Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
12 студзеня 2006 г. № Р-191/2006
Аб прававым рэгуляванні адносін, звязаных з праездам грамадзян у гарадскім транспарце агульнага карыстання, пры змяненні тарыфаў на перавозку пасажыраў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З. разгледзеў на падставе артыкула 40, часткі чацвёртай артыкула 122 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот грамадзяніна аб праверцы канстытуцыйнасці ўстаноўленых правіл, згодна з якімі білет на адну паездку ў аўтобусе, трамваі, тралейбусе (талон) з’яўляецца сапраўдным толькі на працягу 10 дзён пасля ўвядзення новых тарыфаў на перавозку пасажыраў гарадскім транспартам агульнага карыстання.
 
У звароце ў Канстытуцыйны Суд грамадзянін указаў, што восенню 2004 г., атрымаўшы пенсію, ён купіў 10 ільготных аднаразовых талонаў па намінальнаму кошту 150 руб. Па заканчэнні 10 дзён пасля павышэння тарыфу да 180 руб. нявыкарыстаныя ім талоны былі аб’яўлены несапраўднымі і ў вяртанні іх кошту яму было адмоўлена.
 
Вывучыўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Грамадзянскага кодэкса, Закона “Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках” і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, якія датычацца даследуемых пытанняў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Артыкулам 740 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК) прадугледжана, што па дагавору перавозкі пасажыра перавозчык абавязваецца перавезці пасажыра ў пункт назначэння, а пасажыр абавязваецца выплаціць устаноўленую плату за праезд. Заключэнне дагавора перавозкі пасажыра сведчыцца білетам. Форма білета ўстанаўліваецца ў парадку, прадугледжаным транспартнымі статутамі і кодэксамі.
 
Аналагічныя палажэнні змяшчаюцца і ў артыкуле 48 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках”. У час паездкі па маршруту ў рэгулярных зносінах пасажыр абавязаны мець праязны дакумент (білет), а аўтамабільны перавозчык або аператар аўтамабільных перавозак павінен забяспечыць продаж пасажыру праязнога дакумента (білета) устаноўленага ўзору для дадзенага віду аўтамабільных перавозак (артыкул 42 Закона).
 
Набываючы білет (талон) на адну паездку ў гарадскім транспарце агульнага карыстання, грамадзянін заключае дагавор перавозкі пасажыра (артыкул 740 ГК), хаця рэальнае выкананне ўказанага дагавора можа мець месца ў будучым.
 
Правазная плата на гарадскім транспарце агульнага карыстання, з’яўляючыся цаной дагавора, вызначаецца тарыфамі. Рэгулюемыя (фіксаваныя або гранічныя) тарыфы на гарадскія пасажырскія перавозкі аўтамабільным транспартам агульнага карыстання маюць права ўстанаўліваюць мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы ў парадку, які вызначаецца заканадаўствам (артыкул 16 Закона “Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках”). Згодна з пералікам тавараў (работ, паслуг), цэны (тарыфы), надбаўкі (скідкі) на якія рэгулююцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Ураду Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным банкам, аблвыканкомамі і Мінскім гарвыканкомам, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 мая 1999 г. № 285 “Аб некаторых мерах па стабілізацыі цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь”, тарыфы на перавозку пасажыраў і багажу гарадскім транспартам агульнага карыстання ўстанаўліваюцца, у прыватнасці, Мінскім гарвыканкомам па ўзгадненню з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.
 
Асноўны абавязак пасажыра заключаецца ў аплаце праезду. Набыццё білета і азначае выкананне дадзенага абавязку.
 
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што пасажыры гарадскога транспарту агульнага карыстання маюць права самастойна выбіраць від праязнога дакумента, да якіх адносяцца: білет на адну паездку ў аўтобусе, трамваі, тралейбусе (талон); дэкадны праязны білет; месячны праязны білет. Неабходна таксама звярнуць увагу, што калі дэкадныя і месячныя праязныя білеты абмежаваны тэрмінам іх дзеяння, то выкарыстанне білета на адну паездку ў аўтобусе, трамваі, тралейбусе (талона) загадзя якімі-небудзь каляндарнымі тэрмінамі не абмяжоўваецца, як не абмяжоўваецца і колькасць набываемых талонаў. Напрыклад, пасажыр аднамомантна можа набыць некалькі аднаразовых талонаў, але выкарыстаць толькі адзін, а гэта значыць, што пэўная колькасць талонаў можа заставацца нявыкарыстанай працяглы час. Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што правіла аб сапраўднасці талона старога ўзору на працягу 10 дзён пасля ўвядзення новых тарыфаў нарматыўнымі прававымі актамі не вызначана. Такое правіла ўстаноўлена арганізацыяй-перавозчыкам КУП “Мінскаўтатранс”.
 
Неабходна адзначыць, што правы пасажыра могуць быць звязаны не толькі з заключэннем і выкананнем дагавора перавозкі, але і са змяненнем першапачаткова заключанага дагавора, а таксама з адмовай ад яго выканання.
 
Згодна з пунктам 2 артыкула 392 ГК, калі пасля заключэння і да спынення дзеяння дагавора прыняты акт заканадаўства, які ўстанаўлівае абавязковыя для бакоў правілы, іншыя, чым тыя, што дзейнічалі пры заключэнні дагавора, умовы заключанага дагавора павінны быць прыведзены ў адпаведнасць з заканадаўствам, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам.
 
Заканадаўствам прадугледжана права ўпаўнаважаных органаў на змяненне тарыфаў, гэта значыць практычна на змяненне ў аднабаковым парадку істотных умоў дагавора (правазной платы).
 
Змяненне тарыфаў на перавозку пасажыраў гарадскім транспартам агульнага карыстання (у бок павелічэння) закранае правы грамадзян, таму неабходна строга выконваць правілы аб увядзенні ў дзеянне нарматыўных прававых актаў, якія ўстанаўліваюць новыя тарыфы, тым больш што праезд па білету (талону) старога ўзору ва ўмовах дзеяння новых тарыфаў прызнаецца адміністрацыйным правапарушэннем і цягне адказнасць.
 
У частцы чацвёртай артыкула 65 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” устаноўлена, што нарматыўныя прававыя акты, якія датычацца правоў, свабод і абавязкаў грамадзян, уступаюць у сілу толькі пасля іх афіцыяльнага апублікавання. Пры гэтым нарматыўныя прававыя акты публікуюцца пасля ўключэння іх у Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, калі іншае не прадугледжана ўказаным Законам.
 
Пасля прыняцця (выдання) нарматыўных прававых актаў і ўвядзення іх у дзеянне павінна быць ажыццёўлена належная арганізацыя іх рэалізацыі, уключаючы своечасовае давядзенне зместу прынятых актаў да ведама выканаўцаў (артыкул 73 названага Закона).
 
Згодна з пунктам 4 Палажэння аб афіцыяльным апублікаванні і ўступленні ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 1998 г. № 22, са змяненнямі і дапаўненнямі, афіцыяльным апублікаваннем з’яўляецца давядзенне прававых актаў да ўсеагульнага ведама шляхам узнаўлення іх тэкстаў у поўнай адпаведнасці з падпісанымі арыгіналамі ў афіцыяльных выданнях, у прыватнасці прававыя акты Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта – у перыядычных друкаваных выданнях, якія вызначаюцца Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
 
Рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 24 снежня 2002 г. № 1945 “Аб органе афіцыяльнага апублікавання нарматыўных прававых актаў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта” газета “Мінскі кур’ер” вызначана органам афіцыяльнага апублікавання нарматыўных прававых актаў Мінгарвыканкома.
 
Як паказвае практыка, прымяненне ўказаных палажэнняў выконваецца не заўсёды.
 
Так, рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 14 снежня 2005 г. № 2199 “Аб тарыфах на перавозку пасажыраў гарадскім транспартам агульнага карыстання”, зарэгістраваным у Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь 15 снежня 2005 г. № 9/4731, з 20 снежня 2005 г. павялічаны тарыфы на перавозку пасажыраў. У прыватнасці, кошт адной паездкі ў аўтобусе, трамваі, тралейбусе, метро г. Мінска складае: па поўнаму тарыфу – 460 руб. (раней – 400 руб.); для пасажыраў, якія маюць ільготы, – 230 руб. (раней – 200 руб.); пры продажы талонаў вадзіцелямі – 500 руб.
 
У адпаведнасці з палажэннямі Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” уступленню нарматыўных прававых актаў у сілу павінна папярэднічаць іх апублікаванне. Аднак указанае рашэнне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта прынята 14 снежня 2005 г., а ўступіла ў дзеянне 20  снежня 2005 г., гэта значыць да яго афіцыяльнага апублікавання ў газеце “Мінскі кур’ер” 26 снежня 2005 г.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўпаўнаважаныя органы і арганізацыі прынялі пэўныя меры па давядзенню да ведама насельніцтва інфармацыі аб тым, што з 20 снежня 2005 г. будуць зменены тарыфы на перавозку пасажыраў гарадскім транспартам агульнага карыстання. Так, паводле паведамлення КУП “Мінсктранс”, аб’явы аб гэтым былі перададзены 19 снежня 2005 г. усім аўтобусным паркам, тралейбусным і трамвайнаму дэпо.
 
Разам з тым, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, выкананая работа не ў поўнай меры забяспечвае права грамадзян на інфармацыю (артыкул 34 Канстытуцыі) і не сведчыць аб захаванні прадугледжанага Законам “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” і Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 1998 г. № 22 парадку апублікавання нарматыўных прававых актаў і ўвядзення іх у дзеянне.
 
Акрамя таго, Канстытуцыйным Судом устаноўлена, што ў мэтах выканання ўказанага рашэння дырэктарам філіяла “Агенцтва КУП “Мінсктранс” выдадзены загад ад 15 снежня 2005 г. № 193 аб тым, што да вырабу білетаў на адну паездку новага ўзору будуць выкарыстоўвацца і распаўсюджвацца білеты на адну паездку старога ўзору: намінальным коштам 300 руб. – па цане 460 руб.; для пасажыраў, якія маюць ільготы, намінальным коштам 150 руб. – па цане 230 руб.; пры продажы вадзіцелямі талонаў намінальным коштам 120 руб. – па цане 500 руб. (пісьмо ад 16 снежня 2005 г. № 03-05/1251, накіраванае ў Канстытуцыйны Суд). Аналагічныя рашэнні прымаліся і раней пры змяненні тарыфаў на перавозку пасажыраў гарадскім транспартам агульнага карыстання.
 
Вывучэнне практыкі прававога рэгулявання праезду грамадзян у гарадскім транспарце агульнага карыстання дазваляе зрабіць вывад аб тым, што пры змяненні тарыфаў на перавозку пасажыраў гарадскім транспартам агульнага карыстання да вырабу білетаў на адну паездку (талонаў) новага ўзору распаўсюджваюцца талоны старога ўзору па новаму кошту. Гэта пацвярджаецца не толькі зваротам грамадзяніна, але і загадам дырэктара філіяла “Агенцтва КУП “Мінсктранс” ад 15 снежня 2005 г. № 193 “Аб выкананні рашэння Мінгарвыканкома ад 14.12.2005 г. № 2199”.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што адной з асаблівасцей дагавора перавозкі пасажыра з’яўляецца тая акалічнасць, што бокам гэтага дагавора выступае пасажыр (грамадзянін-спажывец). Такім чынам, на дадзены від перавозак распаўсюджваецца і Закон Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”, пунктам 3 артыкула 30 якога прадугледжана, у прыватнасці, што спажывец мае права скасаваць дагавор аб аказанні паслугі і запатрабаваць поўнай кампенсацыі шкоды, калі ім выяўлены адступленні ад умоў дагавора, якія пагоршылі рэзультат паслугі.
 
Такім чынам, зыходзячы з палажэнняў ГК і Закона “Аб абароне правоў спажыўцоў”, грамадзяне як спажыўцы загадзя аплачаных імі транспартных паслуг, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, павінны мець права на справядлівую кампенсацыю панесеных імі затрат пры змяненні тарыфаў на перавозку пасажыраў гарадскім транспартам агульнага карыстання.
 
Зыходзячы з таго, што прававыя прадпісанні і заснаваныя на іх рашэнні павінны базіравацца на прынцыпах законнасці, разумнасці і справядлівасці з максімальным улікам публічных і прыватных інтарэсаў, Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры змяненні тарыфаў на перавозку пасажыраў гарадскім транспартам агульнага карыстання грамадзяне маюць права на атрыманне дакладнай і своечасовай інфармацыі, а таксама на залік намінальнага кошту талонаў старога ўзору пры набыцці талонаў па новых тарыфах.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай чацвёртай артыкула 122, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 1, 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. У мэтах больш поўнай абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян прапанаваць Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту:
 
забяспечыць няўхільнае выкананне патрабаванняў заканадаўства аб парадку ўвядзення ў дзеянне рашэнняў аб змяненні тарыфаў на перавозку пасажыраў гарадскім транспартам агульнага карыстання, маючы на ўвазе, што рашэнні, якія датычацца правоў, свабод і абавязкаў грамадзян, уступаюць у сілу ў адпаведнасці з Законам “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” і Дэкрэтам Прэзідэнта Республікі Беларусь ад 10 снежня 1998 г. № 22 толькі пасля іх афіцыяльнага апублікавання, а таксама належнае інфармаванне насельніцтва аб змяненні тарыфаў на перавозку пасажыраў;
 
ажыццявіць належнае прававое рэгуляванне адносін, якія датычацца змяненняў тарыфаў на перавозку пасажыраў гарадскім транспартам агульнага карыстання, у прыватнасці разгледзець пытанне аб магчымасці заліку намінальнага кошту талонаў старога ўзору пры набыцці талонаў па новых тарыфах.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                           Р.А. Васілевіч