Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 391

Аб адтэрміноўцы выплаты мытнай пошліны і падатку на дабаўленую вартасць

У мэтах стымулявання вытворчасці і экспарту прадукцыі, удасканалення знешнеэканамічнай дзейнасці:

1. Устанавіць, што пры мытным афармленні камплектуючых, запасных частак, матэрыялаў і сыравіны, якія ўвозяцца ў Рэспубліку Беларусь для вытворчасці экспартнай прадукцыі, стаўкі ўвазных мытных пошлін на якія не перавышаюць 10 працэнтаў, мытнымі органамі ў парадку, што вызначаецца Дзяржаўным мытным камітэтам па ўзгадненню з Міністэрствам фінансаў, прадастаўляецца адтэрміноўка выплаты мытнай пошліны і падатку на дабаўленую вартасць да шасці месяцаў, а ўвозімых для вытворчасці прадукцыі экспартнага суднабудавання, — да дванаццаці месяцаў з дня выпуску гэтых тавараў для свабоднага абарачэння без выплаты працэнтаў за яе выкарыстанне.

У выпадку вывазу гэтых тавараў у складзе гатовай прадукцыі ў названыя тэрміны за межы мытных тэрыторый Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі мытная пошліна і падатак на дабаўленую вартасць не спаганяюцца.

Пры невыкананні ўмоў адтэрміноўкі, прадугледжаных у гэтым пункце, мытная пошліна і падатак на дабаўленую вартасць спаганяюцца мытнымі органамі са спагнаннем пені з дня заяўлення тавараў у рэжыме выпуску для свабоднага абарачэння ў памеры 1/360 стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, дзеючай на дзень выплаты або спагнання мытнай пошліны і падатку на дабаўленую вартасць, павялічанай на 20 працэнтаў, за кожны дзень пратэрміноўкі, уключаючы дзень выплаты або спагнання ў бясспрэчным парадку.

2. Камітэту дзяржаўнага кантролю абагульняць практыку прымянення адтэрміновак выплаты мытнай пошліны і падатку на дабаўленую вартасць, прадастаўленых у адпаведнасці з пунктам 1 гэтага Указа, і аб эфектыўнасці іх выкарыстання штогод да 15 лютага інфармаваць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняць неабходныя меры па рэалізацыі гэтага Указа.

4. Прызнаць страціўшымі сілу:

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 лістапада 1998 г. № 554 «Аб адтэрміноўцы выплаты мытнай пошліны і падатку на дабаўленую вартасць» (Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 33, ст. 835);

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2002 г. № 396 «Аб унясенні дапаўнення ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 лістапада 1998 г. № 554» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 83, 1/3882);

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2003 г. № 119 «Аб унясенні змянення ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 лістапада 1998 г. № 554» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 37, 1/4473);

абзац пяты пункта 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2003 г. № 185 «Аб некаторых пытаннях прымянення мытнымі органамі Рэспублікі Беларусь эканамічных санкцый, накладання імі арышту на маёмасць і прызнанні страціўшымі сілу некаторых указаў і палажэнняў указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 52, 1/4586).

5. Гэты Указ уступае ў сілу праз месяц пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем пункта 3 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня падпісання гэтага Указа.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

23 жніўня 2005 г., г. Мінск.