Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 481

Аб удасканаленні парадку вызвалення суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці ад эканамічнай адказнасці

У мэтах прадухілення неабгрунтаванай эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва) суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, захавання і развіцця вытворчасцяў, найбольш значных для Рэспублікі Беларусь і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак:

1. Устанавіць, што суб'екты прадпрымальніцкай дзейнасці, да якіх у адпаведнасці з заканадаўствам прыменены эканамічныя санкцыі, могуць быць па рашэнню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь поўнасцю або часткова вызвалены ад эканамічнай адказнасці.

2. Стварыць Міжведамасную камісію па разгляду хадайніцтваў аб вызваленні суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці ад эканамічнай адказнасці.

3. Зацвердзіць прыкладзеныя:

Палажэнне аб парадку ўнясення на разгляд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь хадайніцтваў аб вызваленні суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці ад эканамічнай адказнасці;

Палажэнне аб Міжведамаснай камісіі па разгляду хадайніцтваў аб вызваленні суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці ад эканамічнай адказнасці;

склад Міжведамаснай камісіі па разгляду хадайніцтваў аб вызваленні суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці ад эканамічнай адказнасці.

4. Унесці ў частку трэцюю пункта 18 Палажэння аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 1997 г. № 388, змяненні, выклаўшы яе ў наступнай рэдакцыі:

«З улікам фінансавага становішча парушальніка, памеру прычыненага ўрону і характару дапушчаных парушэнняў калегія Камітэта дзяржаўнага кантролю можа прадаставіць суб'ектам прадпрымальніцкай дзейнасці адтэрміноўку (растэрміноўку) па выплаце эканамічных санкцый тэрмінам да шасці месяцаў.».

5. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь сумесна з Камітэтам дзяржаўнага кантролю забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.

6. Гэты Указ уступае ў сілу праз месяц пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

17 кастрычніка 2005 г., г. Мінск.