Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 392

Аб унясенні дапаўнення і змянення ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 красавіка 2000 г. № 180

1. Унесці ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 красавіка 2000 г. № 180 «Аб парадку прымянення Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 29» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 37, 1/1164) наступныя дапаўненне і змяненне:

1.1. дапоўніць Указ пунктам 1прым. наступнага зместу:

«1прым. Прадаўжэнне кантракта ў межах максімальнага тэрміну яго дзеяння (пункт 2 артыкула 17 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) ажыццяўляецца па пагадненню бакоў на тэрмін не меншы за адзін год. На меншы тэрмін кантракт прадаўжаецца з пісьмовай згоды работніка, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Пасля завяршэння максімальнага тэрміну дзеяння кантракта, а таксама ў выпадку пераводу работніка з яго згоды на іншую работу па дамоўленасці бакоў заключаецца новы кантракт на тэрмін не меншы за адзін год.

Кожны з бакоў, якія заключылі кантракт, не пазней як за два тыдні да завяршэння тэрміну яго дзеяння пісьмова папярэджвае другі бок аб рашэнні прадоўжыць або спыніць працоўныя адносіны.»;

1.2. пункт 2 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«2. Пры заключэнні кантракта з работнікам, працоўны дагавор з якім быў заключаны на нявызначаны тэрмін, прадаўжэнні або заключэнні новага кантракта, акрамя выпадкаў, прадугледжаных у частках другой і трэцяй гэтага пункта, тэрмін яго дзеяння вызначаецца:

з працуючай жанчынай, якая знаходзіцца ў водпуску па цяжарнасці і родах, маці (бацькам дзіцяці замест маці, апекуном), што знаходзіцца ў водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, — не менш як да завяршэння названых водпускаў;

з работнікам перадпенсійнага ўзросту (жанчыны — 53 гады, мужчыны — 58 гадоў), які добрасумленна працуе і не дапускае парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, — не менш як да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (жанчыны — 55 гадоў, мужчыны — 60 гадоў) і атрымання ім права на пенсію па ўзросту.

Кантракты з цяжарнымі жанчынамі, жанчынамі, якія маюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў (дзяцей-інвалідаў — да 18 гадоў), працоўныя дагаворы з якімі былі заключаны на нявызначаны тэрмін, не заключаюцца, калі яны не далі згоды на заключэнне такіх кантрактаў.

Кантракт з цяжарнай жанчынай з яе згоды прадаўжаецца на перыяд цяжарнасці або іншы тэрмін па пагадненню бакоў.».

2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.

3. Гэты Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

23 жніўня 2005 г.

г. Мінск.