Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 12

Аб Парку высокіх тэхналогій*

У мэтах стварэння спрыяльных умоў для павышэння канкурэнтаздольнасці галін эканомікі Рэспублікі Беларусь, заснаваных на новых і высокіх тэхналогіях, далейшага ўдасканалення арганізацыйна-эканамічных і сацыяльных умоў для правядзення распрацовак сучасных тэхналогій і павелічэння іх экспарту, прыцягнення ў гэту сферу айчынных і замежных інвестыцый і ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пастанаўляю:

1. Стварыць:

Парк высокіх тэхналогій для распрацоўкі ў Рэспубліцы Беларусь праграмнага забеспячэння, інфармацыйна-камунікацыйных, іншых новых і высокіх тэхналогій, накіраваных на павышэнне канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі;

адміністрацыю Парку высокіх тэхналогій.

2. Устанавіць, што:

Парк высокіх тэхналогій з'яўляецца часткай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь агульнай плошчай 50 гектараў у межах згодна з дадаткам са спецыяльным прававым рэжымам, тэрмін дзеяння якога складае 15 гадоў з дня ўступлення ў сілу гэтага Дэкрэта;

адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій з'яўляецца рэспубліканскай юрыдычнай асобай у форме ўстановы і ажыццяўляе непасрэднае кіраванне дзейнасцю гэтага Парку;

юрыдычныя асобы, падпарадкаваныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, размешчаныя ў межах Парку высокіх тэхналогій на дзень уступлення ў сілу гэтага Дэкрэта, могуць быць зарэгістраваны ў якасці рэзідэнтаў названага Парку ў агульным парадку з выкананнем устаноўленых патрабаванняў.

3. Зацвердзіць прыкладзеныя:

Палажэнне аб Парку высокіх тэхналогій;

склад Наглядальнага савета Парку высокіх тэхналогій.

4. Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пасля стварэння ва ўстаноўленым парадку адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій перадаць гэтай установе ў аператыўнае кіраванне аб'ект незавершанага будаўніцтва «Спецыялізаванае канструктарска-тэхналагічнае бюро з доследнай вытворчасцю Iнстытута фізікі», размешчаны на тэрыторыі Парку высокіх тэхналогій і замацаваны за Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

5. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

у трохмесячны тэрмін ва ўстаноўленым парадку ўнесці Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь статут адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій для зацвярджэння;

у шасцімесячны тэрмін прыняць меры, якія забяспечваюць магчымасць Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прадастаўляць рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій высакаскорасны доступ у міжнародную навуковую сетку;

у 2005—2007 гадах забяспечыць завяршэнне будаўніцтва аб'екта, размешчанага на тэрыторыі Парку высокіх тэхналогій і перададзенага ў аператыўнае кіраванне адміністрацыі названага Парку.

6. Нацыянальнаму банку забяспечыць прадастаўленне банкамі рэспублікі крэдытаў адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій пасля яе стварэння ва ўстаноўленым парадку для арганізацыі дзейнасці гэтай установы.

7. Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту:

7.1. у трохмесячны тэрмін:

вызваліць рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій ад платы за запрашэнне іншагародніх грамадзян Рэспублікі Беларусь для работы і жыхарства ў г. Мінск;

ва ўстаноўленым парадку адабраць у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя ёй для будаўніцтва жылых дамоў і інтэрнатаў у межах Парку высокіх тэхналогій, і выдзеліць Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі іншыя зямельныя ўчасткі для названай мэты;

7.2. на падставе прадстаўленняў адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій у месячны тэрмін прымаць рашэнні аб прадастаўленні зямельных участкаў рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій на тэрыторыі Парку для будаўніцтва вытворчых, службовых будынкаў і сацыяльных аб'ектаў, жылых дамоў для работнікаў гэтых рэзідэнтаў. Пры гэтым адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій мае права выступаць заказчыкам на будаўніцтва такіх будынкаў, аб'ектаў і жылых дамоў на тэрыторыі Парку высокіх тэхналогій.

8. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту ў трохмесячны тэрмін прыняць іншыя меры па выкананню гэтага Дэкрэта.

9. Рэкамендаваць Мінскаму гарадскому Савету дэпутатаў:

9.1. у трохмесячны тэрмін:

вызваліць рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій ад выплаты мясцовых падаткаў і збораў. Не спаганяць з названых асоб, якія выступаюць заказчыкамі будаўніцтва і рэканструкцыі будынкаў і збудаванняў на тэрыторыі Парку высокіх тэхналогій, сродкі на долевы ўдзел у развіцці галін гарадской гаспадаркі і кампенсацыю затрат за створаную інжынерна-транспартную і сацыяльную інфраструктуру;

прыняць рашэнне аб непрымяненні да рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій каэфіцыентаў, якія павышаюць стаўкі зямельнага падатку;

9.2. у месячны тэрмін пасля стварэння адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій вырашыць пытанне аб прадастаўленні гэтай установе льгот, вызначаных у падпункце 9.1 гэтага пункта.

10. Гэты Дэкрэт уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем пунктаў 4—9 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Дэкрэта, з'яўляецца часовым і згодна з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўляецца на разгляд Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт

Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

22 верасня 2005 г., г. Мінск.

__________________________________

*З прыкладзенымі да Дэкрэта дакументамі можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.