Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь»

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 10 чэрвеня 2005 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 30 чэрвеня 2005 года

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 3 чэрвеня 1993 года «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1993 г., № 21, ст. 250; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 73, 2/197; 2003 г., № 8, 2/927) змяненні і дапаўненні, выклаўшы яго ў новай рэдакцыі:

«ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь

Гэты Закон накіраваны на вызначэнне прававога становішча замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку на ўстанаўленне парадку іх уезду ў Рэспубліку Беларусь, знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь і выезду з Рэспублікі Беларусь, а таксама на рэгуляванне іншых праваадносінаў, звязаных са знаходжаннем указаных асоб у Рэспубліцы Беларусь.

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе, і іх вызначэнні

Для мэтаў гэтага Закона выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх вызначэнні:

блізкія сваякі — бацькі, усынавіцелі, дзеці, усыноўленыя (удачароныя), родныя браты і сёстры, бабка, дзед, унукі;

пасведчанне на права жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь (далей — пасведчанне на права жыхарства) — дакумент, які сведчыць асобу замежнага грамадзяніна, асобы без грамадзянства (далей, калі іншае не вызначана гэтым Законам, — іншаземцы) і пацвярджае атрыманне іншаземцам дазволу на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь (далей — дазвол на пастаяннае пражыванне);

віза Рэспублікі Беларусь (далей — віза) — дазвол, які прадастаўляе іншаземцу права на перасячэнне Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь (далей — Дзяржаўная граніца) у мэтах уезду ў Рэспубліку Беларусь і (або) выезду з Рэспублікі Беларусь, знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь ці транзітнага праезду (транзіту) праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на працягу тэрміну, указанага ў дадзеным дазволе, і аформлены ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

іншаземец, які часова знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь, — асоба, якая прыбыла ў Рэспубліку Беларусь на тэрмін не больш чым дзевяноста сутак у год з дня ўезду ў Рэспубліку Беларусь на падставе візы або ў парадку, які не патрабуе атрымання візы, і якая не мае дазволу на часовае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь (далей — дазвол на часовае пражыванне) або дазволу на пастаяннае пражыванне;

іншаземец, які часова пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, — асоба, якая атрымала ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, дазвол на часовае пражыванне;

высылка з Рэспублікі Беларусь (далей — высылка) — выдварэнне іншаземца з Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з гэтым Законам;

іміграцыйная квота — гранічная штогадовая норма прыёму іншаземцаў на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліку Беларусь;

замежны грамадзянін — асоба, якая не з'яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і мае доказы сваёй прыналежнасці да грамадзянства іншай дзяржавы;

асоба без грамадзянства — асоба, якая не з'яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і не мае доказаў сваёй прыналежнасці да грамадзянства іншай дзяржавы;

міграцыйная карта — дакумент, які змяшчае звесткі пра іншаземца, які ўязджае ў Рэспубліку Беларусь і выязджае з Рэспублікі Беларусь, і служыць для кантролю за яго часовым знаходжаннем ці часовым пражываннем у Рэспубліцы Беларусь;

органы рэгістрацыі — Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь (далей — Міністэрства замежных спраў), орган унутраных спраў Рэспублікі Беларусь (далей — орган унутраных спраў), гасцініца, якая ажыццяўляе рэгістрацыю іншаземцаў, што прыбылі ў Рэспубліку Беларусь;

іншаземец, які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, — асоба, якая атрымала ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, дазвол на пастаяннае пражыванне;

дазвол на часовае пражыванне — дакумент, які прадастаўляе іншаземцу права на пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь на працягу тэрміну яго дзеяння і аформлены ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

дазвол на пастаяннае пражыванне — рашэнне Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь (далей — Міністэрства ўнутраных спраў), іншых органаў унутраных спраў, якое прадастаўляе іншаземцу права на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь;

транзітны праезд (транзіт) іншаземца праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь — уезд іншаземца ў Рэспубліку Беларусь з адной дзяржавы, рух па ўстаноўленаму маршруту праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і выезд іншаземца з Рэспублікі Беларусь у іншую дзяржаву.

Артыкул 2. Грамадзянства замежных грамадзян, якія маюць множнае грамадзянства

Замежныя грамадзяне, якія маюць грамадзянства дзвюх і больш дзяржаў, лічацца ў Рэспубліцы Беларусь грамадзянамі той дзяржавы, па дакументах якой яны ўехалі ў Рэспубліку Беларусь.

Артыкул 3. Заканадаўства аб прававым становішчы іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь

Заканадаўства аб прававым становішчы іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў гэтым Законе, прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

Артыкул 4. Асновы прававога становішча іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь

Iншаземцы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі законамі і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Асаблівасці прававога становішча іншаземцаў, якія хадайнічаюць аб прызнанні іх бежанцамі ці прадастаўленні ім прыстанішча ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама іншаземцаў, якія прызнаны бежанцамі або якім прадастаўлена прыстанішча ў Рэспубліцы Беларусь, і членаў іх сем'яў рэгулююцца спецыяльнымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

У выпадку, калі іншая дзяржава абмяжоўвае ці парушае агульнапрызнаныя нормы прававога становішча замежных грамадзян у адносінах да грамадзян Рэспублікі Беларусь, у Рэспубліцы Беларусь могуць быць у адказ устаноўлены абмежаванні ў адносінах да правоў і свабод грамадзян гэтай дзяржавы. Дадзеныя абмежаванні ў выпадку іх устанаўлення не распаўсюджваюцца на іншаземцаў, якія ўказаны ў частцы другой гэтага артыкула.

Артыкул 5. Адказнасць за парушэнне гэтага Закона

Асобы, якія вінаваты ў парушэнні гэтага Закона, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 6. Фінансаванне і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне мерапрыемстваў, якія вызначаны гэтым Законам

Фінансаванне і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне мерапрыемстваў, якія вызначаны гэтым Законам, ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на ўтрыманне адпаведных рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь, і іншых крыніц у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 2

ПРАВЫ, СВАБОДЫ, АБАВЯЗКI I АДКАЗНАСЦЬ IНШАЗЕМЦАЎ У РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ

Артыкул 7. Асабістыя правы і свабоды

Iншаземцам у Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і законамі Рэспублікі Беларусь гарантуюцца недатыкальнасць асобы і жылля, іншыя асабістыя правы і свабоды.

Затрыманыя або арыштаваныя іншаземцы без прамаруджвання павінны быць праінфармаваны на зразумелай ім мове аб прычынах іх затрымання або арышту і правах, якія яны маюць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Орган, які затрымаў або арыштаваў іншаземца, не пазней чым за трое сутак з дня затрымання або арышту паведамляе аб гэтым у Міністэрства замежных спраў для інфармавання аб здарэнні дыпламатычнага прадстаўніцтва ці консульскай установы дзяржавы грамадзянскай прыналежнасці альбо звычайнага месца жыхарства затрыманага ці арыштаванага іншаземца.

Артыкул 8. Перамяшчэнне і выбар месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь

Iншаземцы маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Парадак перамяшчэння іншаземцаў і выбар імі месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь вызначаюцца Правіламі знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь, якія зацвярджаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь (далей — Правілы знаходжання).

Iншаземцы могуць свабодна перамяшчацца па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, за выключэннем месцаў, для наведвання якіх патрэбен спецыяльны дазвол, які выдаецца органамі ўнутраных спраў ці ўпаўнаважанымі арганізацыямі, а таксама аб'ектаў, для ўезду на тэрыторыю якіх і знаходжання на ёй патрэбен спецыяльны дазвол, які выдаецца адміністрацыямі гэтых аб'ектаў.

Пералік месцаў і аб'ектаў, для ўезду на тэрыторыю якіх і знаходжання на ёй іншаземцам неабходны спецыяльны дазвол, а таксама арганізацый, якія ўпаўнаважаны выдаваць такія дазволы, вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 9. Удзел у палітычных партыях і іншых грамадскіх аб'яднаннях Рэспублікі Беларусь

Iншаземцы могуць уступаць у прафесійныя саюзы і іншыя грамадскія аб'яднанні Рэспублікі Беларусь, калі гэта прадугледжана іх статутамі.

Iншаземцы не могуць быць членамі палітычных партый Рэспублікі Беларусь і іншых грамадскіх аб'яднанняў Рэспублікі Беларусь, якія маюць палітычныя мэты.

Артыкул 10. Сацыяльна-эканамічныя правы

Iншаземцы, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і займаюцца на законных падставах працоўнай, прадпрымальніцкай і іншай дзейнасцю, маюць усе сацыяльна-эканамічныя правы, якімі карыстаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, уключаючы права на сацыяльнае забеспячэнне.

Сацыяльна-эканамічныя правы іншаземцаў, якія часова знаходзяцца і часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і займаюцца на законных падставах працоўнай, прадпрымальніцкай і іншай дзейнасцю на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, вызначаюцца законамі і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 11. Ажыццяўленне працоўнай, прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь

Iншаземцы ў Рэспубліцы Беларусь маюць права свабодна распараджацца сваімі здольнасцямі да працы, выбіраць род дзейнасці і прафесію, а таксама права на свабоднае выкарыстанне сваіх здольнасцяў і маёмасці для працоўнай, прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Iншаземцы, якія часова знаходзяцца і часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, маюць права займацца працоўнай, прадпрымальніцкай і іншай дзейнасцю на падставе спецыяльных дазволаў, якія выдаюцца ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 12. Маёмасныя і асабістыя немаёмасныя правы

Iншаземцы ў Рэспубліцы Беларусь могуць мець ва ўласнасці маёмасць, атрымліваць у спадчыну ці завяшчаць яе, карыстацца іншымі маёмаснымі і асабістымі немаёмаснымі правамі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 13. Права на ахову здароўя

Iншаземцы, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, карыстаюцца правамі ў галіне аховы здароўя нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана законамі і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Iншаземцам, якія часова знаходзяцца і часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, медыцынская дапамога аказваецца на платнай аснове ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Парадак і ўмовы абавязковага медыцынскага страхавання іншаземцаў, якія ўязджаюць у Рэспубліку Беларусь для часовага знаходжання ці часовага пражывання, вызначаюцца заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 14. Права на адукацыю

Iншаземцы, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, маюць роўнае з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь права на адукацыю, калі іншае не вызначана законамі і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Iншаземцы, якія часова знаходзяцца і часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, маюць права на атрыманне адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь або на падставе дагавораў аб навучанні, заключаных з установамі адукацыі ці навуковымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь, у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 15. Права на захоўванне нацыянальнай культуры і паважанне нацыянальнай годнасці

Iншаземцы ў Рэспубліцы Беларусь маюць права на захоўванне і развіццё сваёй нацыянальнай мовы і культуры, выкананне нацыянальных традыцый і звычаяў у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Зневажанне нацыянальнай годнасці іншаземцаў цягне адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 16. Абарона правоў і свабод

Iншаземцы ў Рэспубліцы Беларусь карыстаюцца ўсімі сродкамі прававой абароны правоў і свабод асобы, якія прадугледжаны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 17. Абмежаванне правоў і свабод

Абмежаванні правоў і свабод іншаземцаў могуць устанаўлівацца толькі ў выпадках, якія прадугледжаны гэтым Законам і іншымі законамі Рэспублікі Беларусь, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, грамадскага парадку, аховы маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых асоб.

Артыкул 18. Абмежаванне ўдзелу ў выбарах і рэферэндумах

Iншаземцы не могуць выбіраць і быць выбранымі ў выбарныя дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь, а таксама браць удзел у рэферэндумах.

Артыкул 19. Абмежаванне на займанне пэўных пасад

Iншаземцы не могуць займаць пасады, назначэнне на якія ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь звязана з прыналежнасцю да грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 20. Выкананне воінскага абавязку

Iншаземцы, якія знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь, не выконваюць воінскага абавязку.

Артыкул 21. Выкананне заканадаўства Рэспублікі Беларусь і паважанне яе нацыянальных традыцый

Iншаземцы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і іншыя акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь, паважаць яе нацыянальныя традыцыі.

Артыкул 22. Абавязак рэгістрацыі

Iншаземцы, якія прыбылі ў Рэспубліку Беларусь, абавязаны прайсці рэгістрацыю ў органах рэгістрацыі ў парадку, устаноўленым гэтым Законам і Правіламі знаходжання, калі іншае не вызначана гэтым Законам.

Артыкул 23. Абавязак выезду з Рэспублікі Беларусь

Iншаземцы абавязаны выехаць з Рэспублікі Беларусь да заканчэння тэрміну часовага знаходжання ці часовага пражывання ў Рэспубліцы Беларусь.

Iншаземцы, якія не выканалі абавязак выезду з Рэспублікі Беларусь, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 24. Адказнасць іншаземцаў

Iншаземцы, якія ўчынілі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь злачынствы, адміністрацыйныя і іншыя правапарушэнні, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 3

УЕЗД IНШАЗЕМЦАЎ У РЭСПУБЛIКУ БЕЛАРУСЬ I ВЫЕЗД IНШАЗЕМЦАЎ З РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ. ТРАНЗIТНЫ ПРАЕЗД (ТРАНЗIТ) IНШАЗЕМЦАЎ ПРАЗ ТЭРЫТОРЫЮ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Артыкул 25. Уезд іншаземцаў у Рэспубліку Беларусь і выезд іншаземцаў з Рэспублікі Беларусь

Iншаземец можа ўязджаць у Рэспубліку Беларусь і выязджаць з Рэспублікі Беларусь па сапраўднаму пашпарту ці іншаму дакументу, які яго замяняе, прызначаны для выезду за мяжу і выдадзены адпаведным органам дзяржавы грамадзянскай прыналежнасці альбо звычайнага месца жыхарства іншаземца альбо міжнароднай арганізацыяй (далей — дакумент для выезду за мяжу), пры наяўнасці візы, калі іншае не вызначана міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь мае права ўстанаўліваць бязвізавы парадак уезду іншаземцаў у Рэспубліку Беларусь і іх выезду з Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 26. Візы

Візы выдаюцца іншаземцам дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі ці консульскімі ўстановамі Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам замежных спраў, органамі ўнутраных спраў, калі іншае не вызначана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Віды віз і парадак іх выдачы вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 27. Міграцыйная карта

Iншаземец пры ўездзе ў Рэспубліку Беларусь запаўняе міграцыйную карту, якая разам з дакументам для выезду за мяжу прад'яўляецца службовай асобе пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь (далей — пагранічныя войскі) у пункце пропуску праз Дзяржаўную граніцу. Пры выездзе з Рэспублікі Беларусь іншаземец абавязаны здаць міграцыйную карту службовай асобе пагранічных войскаў у пункце пропуску праз Дзяржаўную граніцу. Службовай асобай пагранічных войскаў у міграцыйнай карце прастаўляюцца адзнака аб уездзе іншаземца ў Рэспубліку Беларусь ці адзнака аб яго выездзе з Рэспублікі Беларусь.

Форма міграцыйнай карты і парадак яе выкарыстання вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Заканадаўчымі актамі і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь могуць быць устаноўлены катэгорыі іншаземцаў, якія не запаўняюць міграцыйных карт пры ўездзе ў Рэспубліку Беларусь і не прад'яўляюць іх пры выездзе з Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 28. Адмова ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь

Iншаземцу можа быць адмоўлена ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь, калі:

іншаземец у пункце пропуску праз Дзяржаўную граніцу парушыў правілы перасячэння Дзяржаўнай граніцы, мытныя правілы, — да ўстаранення парушэння;

тэрмін дзеяння дакумента для выезду за граніцу не перавышае дзевяноста сутак да дня мяркуемага выезду іншаземца з Рэспублікі Беларусь;

іншаземец асуджаны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або іншай дзяржавы за ўчыненне злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай бяспекі, або менш цяжкага злачынства, якое прызнаецца такім у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, і судзімасць не знята або не пагашана;

іншаземец у час свайго ранейшага знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь не адзін раз (два і больш разы) на працягу аднаго года прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Iншаземцу адмаўляецца ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь, калі:

пры прадстаўленні ў адпаведныя дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь дакументаў, неабходных для атрымання візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або прыняцця рашэння аб яго ўездзе ў Рэспубліку Беларусь, іншаземец паведаміў аб сабе несапраўдныя звесткі, не прадставіў неабходныя дакументы або прадставіў падложныя, падробленыя або несапраўдныя дакументы;

іншаземец уключаны ў Спіс асоб, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы;

Рэспубліка Беларусь аб'явіла іншаземца непрымальным або непажаданым (persona non grata);

маюцца звесткі, што іншаземец мае адносіны да тэрарыстычнай, экстрэмісцкай, кантрабанднай і іншай дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, незаконнага гандлю зброяй, боепрыпасамі або ўзрыўнымі рэчывамі, незаконнага абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў, арганізацыі незаконнай міграцыі іншаземцаў;

іншаземец з'яўляецца або з'яўляўся членам тэрарыстычных або экстрэмісцкіх арганізацый або асобай, якая мае на мэце насільнае змяненне канстытуцыйнага строю або вядзе прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці;

іншаземец асуджаны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або іншай дзяржавы за ўчыненне цяжкага або асабліва цяжкага злачынства, якое прызнаецца такім у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, і судзімасць не знята або не пагашана;

іншаземец не можа пацвердзіць наяўнасць сродкаў, неабходных для пакрыцця расходаў па яго знаходжанню ў Рэспубліцы Беларусь і выезду з Рэспублікі Беларусь, або прад'явіць гарантыі прадастаўлення такіх сродкаў у парадку і памеры, устанаўліваемых Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

іншаземец, які падлягае абавязковаму медыцынскаму страхаванню ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, не мае страхавога поліса, сапраўднага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

іншаземец мае захворванне, уключанае ў пералік захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва.

У выпадку прыняцця рашэння аб адмаўленні іншаземцу ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь раней выдадзеная яму віза для ўезду ў Рэспубліку Беларусь анулюецца.

Рашэнне аб адмаўленні ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь цягне за сабой уключэнне іншаземца ў Спіс асоб, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы.

Артыкул 29. Органы, якія прымаюць рашэнне аб адмаўленні ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь, аб адмаўленні ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь і аб ануляванні візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь

Рашэнне аб адмаўленні ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь прымаецца Міністэрствам замежных спраў, дыпламатычным прадстаўніцтвам або консульскай установай Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб адмаўленні ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь прымаецца пагранічнымі войскамі, органам унутраных спраў або органам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (далей — орган дзяржаўнай бяспекі).

Органы, якія прынялі рашэнне аб адмаўленні іншаземцу ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь, маюць права дазволіць яму ўезд у Рэспубліку Беларусь на тэрмін не больш чым трыццаць сутак.

Рашэнне аб ануляванні візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь прымаецца Міністэрствам замежных спраў, дыпламатычным прадстаўніцтвам або консульскай установай Рэспублікі Беларусь да ўезду іншаземца ў Рэспубліку Беларусь або пагранічнымі войскамі на падставе рашэння аб адмаўленні ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь.

Органы, якія прынялі рашэнне аб адмаўленні ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь, аб адмаўленні ва ўездзе ў Рэспуліку Беларусь або аб ануляванні візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь, не абавязаны інфармаваць іншаземца аб прычынах і падставах прыняцця такіх рашэнняў.

Артыкул 30. Спіс асоб, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы

Правілы ўключэння іншаземцаў у Спіс асоб, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы, і выключэнні іншаземцаў з гэтага Спіса, а таксама парадак увядзення такога Спіса вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 31. Адмаўленне аб выдачы візы для выезду з Рэспублікі Беларусь або ў выездзе з Рэспублікі Беларусь

Iншаземцу можа быць адмоўлена ў выдачы візы для выезду з Рэспублікі Беларусь або ў выездзе з Рэспублікі Беларусь, калі:

ён з'яўляецца падазраваемым або абвінавачваемым па крымінальнай справе, — да спынення вытворчасці па справе або ўступлення ў законную сілу прыгавору суда па гэтай справе;

ён асуджаны ў Рэспубліцы Беларусь за ўчыненае злачынства, — да выканання пакарання або вызвалення ад пакарання;

ён не выканаў маёмасных, падатковых або іншых абавязацельстваў перад Рэспублікай Беларусь, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, устаноўленых судовымі рашэннямі, якія ўступілі ў законную сілу, — да выканання гэтых абавязацельстваў;

ён у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, — да спынення справы аб адміністрацыйным правапарушэнні або выканання адміністрацыйнага спагнання;

ён мае запазычанасць па падатковаму абавязацельству, прадугледжанаму заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, — да пагашэння гэтай запазычанасці;

яго выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, — да спынення абставінаў, якія перашкаджаюць выезду;

ён уключаны ў Спіс асоб, якім адмоўлена ў выездзе з Рэспублікі Беларусь.

У выпадку прыняцця рашэння аб адмаўленні іншаземцу ў выездзе з Рэспублікі Беларусь раней выдадзеная яму віза для выезду з Рэспублікі Беларусь анулюецца.

Рашэнне аб адмаўленні ў выезде з Рэспублікі Беларусь цягне за сабой уключэнне іншаземца ў Спіс асоб, якім адмоўлена ў выездзе з Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 32. Органы, якія прымаюць рашэнне аб адмаўленні ў выдачы візы для выезду з Рэспублікі Беларусь, аб адмаўленні ў выездзе з Рэспублікі Беларусь і аб ануляванні візы для выезду з Рэспублікі Беларусь

Рашэнне аб адмаўленні ў выдачы візы для выезду з Рэспублікі Беларусь прымаецца органам унутраных спраў.

Рашэнне аб адмаўленні ў выездзе з Рэспублікі Беларусь прымаецца пагранічнымі войскамі, органам унутраных спраў або органам дзяржаўнай бяспекі.

Рашэнне аб ануляванні візы для выезду з Рэспублікі Беларусь прымаецца пагранічнымі войскамі або органам унутраных спраў.

Рашэнні аб адмаўленні ў выдачы візы для выезду з Рэспублікі Беларусь, аб адмаўленні ў выездзе з Рэспублікі Беларусь або аб ануляванні візы для выезду з Рэспублікі Беларусь, прынятыя ў адносінах да іншаземцаў, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, з'яўляюцца падставай для прадаўжэння ім тэрміну часовага знаходжання або часовага пражывання на тэрмін, неабходны для ўстаранення падстаў для адмаўлення ў выдачы візы для выезду з Рэспублікі Баларусь, для адмаўлення ў выездзе з Рэспублікі Беларусь або для анулявання візы для выезду з Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 33. Спіс асоб, якім адмоўлена ў выездзе з Рэспублікі Беларусь

Правілы ўключэння іншаземцаў у Спіс асоб, якім адмоўлена ў выездзе з Рэспублікі Беларусь, і выключэння іншаземцаў з гэтага Спіса, а таксама парадак увядзення такога Спіса вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 34. Праязны дакумент Рэспублікі Беларусь

Праязны дакумент Рэспублікі Беларусь (далей — праязны дакумент) сведчыць асобу і права іншаземцаў, указаных у частцы другой гэтага артыкула, на выезд з Рэспублікі Беларусь і ўезд у Рэспубліку Беларусь на працягу тэрміну яго дзеяння, калі іншае не ўказана ў праязным дакуменце.

Праязны дакумент выдаецца:

іншаземцам, якія прызнаны бежанцамі або якім прадастаўлена прыстанішча ў Рэспубліцы Беларусь;

асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь;

іншаземным грамадзянам, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і не маюць на працягу двух гадоў сапраўдных дакументаў для выезду за граніцу.

Парадак выдачы, канфіскацыі праязнога дакумента, а таксама яго ўзор і апісанне вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 35. Транзітны праезд (транзіт) іншаземцаў праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь

Транзітны праезд (транзіт) іншаземцаў праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца ў тэрмін, які не перавышае двух сутак з дня ўезду ў Рэспубліку Беларусь, за выключэннем выпадку вымушанага спынення, у адпаведнасці з Правіламі транзітнага праезду (транзіту) іншаземцаў праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, якія зацвярджаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь (далей — Правілы транзіту).

Вымушаным спыненнем прызнаецца знаходжанне іншаземца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь больш за двое сутак з дня яго ўезду ў Рэспубліку Беларусь з прычыны:

стыхійных бедстваў, якія затрымліваюць рух транспартнага сродку;

неабходнасці рамонту пашкоджанага транспартнага сродку;

хваробы або стану здароўя, калі згодна з заключэннем арганізацыі аховы здароўя Рэспублікі Беларусь далейшае накіраванне іншаземца і (або) асобы, якая едзе разам з ёй, уяўляецца небяспечным для іх жыцця і здароўя;

непрадугледжаных затрымак пры перасадцы з аднаго віду транспарту на іншы ў пункце перасадкі;

надыходу іншых непрадбачаных абставінаў, якія перашкаджаюць далейшаму руху іншаземца.

У выпадку вымушанага спынення прадаўжэнне іншаземцу тэрміну знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь, выдача візы для выезду з Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюцца органам унутраных спраў па месцы вымушанага спынення на падставе заявы іншаземца.

ГЛАВА 4

РЭГIСТРАЦЫЯ IНШАЗЕМЦАЎ У РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ

Артыкул 36. Парадак рэгістрацыі іншаземцаў

Iншаземец, які прыбыў у Рэспубліку Беларусь, абавязаны на працягу трох сутак, за выключэннем выхадных дзён, дзяржаўных свят і святочных дзён, аб'яўленых Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь непрацоўнымі, зарэгістравацца ў органе рэгістрацыі па месцы фактычнага пражывання, калі іншае не вызначана гэтым Законам.

Iншаземцы абавязаны пражываць у Рэспубліцы Беларусь толькі па тым месцы пражывання, па якім яны зарэгістраваны ў органах рэгістрацыі, за выключэннем іншаземцаў, указаных у частцы першай артыкула 39 гэтага Закона.

Пры змене месца жыхарства іншаземец абавязаны на працягу трох сутак, за выключэннем выхадных дзён, дзяржаўных свят і святочных дзён, аб'яўленых Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь непрацоўнымі, зарэгістравацца ў органе рэгістрацыі па новым месцы пражывання, за выключэннем іншаземцаў, указаных у частцы першай артыкула 39 гэтага Закона.

Рэгістрацыя іншаземцаў у органах рэгістрацыі робіцца на падставе асабістых зваротаў іншаземцаў або пісьмовых хадайніцтваў прымаючых арганізацый.

Грамадзяне дзяржаў з візавым рэжымам уезду ў Рэспубліку Беларусь рэгіструюцца на тэрмін, указаны ў іх асабістым звароце або хадайніцтве прымаючай арганізацыі, але не больш за тэрмін дзеяння візы Рэспублікі Беларусь.

Грамадзяне дзяржаў з бязвізавым рэжымам уезду ў Рэспубліку Беларусь рэгіструюцца на тэрмін, які не перавышае тэрміну, вызначанага міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь з адпаведнай дзяржавай. У выпадку адсутнасці такога міжнароднага дагавора або адсутнасці ў міжнародным дагаворы ўказання аб тэрміне бязвізавага знаходжання рэгістрацыя ажыццяўляецца на тэрмін, указаны ў асабістым звароце іншаземца або хадайніцтве прымаючай арганізацыі, але не больш за дзевяноста сутак у год з дня ўезду ў Рэспубліку Беларусь.

Артыкул 37. Рэгістрацыя іншаземцаў у органах унутраных спраў

У органах унутраных спраў рэгіструюцца іншаземцы, за выключэннем іншаземцаў, указаных у артыкулах 38—40 гэтага Закона.

Артыкул 38. Рэгістрацыя іншаземцаў у гасцініцах

У гасцініцах рэгіструюцца ўсе іншаземцы, якія там пражываюць, калі іншае не вызначана гэтым Законам.

Пасля рэгістрацыі іншаземца адміністрацыя гасцініцы ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, накіроўвае ў орган унутраных спраў па месцы размяшчэння гасцініцы інфармацыю аб іншаземцы, які прайшоў рэгістрацыю.

Артыкул 39. Рэгістрацыя іншаземцаў у Міністэрстве замежных спраў

У Міністэрстве замежных спраў рэгіструюцца:

кіраўнікі і супрацоўнікі замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, супрацоўнікі апарату ваенных аташэ, супрацоўнікі гандлёвых прадстаўніцтваў замежных дзяржаў у Рэспубліцы Беларусь, а таксама члены іх сем'яў, госці кіраўнікоў і супрацоўнікаў замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, калі гэтыя госці пражываюць у іх рэзідэнцыях або на тэрыторыі названых прадстаўніцтваў і ўстаноў;

супрацоўнікі прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь, якія, згодна са статутнымі дакументамі гэтых арганізацый або адпаведнымі міжнароднымі дагаворамі, карыстаюцца прывілеямі і імунітэтамі, а таксама члены іх сем'яў.

Iншаземцам, якія ўказаны ў частцы першай гэтага артыкула і прайшлі рэгістрацыю, выдаюцца дыпламатычныя, консульскія або службовыя карткі, за выключэннем гасцей кіраўнікоў і супрацоўнікаў замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў.

Iншаземцы, указаныя ў частцы першай гэтага артыкула, вызваляюцца ад рэгістрацыі ў гасцініцах або органах унутраных спраў па месцы пражывання.

Міністэрства замежных спраў мае права ажыццяўляць рэгістрацыю дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў замежных дзяржаў і членаў іх сем'яў, якія прыбылі ў Рэспубліку Беларусь, па хадайніцтву прымаючых іх арганізацый, дыпламатычных прадстаўніцтваў або консульскіх устаноў, а таксама супрацоўнікаў міжнародных арганізацый, не ўказаных у частцы першай гэтага артыкула і артыкуле 40 гэтага Закона. У гэтых выпадках іншаземцы вызваляюцца ад рэгістрацыі ў гасцініцах або органах унутраных спраў па месцы пражывання.

Артыкул 40. Iншаземцы, якія не падлягаюць рэгістрацыі ў Рэспубліцы Беларусь

У Рэспубліцы Беларусь не падлягаюць рэгістрацыі:

кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў замежных дзяржаў, кіраўнікі і члены парламенцкіх, урадавых і іншых афіцыйных дэлегацый, тэхнічны персанал гэтых дэлегацый і іншаземцы, якія прыбылі ў Рэспубліку Беларусь па запрашэннях Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Рэспублікі Беларусь, а таксама члены іх сем'яў;

іншаземцы, якія прыбылі ў Рэспубліку Беларусь па пашпартах, выдадзеных Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый;

іншаземцы, якія прыбылі ў Рэспубліку Беларусь на выхадныя дні, дзяржаўныя святы і святочныя дні, аб'яўленыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь непрацоўнымі, або на тэрмін да трох сутак у звычайныя дні, калі іх выезд з Рэспублікі Беларусь будзе ажыццёўлены на працягу гэтых дзён і сутак;

члены экіпажаў замежных ваенных самалётаў, якія прыбылі ў Рэспубліку Беларусь ва ўстаноўленым парадку;

іншаземцы, якія ўваходзяць у склад экіпажаў грамадзянскіх паветраных суднаў міжнародных авіяліній, брыгад цягнікоў міжнародных чыгуначных зносінаў, пры знаходжанні ў аэрапорце або на станцыях, указаных у раскладзе руху;

іншаземцы, якія ўваходзяць у склад экіпажаў замежных аўтатранспартных срокаў і сродкаў рачнога транспарту, якія ажыццяўляюць перавозкі грузаў і пасажыраў у міжнародных зносінах або знаходзяцца ў гарадах і іншых населеных пунктах на маршрутах выканання перавозак, у тым ліку і ў іншых пунктах назначэння.

Артыкул 41. Дакументы, неабходныя для рэгістрацыі іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь

Рэгістрацыя іншаземца ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца пры наяўнасці міграцыйнай карткі, якая мае адзнаку службовай асобы пагранічных войскаў аб уездзе іншаземца ў Рэспубліку Беларусь, і дакумента для выезду за граніцу, за выключэннем іншаземцаў, указаных у частцы другой гэтага артыкула.

Iншаземцы, якія ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь не запаўняюць міграцыйныя карткі пры ўездзе ў Рэспубліку Беларусь і не прад'яўляюць іх пры выездзе з Рэспублікі Беларусь, рэгіструюцца на падставе дакументаў для выезду за граніцу.

ГЛАВА 5

ЗНАХОДЖАННЕ IНШАЗЕМЦАЎ У РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ

Артыкул 42. Рэжымы знаходжання іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь

Iншаземцы могуць часова знаходзіцца, часова і пастаянна пражываць у Рэспубліцы Беларусь.

Парадак часовага знаходжання, часовага і пастаяннага пражывання іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 43. Часовае знаходжанне іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь

Тэрмін часовага знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь іншаземца вызначаецца тэрмінам дзеяння выдадзенай яму візы і не можа перавышаць дзевяноста сутак у год з дня ўезду ў Рэспубліку Беларусь.

Тэрмін часовага знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь іншаземца, які прыбыў у Рэспубліку Беларусь у парадку, які не патрабуе атрымання візы, не можа перавышаць дзевяноста сутак у год з дня ўезду ў Рэспубліку Беларусь.

Iншаземец, які часова знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь, абавязаны выехаць з Рэспублікі Беларусь да заканчэння тэрміну дзеяння візы або тэрміну, прадугледжанага часткамі першай і другой гэтага артыкула, калі на момант заканчэння ўказаных тэрмінаў ім не прадоўжаны тэрмін часовага знаходжання або не атрыманы дазвол на часовае пражыванне або дазвол на пастаяннае пражыванне.

Тэрмін часовага знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь іншаземца можа быць прадоўжаны або скарочаны ў выпадку змянення або страты падстаў, па якіх іншаземцу быў дазволены ўезд у Рэспубліку Беларусь.

Артыкул 44. Адмаўленне ў прадаўжэнні і (або) скарачэнні тэрміну часовага знаходжання іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь

У прадаўжэнні тэрміну часовага знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь іншаземца можа быць адмоўлена і (або) тэрмін часовага знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь іншаземца можа быць скарочаны, калі:

устаноўлены падставы, па якіх яму ў адпаведнасці з часткай першай артыкула 28 гэтага Закона магло быць адмоўлена ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь;

іншаземец неаднаразова (два і больш разы) на працягу аднаго года парушыў Правілы знаходжання і (або) Правілы транзіту.

Тэрмін часовага знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь іншаземца не прадаўжаецца і (або) скарачаецца:

калі ўстаноўлены падставы, па якіх яму ў адпаведнасці з часткай другой артыкула 28 гэтага Закона павінна было быць адмоўлена ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь;

калі пры прадстаўленні ў адпаведныя дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь дакументаў, неабходных для прыняцця рашэння аб прадаўжэнні тэрміну часовага знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь, іншаземец паведаміў аб сабе несапраўдныя звесткі, не прадставіў неабходныя дакументы або прадставіў падложныя, падробленыя або несапраўдныя дакументы;

калі не маецца падстаў для яго знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь;

у выпадку дэпартацыі або высылкі іншаземца.

У выпадку прыняцця рашэння аб адмаўленні ў прадаўжэнні і (або) аб скарачэнні тэрміну часовага знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь іншаземца тэрмін дзеяння візы, выдадзенай іншаземцу, і (або) тэрмін яго рэгістрацыі скарачаюцца, калі не маецца падстаў для яго знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь.

У выпадку, калі тэрмін часовага знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь іншаземца скарочаны і не маецца іншых падстаў для яго знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь, іншаземец абавязаны выехаць з Рэспублікі Беларусь на працягу дзесяці сутак з дня яго азнаямлення з рашэннем аб скарачэнні тэрміну часовага знаходжання.

Артыкул 45. Органы, якія прымаюць рашэнні аб прадаўжэнні тэрміну часовага знаходжання іншаземца ў Рэспубліцы Беларусь і аб адмове ў прадаўжэнні і (або) скарачэнні тэрміну часовага знаходжання іншаземца ў Рэспубліцы Беларусь

Рашэнне аб прадаўжэнні тэрміну часовага знаходжання іншаземца ў Рэспубліцы Беларусь прымаецца органам унутраных спраў, а ў адносінах да іншаземцаў, зарэгістраваных у Міністэрстве замежных спраў, — Міністэрствам замежных спраў.

Рашэнне аб адмове ў прадаўжэнні і (або) аб скарачэнні тэрміну часовага знаходжання іншаземца ў Рэспубліцы Беларусь прымаецца:

падчас знаходжання іншаземца ў Рэспубліцы Беларусь — органам унутраных спраў самастойна або па хадайніцтву адпаведных дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь;

у адносінах да іншаземцаў, зарэгістраваных у Міністэрстве замежных спраў або аб'яўленых Рэспублікай Беларусь непрымальнымі або непажаданымі (persona non grata), — Міністэрствам замежных спраў.

Артыкул 46. Дазвол на часовае пражыванне

Дазвол на часовае пражыванне выдаецца іншаземцам, якія прыбылі ў Рэспубліку Беларусь на тэрмін большы чым дзевяноста сутак у год:

для навучання ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь — на тэрмін вучобы, але не большы чым адзін год;

да мужа (жонкі), блізкіх сваякоў, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, — на тэрмін знаходжання, але не больш чым адзін год;

для ажыццяўлення працоўнай, прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, — на тэрмін знаходжання, але не больш чым адзін год;

калі яны ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, звярнуліся з хадайніцтвам аб прызнанні іх бежанцамі або прадастаўленні ім прыстанішча ў Рэспубліцы Беларусь або падалі заяву аб выдачы ім дазволу на пастаяннае пражыванне, — на тэрмін разгляду іх хадайніцтва або заявы;

калі ў іх маецца на праве ўласнасці нерухомасць у Рэспубліцы Беларусь, — на тэрмін знаходжання, але не больш чым сто восемдзесят сутак у год;

па іншых абставінах, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Парадак выдачы дазволу на часовае пражыванне зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Iншаземец, які часова пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, абавязаны выехаць з Рэспублікі Беларусь да заканчэння тэрміну дзеяння дазволу на часовае пражыванне, калі на момант заканчэння ўказанага тэрміну ім не атрыманы новы дазвол на часовае пражыванне або дазвол на пастаяннае пражыванне.

Артыкул 47. Адмова ў выдачы дазволу на часовае пражыванне

У выдачы дазволу на часовае пражыванне іншаземцу можа быць адмоўлена, калі:

устаноўлены падставы, па якіх яму ў адпаведнасці з часткай першай артыкула 28 гэтага Закона магло быць адмоўлена ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь;

іншаземец неаднаразова (два і больш разы) на працягу аднаго года парушыў Правілы знаходжання і (або) Правілы транзіту.

Дазвол на часовае пражыванне іншаземцу не выдаецца, калі:

устаноўлены падставы, па якіх яму ў адпаведнасці з часткай другой артыкула 28 гэтага Закона павінна было быць адмоўлена ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь;

пры прадстаўленні ў адпаведныя дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь дакументаў, неабходных для прыняцця рашэння аб выдачы яму дазволу на часовае пражыванне, іншаземец паведаміў аб сабе несапраўдныя звесткі, не прадставіў неабходныя дакументы або прадставіў падложныя, падробленыя або несапраўдныя дакументы;

не маецца падстаў для яго часовага пражывання ў Рэспубліцы Беларусь.

У выпадку прыняцця рашэння аб адмове ў выдачы дазволу на часовае пражыванне тэрмін дзеяння візы, выдадзенай іншаземцу, і (або) тэрмін яго рэгістрацыі скарачаюцца, калі не маецца падстаў для яго знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь.

Артыкул 48. Ануляванне дазволу на часовае пражыванне

Дазвол на часовае пражыванне можа быць ануляваны, калі:

устаноўлены падставы, па якіх іншаземцу ў адпаведнасці з часткай першай артыкула 28 гэтага Закона магло быць адмоўлена ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь;

іншаземец неаднаразова (два і больш разы) на працягу аднаго года парушыў Правілы знаходжання і (або) Правілы транзіту.

Дазвол на часовае пражыванне анулюецца:

калі ўстаноўлены падставы, па якіх іншаземцу ў адпаведнасці з абзацамі другім—сёмым, дзевятым і дзесятым часткі другой артыкула 28 гэтага Закона павінна было быць адмоўлена ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь;

калі пры прадстаўленні ў адпаведныя дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь дакументаў, неабходных для прыняцця рашэння аб выдачы яму дазволу на часовае пражыванне, іншаземец паведаміў аб сабе несапраўдныя звесткі, не прадставіў неабходныя дакументы або прадставіў падложныя, падробленыя або несапраўдныя дакументы;

калі іншаземец не можа прадставіць доказаў магчымасці ўтрымліваць сябе і членаў сваёй сям'і ў Рэспубліцы Беларусь у межах пражыт-ковага мінімуму, за выключэннем выпадку, калі іншаземец прызнаны недзеяздольным;

калі іншаземец выехаў з Рэспублікі Беларусь у замежную дзяржаву на пастаяннае пражыванне;

у выпадку дэпартацыі або высылкі іншаземца;

у выпадку страты падстаў, у адпаведнасці з якімі было прынята рашэнне аб выдачы іншаземцу дазволу на часовае пражыванне.

У выпадку прыняцця рашэння аб ануляванні дазволу на часовае пражыванне тэрмін дзеяння візы, выдадзенай іншаземцу, і (або) тэрмін яго рэгістрацыі скарачаюцца, калі не маецца падстаў для яго знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь.

У выпадку, калі дазвол на часовае пражыванне, выдадзены іншаземцу, ануляваны і не маецца іншых падстаў для яго знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь, іншаземец абавязаны выехаць з Рэспублікі Беларусь на працягу пятнаццаці сутак з дня яго азнаямлення з рашэннем аб ануляванні дазволу на часовае пражыванне.

Артыкул 49. Органы, якія прымаюць рашэнне аб выдачы дазволу на часовае пражыванне, аб адмове ў выдачы і аб ануляванні дазволу на часовае пражыванне

Рашэнне аб выдачы дазволу на часовае пражыванне прымаецца органам унутраных спраў.

Рашэнні аб адмове ў выдачы і ануляванні дазволу на часовае пражыванне прымаюцца органам унутраных спраў самастойна або па хадаўніцтву адпаведных дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь і афармляюцца прастаўленнем адпаведнай адзнакі ў дакуменце для выезду за граніцу. Форма адзнакі і парадак яе прастаўлення вызначаюцца Міністэрствам унутраных спраў.

Артыкул 50. Дазвол на пастаяннае пражыванне

Дазвол на пастаяннае пражыванне выдаецца іншаземцам, якія:

з'яўляюцца мужам і жонкай, блізкімі сваякамі грамадзян Рэспублікі Беларусь і пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь;

заключылі шлюб з іншаземцамі, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь;

прызнаны бежанцамі або з'яўляюцца асобамі, якім прадастаўлена прыстанішча ў Рэспубліцы Беларусь;

маюць права на ўз'яднанне сям'і;

пражылі на законных падставах у Рэспубліцы Беларусь апошнія сем і больш гадоў;

маюць падставы для набыцця грамадзянства Рэспублікі Беларусь у парадку рэгістрацыі;

з'яўляюцца работнікамі і спецыялістамі, у якіх мае патрэбу Рэспубліка Беларусь;

валодаюць выключнымі здольнасцямі і талентам або маюць выдатныя заслугі перад Рэспублікай Беларусь, высокія дасягненні ў галіне навукі, тэхнікі, культуры і спорту;

інвеставалі не менш як сто пяцьдзесят тысяч еўра ў эканоміку Рэспублікі Беларусь або ў рэалізацыю канкрэтных дзяржаўных праграм Рэспублікі Беларусь.

Дазвол на пастаяннае пражыванне можа быць выдадзены іншым іншаземцам, не ўказаных у частцы першай гэтага артыкула, на падставе рашэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненню з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Парадак выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 51. Iміграцыйная квота

У мэтах дзяржаўнага рэгулявання працэсу ўезду іншаземцаў на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліку Беларусь Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь можа ўстанаўліваць іміграцыйную квоту, якая вызначаецца для кожнай дзяржавы асобна.

Iншаземцы, якія маюць права на ўз'яднанне сям'і, уязджаюць на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліку Беларусь у мэтах сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі па-за ўстаноўленай іміграцыйнай квотай.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь можа прымаць рашэнне аб допуску іншаземцаў на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліку Беларусь звыш устаноўленай іміграцыйнай квоты.

Артыкул 52. Права на ўз'яднанне сям'і

Права на ўз'яднанне сям'і маюць муж (жонка), непаўналетнія дзеці і ўсыноўленыя (удачароныя), а таксама дзеці, якія не знаходзіліся і не знаходзяцца ў шлюбе, і ўсыноўленыя (удачароныя) старэйшыя за васемнаццаць гадоў, недзеяздольныя бацькі і ўсынавіцелі, якія маюць запрашэнне адпаведна ад мужа (жонкі), бацькоў, усынавіцеляў, дзяцей, усыноўленых (адачароных), якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь або іншаземцамі, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

У асобных выпадках права на ўз'яднанне сям'і можа быць прадастаўлена іншым сваякам грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншаземцаў, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, не ўказаных у частцы першай гэтага артыкула, пры наяўнасці ў асобы, якая запрашае, дастатковых жыллёвых умоў і законнай крыніцы атрымання даходаў, што забяспечваюць яму і членам яго сям'і пражытковы мінімум.

У выпадку ўз'яднання сям'і іншаземец, які жадае ўехаць на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліку Беларусь, або асоба, якая яго запрашае, абавязаны прадставіць дакументы, што пацвярджаюць права на ўз'яднанне сям'і.

Артыкул 53. Адмова ў выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне

У выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне іншаземцу можа быць адмоўлена, калі:

устаноўлены падставы, па якіх яму ў адпаведнасці з абзацамі чацвёртым і пятым часткі першай артыкула 28 гэтага Закона магло быць адмоўлена ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь;

іншаземец неаднаразова (два і больш разы) на працягу аднаго года парушыў Правілы знаходжання і (або) Правілы транзіту.

Дазвол на пастаяннае пражыванне іншаземцу не выдаецца, калі:

устаноўлены падставы, па якіх яму ў адпаведнасці з абзацамі другім—восьмым і дзесятым часткі другой артыкула 28 гэтага Закона павінна было быць адмоўлена ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь;

пры прадстаўленні ў адпаведныя дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь дакументаў, неабходных для прыняцця рашэння аб выдачы яму дазволу на пастаяннае пражыванне, паведаміў аб сабе несапраўдныя звесткі, не прадставіў неабходныя дакументы або прадставіў падложныя, падробленыя або несапраўдныя дакументы;

не маецца падстаў для яго пастаяннага пражывання ў Рэспубліцы Беларусь.

У выпадку прыняцця рашэння аб адмове ў выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне тэрмін дзеяння візы, выдадзенай іншаземцу, і (або) тэрмін яго рэгістрацыі скарачаюцца, калі не маецца падстаў для яго знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь.

Артыкул 54. Ануляванне дазволу на пастаяннае пражыванне

Дазвол на пастаяннае пражыванне можа быць ануляваны:

калі ўстаноўлены падставы, па якіх іншаземцу ў адпаведнасці з абзацамі чыцвёртым і пятым часткі першай артыкула 28 гэтага Закона магло быць адмоўлена ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь;

калі іншаземец неаднаразова (два і больш разы) на працягу аднаго года парушыў Правілы знаходжання і (або) Правілы транзіту;

у выпадку страты падстаў, па якіх было прынята рашэнне аб выдачы іншаземцу дазволу на пастаяннае пражыванне;

калі іншаземец знаходзіўся за межамі Рэспублікі Беларусь больш ста васьмідзесяці трох сутак у каляндарным годзе.

Дазвол на пастаяннае пражыванне анулюецца:

калі ўстаноўлены падставы, па якіх іншаземцу ў адпаведнасці з абзацамі другім—сёмым часткі другой артыкула 28 гэтага Закона павінна было быць адмоўлена ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь;

калі шлюб, які быў заключаны іншаземцам з грамадзянінам Рэспублікі Беларусь або іншаземцам, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, і стаў падставай для выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне, прызнаны ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, несапраўдным;

калі пры прадстаўленні ў адпаведныя дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь дакументаў, неабходных для прыняцця рашэння аб выдачы яму дазволу на пастаяннае пражыванне, іншаземец паведаміў аб сабе несапраўдныя звесткі, не прадставіў неабходныя дакументы або прадставіў падложныя, падробленыя або несапраўдныя дакументы;

калі іншаземец выехаў з Рэспублікі Беларусь у замежную дзяржаву на пастаяннае пражыванне;

калі іншаземец атрымаў дазвол на пастаяннае пражыванне ў замежнай дзяржаве;

у выпадку дэпартацыі або высылкі іншаземца.

Ануляванне дазволу на пастаяннае пражыванне цягне за сабой ануляванне візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь і (або) канфіскацыю пасведчання на права жыхарства.

У выпадку, калі дазвол на пастаяннае пражыванне, выдадзены іншаземцу, ануляваны і не маецца іншых падстаў для яго знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь, іншаземец абавязаны выехаць з Рэспублікі Беларусь на працягу трыццаці сутак з дня яго азнаямлення з рашэннем аб ануляванні дазволу на пастаяннае пражыванне.

Артыкул 55. Органы, якія прымаюць рашэнні аб выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне, аб адмове ў выдачы і аб ануляванні дазволу на пастаяннае пражыванне

Рашэнне аб выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне іншаземцам, указаным у абзацах другім—сёмым часткі першай артыкула 50 гэтага Закона, прымаецца органам унутраных спраў самастойна або па хадайніцтву адпаведных дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне замежным грамадзянам, указаным у абзацах восьмым—дзесятым часткі першай артыкула 50 гэтага Закона, прымаецца Міністэрствам унутраных спраў па хадайніцтву адпаведных дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне іншаземцам, указаным у частцы другой артыкула 52 гэтага Закона, прымаецца Міністэрствам унутраных спраў на падставе хадайніцтва асобы, якая запрашае, у парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб адмове ў выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне прымаецца Міністэрствам унутраных спраў або іншым органам унутраных спраў самастойна або па хадайніцтву адпаведных дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб ануляванні дазволу на пастаяннае пражыванне ў выпадках, прадугледжаных абзацам чацвёртым часткі першай і абзацам трэцім часткі другой артыкула 54 гэтага Закона, прымаецца ў судовым парадку, у іншых выпадках, прадугледжаных артыкулам 54 гэтага Закона, — органам унутраных спраў самастойна або па хадайніцтву адпаведных дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 56. Пасведчанне на права жыхарства

Iншаземцам, якія атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне, выдаецца пасведчанне на права жыхарства.

Парадак выдачы і канфіскацыі пасведчання на права жыхарства, а таксама яго ўзор і апісанне вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 57. Дзяржаўная пошліна і консульскі збор

За выдачу віз, рэгістрацыю, прадаўжэнне тэрміну часовага пражывання, а таксама за выдачу дазволу на часовае пражыванне, дазволу на пастаяннае пражыванне, праязнога дакумента і пасведчання на права жыхарства з іншаземцаў спаганяецца дзяржаўная пошліна або консульскі збор у парадку і памерах, устаноўленых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 58. Цэнтралізаваны ўлік іншаземцаў

У мэтах уліку іншаземцаў, якія часова знаходзяцца, часова і пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, ствараецца цэнтральны банк даных уліку іншаземцаў, што знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь.

Парадак стварэння і вядзення цэнтральнага банка даных уліку іншаземцаў, якія знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь, і парадак выкарыстання інфармацыі гэтага банка даных устанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 59. Кантроль за знаходжаннем іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь

Кантроль за часовым знаходжаннем, часовым і пастаянным пражываннем іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь, а таксама транзітным праездам (транзітам) іншаземцаў праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца органамі ўнутраных спраў ва ўзаемадзеянні з органамі дзяржаўнай бяспекі, пагранічнымі войскамі і Міністэрствам замежных спраў.

ГЛАВА 6

ДЭПАРТАЦЫЯ. ВЫСЫЛКА

Артыкул 60. Дэпартацыя

Iншаземцы могуць быць падвергнуты дэпартацыі ў выпадках і парадку, вызначаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 61. Высылка

Iншаземец можа быць высланы з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых асоб, калі ён не можа быць падвергнуты дэпартацыі.

Рашэнне аб высылцы прымаецца органам унутраных спраў або органам дзяржаўнай бяспекі.

Высылка можа быць ажыццёўлена шляхам добраахвотнага выезду іншаземца з Рэспублікі Беларусь або ў прымусовым парадку.

Парадак ажыццяўлення высылкі ўстанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 62. Высылка шляхам добраахвотнага выезду

Iншаземец, у адносінах да якога органам унутраных спраў або органам дзяржаўнай бяспекі прынята рашэнне аб высылцы шляхам добраахвотнага выезду, абавязаны ва ўстаноўлены ў рашэнні тэрмін выехаць з Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 63. Высылка ў прымусовым парадку

Высылка ў прымусовым парадку ажыццяўляецца, калі:

маюцца падставы меркаваць, што іншаземец можа ўхіліцца ад выканання рашэння аб высылцы шляхам добраахвотнага выезду;

іншаземец не выехаў з Рэспублікі Беларусь у тэрмін, устаноўлены ў рашэнні аб высылцы шляхам добраахвотнага выезду.

Пасля прыняцця рашэння аб высылцы ў прымусовым парадку орган унутраных спраў або орган дзяржаўнай бяспекі з санкцыі пракурора прымаюць меры па затрыманню іншаземца на тэрмін, неабходны для высылкі.

Артыкул 64. Прыпыненне высылкі

Высылка можа быць прыпынена, калі іншаземец звярнуўся ў адпаведны дзяржаўны орган Рэспублікі Беларусь з хадайніцтвам аб прызнанні яго бежанцам або прадастаўленні яму прыстанішча ў Рэспубліцы Беларусь.

Артыкул 65. Расходы, звязаныя з дэпартацыяй або высылкай

Расходы, звязаныя з дэпартацыяй або высылкай, ажыццяўляюцца за кошт іншаземца або юрыдычнай асобы або фізічнай асобы, якія хадайнічалі аб яго ўездзе ў Рэспубліку Беларусь.

У выпадках, калі пакрыццё расходаў за кошт сродкаў асоб, указаных у частцы першай гэтага артыкула, немагчыма, дэпартацыя або высылка ажыццяўляюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Артыкул 66. Наступствы дэпартацыі або высылкі

На падставе рашэння аб дэпартацыі або высылцы іншаземец уключаецца ў Спіс асоб, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы. Дэпартаванаму, высланаму іншаземцу ўезд у Рэспубліку Беларусь можа быць забаронены на тэрмін ад аднаго года да дзесяці гадоў.

У выпадку дэпартацыі або высылкі іншаземца ў яго дакуменце для выезду за граніцу прастаўляецца адпаведная адзнака. Форма адзнакі і парадак яе прастаўлення вызначаюцца Дзяржаўным камітэтам пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам унутраных спраў.

ГЛАВА 7

АБСКАРДЖАННЕ РАШЭННЯЎ I ДЗЕЯННЯЎ (БЯЗДЗЕЯННЯ) ДЗЯРЖАЎНЫХ ОРГАНАЎ I СЛУЖБОВЫХ АСОБ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ, ЗВЯЗАНЫХ З ВЫКАНАННЕМ ГЭТАГА ЗАКОНА

Артыкул 67. Права на абскарджанне рашэнняў і дзеянняў (бяздзеяння) дзяржаўных органаў і службовых асоб Рэспублікі Беларусь, звязаных з выкананнем гэтага Закона

Iншаземцы, а таксама іх законныя прадстаўнікі маюць права на абскарджанне рашэнняў і дзеянняў (бяздзеяння) дзяржаўных органаў і службовых асоб Рэспублікі Беларусь, звязаных з выкананнем гэтага Закона, у вышэйстаячы дзяржаўны орган (вышэйстаячай службовай асобе) і (або) у суд.

Артыкул 68. Абскарджанне рашэнняў дзяржаўных органаў і службовых асоб Рэспублікі Беларусь у суд

Скарга іншаземца на рашэнне дзяржаўнага органа або службовай асобы Рэспублікі Беларусь аб адмове ў прадаўжэнні і (або) аб скарачэнні тэрміну яго часовага знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь можа быць пададзена ў суд не пазней за дзесяць сутак з дня азнаямлення іншаземца з такім рашэннем.

Скарга іншаземца на рашэнне дзяржаўнага органа або службовай асобы Рэспублікі Беларусь аб адмове ў выдачы дазволу на часовае пражыванне або аб ануляванні дазволу на часовае пражыванне, аб адмове ў выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне або аб ануляванні дазволу на пастаяннае пражыванне, аб адмове ў выдачы візы для выезду з Рэспублікі Беларусь або ў выездзе з Рэспублікі Беларусь можа быць пададзена ў суд на працягу трыццаці сутак з дня азнаямлення іншаземца з такім рашэннем.

Скарга іншаземца на рашэнне дзяржаўнага органа або службовай асобы Рэспублікі Беларусь аб высылцы можа быць пададзена ў суд на працягу трыццаці сутак з дня азнаямлення іншаземца з такім рашэннем.

Абскарджанне рашэнняў дзяржаўных органаў і службовых асоб Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных часткамі першай і трэцяй гэтага артыкула, не з'яўляецца падставай для знаходжання іншаземца ў Рэспубліцы Беларусь.».

Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 3, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Артыкул 3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:

падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку прапановы па прывядзенню заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць перагляд і адмену рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, падначаленымі Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў, якія супярэчаць гэтаму закону;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

19 ліпеня 2005 года, г. Мінск

№ 41-3