Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 21

Аб скліканні трэцяга Усебеларускага народнага сходу

У адпаведнасці з артыкулам 37 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця пастанаўляю:

1. Склікаць 2-3 сакавіка 2006 г. у г. Мінску трэці Усебеларускі народны сход.

2. Вынесці на абмеркаванне трэцяга Усебеларускага народнага сходу пытанні аб выніках рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—2005 гады, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 жніўня 2001 г. № 427 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2001 г., № 75, 1/2901), і аб праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006—2010 гады.

3. Утварыць Рэспубліканскі арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенню трэцяга Усебеларускага народнага сходу (далей — Рэспубліканскі арганізацыйны камітэт) у складзе ў адпаведнасці з дадаткам.

4. Аблвыканкамам, Мінска-му гарвыканкаму, гарвыканкамам і райвыканкамам у пяцідзённы тэрмін з дня ўступлення ў сілу гэтага Указа ўтварыць тэрытарыяльныя арганізацыйныя камітэты па падрыхтоўцы і правядзенню трэцяга Усебеларускага народнага сходу (далей — тэрытарыяльныя арганізацыйныя камітэты, калі не ўстаноўлена іншае), уключыўшы ў іх склад прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіравання, грамадскіх аб'яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі.

5. Устанавіць, што:

5.1. колькасць удзельнікаў Усебеларускага народнага сходу складае 2500 чалавек, у тым ліку ад кожнай вобласці — па 350 чалавек, ад г. Мінска — 400 чалавек;

5.2. абласныя, Мінскі гарадскі арганізацыйныя камітэты прапарцыянальна колькасці дарослага насельніцтва (асобы, якія дасягнулі 18 гадоў) устанаўліваюць нормы прадстаўніцтва ўдзельнікаў сходу ад гарадоў і раёнаў і даводзяць іх да раённых (гарадскіх) арганізацыйных камітэтаў, а таксама сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі вызначаюць колькасць удзельнікаў сходу — ваеннаслужачых, якія выбіраюцца на раённых (гарадскіх) сходах адпаведных раёнаў і гарадоў;

5.3. удзельнікі сходу выбіраюцца на раённых (гарадскіх) сходах упаўнаважаных;

5.4. упаўнаважаныя на раённы (гарадскі) сход выбіраюцца калектывамі работнікаў арганізацый, воінскіх часцей, грамадзян па месцы жыхарства, грамадскіх аб'яднанняў у адпаведнасці з нормамі прадстаўніцтва, устаноўленымі раённымі (гарадскімі) арганізацыйнымі камітэтамі.

Арганізацыя работы па выбранню ўпаўнаважаных ускладаецца на раённыя (гарадскія) арганізацыйныя камітэты;

5.5. час, месца і парадак правядзення раённых (гарадскіх) сходаў упаўнаважаных па выбранню ўдзельнікаў сходу вызначаюцца адпаведнымі раённымі (гарадскімі) арганізацыйнымі камітэтамі;

5.6. спісы выбраных удзельнікаў сходу прадстаўляюцца абласнымі, Мінскім гарадскім арганізацыйнымі камітэтамі ў Рэспубліканскі арганізацыйны камітэт.

6. Рэспубліканскаму арганізацыйнаму камітэту:

сумесна з тэрытарыяльнымі арганізацыйнымі камітэтамі забяспечыць пры вылучэнні кандыдатур і выбранні ўдзельнікаў трэцяга Усебеларускага народнага сходу прапарцыянальнае прадстаўніцтва ўсіх раёнаў, гарадоў, найбольш буйных калектываў работнікаў;

забяспечыць інфармаванне насельніцтва аб кандыдатурах удзельнікаў сходу з прыцягненнем сродкаў масавай інфармацыі;

арганізаваць запрашэнне на трэці Усебеларускі народны сход кіраўнікоў дзяржаўных органаў, прадстаўнікоў палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, мясцовых Саветаў дэпутатаў, грамадскіх аб'яднанняў і сродкаў масавай інфармацыі;

ажыццявіць на аснове зацверджанага ім каляндарнага плана работу па падрыхтоўцы і правядзенню сходу з асвятленнем у рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі ходу выканання намечаных арганізацыйных мерапрыемстваў і прыняць іншыя меры па забеспячэнню падрыхтоўкі і правядзення трэцяга Усебеларускага народнага сходу.

7. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:

да 1 лютага 2006 г. прадставіць Кіраўніку дзяржавы для зацвярджэння каштарыс расходаў на падрыхтоўку і правядзенне трэцяга Усебеларускага народнага сходу, узгоднены з Рэспубліканскім арганізацыйным камітэтам;

ажыццявіць фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне падрыхтоўкі і правядзення сходу.

8. Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і іншым дзяржаўным сродкам масавай інфармацыі арганізаваць шырокае асвятленне падрыхтоўкі трэцяга Усебеларускага народнага сходу, абмеркавання пытанняў, што выносяцца на яго разгляд, а таксама прамую трансляцыю работы сходу.

9. Кантроль за выкананнем гэтага Указа ўскласці на Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

10. Гэты Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

12 студзеня 2006 г., г. Мінск.