Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 58

Аб некаторых пытаннях адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў

У мэтах удасканалення парадку адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў, захавання зямель сельскагаспадарчага, прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага, гісторыка-культурнага прызначэння, зямель ляснога фонду:

1. Устанавіць, што:

1.1. адабранне і прадастаўленне зямельных участкаў ажыццяўляецца:

Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь — з сельскагаспадарчых зямель сельскагаспадарчага прызначэння, зямель прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага, гісторыка-культурнага прызначэння, лясных зямель ляснога фонду для мэт, не звязаных з прызначэннем гэтых зямель;

абласнымі выканаўчымі камітэтамі — з зямель у межах вобласці, за выключэннем зямель, рашэнне па якіх прымаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам;

Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам і гарадскімі (гарадоў абласнога падпарадкавання) выканаўчымі камітэтамі — адпаведна з зямель г. Мінска, гарадоў абласнога падпарадкавання, за выключэннем зямель, рашэнне па якіх прымаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;

раённымі выканаўчымі камітэтамі — з зямель у межах раёнаў для мэт, звязаных з вядзеннем сельскай або лясной гаспадаркі, традыцыйных народных промыслаў, а таксама з зямель гарадоў раённага падпарадкавання, сельскіх населеных пунктаў, пасёлкаў гарадскога тыпу, дачных кааператываў, садоўніцкіх таварыстваў, за выключэннем зямель, рашэнне па якіх прымаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, сельскімі, пасялковымі выканаўчымі камітэтамі;

сельскімі, пасялковымі выканаўчымі камітэтамі — з зямель сельскіх населеных пунктаў, пасёлкаў гарадскога тыпу для будаўніцтва і (або) абслугоўвання жылога дома, вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі, агародніцтва, касьбы і выпасу сельскагаспадарчых жывёл.

Адначасова з прыняццем рашэнняў аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй пры неабходнасці ажыццяўляюць перавод зямель з адной катэгорыі ў іншую;

1.2. права на зямельны ўчастак узнікае ў юрыдычнай асобы, грамадзяніна або індывідуальнага прадпрымальніка з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі гэтага права ў арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй (далей — арганізацыя па дзяржаўнай рэгістрацыі) і засведчваецца пасведчаннем аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

Дакументы, што засведчваюць права на зямельныя ўчасткі, выдадзеныя да ўступлення ў сілу гэтага Указа, з'яўляюцца сапраўднымі і маюць аднолькавую юрыдычную сілу з пасведчаннем аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

Заяву аб дзяржаўнай рэгістрацыі стварэння зямельнага ўчастка і ўзнікнення права на яго падае арганізацыя па землеўпарадкаванню Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаная на такую рэгістрацыю юрыдычнай асобай, грамадзянінам або індывідуальным прадпрымальнікам у адпаведнасці з дагаворам падраду на распрацоўку праекта адводу зямельнага ўчастка, заключаным у пісьмовай форме.

Юрыдычная асоба, грамадзянін або індывідуальны прадпрымальнік, зацікаўлены ў прадастаўленні яму зямельнага ўчастка, мае права самастойна ажыццявіць дзяржаўную рэгістрацыю стварэння зямельнага ўчастка і ўзнікнення права на яго.

Заяву грамадзяніна аб дзяржаўнай рэгістрацыі стварэння зямельнага ўчастка і размешчанага на ім капітальнага будынка (будыніны, збудавання), аб дзяржаўнай рэгістрацыі стварэння ізаляванага памяшкання, звесткі аб якіх унесены ў пагаспадаркавую кнігу сельскага выканаўчага камітэта да 1 студзеня 1999 г., а таксама аб узнікненні права на іх падае адпаведная землеўпарадкавальная і геадэзічная служба Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, калі такое права прадастаўлена гэтай службе грамадзянінам у адпаведнасці з даверанасцю, засведчанай старшынёй сельскага выканаўчага камітэта. Пры гэтым грамадзянін вызваляецца ад выплаты дзяржаўнай пошліны за засведчванне такой даверанасці.

Грамадзянін мае права самастойна звярнуцца за дзяржаўнай рэгістрацыяй стварэння зямельнага ўчастка і размешчанага на ім капітальнага будынка (будыніны, збудавання), узнікнення права на іх, а таксама за дзяржаўнай рэгістрацыяй стварэння ізаляванага памяшкання і ўзнікнення права на яго;

1.3. дзяржаўная рэгістрацыя стварэння зямельнага ўчастка і ўзнікнення права на яго ў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які пражывае ў сельскім населеным пункце і мае зямельны ўчастак ва ўладанні, карыстанні для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі, прадастаўлены яму да 1 студзеня 1999 г., ажыццяўляецца арганізацыяй па дзяржаўнай рэгістрацыі на падставе заявы грамадзяніна, рашэння мясцовага выканаўчага камітэта аб прадастаўленні зямельнага ўчастка і схематычнага плана межаў гэтага ўчастка;

1.4. будаўніцтва падземных ліній электраперадачы і сувязі, трубаправодаў і іншых лінейных збудаванняў, што ажыццяўляецца ў тэрмін да аднаго года без высечкі драўнінна-хмызняковай расліннасці, а таксама іх рэканструкцыя ў межах ахоўных зон гэтых збудаванняў праводзяцца без адабрання ў землекарыстальнікаў, землеўладальнікаў, уласнікаў, арандатараў адпаведных зямельных участкаў на падставе матэрыялаў папярэдняга ўзгаднення месца размяшчэння гэтых участкаў, аформленых ва ўстаноўленым парадку, для будаўніцтва названых аб'ектаў і рашэння раённага, гарадскога выканаўчага камітэта аб дазволе іх будаўніцтва або рэканструкцыі ў адпаведнасці з зацверджанай горадабудаўнічай дакументацыяй з кампенсацыяй урону і страт сельскагаспадарчай або лесагаспадарчай вытворчасці (калі яны маюць месца);

1.5. калі юрыдычная асоба, індывідуальны прадпрымальнік на працягу шасці месяцаў, а грамадзянін на працягу аднаго года з дня атрымання пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі стварэння зямельнага ўчастка і ўзнікнення права на яго не пачалі заняцце гэтага ўчастка (не пачалі будаўніцтва або іншае асваенне зямельнага ўчастка), раённы, гарадскі, сельскі, пасялковыя выканаўчыя камітэты ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй па адабранню і прадастаўленню зямельных участкаў:

прымаюць рашэнне аб спыненні права карыстання, пажыццёвага спадчыннага валодання зямельным участкам, якое змяшчае абавязковае для выканання прадпісанне арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі ажыццявіць у тэрмін да 7 дзён (з дня атрымання гэтай арганізацыяй такога прадпісання) дзяржаўную рэгістрацыю спынення права юрыдычнай асобы, грамадзяніна або індывідуальнага прадпрымальніка на зямельны ўчастак, што знаходзіцца ў названых асоб у карыстанні або пажыццёвым спадчынным валоданні, а таксама вырашае пытанне аб далейшым выкарыстанні гэтага ўчастка;

падаюць у суд заяву аб спыненні права прыватнай уласнасці на зямельны ўчастак і пасля вынясення рашэння суда аб спыненні такога права і дзяржаўнай рэгістрацыі спынення ў юрыдычнай асобы, грамадзяніна або індывідуальнага прадпрымальніка права прыватнай уласнасці на зямельны ўчастак вырашае пытанне аб далейшым яго выкарыстанні;

прымае рашэнне аб скасаванні дагавора арэнды зямельнага ўчастка, якое змяшчае абавязковае для выканання прадпісанне арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі ажыццявіць у тэрмін да 7 дзён (з дня атрымання гэтай арганізацыяй такога прадпісання) дзяржаўную рэгістрацыю спынення ў юрыдычнай асобы, грамадзяніна або індывідуальнага прадпрымальніка права арэнды зямельнага ўчастка, калі права скасавання дагавора арэнды зямельнага ўчастка ў аднабаковым парадку прадугледжана гэтым дагаворам, а таксама вырашае пытанне аб далейшым выкарыстанні гэтага ўчастка або падае ў суд заяву аб скасаванні дагавора арэнды зямельнага ўчастка і пасля вынясення рашэння суда аб скасаванні такога дагавора і дзяржаўнай рэгістрацыі спынення ў гэтых асоб права арэнды зямельнага ўчастка вырашае пытанне аб далейшым яго выкарыстанні.

Дзяржаўная пошліна за падачу заявы ў суд у адпаведнасці з абзацамі трэцім і чацвёртым часткі першай гэтага падпункта не спаганяецца.

Дзяржаўная рэгістрацыя, прадугледжаная абзацамі другім—чацвёртым часткі першай гэтага падпункта, ажыццяўляецца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту;

1.6. калі з дня прыняцця рашэння аб прадастаўленні зямельнага ўчастка і да ўступлення ў сілу гэтага Указа прайшло больш за два гады, а юрыдычная асоба, грамадзянін або індывідуальны прадпрымальнік не пачалі заняцця зямельнага ўчастка (не пачалі будаўніцтва, распрацоўку радовішчаў карысных выкапняў, агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў, торфу, сапрапеляў або іншае), дзяржаўны орган у адпаведнасці з яго кампетэнцыяй па адабранню і прадастаўленню зямельных участкаў ажыццяўляе дзеянні, названыя ў частцы першай падпункта 1.5 гэтага пункта, пасля заканчэння тэрміну прадпісання аб неабходнасці заняцця зямельнага ўчастка, накіраванага землекарыстальніку, землеўладальніку, уласніку, арандатару дзяржаўным органам, які ажыццяўляе дзяржаўны кантроль за выкарыстаннем і аховай зямель.

Тэрмін, названы ў прадпісанні, павінен быць не больш за шэсць месяцаў для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў і не больш за адзін год — для грамадзян;

1.7. рашэнні аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў, прынятыя дзяржаўнымі органамі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку да ўступлення ў сілу гэтага Указа, маюць юрыдычную сілу;

1.8. забараняецца адчужэнне (купля-продаж, мена, дарэнне, за выключэннем дарэння блізкім сваякам) зямельных участкаў, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, да атрымання іх уласнікамі дакументаў, што засведчваюць права на размешчаныя на гэтых участках капітальныя будынкі, за выключэннем не завершаных будаўніцтвам закансерваваных капітальных будынкаў, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым адчужэнне зямельных участкаў і капітальных будынкаў (будынін, збудаванняў) ажыццяўляецца адначасова, за выключэннем адчужэння названых будынкаў на знос;

1.9. забараняецца змяненне мэтавага прызначэння зямельных участкаў, перададзеных для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, калі іншае не прадугледжана зацверджанай ва ўстаноўленым парадку горадабудаўнічай дакументацыяй;

1.10. зямельныя ўчасткі для будаўніцтва ў г. Мінску, абласных цэнтрах і прыгарадных зонах гэтых гарадоў капітальных будынкаў (будынін, збудаванняў) прадастаўляюцца ў арэнду юрыдычным асобам, грамадзянам або індывідуальным прадпрымальнікам на аўкцыёнах на права заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў або грамадзянам Рэспублікі Беларусь у прыватную ўласнасць на аўкцыёнах па продажу зямельных участкаў для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Зямельныя ўчасткі для будаўніцтва ў г. Мінску, абласных цэнтрах і прыгарадных зонах гэтых гарадоў капітальных будынкаў (будынін, збудаванняў), на кожны з якіх прэтэндуе толькі адна юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік, прадастаўляюцца ў арэнду пасля ўнясення такой асобай платы за права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка на падставе яго кадастравай вартасці.

Без правядзення аўкцыёнаў зямельныя ўчасткі ў г. Мінску, абласных цэнтрах і прыгарадных зонах гэтых гарадоў прадастаўляюцца:

дзяржаўным органам, іншым дзяржаўным арганізацыям;

юрыдычным асобам — для будаўніцтва і (або) абслугоўвання аб'ектаў нерухомай маёмасці, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці;

сельскагаспадарчым арганізацыям, у тым ліку сялянскім (фермерскім) гаспадаркам, — для вядзення сельскай гаспадаркі;

навуковым арганізацыям, установам адукацыі — для даследчых або навучальных мэт у галіне сельскай або лясной гаспадаркі;

дзяржаўным лесагаспадарчым установам, арганізацыям гарадскіх выканаўчых і распарадчых органаў, у кампетэнцыю якіх уваходзіць вядзенне лесапаркавай гаспадаркі, — для вядзення лясной гаспадаркі;

юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам — для будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў (за выключэннем жылых дамоў павышанай камфортнасці*), культавых будынкаў і месцаў пахавання;

гаражна-будаўнічым кааператывам — для будаўніцтва гаражоў для захоўвання транспартных сродкаў грамадзян Рэспублікі Беларусь;

грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, — для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў;

садоўніцкім таварыствам — для вядзення калектыўнага садоўніцтва;

юрыдычным асобам, грамадзянам або індывідуальным прадпрымальнікам, калі згодна з умовамі адвядзення зямельнага ўчастка патрэбна прадастаўленне ім іншага зямельнага ўчастка ўзамен таго, што адбіраецца;

юрыдычным асобам, грамадзянам або індывідуальным прадпрымальнікам, якія атрымалі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку дазвол на правядзенне праектна-пошукавых работ да ўступлення ў сілу гэтага Указа, калі правядзенне аўкцыёнаў не прадугледжана іншымі актамі заканадаўства.

Пры перадачы зямельных участкаў у арэнду для мэт, названых у абзацах другім—шостым, адзінаццатым і дванаццатым часткі трэцяй гэтага падпункта, плата за права заключэння дагавораў арэнды гэтых участкаў не спаганяецца, а для мэт, вызначаных у абзацах восьмым—дзесятым названай часткі, — спаганяецца на падставе іх кадастравай вартасці. Плата за права заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў для мэт, названых у абзацы сёмым часткі трэцяй гэтага падпункта, вызначаецца на падставе кадастравай вартасці гэтых участкаў, зыходзячы з плошчы прадастаўляемага зямельнага ўчастка для будаўніцтва (стварэння) шматкватэрнага жылога дома ў межах адмосткі па перыметру будынка;

1.11. сродкі, атрыманыя ад правядзення аўкцыёнаў, названых у частцы першай падпункта 1.10 гэтага пункта, накіроўваюцца ў адпаведныя мясцовыя бюджэты і выкарыстоўваюцца на:

будаўніцтва (рэканструкцыю, рамонт) аб'ектаў інфраструктуры;

фінансаванне работ (паслуг), звязаных з адабраннем зямельных участкаў для правядзення аўкцыёнаў, у тым ліку па дзяржаўнай рэгістрацыі гэтых участкаў;

правядзенне аўкцыёнаў на права заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў;

1.12. сродкі, атрыманыя за права заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў у выпадку, прадугледжаным у частцы другой падпункта 1.10 гэтага пункта, і для мэт, названых у абзацах сёмым—дзесятым часткі трэцяй названага падпункта, накіроўваюцца ў адпаведныя мясцовыя бюджэты і выкарыстоўваюцца на будаўніцтва (рэканструкцыю, рамонт) аб'ектаў інфраструктуры.

2. Зацвердзіць прыкладзенае Палажэнне аб парадку адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў.

3. Парушэнне тэрмінаў разгляду заяў юрыдычных асоб, грамадзян і індывідуальных прадпрымальнікаў аб прадастаўленні зямельных участкаў, устаноўленых зацверджаным гэтым Указам Палажэннем аб парадку адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў, прыводзіць да накладання штрафу на службовых асоб у памеры да пяці базавых велічынь.

Права складаць пратаколы і разглядаць справы аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжаных у частцы першай гэтага пункта, прадастаўляецца ўпаўнаважаным службовым асобам органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

4. Прызнаць страціўшымі сілу:

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 жніўня 2002 г. № 422 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 91, 1/3937);

падпункт 2.9 пункта 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 верасня 2004 г. № 435 «Аб зацвярджэнні пераліку дэпартаментаў з правамі юрыдычнай асобы ў цэнтральным апараце дзяржаўных органаў і аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г., № 142, 1/5827).

5. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

у шасцімесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам;

вызначыць на падставе гэтага Указа тэхніка-эканамічныя паказчыкі крытэрыяў аднясення жылых дамоў да жылых дамоў павышанай камфортнасці;

зацвердзіць форму дагавора арэнды зямельнага ўчастка;

растлумачваць пытанні, звязаныя з прымяненнем гэтага Указа;

ажыццявіць іншыя меры па выкананню гэтага Указа.

6. Абласным выканаўчым камітэтам у трохмесячны тэрмін правесці інвентарызацыю зямель сельскіх населеных пунктаў і забяспечыць прыняцце мер у адпаведнасці з заканадаўствам па далейшаму выкарыстанню зямельных участкаў, якія не выкарыстоўваюцца або выкарыстоўваюцца не па мэтаваму прызначэнню.

7. Кантроль за выкананнем гэтага Указа ўскласці на Камітэт дзяржаўнага кантролю.

8. Гэты Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем падпунктаў 1.2 і 1.3 пункта 1, пунктаў 5, 6 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Указа, і падпункта 1.8 пункта 1, які ўступае ў сілу з 1 студзеня 2007 г.

* Да жылых дамоў павышанай камфортнасці адносяцца жылыя дамы з адным з наступных крытэрыяў: якія або размяшчаюцца ў першай эканоміка-планіровачнай зоне, або будуюцца з прымяненнем індывідуальных архітэктурных, планіровачных і канструктыўных рашэнняў (вышыня хоць бы аднаго жылога паверха перавышае 3 метры, каэфіцыент суадносін агульнай плошчы да жылой хоць бы адной кватэры — 2 і больш, агульная плошча хоць бы адной кватэры складае больш як 140 квадратных метраў) або з прымяненнем дарагіх імпартных матэрыялаў і інжынерных сістэм, якія забяспечваюць павышаны камфорт пражывання, эксплуатацыі і абслугоўвання жылля.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

28 студзеня 2006 г.

г. Мінск.

Палажэнне аб парадку адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў чытайце ў наступным нумары.