае права ў любы час выйсці са складу членаў фермерскай гаспадаркі незалежна ад згоды іншых членаў фермерскай гаспадаркі пры ўмове папярэдняга ім паведамлення ў парадку і тэрміны, устаноўленыя статутам фермерскай гаспадаркі, але не пазней чым за месяц да выхаду са складу членаў фермерскай гаспадаркі.

2. Член фермерскай гаспадаркі можа быць выключаны са складу членаў фермерскай гаспадаркі на падставе рашэння агульнага сходу членаў фермерскай гаспадаркі ў выпадку невыканання або неналежнага выканання ім абавязкаў, прадугледжаных гэтым Законам, іншымі заканадаўчымі актамі ці статутам фермерскай гаспадаркі, прызнання яго недзеяздольным, абмежавана дзеяздольным або без вестак адсутным, а таксама па іншых падставах, устаноўленых статутам фермерскай гаспадаркі.

Артыкул 12. Парадак ажыццяўлення разлікаў пры выхадзе ці выключэнні члена фермерскай гаспадаркі са складу членаў фермерскай гаспадаркі

1. Пры выхадзе ці выключэнні члена фермерскай гаспадаркі са складу членаў фермерскай гаспадаркі ён мае права атрымаць кошт сваёй долі ў маёмасці фермерскай гаспадаркі, а таксама частку прыбытку, якая вызначаецца ў адпаведнасці з палажэннямі артыкула 17 гэтага Закона.

2. Належны грамадзяніну, які выйшаў ці выключаны са складу членаў фермерскай гаспадаркі, кошт долі ў маёмасці фермерскай гаспадаркі вызначаецца па бухгалтарскаму балансу, які складзены на момант яго выбыцця, а належная яму частка прыбытку — на дзень разліку з ім. Выплата кошту долі і часткі прыбытку грамадзяніну, які выйшаў ці выключаны са складу членаў фермерскай гаспадаркі, ажыццяўляецца пасля заканчэння фінансавага года, у якім ён выйшаў ці выключаны са складу членаў фермерскай гаспадаркі, у тэрмін да 12 месяцаў з дня падачы заявы аб выхадзе ці прыняцця рашэння аб выключэнні, калі іншы тэрмін не прадугледжаны статутам фермерскай гаспадаркі.

Артыкул 13. Змяненне складу членаў фермерскай гаспадаркі ў выпадку смерці члена фермерскай гаспадаркі ці аб'яўлення яго памёршым

1. У выпадку смерці члена фермерскай гаспадаркі ці аб'яўлення яго памёршым яго спадчыннік (спадчыннікі) можа быць прыняты ў члены фермерскай гаспадаркі па рашэнню агульнага сходу членаў фермерскай гаспадаркі.

У выпадку смерці члена фермерскай гаспадаркі, калі яго спадчыннікамі па завяшчанню з'яўляюцца юрыдычная асоба Рэспублікі Беларусь ці адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Рэспублікі Беларусь, ім выплачваецца кошт наследуемай долі ў парадку, прадугледжаным артыкулам 12 гэтага Закона.

У выпадку смерці кіраўніка фермерскай гаспадаркі, якая створана адным грамадзянінам, яго спадчыннік (спадчыннікі), які выказаў (якія выказалі) жаданне весці фермерскую гаспадарку, прызнаецца членам (членамі) гэтай фермерскай гаспадаркі.

Пры адмове спадчынніка (спадчыннікаў) ад уступлення ў склад членаў фермерскай гаспадаркі альбо пры вынясенні агульным сходам членаў фермерскай гаспадаркі рашэння аб адмове ў прыняцці спадчынніка (спадчыннікаў) у склад членаў фермерскай гаспадаркі разлікі з ім (з імі) ажыццяўляюцца ў парадку, прадугледжаным артыкулам 12 гэтага Закона.

2. У выпадку адмены судом рашэння аб аб'яўленні грамадзяніна памёршым рашэнне аб членстве спадчынніка (спадчыннікаў) такой асобы прымаецца агульным сходам членаў фермерскай гаспадаркі.

Артыкул 14. Правы і абавязкі членаў фермерскай гаспадаркі

1. Члены фермерскай гаспадаркі маюць права:

удзельнічаць у кіраванні дзейнасцю фермерскай гаспадаркі ў парадку, устаноўленым гэтым Законам і статутам фермерскай гаспадаркі;

атрымліваць інфармацыю аб дзейнасці фермерскай гаспадаркі, у тым ліку аб яе даходах і расходах, знаёміцца з яе статутам, дакументамі бухгалтарскай справаздачнасці і іншымі дакументамі ў парадку, устаноўленым статутам фермерскай гаспадаркі;

удзельнічаць у размеркаванні прыбытку, які атрыманы фермерскай гаспадаркай;

атрымліваць частку прыбытку ў парадку, устаноўленым гэтым Законам і статутам фермерскай гаспадаркі;

атрымліваць узнагароджанне за працу ў грашовых адзінках і (ці) натуральнай форме, мець штодзённы і штотыднёвы адпачынак, працоўныя і сацыяльныя водпускі ў адпаведнасці з заканадаўствам аб працы;

прадаць ці іншым шляхам уступіць сваю долю (яе частку) у статутным фондзе фермерскай гаспадаркі ў парадку, устаноўленым статутам фермерскай гаспадаркі;

набываць у членаў фермерскай гаспадаркі ў пераважным парадку перад іншымі грамадзянамі (не членамі фермерскай гаспадаркі) долі (іх часткі) у статутным фондзе фермерскай гаспадаркі;

выйсці са складу членаў фермерскай гаспадаркі незалежна ад згоды іншых яе членаў у парадку, устаноўленым гэтым Законам і статутам фермерскай гаспадаркі, і атрымаць кошт сваёй долі ў маёмасці фермерскай гаспадаркі, а таксама належную частку прыбытку;

атрымаць у выпадку ліквідацыі фермерскай гаспадаркі частку маёмасці, якая засталася пасля разлікаў з крэдыторамі, або яе кошт прапарцыянальна сваёй долі ў статутным фондзе фермерскай гаспадаркі, а таксама з улікам іх асабістага працоўнага ўдзелу, калі іншы парадак не прадугледжаны статутам фермерскай гаспадаркі.

Члены фермерскай гаспадаркі ў адпаведнасці з заканадаўствам аб сацыяльнай абароне і сацыяльным страхаванні маюць права на сацыяльнае страхаванне, пенсійнае забеспячэнне і гарантыі ў выпадку прафесійнага захворвання, працоўнага калецтва, інваліднасці і страты работы.

Члены фермерскай гаспадаркі могуць мець іншыя правы, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі і статутам фермерскай гаспадаркі.

2. Члены фермерскай гаспадаркі абавязаны:

сфарміраваць статутны фонд фермерскай гаспадаркі ў парадку і тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам і статутам фермерскай гаспадаркі;

прымаць асабісты працоўны ўдзел у дзейнасці фермерскай гаспадаркі, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных пунктам 2 артыкула 8 гэтага Закона або статутам фермерскай гаспадаркі;

не выдаваць інфармацыю, якая з'яўляецца камерцыйнай тайнай фермерскай гаспадаркі;

выконваць патрабаванні статута фермерскай гаспадаркі і выконваць рашэнні яго органаў кіравання, якія адпавядаюць гэтаму Закону, іншым актам заканадаўства і статуту фермерскай гаспадаркі.

Члены фермерскай гаспадаркі выконваюць і іншыя абавязкі, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі і статутам фермерскай гаспадаркі.

Глава 4

Маёмасць фермерскай гаспадаркі

Артыкул 15. Склад маёмасці фермерскай гаспадаркі

1. Фермерская гаспадарка можа мець ва ўласнасці неабходныя для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама яе перапрацоўкі, захоўвання, транспарціроўкі і рэалізацыі насаджэння, гаспадарчыя і іншыя пабудовы, меліярацыйныя і іншыя збудаванні, прадукцыйную і рабочую жывёлу, птушку, сельскагаспадарчую і іншую тэхніку і абсталяванне, транспартныя сродкі, інвентар, маёмасць прыватных унітарных прадпрыемстваў, створаных фермерскай гаспадаркай, іншую маёмасць, набытую фермерскай гаспадаркай, а таксама прыналежныя фермерскай гаспадарцы маёмасныя правы або іншыя адчужальныя правы, якія маюць грашовую ацэнку.

2. Плады, прадукцыя і даходы, атрыманыя ў выніку дзейнасці фермерскай гаспадаркі, з'яўляюцца ўласнасцю гэтай фермерскай гаспадаркі.

Артыкул 16. Крыніцы фарміравання маёмасці фермерскай гаспадаркі

1. Крыніцамі фарміравання маёмасці фермерскай гаспадаркі могуць быць:

уклады ў статутны фонд фермерскай гаспадаркі;

даходы, атрыманыя ад рэалізацыі вырабленай і перапрацаванай сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама ад іншых відаў гаспадарчай дзейнасці, не забароненых заканадаўствам;

іншыя крыніцы, не забароненыя заканадаўствам.

2. Арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права перадаваць фермерскім гаспадаркам будынкі, збудаванні, сельскагаспадарчую тэхніку і абсталяванне, якія не выкарыстоўваюцца, у арэнду з наступным іх выкупам і адтэрміноўкай пачатку ўнясення арэнднай платы тэрмінам да трох гадоў.

Артыкул 17. Размеркаванне прыбытку фермерскай гаспадаркі

1. Прыбытак фермерскай гаспадаркі размяркоўваецца па выніках фінансавага года паміж яго членамі па рашэнню агульнага сходу членаў фермерскай гаспадаркі суразмерна долям у статутным фондзе фермерскай гаспадаркі і (або) асабістаму працоўнаму ўдзелу членаў фермерскай гаспадаркі ў яго дзейнасці.

2. Статутам фермерскай гаспадаркі можа быць устаноўлены іншы парадак размеркавання прыбытку фермерскай гаспадаркі.

Артыкул 18. Адказнасць фермерскай гаспадаркі

1. Фермерская гаспадарка адказвае па сваіх абавязацельствах усёй маёмасцю, якая ёй належыць.

2. Члены фермерскай гаспадаркі не адказваюць па абавязацельствах фермерскай гаспадаркі, а фермерская гаспадарка не адказвае па абавязацельствах членаў фермерскай гаспадаркі, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам.

Глава 5

Упраўленне фермерскай гаспадаркай

Артыкул 19. Органы ўпраўлення фермерскай гаспадаркі

1. Упраўленне дзейнасцю фермерскай гаспадаркі, у склад якой уваходзяць два або больш члены, ажыццяўляюць агульны сход членаў фермерскай гаспадаркі і кіраўнік фермерскай гаспадаркі.

Агульны сход членаў фермерскай гаспадаркі з'яўляецца вышэйшым органам упраўлення фермерскай гаспадаркі.

Кіраўнік фермерскай гаспадаркі з'яўляецца выканаўчым органам фермерскай гаспадаркі.

2. У фермерскай гаспадарцы, створанай адным грамадзянінам, кіраўнік фермерскай гаспадаркі з'яўляецца вышэйшым органам упраўлення, які мае права вырашаць пытанні, звязаныя з дзейнасцю фермерскай гаспадаркі.

Артыкул 20. Агульны сход членаў фермерскай гаспадаркі

1. Да выключнай кампетэнцыі агульнага сходу членаў фермерскай гаспадаркі адносяцца:

унясенне змяненняў і (або) дапаўненняў у статут фермерскай гаспадаркі;

змяненне памеру статутнага фонду фермерскай гаспадаркі;

прыняцце ў склад фермерскай гаспадаркі, выключэнне членаў фермерскай гаспадаркі са складу членаў фермерскай гаспадаркі, у тым ліку прыняцце рашэння аб членстве спадчынніка (спадчыннікаў) грамадзяніна, які аб'яўлены памёршым, у выпадку адмены судом рашэння аб аб'яўленні гэтага грамадзяніна памёршым;

абранне на пасаду кіраўніка фермерскай гаспадаркі і вызваленне яго ад гэтай пасады ў выпадках, прадугледжаных пунктам 7 артыкула 21 гэтага Закона;

зацвярджэнне гадавых справаздач і бухгалтарскіх балансаў фермерскай гаспадаркі, размеркаванне прыбытку фермерскай гаспадаркі;

прыняцце рашэння аб рэарганізацыі або ліквідацыі фермерскай гаспадаркі;

іншыя пытанні, аднесеныя заканадаўчымі актамі і статутам фермерскай гаспадаркі да выключнай кампетэнцыі агульнага сходу членаў фермерскай гаспадаркі.

Пытанні, аднесеныя да выключнай кампетэнцыі агульнага сходу фермерскай гаспадаркі, не могуць быць перададзены агульным сходам членаў фермерскай гаспадаркі на рашэнне кіраўніка фермерскай гаспадаркі.

2. Кожны член фермерскай гаспадаркі мае права прысутнічаць на агульным сходзе членаў фермерскай гаспадаркі, прымаць удзел у абмеркаванні пытанняў парадку дня і галасаваць пры прыняцці рашэнняў.

Кожны член фермерскай гаспадаркі на агульным сходзе членаў фермерскай гаспадаркі мае адзін голас, калі іншае не прадугледжана статутам фермерскай гаспадаркі.

3. Агульны сход членаў фермерскай гаспадаркі мае паўнамоцтвы прымаць рашэнні толькі пры ўмове прысутнасці на ім не менш як дзвюх трэціх ад усіх членаў фермерскай гаспадаркі, калі іншае не прадугледжана статутам фермерскай гаспадаркі.

Рашэнне прымаецца простай большасцю галасоў. Пры роўнасці галасоў членаў фермерскай гаспадаркі прынятым лічыцца рашэнне, за якое прагаласаваў кіраўнік фермерскай гаспадаркі. Статутам фермерскай гаспадаркі можа быць прадугледжаны іншы парадак прыняцця рашэнняў.

Рашэнні агульнага сходу членаў фермерскай гаспадаркі афармляюцца пратаколамі, якія падпісваюцца членамі фермерскай гаспадаркі, што на ім прысутнічалі.

Артыкул 21. Кіраўнік фермерскай гаспадаркі

1. Кіраўніком фермерскай гаспадаркі з'яўляецца адзін з заснавальнікаў (членаў) фермерскай гаспадаркі, абраны на гэтую пасаду сходам заснавальнікаў фермерскай гаспадаркі або агульным сходам членаў фермерскай гаспадаркі і ўказаны ў статуце фермерскай гаспадаркі.

Кіраўнік фермерскай гаспадаркі падсправаздачны агульнаму сходу членаў фермерскай гаспадаркі.

2. У выпадку стварэння фермерскай гаспадаркі адным грамадзянінам кіраўніком фермерскай гаспадаркі з'яўляецца гэты грамадзянін.

3. Кіраўнік фермерскай гаспадаркі не можа быць адначасова кіраўніком іншай камерцыйнай арганізацыі.

4. Кіраўнік фермерскай гаспадаркі павінен адпавядаць патрабаванням, выкладзеным у пункце 1 артыкула 4 і пункце 1 артыкула 8 гэтага Закона.

5. Кіраўнік фермерскай гаспадаркі без даверанасці дзейнічае ад імя фермерскай гаспадаркі, у тым ліку прадстаўляе яго інтарэсы ва ўзаемаадносінах з дзяржаўнымі органамі, грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі, ажыццяўляе ад імя фермерскай гаспадаркі здзелкі, выдае даверанасці на права прадстаўніцтва ад імя фермерскай гаспадаркі, распараджаецца маёмасцю фермерскай гаспадаркі, з'яўляецца наймальнікам асоб, якія працуюць у фермерскай гаспадарцы па працоўнаму дагавору, ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, не аднесеныя гэтым Законам або статутам фермерскай гаспадаркі да выключнай кампетэнцыі агульнага сходу членаў фермерскай гаспадаркі.

6. У выпадку часовай страты працаздольнасці або адсутнасці (не больш за чатыры месяцы запар) кіраўніка фермерскай гаспадаркі па рашэнню агульнага сходу членаў фермерскай гаспадаркі кіраўнік фермерскай гаспадаркі можа ўпаўнаважыць выконваць яго абавязкі на падставе даверанасці аднаго з членаў фермерскай гаспадаркі.

7. У выпадку часовай страты працаздольнасці або працяглай адсутнасці (больш за чатыры месяцы запар), адмовы ад выканання абавязкаў кіраўніка фермерскай гаспадаркі, выхаду або выключэння са складу членаў фермерскай гаспадаркі або смерці кіраўніка фермерскай гаспадаркі рашэннем агульнага сходу членаў фермерскай гаспадаркі абіраецца новы кіраўнік фермерскай гаспадаркі.

8. Калі вядзенне фермерскай гаспадакі ажыццяўляецца адным грамадзянінам, то ў выпадку часовай страты ім працаздольнасці або адсутнасці (але не больш за чатыры месяцы запар) ён можа ўпаўнаважыць выконваць яго абавязкі на падставе дагавора даручэння або дагавора давернага ўпраўлення маёмасцю дзеяздольнага грамадзяніна.

Глава 6

Дзейнасць фермерскай гаспадаркі

Артыкул 22. Віды дзейнасці фермерскай гаспадаркі

1. Асноўнымі відамі дзейнасці фермерскай гаспадаркі з'яўляюцца вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі з выкарыстаннем зямельнага ўчастка, прадастаўленага для гэтых мэтаў, а таксама перапрацоўка, захоўванне, транспарціроўка і рэалізацыя вырабленай ім сельскагаспадарчай прадукцыі. Фермерская гаспадарка мае права ажыццяўляць іншыя віды дзейнасці, якія не супярэчаць заканадаўству і статуту фермерскай гаспадаркі.

2. У выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, асобныя віды дзейнасці могуць ажыццяўляцца фермерскай гаспадаркай толькі на падставе спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі).

3. Фермерская гаспадарка мае права ажыццяўляць знешнеэканамічную дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 23. Рэалізацыя прадукцыі фермерскай гаспадаркі

1. Фермерская гаспадарка мае права распараджацца вырабленай ёй прадукцыяй і рэалізоўваць яе як лічыць патрэбным у адпаведнасці з заключанымі дагаворамі.

2. Пры рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама ў працэсе яе вытворчасці, перапрацоўкі, захоўвання і транспарціроўкі фермерская гаспадарка абавязана выконваць санітарныя нормы і правілы, патрабаванні заканадаўства ў галіне якасці і бяспекі харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека, а таксама патрабаванні экалагічнай бяспекі.

Артыкул 24. Удзел фермерскіх гаспадарак у стварэнні камерцыйных і некамерцыйных арганізацый

1. Фермерскія гаспадаркі могуць ствараць унітарныя прадпрыемствы, быць заснавальнікамі (удзельнікамі) гаспадарчых таварыстваў і супольнасцяў, членамі спажывецкіх кааператываў.

2. Фермерскія гаспадаркі ў мэтах каардынацыі сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці, прадстаўлення і абароны агульных маёмасных інтарэсаў могуць па дагавору паміж сабой ствараць аб'яднанні ў форме асацыяцый або саюзаў.

Артыкул 25. Удзел фермерскай гаспадаркі ў фінансавых і крэдытных адносінах

1. Фермерская гаспадарка мае права атрымліваць крэдытныя і пазыкавыя сродкі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

2. У якасці забеспячэння выканання абавязацельстваў па крэдытнаму дагавору фермерская гаспадарка можа выкарыстоўваць залог сваёй маёмасці, уключаючы ўраджай сельскагаспадарчых культур, а таксама залог права арэнды маёмасці.

3. Фермерскай гаспадаркай могуць выдзяляцца льготныя крэдыты ў межах сродкаў рэспубліканскага бюджэту, якія накіроўваюцца на гэтыя мэты, з выплатай працэнтаў за карыстанне імі ў памеры не больш за палову стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь пачынаючы з другога года пасля атрымання крэдыту.

4. Фермерская гаспадарка мае права адкрываць бягучы (разліковы) і іншыя рахункі для захоўвання грашовых сродкаў, ажыццяўлення разліковых і (або) касавых і іншых аперацый у адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 26. Падаткаабкладанне фермерскіх гаспадарак

1. Падаткаабкладанне фермерскіх гаспадарак ажыццяўляецца ў адпаведнасці з падатковым заканадаўствам.

2. Фермерскія гаспадаркі маюць права перайсці на выплату адзінага падатку для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў адпаведнасці з падатковым закандаўствам.

3. На працягу трох гадоў з дня дзяржаўнай рэгістрацыі фермерская гаспадарка вызваляецца ад уплаты ўсіх відаў падаткаў у частцы дзейнасці па вытворчасці прадукцыі раслінаводства (акрамя кветак і дэкаратыўных раслін), жывёлагадоўлі (акрамя пушной зверагадоўлі), рыбаводства і пчалярства.

Артыкул 27. Улік і справаздачнасць у фермерскіх гаспадарках

Асаблівасці ўліку даходаў і расходаў фермерскіх гаспадарак, а таксама парадак складання і прадстаўлення імі бухгалтарскай, падатковай, статыстычнай і іншай справаздачнасці ўстанаўліваюцца заканадаўствам.

Артыкул 28. Працоўныя адносіны ў фермерскай гаспадарцы

1. Кіраўнік фермерскай гаспадаркі заключае працоўныя дагаворы з членамі фермерскай гаспадаркі ў адпаведнасці з заканадаўствам аб працы.

2. Пры неабходнасці для выканання работ у фермерскай гаспадарцы могуць прыцягвацца па працоўнаму або іншаму дагавору асобы, якія не з'яўляюцца членамі фермерскай гаспадаркі, з выкананнем патрабаванняў заканадаўства.

3. На членаў фермерскай гаспадаркі і іншых асоб, якія працуюць у фермерскай гаспадарцы па працоўнаму дагавору, калі работа ў фермерскай гаспадарцы з'яўляецца для іх асноўнай, вядуцца працоўныя кніжкі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб працы.

Артыкул 29. Вырашэнне спрэчак, звязаных з дзейнасцю фермерскай гаспадаркі

Спрэчкі, звязаныя з дзейнасцю фермерскай гаспадаркі, вырашаюцца ў судовым парадку.

Глава 7

Рэарганізацыя і ліквідацыя фермерскай гаспадаркі

Артыкул 30. Рэарганізацыя фермерскай гаспадаркі

1. Фермерская гаспадарка можа быць рэарганізавана па рашэнню вышэйшага органа ўпраўлення фермерскай гаспадаркі, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

Рэарганізацыя фермерскай гаспадаркі ажыццяўляецца ў парадку, прадугледжаным грамадзянскім заканадаўствам і статутам фермерскай гаспадаркі.

2. Члены фермерскай гаспадаркі, якая зноў узнікла ў выніку рэарганізацыі, павінны адпавядаць патрабаванням, выкладзеным у пункце 1 артыкула 4 і пункце 1 артыкула 8 гэтага Закона.

Артыкул 31. Ліквідацыя фермерскай гаспадаркі

1. Фермерская гаспадарка можа быць ліквідавана па рашэнню:

вышэйшага органа ўпраўлення фермерскай гаспадаркі;

рэгіструючага органа — пры спыненні права на зямельны ўчастак, прадастаўлены для вядзення фермерскай гаспадаркі, у адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні земляў, а таксама ў выпадку, калі ў складзе фермерскай гаспадаркі не засталося ніводнага члена фермерскай гаспадаркі і спадчыннік (спадчыннікі) адсутнічае або адмаўляецца ад далейшага вядзення фермерскай гаспадаркі, і ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі;

гаспадарчага суда;

іншых органаў у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

Ліквідацыя фермерскай гаспадаркі ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі.

2. Спрэчкі аб ліквідацыі фермерскай гаспадаркі вырашаюцца ў гаспадарчым судзе.

Артыкул 32. Размеркаванне маёмасці фермерскай гаспадаркі паміж яго членамі ў выпадку ліквідацыі фермерскай гаспадаркі

Маёмасць фермерскай гаспадаркі, якая ліквідуецца і якая засталася пасля задавальнення патрабаванняў крэдытораў, размяркоўваецца паміж яго членамі прапарцыянальна іх долям у статутным фондзе фермерскай гаспадаркі, а таксама з улікам іх асабістага працоўнага ўдзелу, калі іншы парадак не прадугледжаны статутам фермерскай гаспадаркі.

Глава 8

Заключныя палажэнні

Артыкул 33. Прывядзенне статутных дакументаў фермерскіх гаспадарак у адпаведнасць з гэтым Законам

Фермерскія гаспадаркі на працягу года пасля ўступлення ў сілу гэтага Закона абавязаны прывесці свае ўстаноўчыя дакументы ў адпаведнасць з гэтым Законам.

Артыкул 34. Пераходныя палажэнні

1. Патрабаванні, выкладзеныя ў пункце 1 артыкула 4 і пункце 1 артыкула 8 гэтага Закона, не распаўсюджваюцца на грамадзян, якія з'яўляюцца членамі фермерскіх гаспадарак, створаных да ўступлення ў сілу гэтага Закона.

2. Артыкул 26 гэтага Закона дзейнічае да ўступлення ў сілу Асаблівай часткі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь.».

Артыкул 2. Унесці ў Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 1998 года (Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 7—9, ст. 101; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 69, 2/190) наступныя дапаўненні і змяненні:

1. Першы сказ часткі другой пункта 2 артыкула 44 пасля слоў «спажывецкія кааператывы» дапоўніць словамі «, сялянскія (фермерскія) гаспадаркі».

2. Частку другую пункта 2 артыкула 46 выключыць.

3. З часткі чацвёртай і абзацаў першага і трэцяга часткі сёмай пункта 2 артыкула 113 словы «або членаў сялянскай (фермерскай) гаспадаркі» выключыць.

4. Дапоўніць главу 4 параграфам 41 наступнага зместу:

«§41. Сялянскія (фермерскія) гаспадаркі

Артыкул 1151. Сялянская (фермерская) гаспадарка

1. Сялянскай (фермерскай) гаспадаркай прызнаецца камерцыйная арганізацыя, створаная адным грамадзянінам (членамі адной сям'і), які ўнес (якія ўнеслі) маёмасныя ўклады, для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама па яе перапрацоўцы, захоўванню, транспарціроўцы і рэалізацыі, заснаванай на яго (іх) асабістым працоўным удзеле і выкарыстанні зямельнага ўчастка, які прадастаўлены для гэтых мэтаў у адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні зямель.

Для мэтаў гэтага параграфа членамі сям'і прызнаюцца муж і жонка, іх бацькі (усынавіцелі), дзеці (у тым ліку ўсыноўленыя), браты і сёстры, муж і жонка і дзеці ўказаных асоб, а таксама іншыя асобы, прызнаныя членамі сям'і ў адпаведнасці з заканадаўствам аб шлюбе і сям'і.

2. Сялянская (фермерская) гаспадарка адказвае па сваіх абавязацельствах усёй маёмасцю, якая ёй належыць.

Члены сялянскай (фермерскай) гаспадаркі не адказваюць па абавязацельствах сялянскай (фермерскай) гаспадаркі, а сялянская (фермерская) гаспадарка не адказвае па абавяцазельствах членаў сялянскай (фермерскай) гаспадаркі, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам.

3. Прававое палажэнне сялянскай (фермерскай) гаспадаркі вызначаецца гэтым Кодэксам і заканадаўствам аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы.

Артыкул 1152. Маёмасць сялянскай (фермерскай) гаспадаркі

Маёмасць сялянскай (фермерскай) гаспадаркі належыць ёй на праве ўласнасці. У склад маёмасці сялянскай (фермерскай) гаспадаркі ўваходзяць маёмасць, перададзеная ў якасці ўкладу ў статутны фонд сялянскай (фермерскай) гаспадаркі яго заснавальнікамі (членамі), а таксама маёмасць, вырабленая і набытая сялянскай (фермерскай) гаспадаркай у працэсе яе дзейнасці.».

5. У частцы другой артыкула 133 словы «артыкулаў 255 і 261» замяніць словамі «артыкула 255».

6. Артыкулы 260 і 261 выключыць.

Артыкул 3. Гэты Закон уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 4, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Артыкул 4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:

падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прапановы па прывядзенню заканадаўчых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесці нарматыўныя прававыя акты Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць перагляд і адмену рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, падначаленымі Ураду Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў, якія супярэчаць гэтаму Закону;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

19 ліпеня 2005 года, г. Мінск

№ 44-З