Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 624

Аб назначэнні А.М. Касінца Намеснікам Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь

Назначыць Касінца Аляксандра Мікалаевіча Намеснікам Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь і прысвоіць яму вышэйшы клас дзяржаўнага служачага.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

27 снежня 2005 г., г.Мінск.




Аляксандр Мікалаевіч Касінец нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Роскі Сялец Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. З 1982 па 1994 год займаў розныя пасады на кафедры шпітальнай хірургіі гэтай ВНУ. Затым на працягу двух гадоў кіраваў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам «Iнфекцыя і хірургія». З лютага 1997 года з'яўляўся рэктарам Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ордэна Дружбы народаў медыцынскага універсітэта.

Аляксандр Касінец — доктар медыцынскіх навук, прафесар. Ён — член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч навукі нашай краіны, узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць».


Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 626

Аб назначэнні У.Г. Сасноўскага Міністрам транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь

Назначыць Сасноўскага Уладзіміра Георгіевіча Міністрам транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь і прысвоіць яму першы клас дзяржаўнага служачага.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

27 снежня 2005 г., г.Мінск.




Уладзімір Георгіевіч Сасноўскі нарадзіўся ў 1954 годзе ў Маскве. У 1976 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «Аўтамабілі і аўтамабільная гаспадарка». У розныя гады займаў пасады начальніка сектара пасажырскіх перавозак аддзела транспарту Мінскага гарвыканкама, эканамічнага саветніка Беларускага камітэта абароны міру, працаваў на кіруючых пасадах у шэрагу камерцыйных структур. З 1995 па 2000 год быў намеснікам начальніка вытворчага ўпраўлення транспарту і сувязі Мінгарвыканкама, затым начальнікам камунальнага унітарнага прадпрыемства «Упраўленне транспарту і сувязі Мінгарвыканкама». З 2003 года Уладзімір Сасноўскі быў выконваючым абавязкі генеральнага дырэктара, генеральным дырэктарам транспартнага камунальнага унітарнага прадпрыемства «Мінсктранс».


Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 630

Аб назначэнні В.П. Рудэнкі выконваючым абавязкі Міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь

Назначыць намесніка Міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Рудэнку Віктара Пятровіча выконваючым абавязкі Міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

27 снежня 2005 г., г.Мінск.




Віктар Пятровіч Рудэнка нарадзіўся ў 1950 годзе ў вёсцы Броннае Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У 1978 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. У розныя гады працаваў урачом-тэрапеўтам і ўрачом-кардыёлагам, быў загадчыкам рэўматалагічнага аддзялення, намеснікам галоўнага ўрача па ўрачэбна-працоўнай экспертызе, а затым і галоўным урачом Мінскай абласной клінічнай бальніцы. З 2000 па 2002 год займаў пасаду старшыні камітэта па ахове здароўя Мінскага гарвыканкама. З 2002 года Віктар Рудэнка працаваў намеснікам міністра аховы здароўя Беларусі.