Заява пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і сувязях з СНД і па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі

Пастаянныя камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і сувязях з СНД і па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі з глыбокай заклапочанасцю ўспрынялі рэзалюцыю Сейма Рэспублікі Польшча ад 28 ліпеня 2005 года, прынятую ў сувязі з быццам бы маючымі месца парушэннямі правоў польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі.

Падставай для прыняцця рэзалюцыі паслужыла сітуацыя, якая склалася вакол VI з'езда грамадскага аб'яднання «Саюз палякаў на Беларусі», што адбыўся ў сакавіку 2005 года. Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь як органам, які зарэгістраваў гэта грамадскае аб'яднанне і закліканы ў выніку гэтага ажыццяўляць кантроль за выкананнем ім палажэнняў статута, была праведзена праверка ў сувязі са шматлікімі зваротамі членаў гэтага аб'яднання, у тым ліку дэлегатаў з'езда, адносна законнасці яго правядзення. У выніку праверкі было ўстаноўлена, што з'езд быў праведзены з парушэннямі як дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, так і ўласнага статута гэтага аб'яднання, што пацягнула прызнанне яго нелегітымным, а прынятых на ім рашэнняў — неправамоцнымі.

Аднак афіцыйныя органы ўлады і грамадскія структуры Польшчы спрабуюць ва ультыматыўнай форме, з прымяненнем палітычнага і дыпламатычнага ціску прымусіць беларускія ўлады прызнаць вынікі VI з'езда грамадскага аб'яднання «Саюз палякаў на Беларусі», уключаючы абранае на ім з парушэннем статута кіраўніцтва аб'яднання.

Сёння ў Рэспубліцы Беларусь пражываюць амаль 400 тысяч палякаў, з якіх крыху больш за 20 тысяч знаходзяцца ў Саюзе палякаў на Беларусі, які з'яўляецца згодна са статутам непалітычнай культурна-асветніцкай арганізацыяй.

У адпаведнасці з Дагаворам аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ад 23 чэрвеня 1992 года з боку беларускай дзяржавы ўдзяляецца вялікая ўвага і аказваецца значная дапамога польскай дыяспары ў развіцці яе самабытнасці, нацыянальнай культуры і мовы.

Польская нацыянальнасць у Рэспубліцы Беларусь прадстаўлена ва ўсіх органах улады на самым высокім узроўні, палякі з'яўляюцца кіраўнікамі многіх прадпрыемстваў і арганізацый. У якасці культурных цэнтраў працуюць 16 польскіх дамоў, выходзяць перыядычныя выданні на польскай мове. У Рэспубліцы Беларусь польская мова выкладаецца ў 280 школах і дзіцячых садах, дзейнічаюць дзве польскія школы, больш за 20 тысяч беларускіх грамадзян вывучаюць польскую мову. У Гродзенскай вобласці, дзе большасць вернікаў-католікаў з'яўляюцца палякамі, набажэнства праводзіцца, як правіла, на польскай мове. Гэтыя і іншыя падобныя факты сведчаць аб тым, што ў нашай краіне няма ўшчамлення правоў польскай этнічнай меншасці.

У Беларусі пражываюць людзі больш за 130 нацыянальнасцяў і народнасцяў. Міжнацыянальны мір і згода з'яўляюцца сёння не толькі заслугай і гордасцю Рэспублікі Беларусь, але і яе паслядоўнай палітычнай лініяй.

Парламентарыі Беларусі расцэньваюць рэзалюцыю Сейма Рэспублікі Польшча як яшчэ адзін прыклад умяшання ва ўнутраныя справы суверэннай беларускай дзяржавы, як дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі ў беларускім грамадстве. Рэзалюцыя Сейма, як і дэструктыўныя дзеянні шэрагу іншых дзяржаўных органаў Польшчы, сведчаць аб свядомым правядзенні лініі на абвастрэнне польска-беларускіх адносінаў і стварэнне кіруемага звонку канфлікту.

Польскія парламентарыі павінны ясна разумець, што дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў у любой дзяржаве рэгулюецца нацыянальным заканадаўствам. Грамадскія аб'яднанні, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь, усе без выключэння абавязаны падпарадкоўвацца беларускаму заканадаўству.

Польскім калегам неабходна дакладна ўсвядоміць, што праблемы, якія ўзніклі ў сувязі з правядзеннем з'езда аб'яднання беларускіх грамадзян «Саюз палякаў на Беларусі», могуць быць і будуць вырашаны ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Выкарыстанне польскім бокам сітуацыі, якая склалася ўнутры гэтага грамадскага аб'яднання, для абвастрэння міжнародных адносінаў з'яўляецца неканструкцыйным крокам, які наносіць урон інтарэсам народаў Беларусі і Польшчы.

Беларускія парламентарыі падкрэсліваюць, што тыя, хто штучна спрабуе распаліць агонь міжнацыянальнай варожасці, праводзяць нядобрасумленную і недальнабачную палітыку, якая ідзе ўразрэз з мэтамі забеспячэння бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе і небяспечную сур'ёзным абвастрэннем становішча ў рэгіёне.

Рэспубліка Беларусь паважае міжнародныя прынцыпы і стандарты ў галіне забеспячэння правоў нацыянальных меншасцяў і добрасумленна іх выконвае.

Пастаянныя камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і сувязях з СНД і па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі спадзяюцца, што ўскладненні ў беларуска-польскіх адносінах маюць часовы характар, што разважлівасць польскіх заканадаўцаў возьме верх і разам мы зможам зрабіць шмат для ўмацавання даверу і дружбы паміж дзвюма дзяржавамі і нашымі народамі, для развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

2 жніўня 2005 года, г. Мінск