Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 314

Аб некаторых мерах па абароне правоў грамадзян, якія выконваюць работу па грамадзянска-прававых і працоўных дагаворах

У мэтах забеспячэння своечасовага разліку з грамадзянамі за выкананую работу, аказаную паслугу і створаны аб'ект інтэлектуальнай уласнасці па грамадзянска-прававых дагаворах і абароны іх асобных сацыяльна-працоўных правоў:

1. Устанавіць, што:

1.1. юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прадастаўляюць работу грамадзянам па грамадзянска-прававых дагаворах, прадметам якіх з'яўляецца выкананне работ, аказанне паслуг і стварэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці (далей — грамадзянска-прававыя дагаворы), абавязаны заключаць з імі названыя дагаворы ў пісьмовай форме і вызначаць у гэтых дагаворах акрамя ўмоў, устаноўленых заканадаўствам, наступныя істотныя ўмовы:

парадак разліку бакоў па грамадзянска-прававых дагаворах, уключаючы сумы, што падлягаюць выплаце;

абавязацельства заказчыка — юрыдычнай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка, які прадастаўляе работу грамадзянам па грамадзянска-прававых дагаворах (далей — заказчык), па выплаце за іх ва ўстаноўленым парадку абавязковых страхавых узносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны;

абавязацельствы бакоў па забеспячэнню бяспечных умоў працы зыходзячы з абавязкаў бакоў грамадзянска-прававога дагавора, пералічаных у падпунктах 1.3 і 1.4 гэтага пункта, і адказнасць за іх невыкананне;

падставы датэрміновага скасавання грамадзянска-прававога дагавора;

адказнасць за невыкананне заказчыкам абавязацельстваў па аплаце выкананай работы, аказанай паслугі або створанага аб'екта інтэлектуальнай уласнасці ў выглядзе няўстойкі ў памеры не менш як 0,15 працэнта нявыплачанай сумы за кожны дзень пратэрміноўкі;

1.2. парушэнне заказчыкам устаноўленых у падпункце 1.1 гэтага пункта патрабаванняў заключэння грамадзянска-прававых дагавораў прыводзіць да накладання на яго штрафу ў памеры 10 працэнтаў ад сумы дагавора.

Вядзенне, у тым ліку накладанне спагнанняў за правапарушэнні, прадугледжаныя ў частцы першай гэтага падпункта, ажыццяўляецца ўпаўнаважанымі службовымі асобамі органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю і дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Гэтымі ўпаўнаважанымі службовымі асобамі складаецца акт аб учыненні правапарушэння, прадугледжанага ў частцы першай гэтага падпункта;

1.3. заказчык зыходзячы з віду грамадзянска-прававога дагавора абавязаны:

прадастаўляць пры неабходнасці месцы для выканання работ, аказання паслуг і стварэння аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці па грамадзянска-прававому дагавору, якія адпавядаюць правілам аховы працы і патрабаванням тэхнікі бяспекі;

ажыццяўляць падрыхтоўку (навучанне), інструктаж, павышэнне кваліфікацыі і праверку ведаў грамадзян, якія выконваюць работу па грамадзянска-прававых дагаворах, па пытаннях бяспечных умоў выканання работ, аказання паслуг і стварэння аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці або патрабаваць дакументы, што пацвярджаюць праходжанне імі падрыхтоўкі (навучання), інструктажу, медыцынскага агляду, калі гэта неабходна для выканання адпаведных відаў работ;

не дапускаць (адхіляць) да выканання работ, аказання паслуг, стварэння аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці ў адпаведны дзень грамадзян, якія выконваюць работу па грамадзянска-прававых дагаворах у месцах, прадастаўленых заказчыкам, якія з'явіліся на рабоце ў стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап'янення, а таксама ў стане, звязаным з хваробай, што перашкаджае выкананню работы;

забяспечваць бесперашкодны допуск прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, у кампетэнцыю якіх уваходзіць ажыццяўленне праверак і кантролю за выкананнем заканадаўства, у тым ліку праверак умоў выканання работ, аказання паслуг, стварэння аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, а таксама прадстаўляць інфармацыю, неабходную для правядзення кантрольных мерапрыемстваў;

расследаваць або прымаць удзел у расследаванні няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў у парадку, вызначаным заканадаўствам;

1.4. грамадзяне, якія выконваюць работу па грамадзянска-прававых дагаворах, з улікам віду грамадзянска-прававога дагавора абавязаны:

выконваць адпаведныя інструкцыі, правілы і іншыя нарматыўныя прававыя акты, што ўстанаўліваюць патрабаванні да бяспечных умоў выканання работ, аказання паслуг і стварэння аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, бяспечнай эксплуатацыі машын, абсталявання і іншых сродкаў вытворчасці, а таксама правілы паводзінаў на тэрыторыі, у вытворчых, дапаможных і бытавых памяшканнях арганізацыі;

выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы;

праходзіць ва ўстаноўленым парадку падрыхтоўку (навучанне), інструктаж, павышэнне кваліфікацыі, праверку ведаў па пытаннях бяспечных умоў выканання работ, аказання паслуг і стварэння аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці і медыцынскія агляды.

Грамадзяне, якія выконваюць работу па грамадзянска-прававых дагаворах, маюць права адмовіцца ад выканання грамадзянска-прававога дагавора поўнасцю або часткова ў выпадку, калі заказчыкам не створаны або неналежным чынам створаны ўмовы, прадугледжаныя грамадзянска-прававым дагаворам для бяспечнага выканання работ, аказання паслуг, стварэння аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці.

2. Вызваліць грамадзян, якія выконваюць работу па грамадзянска-прававых дагаворах, ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу іскавых заяў у суды па спрэчках аб спагнанні платы за выкананую работу, аказаную паслугу, створаны аб'ект інтэлектуальнай уласнасці.

3. Грамадзянска-прававыя дагаворы, заключаныя да ўступлення ў сілу гэтага Указа, дзейнічаюць на ранейшых умовах да заканчэння іх тэрміну і не належаць прадаўжэнню.

4. Прадаставіць права дэпар- таменту дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пры выяўленні ў арганізацыі сістэматычнага грубага парушэння заканадаўства аб працы* ўносіць прапановы ў рэгіструючы орган аб ліквідацыі гэтай арганізацыі.

5. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.

6. Гэты Указ уступае ў сілу праз 10 дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

6 ліпеня 2005 г., г. Мінск.

_____________________________
*Для мэтаў гэтага Указа пад сістэматычным грубым парушэннем заканадаўства аб працы разумеецца аднатыповае парушэнне нормаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь і пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, што рэгулююць адносіны ў сферы працы, учыненае два і больш разоў на працягу аднаго года.