Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 405

Аб некаторых мерах па будаўніцтву жылых дамоў (кватэр) у сельскагаспадарчых арганізацыях

У мэтах забеспячэння жыллёвага будаўніцтва ў сельскай мясцовасці ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі на 2005—2010 гады, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2005 г. № 150:

1. Устанавіць, што:

1.1. будаўніцтва жылых дамоў (кватэр) для работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый і арганізацый сацыяльна-культурнай сферы ажыццяўляецца штогод з улікам патрэбнасці ў працоўных рэсурсах і перспектывы развіцця гэтых арганізацый;

1.2. кошт будаўніцтва жылых дамоў (кватэр) у сельскагаспадарчых арганізацыях вызначаецца ў беларускіх рублях згодна з зацверджанай праектна-каштарыснай дакументацыяй у цэнах на дату пачатку будаўніцтва гэтых жылых дамоў (кватэр). Кошт названага будаўніцтва, якое ажыццяўляецца ў межах нарматыўных тэрмінаў, падлягае індэксацыі па статыстычных індэксах змянення кошту будаўніча-мантажных работ, што зацвярджаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Пры гэтым нарматыўная працягласць будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў сядзібнага тыпу (акрамя драўляных жылых дамоў) складае не больш як чатыры месяцы;

1.3. у статыстычную справаздачнасць па выкананню заданняў на будаўніцтва жылых дамоў (кватэр) у сельскагаспадарчых арганізацыях уключаюцца жылыя дамы (кватэры), пабудаваныя за кошт:

уласных сродкаў сельскагаспадарчых арганізацый, у тым ліку ў выглядзе пазык, што прадастаўляюцца работнікам гэтых арганізацый, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў;

сродкаў дзяржаўнай падтрымкі, у тым ліку:

ільготных крэдытаў, якія прадастаўляюцца адкрытым акцыянерным таварыствам «Белаграпрамбанк»;

сродкаў мясцовых бюджэтаў;

сродкаў мясцовых мэтавых бюджэтных жыллёва-інвестыцыйных фондаў;

сродкаў інавацыйных фондаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь;

ільготных крэдытаў адкрытага акцыянернага таварыства «Ашчадны банк «Беларусбанк», што прадастаўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам работнікам сельскагаспадарчых арганізацый, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек;

1.4. сельскагаспадарчая арганізацыя можа ажыццяўляць перавод доўгу па льготнаму крэдыту, атрыманаму ёю ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Белаграпрамбанк» на будаўніцтва жылога дома (кватэры), на грамадзяніна, якому гэты дом (кватэра) прадастаўлена для пражывання, па заяве гэтага грамадзяніна.

Перавод доўгу па такому крэдыту праводзіцца зыходзячы з плацежаздольнасці грамадзяніна са згоды адкрытага акцыянернага таварыства «Белаграпрамбанк» з выплатай 3 працэнтаў гадавых за карыстанне гэтым крэдытам. Пагашэнне запазычанасці па гэтаму крэдыту і выплата працэнтаў за карыстанне ім ажыццяўляюцца роўнымі долямі на працягу перыяду пагашэння крэдыту.

Тэрмін пагашэння крэдыту з моманту яго прадастаўлення — не больш як 40 гадоў;

1.5. жылыя дамы (кватэры), будаўніцтва якіх ажыццяўляецца сельскагаспадарчымі арганізацыямі, могуць прымацца ў эксплуатацыю (па пісьмовай згодзе сельскагаспадарчых арганізацый і (або) работнікаў, якім прадастаўляюцца гэтыя жылыя памяшканні) без выканання работ па ўнутранай аддзелцы памяшканняў (абклейванне шпалерамі, афарбоўванне, абліцоўванне, устаноўка ўбудаванай мэблі), а таксама па ўпарадкаванню дарожак і агароджаў, азеляненню.

Пры гэтым названыя работы выконваюцца ў двухмесячны тэрмін пасля прыёмкі жылых дамоў (кватэр) у эксплуатацыю за кошт сродкаў сельскагаспадарчых арганізацый або работнікаў, якім прадастаўлены такія жылыя памяшканні.

2. Аблвыканкамам сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання штогод устанаўліваць сельскагаспадарчым арганізацыям заданні на будаўніцтва жылых дамоў (кватэр) сіламі гэтых арганізацый без заключэння дагавора падраду (гаспадарчым спосабам).

3. Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным Ураду Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму забяспечыць рэнтабельнасць работ, паслуг, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, вырабаў, канструкцый для будаўніцтва жылых дамоў (кватэр) у сельскагаспадарчых арганізацыях не больш як 5 працэнтаў.

4. Дазволіць абласным Саветам дэпутатаў накіроўваць сродкі мясцовых мэтавых бюджэтных жыллёва-інвестыцыйных фондаў на кампенсацыю звышлімітных абгрунтаваных затрат, якія ўтварыліся ў 2004—2005 гадах у арганізацыях-падрадчыках, што ажыццяўляюць будаўніцтва жылых дамоў (кватэр) у сельскагаспадарчых арганізацыях, у парадку, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

5. Аблвыканкамам сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва з 1 студзеня 2006 г. забяспечыць будаўніцтва сельскагаспадарчымі арганізацыямі жылых дамоў (кватэр) з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнай падтрымкі, названых у падпункце 1.3 пункта 1 гэтага Указа, па зацверджаных Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва тыповых праектах.

6. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

6.1. штогод устанаўліваць дзяржаўны заказ на вытворчасць асноўных будаўнічых матэрыялаў, вырабаў і канструкцый для ўзвядзення жылых дамоў (кватэр) у сельскагаспадарчых арганізацыях;

6.2. у трохмесячны тэрмін:

6.2.1. унесці прапановы аб узмацненні адказнасці юрыдычных і фізічных асоб за неналежнае ўтрыманне прадастаўленых ім зямельных участкаў, жылых дамоў і прылеглай да іх тэрыторыі;

6.2.2. распрацаваць і па ўзгадненню з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь зацвердзіць нарматыўны прававы акт, што рэгулюе пытанні валодання, карыстання і перадачы ва ўласнасць грамадзянам жылых дамоў (кватэр), пабудаваных сельскагаспадарчымі арганізацыямі;

6.2.3. забяспечыць прывядзенне нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Указам;

6.2.4. прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтага Указа.

7. Кантроль за выкананнем гэтага Указа ўскласці на Камітэт дзяржаўнага кантролю.

8. Гэты Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

30 жніўня 2005 г., г.Мінск.