УКАЗ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 373

Аб некаторых пытаннях заключэння дагавораў і выканання абавязацельстваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь

1. Устанавіць, што:

1.1. на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з 1 жніўня 2005 г. па 31 снежня 2008 г. пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, не маюць права:

заключаць дагаворы мены, а таксама спыняць абавязацельствы па аплатных дагаворах навацыяй, прадастаўленнем узамен выканання адступнога без паступлення ва ўстаноўленым парадку грашовых сродкаў арганізацыі, індывідуальнаму прадпрымальніку;

спыняць абавязацельствы без паступлення ва ўстаноўленым парадку грашовых сродкаў арганізацыі, індывідуальнаму прадпрымальніку з перавышэннем гранічных нарматываў спынення абавязацельстваў, якія штогод зацвярджаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненню з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Абмежаванні, устаноўленыя ў частцы першай гэтага пункта, не прымяняюцца:

у выпадках, калі дзейнасць па заключэнню дагавораў мены не з'яўляецца прадпрымальніцкай, паколькі мае разавы характар і не накіравана непасрэдна на атрыманне прыбытку;

пры разліках з бюджэтам, у тым ліку па падатках, зборах (пошлінах) і іншых абавязковых плацяжах;

пры разліках вэксалямі Урада і Нацыянальнага банка;

пры разліках за паслугі па транзіту і транспарціроўцы прыроднага газу, які пастаўляецца адкрытым акцыянерным таварыствам «Газпрам»;

пры заліку сустрэчных аднародных патрабаванняў па дагаворах куплі-продажу, падраду, платнага аказання паслуг у сувязі з выкарыстаннем тавараў (работ, паслуг) ва ўласнай вытворчасці;

у выпадку спынення абавязацельства без паступлення ва ўстаноўленым парадку грашовых сродкаў арганізацыі, індывідуальнаму прадпрымальніку ў сувязі з немагчымасцю яго выканання або на падставе акта дзяржаўнага органа;

1.2. невыкананне або неналежнае выкананне кіраўніком арганізацыі або індывідуальным прадпрымальнікам устаноўленых заканадаўствам абмежаванняў ажыццяўлення мены і спынення абавязацельстваў –

прыводзіць да накладання штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь.

Вядзенне па гэтаму адміністрацыйнаму правапарушэнню ажыццяўляецца ўпаўнаважанымі службовымі асобамі органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю;

1.3. дагаворы і абавязацельствы, заключаныя да ўступлення ў сілу гэтага Указа, выконваюцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, якое дзейнічала да дня ўступлення ў сілу гэтага Указа, на працягу не больш як аднаго года, без права падаўжэння тэрміну іх дзеяння.

2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

2.1. зацвердзіць па ўзгадненню з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь гранічныя нарматывы спынення абавязацельстваў без паступлення грашовых сродкаў юрыдычнай асобе, індывідуальнаму прадпрымальніку ў 2005 годзе, прадаставіўшы права рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным Ураду Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму з улікам названых гранічных нарматываў зацвердзіць для адпаведных арганізацый нарматывы спынення абавязацельстваў без паступлення грашовых сродкаў.

Штогод у 2006—2008 гадах ва ўстаноўленым парадку зацвярджаць гранічныя нарматывы спынення абавязацельстваў без паступлення грашовых сродкаў юрыдычнай асобе, індывідуальнаму прадпрымальніку;

2.2. забяспечыць прывядзенне сваіх нарматыўных прававых актаў і нарматыўных прававых актаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняцце іншых мераў, накіраваных на выкананне гэтага Указа;

2.3. растлумачваць пытанні заключэння дагавораў і выканання абавязацельстваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з улікам патрабаванняў гэтага Указа.

3. Гэты Указ уступае ў сілу з 1 жніўня 2005 г. за выключэннем пункта 2 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт

Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

15 жніўня 2005 г.

г.Мінск.