Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 432

Аб некаторых мерах па ўдасканаленню арганізацыі работы з грамадзянамі ў дзяржаўных органах, іншых дзяржаўных арганізацыях

У мэтах выканання правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, спынення праяўленняў бюракратызму і валакіты ў дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый, паляпшэння якасці іх работы з грамадзянамі:

1. Устанавіць, што законамі Рэспублікі Беларусь, нарматыўнымі прававымі актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь вызначаецца парадак арганізацыі работы з грамадзянамі ў дзяржаўных органах, іншых дзяржаўных арганізацыях (далей — парадак работы з грамадзянамі), які прадугледжвае:

парадак разгляду пісьмовых і (або) зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку вусных заяў грамадзян, па якіх патрабуецца выдача даведак або іншых дакументаў, якія змяшчаюць пацвярджэнне фактаў, што маюць юрыдычнае значэнне (далей — даведкі);

вычарпальныя пералікі дакументаў і (або) звестак, якія прадстаўляюцца грамадзянамі ў дзяржаўны орган, іншую дзяржаўную арганізацыю (далей — дзяржаўны орган) для выдачы даведак (далей — пералікі), калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

тэрміны выдачы і дзеяння даведак;

памер платы, якая спаганяецца за выдачу даведак.

2. Абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў і абласныя, Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты ў межах сваёй кампетэнцыі могуць прымаць нарматыўныя прававыя акты, якія ўстанаўліваюць парадак работы з грамадзянамі на адпаведнай тэрыторыі, па пытаннях мясцовага значэння пры адсутнасці адпаведнага прававога рэгулявання гэтых пытанняў у законах Рэспублікі Беларусь, нарматыўных прававых актах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

3. Не дапускаецца:

рэгуляванне парадку работы з грамадзянамі іншымі прававымі актамі, акрамя названых у пунктах 1 і 2 гэтага Указа;

прыняцце (выданне) некалькіх нарматыўных прававых актаў па аднаму і таму ж пытанню, якое датычыцца парадку работы з грамадзянамі;

устанаўленне ў прававых актах абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў і абласных, Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў іншых патрабаванняў і ўмоў, якія датычацца парадку работы з грамадзянамі, у тым ліку дадатковых, чым вызначаных у законах Рэспублікі Беларусь, нарматыўных прававых актах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь;

дэлегаванне Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, абласнымі, Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў і абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі іншым дзяржаўным органам паўнамоцтваў на прыняцце (выданне) нарматыўных прававых актаў, якія ўстанаўліваюць парадак работы з грамадзянамі.

4. У пералікі падлягаюць уключэнню дакументы і (або) звесткі, якія пацвярджаюць факты, што маюць юрыдычнае значэнне, і непасрэдна адносяцца да пытанняў, якія разглядаюцца ў дзяржаўным органе.

Не дапускаецца ўключэнне ў пералікі дакументаў і (або) звестак, якія ёсць у дзяржаўным органе або могуць быць атрыманы ім ад іншых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, а таксама з дзяржаўных рэгістраў, рэестраў, кадастраў, баз і банкаў даных.

5. Дзяржаўным органам забараняецца патрабаваць для выдачы даведак прадстаўлення грамадзянамі дакументаў і (або) звестак, якія не прадугледжаны ў пераліках, за выключэннем дакументаў, што засведчваюць іх асобу, дзеяздольнасць (грамадзянскую дзеяздольнасць), паўнамоцтвы на ажыццяўленне дзеянняў ад імя і ў інтарэсах іншых грамадзян.

У выпадку неабходнасці атрымання не ўключаных у пералік дакументаў і (або) звестак, якія пацвярджаюць факты, што маюць юрыдычнае значэнне, і непасрэдна адносяцца да разглядаемага пытання, дзяржаўны орган, у які звярнуўся грамадзянін і да кампетэнцыі якога адносіцца вырашэнне пытання, самастойна запытвае такія дакументы і (або) звесткі ад дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі, да кампетэнцыі якіх адносіцца іх выдача. Пры гэтым прадстаўленне дакументаў і (або) звестак ажыццяўляецца ў тыднёвы тэрмін з дня атрымання запыту, калі іншы тэрмін не ўстаноўлены заканадаўчымі актамі.

У прадстаўленні дакументаў і (або) звестак можа быць адмоўлена, калі іх выдача не ўваходзіць у кампетэнцыю дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі, у якія паступіў запыт аб іх прадстаўленні, альбо гэтыя дакументы і (або) звесткі змяшчаюць інфармацыю, якая адносіцца да дзяржаўных сакрэтаў, камерцыйнай або іншай ахоўнай законам тайны.

У выпадку, калі заканадаўствам прадугледжана плата за выдачу дакументаў і (або) звестак, прадстаўленне іх дзяржаўнаму органу, які накіраваў запыт, ажыццяўляецца без яе спагнання з прыкладаннем дакумента, які змяшчае патрабаванне аб аплаце выдачы гэтых звестак і (або) дакументаў. Названы дакумент уручаецца дзяржаўным органам грамадзяніну, які звярнуўся ў гэты дзяржаўны орган з заявай, што патрабуе выдачы даведкі, для аплаты. Аплачаны дакумент прад'яўляецца грамадзянінам у дзяржаўны орган да атрымання даведкі.

6. Памер платы, якая спаганяецца за выдачу даведак, не можа перасягаць эканамічна абгрунтаваныя затраты, звязаныя са складаннем даведкі.

7. Тэрміны выдачы дзяржаўным органам даведак устанаўліваюцца зыходзячы з часу, які патрабуецца для атрымання і апрацоўкі інфармацыі, неабходнай для складання даведкі.

Пры неабходнасці правядзення спецыяльнай праверкі, атрымання дадатковай інфармацыі тэрміны выдачы дзяржаўным органам даведак не могуць перавышаць пятнаццаці каляндарных дзён, а ў выпадку запыту звестак і (або) дакументаў ад іншых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый — аднаго месяца, калі іншы тэрмін не ўстаноўлены заканадаўчымі актамі, пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Вылічэнне гэтых тэрмінаў праводзіцца з дня падачы пісьмовага або рэгістрацыі вуснай заявы грамадзяніна ў дзяржаўным органе.

Тэрміны, указаныя ў частцы другой гэтага пункта, не прымяняюцца ў выпадках, калі для выдачы даведкі дзяржаўны орган запытвае звесткі і (або) дакументы ад кампетэнтных органаў іншых дзяржаў.

Тэрмін дзеяння даведкі павінен складаць, як правіла, не менш як шэсць месяцаў.

8. У дзяржаўным органе ў даступным для грамадзян месцы (на інфармацыйных стэндах, табло) размяшчаецца інфармацыя, за выключэннем той, што адносіцца да дзяржаўных сакрэтаў, камерцыйнай або іншай ахоўнай законам тайны:

аб структуры дзяржаўнага органа і яго кіраўніках;

аб рэжыме работы дзяржаўнага органа і прыёму грамадзян з заявамі, па якіх патрабуецца выдача даведак;

аб пераліках, парадку запаўнення і прадстаўлення грамадзянамі ў дзяржаўны орган дакументаў і (або) звестак, неабходных для атрымання даведак, парадку выдачы даведак, тэрмінах выдачы і дзеяння даведак, а таксама аб памеры платы, якая спаганяецца за выдачу даведак;

аб месцазнаходжанні, нумары службовага тэлефона, прозвішчы, імені, імені па бацьку, пасадзе работніка дзяржаўнага органа, адказнага за выкананне адпаведных функцый.

9. Забараняецца адмена прыёму грамадзян з заявамі, па якіх патрабуецца выдача даведак, парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў прадстаўлення дакументаў і (або) звестак, парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў выдачы даведак па прычыне часовай адсутнасці работніка дзяржаўнага органа, адказнага за выкананне адпаведных функцый.

Кіраўнік дзяржаўнага органа абавязаны забяспечыць своечасовае і належнае выкананне функцый часова адсутнага работніка іншым работнікам дзяржаўнага органа.

10. Кіраўнік дзяржаўнага органа або ўпаўнаважаны ім работнік рэгулярна, але не радзей як адзін раз у месяц, аналізуе заўвагі і прапановы грамадзян, якія датычацца парадку работы з грамадзянамі ў дзяржаўным органе, у мэтах аптымізацыі дзейнасці дзяржаўнага органа і ўстаранення існуючых у яго рабоце недахопаў.

11. Патрабаванне прадстаўлення грамадзянамі для выдачы даведак дакументаў і (або) звестак, што не прадугледжаны ў пераліках, за выключэннем дакументаў, якія засведчваюць іх асобу, дзеяздольнасць (грамадзянскую дзеяздольнасць), паўнамоцтвы на ажыццяўленне дзеянняў ад імя і ў інтарэсах іншых грамадзян, або невыкананне ўстаноўленых тэрмінаў прадстаўлення дакументаў і (або) звестак, выдачы даведак, або неправамернае спагнанне платы за выдачу даведак —

прыводзіць да накладання штрафу на кіраўніка дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі або на работніка дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі, адказнага за выкананне адпаведных функцый, у памеры ад чатырох да дзесяці базавых велічынь.

Права складаць пратаколы і разглядаць справы аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжаных у частцы першай гэтага пункта, прадастаўляецца ўпаўнаважаным службовым асобам органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

12. Дзеянне гэтага Указа не распаўсюджваецца на адносіны, якія рэгулююцца крымінальна-працэсуальным, грамадзянскім працэсуальным, гаспадарчым працэсуальным заканадаўствам, заканадаўствам, якое рэгламентуе пытанні назначэння пенсій, заканадаўствам аб канстытуцыйным судаводстве, ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, правядзенне натарыяльных дзеянняў, аб зваротах грамадзян, а таксама аб вядзенні па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, за выключэннем пункта 11 гэтага Указа.

13. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь да 1 снежня 2005 г. забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго выкананню.

14. Дзяржаўным органам у трохмесячны тэрмін прывесці свае нарматыўныя прававыя акты ў адпаведнасць з гэтым Указам.

15. Гэты Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2006 г., за выключэннем пунктаў 13, 14 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання Указа.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

13 верасня 2005 г., г. Мінск.