Закон Рэспублікі Беларусь

Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў

ПРЫНЯТЫ ПАЛАТАЙ ПРАДСТАЎНIКОЎ 1 СНЕЖНЯ 2005 ГОДА

Адобраны Саветам Рэспублікі 8 снежня 2005 года

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны і іх азначэнні, якія прымяняюцца ў гэтым Законе

Для мэтаў гэтага Закона прымяняюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:

дзеці-сіроты — асобы ва ўзросце да 18 гадоў, у якіх памерлі абое ці адзін з бацькоў;

дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, — асобы ва ўзросце да 18 гадоў, якія засталіся без апекі аднаго ці абодвух бацькоў па прычыне пазбаўлення бацькоў бацькоўскіх правоў, адабрання іх у бацькоў без пазбаўлення бацькоўскіх правоў, прызнання бацькоў недзеяздольнымі, абмежавана дзеяздольнымі, без вестак адсутнымі, аб'яўлення іх памёршымі, знаходжання бацькоў у вышуку, у месцах утрымання пад вартай, хваробы бацькоў, якая перашкаджае выкананню бацькоўскіх абавязкаў, адбывання бацькамі пакарання ва ўстановах, якія ажыццяўляюць пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання волі, пазбаўлення волі, пакідання іх бацькамі ў арганізацыях аховы здароўя, згоды бацькоў на ўсынаўленне (удачарэнне) дзяцей пры адмове бацькоў ад дзяцей і іх асобным пражыванні з дзецьмі, а таксама якія знойдзены кінутымі, і ў іншых выпадках адсутнасці апекі бацькоў;

асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — асобы ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў, якія мелі да моманту дасягнення імі ўзросту 18 гадоў статус дзяцей-сірот або статус дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, або падставы для яго набыцця і ў далейшым не страцілі гэтых падстаў;

гарантыі па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — устаноўленыя дзяржавай меры сацыяльнай абароны дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, накіраваныя на абарону іх правоў, законных інтарэсаў і на забеспячэнне ўмоў для іх паўнацэннага развіцця, выхавання, адукацыі, умацавання здароўя і падрыхтоўкі да самастойнага жыцця ў грамадстве;

дзяржаўнае забеспячэнне — комплекс устаноўленых дзяржавай мераў, накіраваных на матэрыяльнае забеспячэнне ўмоў для рэалізацыі асноўных правоў і задавальнення жыццёва важных патрэб дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў;

статус дзяцей-сірот — асаблівае прававое становішча дзяцей-сірот, якое абумоўлівае прадастаўленне ім гарантый па сацыяльнай абароне;

статус дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — асаблівае прававое становішча дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, што абумоўлівае прадастаўленне ім гарантый па сацыяльнай абароне;

дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы — дамы дзіцяці, дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы, спецыяльныя лячэбна-выхаваўчыя ўстановы і іншыя ўстановы, якія забяспечваюць утрыманне і выхаванне дзяцей;

дзіцячы дом сямейнага тыпу — сям'я, якая прыняла на выхаванне ад пяці да дзесяці дзяцей-сірот і (або) дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у рамках якой сямейная пара або асобныя грамадзяне (бацькі-выхавацелі) выконваюць абавязкі па выхаванню дзяцей у адпаведнасці з Палажэннем аб дзіцячым доме сямейнага тыпу, якое зацверджана Урадам Рэспублікі Беларусь, на падставе дагавора аб умовах выхавання і ўтрымання дзяцей і працоўнага дагавора;

дзіцячая вёска (гарадок) — сацыяльна-педагагічная ўстанова адукацыі, створаная на аснове дзвюх і больш выхаваўчых груп, у рамках якіх сямейная пара або асобныя грамадзяне (бацькі-выхавацелі) выконваюць абавязкі па выхаванню дзяцей-сірот і (або) дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на падставе статута дзіцячай вёскі (гарадка), дагавора аб умовах выхавання і ўтрымання дзяцей і працоўнага дагавора;

апякунская сям'я — сям'я, у якой сямейная пара або асобныя грамадзяне (апекуны, папячыцелі) выконваюць абавязкі па выхаванню дзяцей-сірот і (або) дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на падставе рашэння органа апекі і папячыцельства аб устанаўленні апекі (папячыцельства) над дзіцем (дзецьмі) і прызначэнні апекуна (папячыцеля);

прыёмная сям'я — сям'я, у якой сямейная пара або асобныя грамадзяне (прыёмныя бацькі) выконваюць абавязкі па выхаванню дзяцей-сірот і (або) дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у адпаведнасці з Палажэннем аб прыёмнай сям'і, якое зацверджана Урадам Рэспублікі Беларусь, на падставе дагавора аб перадачы дзіцяці (дзяцей) на выхаванне ў сям'ю і працоўнага дагавора.

Артыкул 2. Заканадаўства аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў

1. Заканадаўства аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і, гэтага Закона, Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 лістапада 1993 года «Аб правах дзіцяці» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1993 г., № 33, ст. 430; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 103, 2/215) і іншых актаў заканадаўства.

2. Калі ўступіўшым у сілу міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў гэтым Законе, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

Артыкул 3. Забеспячэнне гарантый па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў

1. Гарантыі па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, забяспечваюцца і ахоўваюцца дзяржавай.

2. Фінансаванне расходаў па забеспячэнню гарантый па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, а таксама іншых крыніц у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

3. Дзяржаўны кантроль за рэалізацыяй гарантый па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, ажыццяўляюць органы апекі і папячыцельства і іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.

ГЛАВА 2

НАБЫЦЦЁ, ПРАДАСТАЎЛЕННЕ I СТРАТА СТАТУСУ ДЗЯЦЕЙ-СIРОТ I СТАТУСУ ДЗЯЦЕЙ, ЯКIЯ ЗАСТАЛIСЯ БЕЗ АПЕКI БАЦЬКОЎ

Артыкул 4. Набыццё статусу дзяцей-сірот і статусу дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў

1. Статус дзяцей-сірот набываецца на падставе пасведчанняў аб смерці абодвух ці аднаго з бацькоў.

2. Статус дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, набываецца на падставе наступных дакументаў, якія пацвярджаюць адсутнасць апекі абодвух ці аднаго з бацькоў:

2.1. рашэння суда аб пазбаўленні бацькоў (аднаго з бацькоў) бацькоўскіх правоў;

2.2. рашэння суда аб адабранні дзіцяці без пазбаўлення бацькоўскіх правоў;

2.3. рашэння суда аб прызнанні бацькоў (аднаго з бацькоў) недзеяздольнымі;

2.4. рашэння суда аб прызнанні бацькоў (аднаго з бацькоў) абмежавана дзеяздольнымі;

2.5. рашэння суда аб прызнанні бацькоў (аднаго з бацькоў) без вестак адсутнымі;

2.6. рашэння суда аб аб'яўленні бацькоў (аднаго з бацькоў) памёршымі;

2.7. сумеснага акта арганізацыі аховы здароўя і органа ўнутраных спраў аб пакіданні дзіцяці ў арганізацыі аховы здароўя;

2.8. заявы бацькоў (аднаго з бацькоў) аб згодзе на ўсынаўленне (удачарэнне) дзіцяці пры адмове бацькоў (аднаго з бацькоў) ад дзіцяці і іх (яго) асобным пражыванні з дзіцем;

2.9. акта органа ўнутраных спраў аб выяўленні кінутага дзіцяці;

2.10. рашэння органа апекі і папячыцельства аб прадастаўленні статусу дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на перыяд часовай адсутнасці апекі бацькоў (аднаго з бацькоў).

Артыкул 5. Прадастаўленне статусу дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на перыяд часовай адсутнасці апекі бацькоў (аднаго з бацькоў)

1. Рашэнне аб прадастаўленні статусу дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на перыяд часовай адсутнасці апекі бацькоў (аднаго з бацькоў) прымаецца органам апекі і папячыцельства па прадстаўленню ўпраўлення (аддзела) адукацыі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа пры часовай адсутнасці апекі абодвух ці аднаго з бацькоў альбо пры адсутнасці апекі аднаго з бацькоў і часовай адсутнасці апекі другога з бацькоў.

Тэрмін, на які дзіцяці прадастаўляецца статус дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на перыяд часовай адсутнасці апекі бацькоў (аднаго з бацькоў), вызначаецца органам апекі і папячыцельства.

2. Часовая адсутнасць апекі бацькоў (аднаго з бацькоў) пацвярджаецца наступнымі дакументамі:

2.1. даведкай органа ўнутраных спраў аб вышуку бацькоў (аднаго з бацькоў);

2.2. пастановай органа крымінальнага праследавання або пастановай (вызначэннем) суда аб затрыманні бацькоў (аднаго з бацькоў) ці заключэнні бацькоў (аднаго з бацькоў) пад варту;

2.3. заключэннем арганізацыі аховы здароўя аб наяўнасці ў бацькоў (аднаго з бацькоў) захворвання, якое перашкаджае выкананню бацькоўскіх абавязкаў, што выдаецца ў парадку, устаноўленым Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь;

2.4. абвінаваўчым прыгаворам суда аб прызначэнні бацькам (аднаму з бацькоў) пакарання ў выглядзе арышту, абмежавання волі, пазбаўлення волі;

2.5. рашэннем органа апекі і папячыцельства аб неадкладным адабранні дзіцяці ў бацькоў (аднаго з бацькоў) або іншых асоб, на выхаванні ў якіх яно фактычна знаходзіцца;

2.6. даведкай органа па працы і сацыяльнай абароне аб змяшчэнні бацькоў (аднаго з бацькоў) у стацыянарныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання;

2.7. заявай бацькоў (аднаго з бацькоў) аб часовым змяшчэнні дзіцяці ў дом дзіцяці;

2.8. іншымі дакументамі, якія прадугледжаны заканадаўствам.

Артыкул 6. Страта статусу дзяцей-сірот і статусу дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў

1. Статус дзяцей-сірот страчваецца ў выніку:

1.1. прыняцця рашэння суда аб устанаўленні ўсынаўлення (удачарэння) дзіцяці;

1.2. прыняцця рашэння суда аб устанаўленні бацькоўства (мацярынства).

2. Статус дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, страчваецца пры аднаўленні апекі аднаго з бацькоў, абодвух ці аднаго з бацькоў у выніку:

2.1. адмены рашэння суда аб пазбаўленні бацькоў (аднаго з бацькоў) бацькоўскіх правоў;

2.2. прыняцця рашэння суда аб аднаўленні бацькоў (аднаго з бацькоў) у бацькоўскіх правах;

2.3. адмены рашэння суда аб адабранні дзіцяці без пазбаўлення бацькоўскіх правоў;

2.4. прыняцця рашэння суда аб вяртанні дзіцяці яго бацькам (аднаму з бацькоў);

2.5. адмены рашэння суда аб прызнанні бацькоў (аднаго з бацькоў) недзеяздольнымі;

2.6. прыняцця рашэння суда аб прызнанні бацькоў (аднаго з бацькоў) дзеяздольнымі;

2.7. адмены рашэння суда аб прызнанні бацькоў (аднаго з бацькоў) абмежавана дзеяздольнымі;

2.8. прыняцця рашэння суда аб адмене абмежавання дзеяздольнасці бацькоў (аднаго з бацькоў);

2.9. адмены рашэння суда аб аб'яўленні бацькоў (аднаго з бацькоў) без вестак адсутнымі;

2.10. адмены рашэння суда аб аб'яўленні бацькоў (аднаго з бацькоў) памёршымі;

2.11. адклікання бацькамі (адным з бацькоў) заявы аб згодзе на ўсынаўленне (удачарэнне) дзіцяці да вынясення рашэння суда аб устанаўленні ўсынаўлення (удачарэння) дзіцяці;

2.12. прыняцця рашэння суда аб устанаўленні ўсынаўлення (удачарэння) дзіцяці;

2.13. прыняцця рашэння суда аб устанаўленні бацькоўства (мацярынства);

2.14. наяўнасці дакументаў, якія ўстанаўліваюць паходжанне дзіцяці, і заключэння органа апекі і папячыцельства аб магчымасці перадачы бацькам (аднаму з бацькоў) дзіцяці, у адносінах да якога прыняты дакументы, якія прадугледжаны падпунктамі 2.7 і 2.9 пункта 2 артыкула 4 гэтага Закона;

2.15. адмены рашэння органа апекі і папячыцельства аб прадастаўленні статусу дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на перыяд часовай адсутнасці апекі бацькоў (аднаго з бацькоў).

ГЛАВА 3

ГАРАНТЫI ПА САЦЫЯЛЬНАЙ АБАРОНЕ ДЗЯЦЕЙ-СIРОТ, ДЗЯЦЕЙ, ЯКIЯ ЗАСТАЛIСЯ БЕЗ АПЕКI БАЦЬКОЎ, А ТАКСАМА АСОБ З ЛIКУ ДЗЯЦЕЙ-СIРОТ I ДЗЯЦЕЙ, ЯКIЯ ЗАСТАЛIСЯ БЕЗ АПЕКI БАЦЬКОЎ

Артыкул 7. Гарантыі права на дзяржаўнае забеспячэнне

1. Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, прадастаўляюцца гарантыі права на дзяржаўнае забеспячэнне, якія ўключаюць:

1.1. дзяржаўнае забеспячэнне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і якія знаходзяцца ці раней знаходзіліся ў дзіцячых інтэрнатных установах, дзяржаўных спецыялізаваных установах для непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і рэабілітацыі;

1.2. дзяржаўнае забеспячэнне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і якія знаходзяцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзіцячых вёсках (гарадках), апякунскіх сем'ях і прыёмных сем'ях;

1.3. дзяржаўнае забеспячэнне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і якія навучаюцца на падрыхтоўчых аддзяленнях дзяржаўных устаноў, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, альбо ў дзяржаўных установах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

2. Дзяржаўнае забеспячэнне прадастаўляецца дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, незалежна ад пенсій, дапамог, аліментаў, якія яны атрымліваюць, і захоўваецца пры ўступленні іх у шлюб і прадастаўленні ім у адпаведнасці з заканадаўствам акадэмічных водпускаў.

3. Нормы дзяржаўнага забеспячэння дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, умовы і парадак яго прадастаўлення ўстанаўліваюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 8. Дзяржаўнае забеспячэнне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і якія знаходзяцца або раней знаходзіліся ў дзіцячых інтэрнатных установах, дзяржаўных спецыялізаваных установах для непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і рэабілітацыі

1. Дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў і якія знаходзяцца ў дзіцячых інтэрнатных установах, дзяржаўных спецыялізаваных установах для непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і рэабілітацыі, забяспечваюцца гэтымі ўстановамі, згодна з устаноўленымі нормамі, пражываннем, харчаваннем, адзеннем, абуткам, мяккім інвентаром і абсталяваннем, падручнікамі, вучэбнымі дапаможнікамі і прыладамі, прадметамі асабістай гігіены, іншымі прадметамі першай неабходнасці, а таксама пасля дасягнення імі ўзросту 7 гадоў — штомесяц грашовымі сродкамі на асабістыя расходы па ўстаноўленых нормах.

2. Дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў і якія знаходзяцца ў дзіцячых інтэрнатных установах, дзяржаўных спецыялізаваных установах для непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і рэабілітацыі, на час іх знаходжання ў сем'ях сваякоў або іншых грамадзян у перыяд канікулаў, выхадных дзён, дзяржаўных святаў і святочных дзён, устаноўленых і аб'яўленых Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь нерабочымі, а таксама ў перыяд хваробы, праходжання ўступных іспытаў пры паступленні ў дзяржаўныя ўстановы адукацыі і ў іншых выпадках, якія прадугледжаны заканадаўствам, дзіцячымі інтэрнатнымі ўстановамі, дзяржаўнымі спецыялізаванымі ўстановамі для непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і рэабілітацыі, выдаецца грашовая кампенсацыя расходаў на харчаванне па ўстаноўленых нормах.

3. Дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, пасля заканчэння знаходжання ў дзіцячых інтэрнатных установах, дзяржаўных спецыялізаваных установах для непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і рэабілітацыі, і ў выпадку залічэння іх на навучанне на падрыхтоўчае аддзяленне дзяржаўных устаноў, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, ці ў дзяржаўныя ўстановы, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, па дзённай форме навучання, забяспечваюцца дзіцячымі інтэрнатнымі ўстановамі, дзяржаўнымі спецыялізаванымі ўстановамі для непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і рэабілітацыі, камплектам адзення і абутку, а таксама грашовай дапамогай па ўстаноўленых нормах.

4. Дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пасля заканчэння знаходжання ў дзіцячых інтэрнатных установах, дзяржаўных спецыялізаваных установах для непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і раэбілітацыі, ці пасля вызвалення з-пад варты, з месцаў адбывання пакарання ў выглядзе арышту, абмежавання волі, пазбаўлення волі — пры працаўладкаванні (рэгістрацыі ў органах дзяржаўнай службы занятасці) і ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, забяспечваюцца дзіцячымі інтэрнатнымі ўстановамі, дзяржаўнымі спецыялізаванымі ўстановамі для непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і рэабілітацыі, камплектам адзення, абутку, мяккага інвентару і абсталявання, а таксама грашовай дапамогай па ўстаноўленых нормах. Па жаданні асоб, указаных у гэтым пункце, узамен камплекта адзення, абутку, мяккага інвентару і абсталявання выплачваецца грашовая кампенсацыя па ўстаноўленых нормах.

Артыкул 9. Дзяржаўнае забеспячэнне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і якія знаходзяцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзіцячых вёсках (гарадках), апякунскіх сем'ях і прыёмных сем'ях

1. Дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў і знаходзяцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзіцячых вёсках (гарадках), апякунскіх сем'ях і прыёмных сем'ях, дзяржаўнае забеспячэнне прадастаўляецца пры дапамозе штомесячных грашовых выплат іх бацькам-выхавацелям, апекунам (папячыцелям), прыёмным бацькам на падставе рашэння органа апекі і папячыцельства з дня ўладкавання ў дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзіцячую вёску (гарадок), апякунскую сям'ю ці прыёмную сям'ю.

Штомесячныя грашовыя выплаты прадугледжваюць згодна з устаноўленымі нормамі расходы на харчаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, забеспячэнне іх адзеннем, абуткам, мяккім інвентаром і абсталяваннем, падручнікамі, вучэбнымі дапаможнікамі і прыладамі, прадметамі асабістай гігіены, іншымі прадметамі першай неабходнасці, а таксама пасля дасягнення імі ўзросту 7 гадоў — штомесяц грашовымі сродкамі на асабістыя расходы па ўстаноўленых нормах.

2. Дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў і якія знаходзяцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзіцячых вёсках (гарадках), апякунскіх сем'ях і прыёмных сем'ях, у выпадку залічэння іх на вучобу на падрыхтоўчыя аддзяленні дзяржаўных устаноў, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, ці ў дзяржаўныя ўстановы, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, па дзённай форме навучання, дзяржаўнае забеспячэнне прадастаўляецца па выбару іх бацькоў-выхавацеляў, апекуноў (папячыцеляў), прыёмных бацькоў ці ўстановамі адукацыі, у якіх яны вучацца, ці пры дапамозе штомесячных грашовых выплат іх бацькам-выхавацелям, апекунам (папячыцелям), прыёмным бацькам.

3. Расходы па ўстаноўленых нормах на аплату за карыстанне жылымі памяшканнямі, на аплату электрычнай і цеплавой энергіі, бягучага рамонту жылых памяшканняў, паслуг сувязі, бытавога абслугоўвання, звязаныя з утрыманнем дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзіцячых вёсках (гарадках), прыёмных сем'ях, падлягаюць пакрыццю ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Артыкул 10. Дзяржаўнае забеспячэнне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і якія вучацца на падрыхтоўчых аддзяленнях дзяржаўных устаноў, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, ці ў дзяржаўных установах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі

1. Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і якія вучацца на падрыхтоўчых аддзяленнях дзяржаўных устаноў, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, ці ў дзяржаўных установах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, па дзённай форме навучання, дзяржаўнае забеспячэнне прадастаўляецца адпаведнымі ўстановамі адукацыі з дня залічэння іх на вучобу, але не раней чым у дзень спынення дзяржаўнага забеспячэння, якое прадастаўляецца ўказаным асобам у дзіцячых інтэрнатных установах, дзяржаўных спецыялізаваных установах для непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і рэабілітацыі, дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзіцячых вёсках (гарадках), апякунскіх сем'ях і прыёмных сем'ях.

Дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і атрымалі адукацыю на адным узроўні (ступені) адукацыі, пры прадаўжэнні адукацыі па дзённай форме навучання на адным з наступных узроўняў (ступеняў) адукацыі ў дзяржаўных установах адукацыі захоўваюць права на дзяржаўнае забеспячэнне.

2. Дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, забяспечваюцца адпаведнымі ўстановамі адукацыі інтэрнатам без спагнання платы за пражыванне, ці пры адсутнасці інтэрната, грашовай кампенсацыяй кошту найму (паднайму) жылога памяшкання па ўстаноўленых нормах, калі ў населеным пункце па месцы вучобы за імі не захавалася жылое памяшканне ці калі яны не могуць быць па іншых прычынах уселены ў жылое памяшканне, з якога выбылі.

Дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і якія вучацца ў адпаведных установах адукацыі, маюць права з дазволу кіраўніка дзіцячай інтэрнатнай установы пражываць у дзіцячай інтэрнатнай установе ў час канікулаў незалежна ад месца размяшчэння дзіцячай інтэрнатнай установы і ўстановы адукацыі, а таксама ў час вучобы ў выпадку, калі ўстанова адукацыі і дзіцячая інтэрнатная ўстанова знаходзяцца на тэрыторыі аднаго горада (раёна).

3. Дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, забяспечваюцца адпаведнымі ўстановамі адукацыі згодна з устаноўленымі нормамі харчаваннем, адзеннем, абуткам, мяккім інвентаром, абсталяваннем, прадметамі асабістай гігіены і іншымі прадметамі першай неабходнасці ці грашовай кампенсацыяй іх кошту па ўстаноўленых нормах, а таксама стыпендыяй і штогадовай матэрыяльнай дапамогай за кошт сродкаў стыпендыяльнага фонду ўстановы адукацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

4. Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і вучацца ў адпаведных установах адукацыі, на час іх знаходжання ў дзіцячых інтэрнатных установах, дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзіцячых вёсках (гарадках), апякунскіх сем'ях і прыёмных сем'ях, у якіх яны знаходзіліся раней, сем'ях сваякоў ці іншых грамадзян у перыяд канікулаў, выхадных дзён, дзяржаўных святаў і святочных дзён, устаноўленых і аб'яўленых Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь нерабочымі, а таксама ў перыяд хваробы выдаецца грашовая кампенсацыя расходаў на харчаванне па ўстаноўленых нормах.

5. Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і якія спынілі вучобу ў адпаведных установах адукацыі па дзённай форме навучання ў сувязі з іх заканчэннем ці па іншых прычынах, пры прадастаўленні даведкі аб працаўладкаванні (рэгістрацыі ў органах дзяржаўнай службы занятасці) ці аб устанаўленні групы інваліднасці і проціпаказаннях да працы ў год спынення вучобы выдаецца камплект адзення, абутку, мяккага інвентару і абсталявання, а таксама выплачваецца грашовая дапамога па ўстаноўленых нормах. Па жаданні асоб, указаных у гэтым пункце, узамен камплекта адзення, абутку, мяккага інвентару і абсталявання выплачваецца грашовая кампенсацыя па ўстаноўленых нормах.

Артыкул 11. Гарантыя правоў на адукацыю

1. Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, прадастаўляюцца гарантыі правоў на адукацыю, якія ўключаюць:

1.1. залічэнне па-за конкурсам на вучобу за кошт сродкаў рэспубліканскага і (ці) мясцовых бюджэтаў на падрыхтоўчыя аддзяленні і курсы па падрыхтоўцы да паступлення ў дзяржаўныя ўстановы, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі;

1.2. залічэнне па-за конкурсам (а пры правядзенні ўступных іспытаў — пры атрыманні станоўчых адзнак) на вучобу па канкрэтных вучэбных спецыяльнасцях (прафесіях) за кошт сродкаў рэспубліканскага і (ці) мясцовых бюджэтаў у дзяржаўныя ўстановы, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі;

1.3. бясплатную вучобу ў дзяржаўных установах, што забяспечваюць атрыманне пазашкольнага выхавання і навучання, у дзяржаўных спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах.

2. Гарантыі правоў на адукацыю, прадугледжаныя пунктам 1 гэтага артыкула, у прыватных установах адукацыі прадастаўляюцца са згоды іх заснавальнікаў (уласнікаў).

Артыкул 12. Гарантыі права на жыллё

1. Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, гарантуецца захаванне права ўласнасці на жылое памяшканне ці права карыстання жылым памяшканнем, з якога яны выбылі. Кантроль за рэалізацыяй гэтай гарантыі ажыццяўляецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

2. Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, гарантуецца права на атрыманне ў пазачарговым парадку жылога памяшкання сацыяльнага карыстання, ільготных крэдытаў, субсідый і іншых формаў дзяржаўнай падтрымкі для будаўніцтва (рэканструкцыі) ці набыцця жылога памяшкання ў адпаведнасці з заканадаўствам, калі за імі не захавалася жылое памяшканне ці калі яны не могуць быць па іншых прычынах уселены ў жылое памяшканне, з якога выбылі.

3. Гарантыі права на жыллё, прадугледжаныя пунктам 2 гэтага артыкула, прадастаўляюцца дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па месцы першапачатковага набыцця статусу дзяцей-сірот ці статусу дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, ці па месцы іх працаўладкавання.

Артыкул 13. Гарантыі права на працу і занятасць

Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, забяспечваюцца гарантыі права на працу і занятасць шляхам распрацоўкі і рэалізацыі мэтавых дзяржаўных праграм садзейнічання занятасці, стварэння дадатковых працоўных месцаў, устанаўлення ў адпаведнасці з заканадаўствам броні для прыёму на працу, прадастаўлення паслуг па прафесійнай арыентацыі, а таксама шляхам арганізацыі навучання па спецыяльных праграмах і іншымі мерамі.

Артыкул 14. Iншыя гарантыі па сацыяльнай абароне, што прадастаўляюцца дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў

1. Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і якія знаходзяцца ў дзіцячых інтэрнатных установах, дзяржаўных спецыялізаваных установах для непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і рэабілітацыі, дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзіцячых вёсках (гарадках), апякунскіх сем'ях і прыёмных сем'ях ці вучацца на падрыхтоўчым аддзяленні дзяржаўных устаноў, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, ці ў дзяржаўных установах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, па дзённай форме навучання, выдаецца адзіны білет, які дае права бясплатнага наведвання культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў (пры наяўнасці свабодных месцаў) у дзяржаўных арганізацыях культуры, фізічнай культуры і спорту, бясплатнага наведвання дзяржаўных фізкультурна-спартыўных будынкаў. Дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, прадастаўляецца таксама права бясплатнага праезду незалежна ад месца жыхарства на ўсіх відах гарадскога пасажырскага транспарту (акрамя таксі), на чыгуначным, аўтамабільным і водным пасажырскім транспарце агульнага карыстання рэгулярных прыгарадных зносінаў (акрамя таксі), а якія пражываюць у сельскай мясцовасці — таксама на аўтамабільным транспарце агульнага карыстання рэгулярных міжгародніх зносінаў у межах адміністрацыйнага раёна па месцы жыхарства ў парадку, які вызначаецца заканадаўствам.

2. Парадак выдачы, умовы і тэрміны карыстання адзіным білетам вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 4

ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 15. Уступленне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Артыкул 16. Прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам

Ураду Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін пасля ўступлення ў сілу гэтага Закона:

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

21 снежня 2005 года, г. Мінск.

№ 73-З