Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам»

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 16 лістапада 2005 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 24 лістапада 2005 года

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 19 ліпеня 2000 года «Аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 75, 2/201; 2002 г., № 87, 2/883; 2003 г., № 8, 2/932, № 74, 2/958) змяненні і дапаўненні, выклаўшы яго ў новай рэдакцыі:

«Закон Рэспублікі Беларусь

АБ МЕРАХ ПА ПРАДУХIЛЕННЮ ЛЕГАЛIЗАЦЫI ДАХОДАЎ, АТРЫМАНЫХ НЕЗАКОННЫМ ШЛЯХАМ, I ФIНАНСАВАННЯ ТЭРАРЫСТЫЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦI

Гэты Закон у мэтах абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, грамадства і дзяржавы ўстанаўлівае прававыя і арганізацыйныя асновы прыняцця мераў па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці.

ГЛАВА 1

Агульныя палажэнні

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны і іх азначэнні, якія прымяняюцца ў гэтым Законе

Унутраны кантроль — сукупнасць мераў па прадухіленню і выяўленню фінансавых аперацый, звязаных з легалізацыяй даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансаваннем тэрарыстычнай дзейнасці, што прымаюцца асобамі, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі.

Даходы, атрыманыя незаконным шляхам, — сродкі, атрыманыя ў выніку парушэння грамадзянскага, крымінальнага, адміністрацыйнага і іншага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Легалізацыя даходаў, атрыманых незаконным шляхам, — наданне правамернага выгляду ўладанню, карыстанню і (ці) распараджэнню даходамі, атрыманымі незаконным шляхам, з мэтай утойвання ці скажэння іх паходжання, месцазнаходжання, размяшчэння, руху ці іх сапраўднай прыналежнасці, у тым ліку суадносных з гэтымі даходамі правоў.

Асобы, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі:

банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі;

прафесіянальныя ўдзельнікі рынку каштоўных папер;

асобы, якія займаюцца біржавай і дэпазітарнай дзейнасцю;

асобы, якія ажыццяўляюць гандаль каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі;

ламбарды, пункты скупкі;

страхавыя і перастраховачныя арганізацыі, таварыствы ўзаемнага страхавання, страхавыя брокеры;

арганізатары латарэй;

натарыусы;

арганізацыі, якія аказваюць рыэлтарскія паслугі і бяруць удзел у аперацыях, звязаных з купляй-продажам нерухомай маёмасці для свайго кліента;

арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія аказваюць юрыдычныя і (ці) бухгалтарскія паслугі, адвакаты, якія ажыццяўляюць ад імя ці па даручэнню свайго кліента фінансавыя аперацыі, звязаныя з купляй-продажам нерухомай маёмасці; кіраваннем грашовымі сродкамі, каштоўнымі паперамі ці іншай маёмасцю; распараджэннем банкаўскімі руханкамі і (ці) рахункамі «дэпо»; стварэннем арганізацый ці іх адасобленых падраздзяленняў або ўдзелам у кіраванні імі; набыццём ці продажам прадпрыемства як маёмаснага комплексу;

аператары паштовай сувязі;

казіно, букмекерскія канторы, таталізатары і іншыя ігральныя ўстановы, якія маюць ігральныя аўтаматы, іншыя ўстройствы для правядзення заснаваных на рызыцы гульняў;

арганізацыі, якія ажыццяўляюць дзяржаўную рэгістрацыю нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю;

арганізацыі, якія ажыццяўляюць дзейнасць па перадачы маёмасці ў лізінг;

іншыя арганізацыі, іх адасобленыя падраздзяленні і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія аказваюць паслугі па атрыманню, адчужэнню, набыцці, выплаце, перадачы, перавозцы, перасылцы, пералічэнню, абмену і (ці) захоўванню сродкаў, а таксама асобы, якія сведчаць ці рэгіструюць грамадзянска-прававыя здзелкі асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі.

Асобы, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, — арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі і фізічныя асобы, якія ад свайго імя і ў сваіх інтарэсах ажыццяўляюць здзелкі са сродкамі.

Нерэзідэнты:

фізічныя асобы — замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь;

арганізацыі з месцам знаходжання за межамі Рэспублікі Беларусь, створаныя ў адпаведнасці з заканадаўствам замежных дзяржаў.

Асобы кантроль — сукупнасць прымаемых органам фінансавага маніторынгу мераў па кантролю за правядзеннем фінансавых аперацый у мэтах прадухілення, выяўлення і спынення легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці.

Рэзідэнты:

фізічныя асобы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія маюць пасведчанне на права жыхарства (ці дакумент, які яго замяняе), выдадзены кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь;

арганізацыі з месцам знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь, створаныя ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, філіялы і прадстаўніцтвы гэтых арганізацый, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і зарэгістраваны ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

філіялы і прадстаўніцтвы арганізацый, якія знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь, з месцам знаходжання за межамі Рэспублікі Беларусь, створаных у адпаведнасці з заканадаўствам замежных дзяржаў.

Сродкі — грашовыя сродкі, каштоўныя паперы, іншая маёмасць, у тым ліку маёмасныя правы і выключныя правы на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці.

Сума фінансавай аперацыі — сума грашовых сродкаў ці грашовага эквіваленту неграшовых сродкаў фінансавай аперацыі, у тым ліку ўстаноўленая па ўзгадненню асоб, якія ажыццяўляюць фінансавую аперацыю, што прадугледжвае перадачу правоў на сродкі.

Фінансавая аперацыя — здзелка са сродкамі незалежна ад формы і спосабу яе ажыццяўлення.

Артыкул 2. Сфера прымянення гэтага Закона

Гэты Закон рэгулюе адносіны асоб, якія здзяйсняюць і ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзейнасць органа фінансавага маніторынгу і дзяржаўных органаў, што ажыццяўляюць кантроль за дзейнасцю асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, у частцы выканання імі заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці.

Артыкул 3. Прававая аснова дзейнасці па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці

Прававую аснову дзейнасці па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, гэты Закон, іншыя акты заканадаўства, а таксама міжнародныя дагаворы.

Калі міжнародным дагаворам устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў гэтым Законе, прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

ГЛАВА 2

Прадухіленне легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці

Артыкул 4. Меры, накіраваныя на прадухіленне легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці

Да мераў, накіраваных на прадухіленне легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, адносяцца:

унутраны кантроль;

асобы кантроль;

забарона на інфармаванне асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, аб прымаемых мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці;

іншыя меры ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Артыкул 5. Абавязкі і правы асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі

Асобы, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, абавязаны:

праводзіць ідэнтыфікацыю асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам;

рэгістраваць фінансавыя аперацыі, якія падлягаюць асабліваму кантролю, у спецыяльным фармуляры і прадстаўляць яго першы экзэмпляр у орган фінансавага маніторынгу не пазней за працоўны дзень, які ідзе за днём ажыццяўлення аперацыі; пры паступленні сродкаў па міжнародных разліках — не пазней за працоўны дзень, які ідзе за днём паступлення пацвярджальных дакументаў; пры прыпыненні фінансавай аперацыі — у дзень яе прыпынення;

прыпыняць фінансавую аперацыю, калі хоць бы адным з яе бакоў з'яўляецца асоба, якая ўдзельнічае ў тэрарыстычнай дзейнасці, ці калі асоба, якая ажыццяўляе фінансавую аперацыю, знаходзіцца пад кантролем асоб, якія займаюцца тэрарыстычнай дзейнасцю. У выпадку паступлення грашовых сродкаў яны залічваюцца на рахунак атрымальніка з наступным прыпыненнем расходных аперацый па рахунку ў памеры сумы паступіўшых грашовых сродкаў. Падставай для аднаўлення прыпыненай фінансавай аперацыі з'яўляецца адпаведнае паведамленне органа фінансавага маніторынгу ў пісьмовай форме ці ў форме электроннага дакумента;

прадстаўляць па запыту органа фінансавага маніторынгу інфармацыю, неабходную для выканання ўскладзеных на яго функцый;

захоўваць другія экзэмпляры спецыяльных фармуляраў і дакументы, звязаныя з ажыццяўленнем і (ці) выкананнем фінансавых аперацый, якія падлягаюць асобаму кантролю, не менш чым пяць гадоў з дня іх запаўнення;

распрацоўваць і выконваць правілы ўнутранага кантролю, назначаць на пасады асоб, адказных за арганізацыю распрацоўкі гэтых правілаў і іх выкананне, а таксама прымаць іншыя ўнутраныя арганізацыйныя меры ў мэтах ажыццяўлення ўнутранага кантролю.

Правілы ўнутранага кантролю распрацоўваюцца асобамі, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, з улікам агульных патрабаванняў, вызначаемых Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым правілы ўнутранага кантролю павінны ўключаць у сябе парадак дакументальнага фіксавання фінансавых аперацый, якія падлягаюць асобаму кантролю, парадак забеспячэння захоўвання і канфідэнцыяльнасці інфармацыі, патрабаванні да кваліфікацыі і падрыхтоўкі адпаведных службовых асоб, а таксама крытэрыі выяўлення і прыметы падазроных фінансавых аперацый, што павінны ўлічваць асаблівасці дзейнасці асобы, якая ажыццяўляе фінансавыя аперацыі.

Асобы, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, маюць права адмовіць асобам, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, у іх ажыццяўленні (за выключэннем залічэння на рахунак атрымальніка паступіўшых грашовых сродкаў) у выпадку непрадстаўлення дакументаў, неабходных для рэгістрацыі фінансавай аперацыі, якая падлягае асабліваму кантролю.

Прыпыненне фінансавай аперацыі ў адпаведнасці з абзацам чацвёртым часткі першай гэтага артыкула не з'яўляецца падставай для ўзнікнення адказнасці асобы, якая ажыццяўляе фінансавыя аперацыі, за страты і маральную шкоду, нанесеныя ў выніку такога дзеяння.

Выдаванне асобамі, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, звестак аб перадачы інфармацыі ў орган фінансавага маніторынгу, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам, забараняецца.

Прадстаўленне асобамі, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, у орган фінансавага маніторынгу інфармацыі аб фінансавых аперацыях, што падлягаюць асобаму кантролю, у парадку, прадугледжаным гэтым Законам, не з'яўляецца парушэннем службовай, банкаўскай ці іншай ахоўваемай законам тайны і не цягне за сабой адказнасці за страты і маральную шкоду, нанесеныя ў выніку такога дзеяння.

Артыкул 6. Фінансавыя аперацыі, якія падлягаюць асобаму кантролю

Фінансавыя аперацыі падлягаюць асобаму кантролю незалежна ад таго, былі яны ажыццёўлены або не, пры наяўнасці хоць бы адной з наступных умоў:

калі ў асобы, якая ажыццяўляе фінансавую аперацыю, узніклі падазрэнні, што фінансавая аперацыя ажыццяўляецца ў мэтах легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, ці фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, у тым ліку фінансавая аперацыя не адпавядае мэтам дзейнасці асобы, якая ажыццяўляе фінансавую аперацыю, устаноўленым статутнымі дакументамі; ажыццяўляецца неаднаразова ў мэтах ухілення ад рэгістрацыі ў спецыяльным фармуляры;

калі ў адносінах да асобы, якая ажыццяўляе фінансавую аперацыю, маюцца звесткі аб яе ўдзеле ў тэрарыстычнай дзейнасці ці калі асоба, якая ажыццяўляе фінансавую аперацыю, знаходзіцца пад кантролем асоб, якія займаюцца тэрарыстычнай дзейнасцю. Парадак вызначэння пераліку ўказаных асоб і парадак давядзення яго да ведама асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, устанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

калі асоба, якая ажыццяўляе фінансавую аперацыю, зарэгістравана, мае месца жыхарства ці месца знаходжання ў дзяржаве (на тэрыторыі), якая не ўдзельнічае ў міжнародным супрацоўніцтве ў сферы прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, ці па ёй маюцца звесткі аб ажыццяўленні аперацый праз рахунак у банку, нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі, зарэгістраваных ва ўказанай дзяржаве (на ўказанай тэрыторыі). Парадак вызначэння пераліку такіх дзяржаў (тэрыторый) і парадак яго апублікавання ўстанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

калі сума фінансавай аперацыі роўная ці перавышае 2000 базавых велічынь для фізічных асоб або роўная ці перавышае 20000 базавых велічынь для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў і пры гэтым адносіцца да аднаго з наступных відаў фінансавых аперацый: фінансавай аперацыі з наяўнымі грашовымі сродкамі; фінансавай аперацыі па банкаўскіх рахунках і ўкладах (дэпазітах) кліентаў; фінансавай аперацыі па міжнародных разліках і грашовых пераводах (паштовых, тэлеграфных, электронных); фінансавай аперацыі з рухомай і нерухомай маёмасцю; фінансавай аперацыі з каштоўнымі паперамі; фінансавай аперацыі па пазыках і крэдытах, звязанай з міжнароднымі пераводамі; фінансавай аперацыі па пераводу доўгу і ўступцы патрабавання.

Пералік іншых фінансавых аперацый, якія падлягаюць асобаму кантролю, вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 7. Iдэнтыфікацыі асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі

Асобы, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, што падлягаюць асобаму кантролю, пры іх ажыццяўленні праводзяць ідэнтыфікацыю асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі.

Асобы, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, пры правядзенні ідэнтыфікацыі фізічных асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, на падставе дакумента, што сведчыць асобу, устанаўліваюць і фіксуюць наступныя даныя:

прозвішча, імя, імя па бацьку;

грамадзянства;

дату і месца нараджэння;

месца жыхарства (прапіскі, рэгістрацыі);

рэквізіты дакумента, які сведчыць асобу.

На падставе дакумента, які пацвярджае пастаноўку на ўлік у пада-тковым органе, фіксуецца ўліковы нумар плацельшчыка (пры яго наяўнасці).

Асобы, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, пры правядзенні ідэнтыфікацыі індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, на падставе дакумента, што сведчыць асобу, рэгістрацыйных і іншых дакументаў устанаўліваюць і фіксуюць акрамя даных, указаных у частцы другой гэтага артыкула:

рэгістрацыйны нумар і дату рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка, назву рэгіструючага органа;

уліковы нумар плацельшчыка.

Асобы, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, пры правядзенні ідэнтыфікацыі арганізацый, што ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, на падставе статутных, рэгістрацыйных і іншых дакументаў устанаўліваюць і фіксуюць наступныя даныя:

назву;

рэгістрацыйны нумар і дату рэгістрацыі арганізацыі, назву рэгіструючага органа (пры іх наяўнасці);

месца знаходжання (юрыдычны адрас);

уліковы нумар плацельшчыка (пры яго наяўнасці);

прозвішча, імя, імя па бацьку кіраўніка, галоўнага бухгалтара арганізацыі і (ці) іншых упаўнаважаных службовых асоб, якім заканадаўствам ці кіраўніком прадастаўлена права дзейнічаць ад імя арганізацыі.

Асобы, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, пры правядзенні ідэнтыфікацыі асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, устанаўліваюць і фіксуюць назву і месцазнаходжанне банка ці нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі, праз рахункі якіх ажыццяўляецца фінансавая аперацыя.

Калі ў асобы, якая ажыццяўляе фінансавыя аперацыі, узніклі падазрэнні, што асобы, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, дзейнічаюць не ад свайго імя, ці калі становіцца відавочным, што асобы, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, дзейнічаюць не ад свайго імя, то асоба, якая ажыццяўляе фінансавыя аперацыі, прымае меры па ідэнтыфікацыі асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, ці асоб, ад імя якіх дзейнічаюць асобы, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі.

Артыкул 8. Рэгістрацыя фінансавых аперацый, якія падлягаюць асобаму кантролю

Фінансавыя аперацыі, якія падлягаюць асобаму кантролю, рэгіструюцца ў спецыяльным фармуляры асобай, якая ажыццяўляе фінансавыя аперацыі.

Фізічнай асобай спецыяльны фармуляр не запаўняецца і ў орган фінансавага маніторынгу не прадстаўляецца.

У выпадку ажыццяўлення фінансавай аперацыі, што падлягае асобаму кантролю, пры адсутнасці асобы, якая ажыццяўляе фінансавыя аперацыі, спецыяльны фармуляр запаўняецца і прадстаўляецца ў орган фінансавага маніторынгу асобай, якая ажыццяўляе фінансавую аперацыю.

У выпадку ажыццяўлення фінансавай аперацыі, што падлягае асобаму кантролю, паміж рэзідэнтам і нерэзідэнтам пры адсутнасці асобы, якая ажыццяўляе фінансавыя аперацыі, спецыяльны фармуляр запаўняецца і прадстаўляецца ў орган фінансавага маніторынгу рэзідэнтам.

Па аперацыях з безнаяўнымі грашовымі сродкамі, якія пералічваюцца з рахункаў, адкрытых у банках ці нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях Рэспублікі Беларусь — адпраўшчыках грашовых сродкаў, на рахункі, адкрытыя ў банках ці нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях Рэспублікі Беларусь — атрымальніках грашовых сродкаў, спецыяльны фармуляр запаўняецца і прадстаўляецца ў орган фінансавага маніторынгу банкамі ці нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі — адпраўшчыкамі грашовых сродкаў.

Па аперацыях з грашовымі сродкамі, уплачваемымі ў якасці страхавога ўзносу (страхавой прэміі) ці страхавога пакрыцця, страхавога забеспячэння, спецыяльны фармуляр запаўняецца і прадстаўляецца ў орган фінансавага маніторынгу страхавымі ці перастраховачнымі арганізацыямі, таварыствамі ўзаемнага страхавання, страхавымі брокерамі.

Па грамадзянска-прававых здзелках з маёмасцю, здзелкі з якой і (ці) правы на якую падлягаюць рэгістрацыі, спецыяльны фармуляр запаўняецца і прадстаўляецца ў орган фінансавага маніторынгу асобамі, якія ажыццяўляюць дзяржаўную рэгістрацыю такой маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю.

Па аперацыях з каштоўнымі паперамі ў бездакументарнай форме, а таксама з каштоўнымі паперамі ў дакументарнай форме, правы на якія ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства фіксуюць спецыялізаваныя арганізацыі (дэпазітарыі) ці юрыдычныя асобы, якія іх выпусцілі (эмітэнты), спецыяльны фармуляр запаўняецца і прадстаўляецца ў орган фінансавага маніторынгу адпаведна дэпазітарыямі ці эмітэнтамі; па аперацыях з каштоўнымі паперамі ў дакументарнай форме, перадача правоў па якіх ажыццяўляецца паміж рэзідэнтамі без фіксацыі ў трэціх асоб, — асобай, якая перадала правы па гэтых каштоўных паперах.

Па аперацыях па пераводу доўгу ці ўступцы патрабавання, якія ажыццяўляюцца паміж рэзідэнтамі, спецыяльны фармуляр запаўняецца і прадстаўляецца ў орган фінансавага маніторынгу асобай, якая пераводзіць доўг ці ўступае патрабаванне.

Форма спецыяльнага фармуляра, парадак яго запаўнення, перадачы, рэгістрацыі, уліку і захоўвання вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 9. Фінансавыя аперацыі, якія не падлягаюць асобаму кантролю

Асобаму кантролю не падлягаюць:

фінансавыя аперацыі, якія ажыццяўляюцца са сродкамі бюджэту Саюзнай дзяржавы;

фінансавыя аперацыі, якія ажыццяўляюцца са сродкамі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, дзяржаўных мэтавых бюджэтных і пазабюджэтных фондаў;

фінансавыя аперацыі, якія ажыццяўляюцца дыпламатычнымі і іншымі афіцыйнымі прадстаўніцтвамі Рэспублікі Беларусь;

атрыманне крэдытаў, прадастаўленых пад гарантыю Урада Рэспублікі Беларусь, звязанае з міжнародным пераводам грашовых сродкаў;

выдача наяўных грашовых сродкаў на выплату заработнай платы і іншых выплат, якія ўключаюцца ў склад фонду заработнай платы ў адпаведнасці з заканадаўствам, а таксама пералічэнне для ўказаных выплат грашовых сродкаў на банкаўскія рахункі (ва ўклады) фізічных асоб;

фінансавыя аперацыі, якія ажыццяўляюцца па карэспандэнцкіх і іншых рахунках, адкрытых Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь у іншых банках ці іншымі банкамі і адкрытым акцыянерным таварыствам «Беларуская валютна-фондавая біржа» ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь;

фінансавыя аперацыі паміж банкамі Рэспублікі Беларусь па прыцягненню і размяшчэнню грашовых сродкаў у форме міжбанкаўскіх крэдытаў і дэпазітаў;

фінансавыя аперацыі з наяўнымі грашовымі сродкамі, якія ажыццяўляюцца паміж банкамі Рэспублікі Беларусь;

вываз банкамі наяўнай замежнай валюты за межы Рэспублікі Беларусь з наступным яе залічэннем на свае карэспандэнцкія рахункі ў замежных банках;

фінансавыя аперацыі, якія ажыццяўляюцца з дзяржаўнымі каштоўнымі паперамі і каштоўнымі паперамі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, а таксама аблігацыямі мясцовых пазык і аблігацыямі з іпатэчным пакрыццём;

фінансавыя аперацыі, якія ажыццяўляюцца са сродкамі абавязковага страхавання;

унясенне арганізацыямі рознічнага гандлю, бытавога абслугоўвання насельніцтва і грамадскага харчавання наяўных грашовых сродкаў у касы банкаў і аператараў паштовай сувязі з наступным залічэннем іх на свае банкаўскія рахункі;

іншыя фінансавыя аперацыі па пераліку, які вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 3

Орган фінансавага маніторынгу

Артыкул 10. Орган, які ажыццяўляе дзейнасць па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці

Органам, які ажыццяўляе дзейнасць па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, з'яўляецца орган фінансавага маніторынгу, які ствараецца па рашэнню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 11. Кампетэнцыя органа фінансавага маніторынгу

Пры ажыццяўленні асобага кантролю орган фінансавага маніторынгу:

прымае меры па стварэнню і функцыянаванню аўтаматызаванай сістэмы ўліку, апрацоўкі і аналізу інфармацыі аб фінансавых аперацыях, якія падлягаюць асобаму кантролю;

ажыццяўляе збор і аналіз інфармацыі аб падазроных фінансавых аперацыях;

выносіць пастанову аб прыпыненні фінансавай аперацыі пры наяўнасці дастатковых звестак, якія сведчаць аб тым, што фінансавая аперацыя звязана з легалізацыяй даходаў, атрыманых незаконным шляхам, або фінансаваннем тэрарыстычнай дзейнасці, у выпадку, калі гэта фінансавая аперацыя не прыпынена асобай, якая ажыццяўляе фінансавыя аперацыі. Пастанова аб прыпыненні фінансавай аперацыі накіроўваецца асобе, якая ажыццяўляе гэту фінансавую аперацыю, не пазней наступнага рабочага дня з моманту вынясення такой пастановы. Падставай для аднаўлення прыпыненай фінансавай аперацыі з'яўляецца адпаведнае паведамленне органа фінансавага маніторынгу ў пісьмовай форме або ў форме электроннага дакумента;

прымае па прыпыненай фінансавай аперацыі ў пяцідзённы тэрмін з дня атрымання спецыяльнага фармуляра з інфармацыяй асобы, якая ажыццяўляе фінансавыя аперацыі, рашэння аб накіраванні адпаведнай інфармацыі і матэрыялаў у орган крымінальнага праследавання альбо аб аднаўленні прыпыненай фінансавай аперацыі, аб чым паведамляе асобе, якая прыпыніла фінансавую аперацыю, у пісьмовай форме альбо ў форме электроннага дакумента;

накіроўвае адпаведную інфармацыю і матэрыялы ў орган крымінальнага праследавання пры наяўнасці дастатковых звестак, якія сведчаць аб тым, што фінансавая аперацыя звязана з легалізацыяй даходаў, атрыманых незаконным шляхам, альбо фінансаваннем тэрарыстычнай дзейнасці;

выкарыстоўвае інфармацыю, якая змяшчаецца ў спецыяльных фармулярах і іншых крыніцах, для прыняцця мераў па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці;

прымае іншыя меры ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Орган фінансавага маніторынгу ў мэтах прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці:

ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю асоб, якія выконваюць фінансавыя аперацыі, у частцы выканання імі заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці;

распрацоўвае і праводзіць мерапрыемствы па папярэджанню парушэнняў заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, аба-гульняе практыку прымянення гэтага заканадаўства на падставе інфармацыі, што паступае з дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць кантроль за дзейнасцю асоб, якія здзяйсняюць фінансавыя аперацыі, у частцы выканання імі такога заканадаўства, і іншых арганізацый, а таксама распрацоўвае прапановы па яго ўдасканаленню;

удзельнічае ва ўстаноўленым парадку ў дзейнасці міжнародных арганізацый;

удзельнічае ва ўстаноўленым парадку ў падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў і ў заключэнні і выкананні міжнародных дагавораў па пытаннях прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці;

прымяняе ў адпаведнасці з заканадаўствам меры адказнасці да асоб, якія парушылі заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Канфідэнцыяльнасць інфармацыі, якая змяшчаецца ў спецыяльных фармулярах, гарантуецца органам фінансавага маніторынгу, за выключэннем выпадкаў, якія прадугледжаны заканадаўчымі актамі.

Работнікі органа фінансавага маніторынгу забяспечваюць захаванасць стаўшых ім вядомымі звестак, звязаных з дзейнасцю органа фінансавага маніторынгу, якія складаюць службовую, банкаўскую ці іншую тайну, што ахоўваецца законам, і нясуць устаноўленую заканадаўчымі актамі адказнасць за выдаванне гэтых звестак.

Артыкул 12. Прадстаўленне інфармацыі ў орган фінансавага маніторынгу

Дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, прадстаўляюць у орган фінансавага маніторынгу інфармацыю і дакументы (за выключэннем інфармацыі аб асабістым жыцці грамадзян), неабходныя для выканання ўскладзеных на яго функцый, што не з'яўляецца парушэннем службовай, банкаўскай ці іншай тайны, якая ахоўваецца законам.

Артыкул 13. Міжнароднае супрацоўніцтва па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці

Орган фінансавага маніторынгу ў адпаведнасці з заканадаўствам, у тым ліку міжнароднымі дагаворамі, ажыццяўляе супрацоўніцтва з кампетэнтнымі органамі замежных дзяржаў па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці на стадыях збору інфармацыі, папярэдняга расследавання, судовага разбору і выканання судовых рашэнняў.

У адпаведнасці з заканадаўствам, у тым ліку міжнароднымі дагаворамі, орган фінансавага маніторынгу прадстаўляе ў кампетэнтныя органы замежных дзяржаў па іх запытах або па ўласнай ініцыятыве адпаведную інфармацыю толькі ў тым выпадку, калі яе прадстаўленне не наносіць шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і гэта інфармацыя не будзе выкарыстана без атрымання папярэдняй згоды органа фінансавага маніторынгу.

ГЛАВА 4

Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці. Нагляд і кантроль за яго выкананнем

Артыкул 14. Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці

Асобы, вінаватыя ў парушэнні заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, нясуць адказнасць, якая ўстаноўлена заканадаўчымі актамі.

Артыкул 15. Нагляд за выкананнем заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці

Нагляд за дакладным і аднолькавым выкананнем заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці ажыццяўляюць Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь і падначаленыя яму пракуроры.

Артыкул 16. Кантроль за дзейнасцю асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, у частцы выканання імі заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці

Кантроль за дзейнасцю асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, у частцы выканання імі заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці ў межах сваёй кампетэнцыі ажыццяўляюць:

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь — за банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі;

Камітэт па каштоўных паперах пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і яго інспекцыі — за прафесіянальнымі ўдзельнікамі рынку каштоўных папер і асобамі, якія займаюцца біржавай і дэпазітарнай дзейнасцю;

Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь — за асобамі, якія ажыццяўляюць гандаль каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі; ламбардамі, пунктамі скупкі; страхавымі і перастраховачнымі арганізацыямі, таварыствамі ўзаемнага страхавання, страхавымі брокерамі і арганізатарамі латарэй;

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь — за натарыусамі, арганізацыямі, якія аказваюць рыэлтарскія паслугі і прымаюць удзел у аперацыях, звязаных з купляй-продажам нерухомай маёмасці для свайго кліента, арганізацыямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія аказваюць юрыдычныя паслугі, адвакатамі, якія ажыццяўляюць ад імя або па даручэнню свайго кліента фінансавыя аперацыі, звязаныя з купляй-продажам нерухомай маёмасці, кіраваннем грашовымі сродкамі, каштоўнымі паперамі ці іншай маёмасцю; распараджэннем банкаўскімі рахункамі і (ці) рахункамі «дэпо»; стварэннем арганізацый або іх адасобленых падраздзяленняў альбо ўдзелам у кіраванні імі; набыццём ці продажам прадпрыемства як маёмаснага комплексу;

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь — за аператарамі паштовай сувязі;

Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь — за казіно, букмекерскімі канторамі, таталізатарамі і іншымі ігральнымі ўстановамі, якія маюць ігральныя аўтаматы, іншыя ўстройствы для правядзення заснаваных на рызыцы гульняў;

Камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь — за арганізацыямі, якія ажыццяўляюць дзяржаўную рэгістрацыю нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю.

У выпадку адсутнасці дзяржаўнага органа, які кантралюе дзейнасць асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, у частцы выканання імі заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, такі кантроль ажыццяўляе орган фінансавага маніторынгу.

У выпадку выяўлення фактаў непрадстаўлення інфармацыі аб ажыццяўленні фінансавай аперацыі, якая падлягае асобаму кантролю, альбо іншых парушэнняў заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці дзяржаўныя органы ў пяцідзённы тэрмін з дня складання адпаведнага акта праверкі інфармуюць аб гэтым орган фінансавага маніторынгу.».

Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 3 гэтага Закона, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Артыкул 3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:

прыняць меры па прывядзенню актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць (пры неабходнасці сумесна з Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь) нарматыўныя прававыя акты, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона прывесці свае нарматыўныя прававыя акты ў адпаведнасць з гэтым Законам.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

11 снежня 2005 года, г. Мінск. № 68-З