Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў Рэспублікі Беларусь»

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 8 снежня 2005 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 21 снежня 2005 года

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 1992 года «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў Рэспублікі Беларусь» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 13, ст. 217; 1993 г., № 21, ст. 255; 1996 г., № 10, ст. 125, № 21, ст. 380; Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1997 г., № 27, ст. 478; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 100, 2/203) змяненні і дапаўненні, выклаўшы яго ў новай рэдакцыі:

«ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў

Гэты Закон вызначае паўнамоцтвы дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў, устанаўлівае асноўныя прававыя і сацыяльныя гарантыі іх ажыццяўлення.

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў

Дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў (далей — дэпутат Савета) з'яўляецца свабодна выбраны грамадзянамі, якія пражываюць на тэрыторыі, што ўваходзіць у выбарчую акругу, прадстаўнік, упаўнаважаны ўдзельнічаць у ажыццяўленні дзяржаўнай улады мясцовым Саветам дэпутатаў (далей — Савет), прадстаўляць сваіх выбаршчыкаў у дзяржаўных органах і іншых арганізацыях, ажыццяўляць іншыя паўнамоцтвы, якія прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Дэпутатам Савета можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 18 гадоў.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб статусе дэпутата Савета

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб статусе дэпутата Савета грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку рэгламентаў Саветаў.

Артыкул 3. Удзел дэпутата Савета ў ажыццяўленні Саветам дзяржаўнай улады

Дэпутат Савета ўдзельнічае ў ажыццяўленні Саветам дзяржаўнай улады шляхам актыўнага і раўнапраўнага ўдзелу ў разглядзе пытанняў, аднесеных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь да кампетэнцыі Савета.

Дэпутат Савета пры ажыццяўленні сваёй дзейнасці і выкананні перадвыбарнай праграмы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь мае права свабодна выказваць сваю думку і галасаваць, кіруючыся сваімі перакананнямі і ўлічваючы інтарэсы грамадзян і асаблівасці развіцця адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

Артыкул 4. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутата Савета. Прызнанне паўнамоцтваў дэпутата Савета

Тэрмін паўнамоцтваў дэпутата Савета — чатыры гады.

Тэрмін ажыццяўлення паўнамоцтваў дэпутатам Савета пачынаецца з дня прызнання яго паўнамоцтваў Саветам і заканчваецца ў дзень адкрыцця першай сесіі Савета новага склікання, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных артыкулам 6 гэтага Закона.

Савет па прадстаўленню мандатнай камісіі Савета разглядае пытанне аб паўнамоцтвах дэпутатаў Савета і прымае рашэнне аб прызнанні іх паўнамоцтваў. Пры парушэнні ў асобных выпадках заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах Савет прымае рашэнне аб прызнанні паўнамоцтваў асобных дэпутатаў Савета несапраўднымі.

Артыкул 5. Умовы ажыццяўлення дэпутатам Савета сваіх паўнамоцтваў

Дэпутат Савета ажыццяўляе свае паўнамоцтвы без адрыву ад працоўнай (службовай) дзейнасці, акрамя старшыні Савета, і карыстаецца адпаведнымі гарантыямі, якія прадугледжаны гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Старшыня Савета ажыццяўляе свае паўнамоцтвы на прафесіянальнай аснове.

Дэпутат Савета не можа быць адначасова дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшынёй абласнога, Мінскага гарадскога, раённага, гарадскога (акрамя гарадоў раённага падпарадкавання) выканаўчага камітэта, а таксама суддзёй.

Старшыня Савета не можа займаць іншыя дзяржаўныя пасады, за выключэннем выпадкаў, якія прадугледжаны заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама займацца ў працоўны час іншай аплатнай работай (дзейнасцю), акрамя выкладчыцкай, навуковай, культурнай, творчай дзейнасці, медыцынскай практыкі, якая ажыццяўляецца ў парадку і на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 6. Датэрміновае спыненне паўнамоцтваў дэпутата Савета

Паўнамоцтвы дэпутата Савета спыняюцца датэрмінова па рашэнню адпаведнага Савета ў сувязі з (са):

прызнаннем выбараў або паўнамоцтваў дэпутата Савета несапраўднымі;

выбраннем або прызначэннем дэпутата Савета на пасаду, займанне якой згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь несумяшчальнае з ажыццяўленнем паўнамоцтваў дэпутата Савета;

нязгодай дэпутата Савета на працягу трох месяцаў пасля выбрання яго дэпутатам Савета вызваліць пасаду, займанне якой згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь несумяшчальнае з ажыццяўленнем паўнамоцтваў дэпутата Савета;

пісьмовай заявай дэпутата Савета аб складанні паўнамоцтваў па стану здароўя або з-за іншых акалічнасцяў, якія перашкаджаюць іх ажыццяўленню;

спыненнем грамадзянства Рэспублікі Беларусь;

прызнаннем дэпутата Савета па рашэнню суда недзеяздольным;

уступіўшым у законную сілу абвінаваўчым прыгаворам суда ў адносінах да асобы, якая з'яўляецца дэпутатам Савета;

адкліканнем дэпутата Савета.

Паўнамоцтвы старшыні Савета спыняюцца датэрмінова таксама па падставах, якія прадугледжаны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўнай службе для спынення дзяржаўнай службы.

Рашэнне аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў дэпутата Савета афармляецца рашэннем Савета, у якім указваецца, з якога моманту яго паўнамоцтвы спыняюцца.

У выпадку датэрміновага спынення паўнамоцтваў (роспуску) Савета, а таксама смерці дэпутата Савета паўнамоцтвы дэпутата Савета спыняюцца без прыняцця Саветам рашэння.

У выпадку датэрміновага спынення паўнамоцтваў (роспуску) Савета паўнамоцтвы дэпутата Савета спыняюцца ў дзень датэрміновага спынення паўнамоцтваў (роспуску) Савета.

Артыкул 7. Дэпутацкая этыка

Дэпутат Савета павінен прытрымлівацца нормаў дэпутацкай этыкі, якія прадугледжаны рэгламентам Савета.

Пытанні аб парушэнні нормаў дэпутацкай этыкі разглядаюцца Саветам ці па яго даручэнню — прэзідыумам Савета або спецыяльна ўтворанай камісіяй Савета.

Артыкул 8. Пасведчанне і нагрудны знак дэпутата Савета

Дэпутат Савета мае пасведчанне дэпутата Савета, якое пацвярджае яго асобу і паўнамоцтвы, і нагрудны знак дэпутата Савета, якімі ён карыстаецца на працягу тэрміну сваіх паўнамоцтваў.

Нагрудныя знакі дэпутатаў Саветаў устанаўліваюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Палажэнні аб пасведчаннях дэпутатаў Саветаў і палажэнні аб нагрудных знаках дэпутатаў Саветаў зацвярджаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 2

ДЗЕЙНАСЦЬ ДЭПУТАТА САВЕТА Ў САВЕЦЕ I ЯГО ОРГАНАХ

Артыкул 9. Формы дзейнасці дэпутата Савета ў Савеце і яго органах

Формамі дзейнасці дэпутата Савета ў Савеце і яго органах з'яўляюцца:

удзел дэпутата Савета ў рабоце сесій Савета і пасяджэннях яго органаў;

запыт дэпутата Савета (далей — запыт);

зварот дэпутата Савета;

удзел дэпутата Савета ва ўстаноўленым парадку ў праверках работы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый;

прапанова дэпутата Савета аб устараненні парушэння законнасці;

удзел дэпутата Савета ў рабоце дэпутацкіх груп і іншых дэпутацкіх аб'яднанняў (далей — дэпутацкая група).

Дзейнасць дэпутата Савета ў Савеце і яго органах можа ажыццяўляцца таксама ў іншых формах, прадугледжаных актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 10. Удзел дэпутата Савета ў рабоце сесій Савета і пасяджэннях яго органаў

Дэпутат Савета абавязаны ўдзельнічаць у рабоце сесій Савета і пасяджэннях яго органаў, у склад якіх ён выбраны або ўваходзіць па службе.

Дэпутаты Савета на сесіях Савета і пасяджэннях яго органаў, у склад якіх яны выбраны або ўваходзяць па службе, на падставе калектыўнага, раўнапраўнага і свабоднага абмеркавання разглядаюць і вырашаюць пытанні, аднесеныя да кампетэнцыі Савета і яго органаў.

Пры немагчымасці прысутнічаць на сесіі Савета або пасяджэнні яго органа, у склад якога ён выбраны або ўваходзіць па службе, дэпутат Савета павінен загадзя інфармаваць аб гэтым старшыню Савета, прэзідыум Савета або кіраўніка органа Савета.

Пры сістэматычным няўдзеле дэпутата Савета ў рабоце сесій Савета і пасяджэннях яго органаў, у склад якіх ён выбраны або ўваходзіць па службе, без уважлівых прычын або парушэнні нормаў дэпутацкай этыкі Савет інфармуе аб гэтым выбаршчыкаў адпаведнай выбарчай акругі.

Савет мае права заслухаць паведамленне дэпутата Савета аб яго рабоце ў Савеце, аб выкананні ім рашэнняў Савета і яго органаў.

Дэпутат Савета мае права ўдзельнічаць з правам дарадчага голасу ў рабоце сесій іншых Саветаў і пасяджэннях іх органаў пры прыняцці імі рашэнняў, якія закранаюць інтарэсы грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, у склад Савета якой ён выбраны.

Артыкул 11. Правы дэпутата Савета на сесіях Савета і пасяджэннях яго органаў

На сесіях Савета і пасяджэннях яго органаў дэпутат Савета мае права:

рашаючага голасу па ўсіх пытаннях, разглядаемых Саветам і яго органамі, у склад якіх ён выбраны ці ўваходзіць па службе;

выбіраць і быць выбраным старшынёй Савета ці яго намеснікам, у органы Савета;

вылучаць кандыдатуры, у тым ліку і сваю ўласную, у склад ствараемых Саветам органаў;

прапаноўваць пытанні для разгляду Саветам і яго органамі;

уносіць прапановы і заўвагі па парадку дня сесіі Савета, па парадку разгляду і сутнасці абмяркоўваемых пытанняў;

удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў, якія разглядаюцца на сесіях Савета і пасяджэннях яго органаў, задаваць пытанні, даваць тлумачэнні, даводзіць да ведама дэпутатаў Савета сваё меркаванне і меркаванне выбаршчыкаў па ўказаных пытаннях;

абвяшчаць на сесіі Савета звароты грамадзян, якія маюць грамадскае значэнне;

звяртацца з запытамі ў межах сваіх паўнамоцтваў;

уносіць праекты рашэнняў Савета і яго органаў, а таксама папраўкі да іх;

уносіць прапановы аб заслухоўванні на сесіі Савета справаздач старшыні Савета, органаў, утвараемых або выбіраемых Саветам, выбіраемых, назначаемых або зацвярджаемых ім службовых асоб, справаздач і інфармацыі кіраўніка адпаведнага мясцовага выканаўчага і распарадчага органа;

прапаноўваць да разгляду Саветам пытанні па забеспячэнню выканання актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь арганізацыямі, размешчанымі на падведамаснай Савету тэрыторыі;

уносіць на сесіі Савета з адпаведнай матывіроўкай прапановы аб вызваленні ад пасады асоб, выбраных, назначаны ці зацверджаных Саветам, аб іншых кадравых змяненнях у арганізацыях, падсправаздачных і падкантрольных Савету;

удзельнічаць з правам дарадчага голасу ў рабоце любога створанага Саветам органа, у склад якога дэпутат Савета не абраны і не ўваходзіць па службе, уносіць прапановы і заўвагі, удзельнічаць у абмеркаванні разглядаемых пытанняў і прыняцці па іх рашэнняў;

перадаваць старшынствуючаму на сесіі Савета тэкст свайго выступлення, прапановы і заўвагі, якія падлягаюць уключэнню ў пратакол сесіі Савета;

знаёміцца з пратаколамі сесій Савета і пасяджэнняў яго органаў, тэкстамі сваіх выступленняў у стэнаграмах і пратаколах сесій Савета і пасяджэнняў яго органаў да іх апублікавання, а таксама з тэкстамі выступленняў на сесіях Савета і пасяджэннях яго органаў, якія не падлягаюць апублікаванню.

Дэпутат Савета, не згодны з рашэннем Савета ці яго органа, у склад якога ён выбраны або ўваходзіць па службе, мае права выкласці сваю асобную думку на сесіі Савета, пасяджэнні яго органа або паведаміць аб ёй у пісьмовай форме старшынствуючаму на сесіі Савета.

Артыкул 12. Разгляд прапаноў і заўваг дэпутата Савета, унесеных на сесіі Савета

Прапановы і заўвагі дэпутата Савета, унесеныя ім на сесіі Савета, разглядаюцца Саветам або яго органамі і ўлічваюцца пры прыняцці рашэнняў. У выпадку іх адхілення дэпутату Савета даецца абгрунтаваны адказ.

Прапановы і заўвагі дэпутата Савета, унесеныя ім на сесіі Савета, могуць накіроўвацца Саветам або яго органамі на разгляд адпаведным дзяржаўным органам, іншым арганізацыям або службовым асобам.

Дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі або службовыя асобы, якім накіраваны прапановы і заўвагі дэпутата Савета, унесеныя на сесіі Савета, не пазней чым у месячны тэрмін разглядаюць гэтыя прапановы і заўвагі і аб выніках паведамляюць у пісьмовай форме непасрэдна дэпутату Савета, старшыні Савета або прэзідыуму Савета.

Артыкул 13. Запыт

Запыт — прапанова даць афіцыйнае тлумачэнне, якая ўносіцца дэпутатам Савета на сесіі Савета ў пісьмовай форме, або выкласці пазіцыю па пытаннях, што датычацца важнейшых грамадскіх інтарэсаў адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Запыт уключаецца ў парадак дня сесіі Савета ў парадку, вызначаемым рэгламентам Савета.

Дэпутат Савета мае права звярнуцца на сесіі Савета з запытам да старшыні Савета, прэзідыуму Савета, кіраўніку (намесніку кіраўніка) адпаведнага мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, кіраўнікам яго структурных падраздзяленняў, а таксама да кіраўнікоў іншых арганізацый, размешчаных на падведамаснай Савету тэрыторыі, кіраўнікам іх структурных падраздзяленняў па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыі Савета, адпаведнага мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, іншых арганізацый, размешчаных на падведамаснай Савету тэрыторыі, іх структурных падраздзяленняў.

Запыт падлягае апавяшчэнню на сесіі Савета самім дэпутатам Савета або па яго просьбе старшынствуючым на сесіі Савета.

Старшыня Савета, прэзідыум Савета, кіраўнік (намеснік кіраўніка) адпаведнага мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, кіраўнікі яго структурных падраздзяленняў, а таксама кіраўнікі іншых арганізацый, размешчаных на падведамаснай Савету тэрыторыі, кіраўнікі іх структурных падраздзяленняў, да якіх звернуты запыт (за выключэннем дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных або падсправаздачных Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь або Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў і іншых рэспубліканскіх дзяржаўных органаў (далей — рэспубліканскія дзяржаўныя органы), абавязаны ў дзесяцідзённы або іншы ўстаноўлены Саветам тэрмін даць пісьмовы адказ на запыт.

Кіраўнікі рэспубліканскіх дзяржаўных органаў, размешчаных на падведамаснай Савету тэрыторыі, кіраўнікі іх структурных падраздзяленняў, да якіх звернуты запыт, разглядаюць яго ў тэрміны і парадку, устаноўленыя Законам Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1996 года «Аб зваротах грамадзян» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1996 г., № 21, ст. 376; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г., № 189, 2/1089).

Дэпутат Савета на сесіі Савета мае права даць ацэнку адказу на яго запыт. Па рашэнню Савета пісьмовы адказ на запыт можа апавяшчацца на сесіі Савета і даводзіцца да ведама грамадзян праз сродкі масавай інфармацыі або іншым шляхам.

Артыкул 14. Зварот дэпутата Савета

Зварот дэпутата Савета — выкладзеная ў пісьмовай форме прапанова дзяржаўным органам, іншым арганізацыям або службовым асобам аб прадастаўленні інфармацыі і (ці) растлумачэнняў па пытаннях, аднесеных да іх кампетэнцыі і звязаных з дзейнасцю дэпутата Савета.

Дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі або службовыя асобы (за выключэннем рэспубліканскіх дзяржаўных органаў і іх службовых асоб), да якіх накіраваны зварот дэпутата Савета, абавязаны даць на яго адказ у пісьмовай форме ў дзесяцідзённы тэрмін з дня рэгістрацыі звароту дэпутата Савета ў дзяржаўных органах, іншых арганізацыях, а пры неабходнасці дадатковага вывучэння або праверкі фактаў — не пазней чым у месячны тэрмін. Службовая асоба, якая арганізоўвае разгляд звароту дэпутата Савета, абавязана паведаміць дэпутату Савета аб даце, часе і месцы яго разгляду загадзя, але не пазней чым за тры дні. Дэпутат Савета можа браць удзел у разглядзе яго звароту.

Рэспубліканскія дзяржаўныя органы, іх службовыя асобы разглядаюць зварот дэпутата Савета ў тэрміны і парадку, устаноўленыя Законам Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян».

Артыкул 15. Удзел дэпутата Савета ва ўстаноўленым парадку ў праверках работы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый

Дэпутат Савета можа ва ўстаноўленым парадку ўдзельнічаць у праводзімых дзяржаўнымі органамі праверках работы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, размешчаных на падведамаснай Савету тэрыторыі (за выключэннем рэспубліканскіх дзяржаўных органаў), па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыі Савета.

Артыкул 16. Прапанова дэпутата Савета аб устараненні парушэння законнасці

Пры выяўленні парушэння законнасці дэпутат Савета мае права звярнуцца да службовых асоб праваахоўных, іншых дзяржаўных органаў і іншых арганізацый з прапановай аб устараненні парушэння законнасці.

Службовыя асобы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, да якіх звернута прапанова дэпутата Савета, прымаюць меры да ўстаранення парушэння законнасці, а пры неабходнасці — да прыцягнення вінаватых да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь з наступным інфармаваннем аб гэтым дэпутата Савета.

Артыкул 17. Удзел дэпутата Савета ў рабоце дэпутацкіх груп

Для ажыццяўлення сваіх паўнамоцтваў, у тым ліку для калектыўнага абмеркавання пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі Савета, рэалізацыі перадвыбарных праграм дэпутаты Савета маюць права аб'ядноўвацца на добраахвотнай аснове ў пастаянныя і часовыя дэпутацкія групы.

Стварэнне і дзейнасць дэпутацкай групы ажыццяўляюцца пры наяўнасці не менш чым трох дэпутатаў Савета, якія ўваходзяць у яе склад. Дэпутаты Савета могуць свабодна ўваходзіць у дэпутацкія групы і выходзіць з іх. Дэпутат Савета можа быць адначасова членам не больш за двух пастаянных дэпутацкіх груп. Членам дэпутацкай групы не можа быць старшыня Савета.

Дэпутаты Савета, якія стварылі дэпутацкую групу, пісьмова паведамляюць старшыні Савета аб яе стварэнні. Пісьмовае паведамленне павінна быць падпісана кожным членам дэпутацкай групы. У паведамленні ўказваюцца назва дэпутацкай групы, яе склад, проз-вішча, імя і імя па бацьку кіраўніка дэпутацкай групы, а таксама яе асноўныя мэты і задачы. Аб змяненні назвы дэпутацкай групы, яе складу, кіраўніка, аб спыненні яе дзейнасці кіраўнік дэпутацкай групы паведамляе старшыні Савета ў пісьмовай форме. Дэпутацкая група, а таксама змяненне яе назвы, складу, кіраўніка, спыненне яе дзейнасці рэгіструюцца Саветам у адпаведнасці з рэгламентам Савета.

Ад імя дэпутацкай групы могуць выступаць яе кіраўнік, які выбіраецца членамі дэпутацкай групы, або член дэпутацкай групы, упаўнаважаны гэтай дэпутацкай групай.

Парадак удзелу дэпутата Савета ў рабоце дэпутацкіх груп вызначаецца гэтым артыкулам і рэгламентам Савета.

РАЗДЗЕЛ 3

ДЗЕЙНАСЦЬ ДЭПУТАТА САВЕТА Ў ВЫБАРЧАЙ АКРУЗЕ

Артыкул 18. Формы дзейнасці дэпутата Савета ў выбарчай акрузе

Формамі дзейнасці дэпутата Савета ў выбарчай акрузе з'яўляюцца:

разгляд зваротаў грамадзян, асабісты прыём грамадзян дэпутатам Савета;

правядзенне дэпутатам Савета сустрэч з грамадзянамі;

справаздачы дэпутата Савета перад выбаршчыкамі.

Дзейнасць дэпутата Савета ў выбарчай акрузе можа ажыццяўляцца таксама ў іншых формах, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 19. Разгляд зваротаў грамадзян, асабісты прыём грамадзян дэпутатам Савета

Дэпутат Савета разглядае атрыманыя ім звароты грамадзян, прымае меры для іх поўнага, аб'ектыўнага, усебаковага і своечасовага разгляду ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Дэпутат Савета рэгулярна, не радзей як адзін раз у месяц ажыццяўляе асабісты прыём грамадзян.

Дэпутат Савета па ўзгадненню са службовымі асобамі адпаведнага мясцовага выканаўчага і распадарчага органа, арганізацый, размешчаных на тэрыторыі выбарчай акругі (за выключэннем рэспубліканскіх дзяржаўных органаў), можа прыцягваць іх да ўдзелу ў разглядзе зваротаў грамадзян, асабістым прыёме грамадзян па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыі гэтых арганізацый. Не пазней чым за тры дні да пачатку асабістага прыёму грамадзян дэпутат Савета паведамляе ўказаным асобам аб даце, часе і месцы правядзення асабістага прыёму грамадзян.

Дэпутат Савета бярэ ўдзел у ажыццяўленні кантролю за выкананнем рашэнняў, прынятых па зваротах грамадзян, накіраваным дэпутатам Савета арганізацыям, да кампетэнцыі якіх адносіцца вырашэнне пытанняў, выкладзеных у зваротах грамадзян.

Дэпутат Савета вывучае прычыны, якія параджаюць скаргі грамадзян, і накіроўвае прапановы аб іх устараненні ў Савет і яго органы, адпаведны мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, іншыя арганізацыі.

Артыкул 20. Правядзенне дэпутатам Савета сустрэч з грамадзянамі

Дэпутат Савета праводзіць сустрэчы з грамадзянамі ў мэтах інфармавання іх аб сваёй дзейнасці ў Савеце і яго органах, вывучэння грамадскай думкі па пытаннях, якія разглядаюцца на сесіях Савета і пасяджэннях яго органаў, патрэб насельніцтва, а таксама садзейнічання развіццю розных формаў мясцовага самакіравання.

Сустрэчы дэпутата Савета з грамадзянамі могуць быць арганізаваныя па ініцыятыве самога дэпутата Савета, грамадзян або адпаведнага мясцовага выканаўчага і распарадчага органа.

Артыкул 21. Справаздачы дэпутата Савета перад выбаршчыкамі

Дэпутат Савета адказны перад выбаршчыкамі і ім падсправаздачны.

Дэпутат Савета абавязаны перыядычна, але не радзей як два разы ў год даваць справаздачу перад выбаршчыкамі аб сваёй дзейнасці і ходзе выканання перадвыбарнай праграмы, аб рабоце Савета і яго органаў, у склад якіх ён абраны або ўваходзіць па пасадзе.

Справаздача дэпутата Савета можа быць заслухана таксама па пісьмоваму патрабаванню групы выбаршчыкаў колькасцю, устаноўленай рэгламентам Савета. У гэтым выпадку старшыня Савета або прэзідыум Савета прымаюць меры па арганізацыі пазачарговай справаздачы дэпутата Савета і не пазней чым за месяц да правядзення пазачарговай справаздачы паведамляюць дэпутату Савета аб даце, часе і месцы яго правядзення, аб прычынах, якія паслужылі падставай для гэтага.

Справаздачы дэпутата Савета праводзяцца на сходах выбаршчыкаў або іх дэлегатаў, якія склікаюцца з гэтай мэтай.

Сход, на якім заслухоўваецца справаздача дэпутата Савета, можа прымаць рашэнне, якое ўтрымлівае прапановы і заўвагі дэпутату Савета, якія даводзяцца да ведама грамадзян праз сродкі масавай інфармацыі або іншым шляхам.

РАЗДЗЕЛ 4

АСНОЎНЫЯ ГАРАНТЫI ДЗЕЙНАСЦI ДЭПУТАТА САВЕТА

Артыкул 22. Забеспячэнне ўмоў для ажыццяўлення дэпутатам Савета сваіх паўнамоцтваў

Дэпутату Савета пры ажыццяўленні паўнамоцтваў, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, дзяржава гарантуе і забяспечвае неабходныя ўмовы для іх бесперашкоднай і эфектыўнай рэалізацыі.

Дэпутат Савета па даручэнню старшыні Савета або яго намесніка забяспечваецца ва ўстаноўленым парадку дакументамі, прынятымі Саветам, а таксама іншымі інфармацыйнымі і даведачнымі матэрыяламі.

Дэпутат Савета мае пераважнае права выступаць па пытаннях сваёй дзейнасці ў сродках масавай інфармацыі, заснаваных Саветам. Пры гэтым матэрыялы, якія прадстаўляюцца дэпутатам Савета па даручэнню Савета і яго органаў, падлягаюць абавязковаму апублікаванню або распаўсюджанню гэтымі сродкамі масавай інфармацыі ў тэрмін, узгоднены з дэпутатам Савета. Рэдагаванне прадстаўленых дэпутатам Савета матэрыялаў без яго згоды не дапускаецца.

Старшыня Савета, прэзідыум Савета, адпаведны мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, іншыя дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, размешчаныя на падначаленай Савету тэрыторыі (за выключэннем рэспубліканскіх дзяржаўных органаў), забяспечваюць дэпутату Савета магчымасць карыстацца службовымі памяшканнямі, бібліятэчнымі фондамі і архівамі, сродкамі сувязі і аргтэхнікай, іншымі сродкамі, неабходнымі для ажыццяўлення яго паўнамоцтваў, а таксама прадастаўляюць дэпутату Савета па яго просьбе матэрыялы і іншую інфармацыю, неабходныя для правядзення сустрэч з грамадзянамі, справаздач перад выбаршчыкамі, за выключэннем матэрыялаў і іншай інфармацыі, якія ўтрымліваюць дзяржаўныя сакрэты або іншыя звесткі, якія ахоўваюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Адпаведны мясцовы выканаўчы і распарадчы орган выдзяляе памяшканне, неабходнае для правядзення сустрэчы дэпутата Савета з грамадзянамі, справаздачы перад выбаршчыкамі, загадзя паведамляе ім аб даце, часе і месцы правядзення.

Адпаведны мясцовы выканаўчы і распарадчы орган садзейнічае ў прадастаўленні дэпутатам Савета пры ажыццяўленні іх паўнамоцтваў транспарту, забеспячэнні ў пазачарговым парадку гасцініцамі.

Артыкул 23. Вызваленне дэпутата Савета ад выканання працоўных (службовых) абавязкаў

На час падрыхтоўкі і правядзення сесій Савета і пасяджэнняў яго органаў дэпутат Савета вызваляецца ад выканання працоўных (службовых) абавязкаў на тэрмін і ў парадку, якія вызначаюцца Саветам.

На перыяд вызвалення дэпутата Савета ад выканання працоўных (службовых) абавязкаў за ім захоўваецца сярэдняя заработная плата і яму кампенсуюцца камандзіровачныя расходы па месцы работы (службы) за кошт сродкаў адпаведнага мясцовага бюджэту.

Артыкул 24. Гарантыі працоўных правоў дэпутата Савета

Дэпутат Савета ў перыяд ажыццяўлення сваіх паўнамоцтваў не можа быць звольнены з работы (службы) па ініцыятыве наймальніка, выключаны з установы адукацыі без папярэдняй згоды Савета.

Старшыні Савета пасля завяршэння тэрміну паўнамоцтваў у месячны тэрмін прадастаўляецца ранейшая работа (служба), а пры яе адсутнасці — іншая раўнацэнная работа (служба). Працаўладкаванне асобы, якая з'яўляецца старшынёй Савета, ажыццяўляе адпаведны мясцовы выканаўчы і распарадчы орган.

Час работы старшыні Савета ў Савеце залічваецца ў агульны стаж работы, стаж работы (службы) па спецыяльнасці, а таксама ў стаж дзяржаўнай службы.

Артыкул 25. Права дэпутата Савета на першачарговы прыём службовымі асобамі і доступ у дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі

Па пытаннях сваёй дзейнасці дэпутат Савета карыстаецца правам першачарговага прыёму службовымі асобамі адпаведнага мясцовага выканаўчага і распарадчага органа і іншых арганізацый, размешчаных на падначаленай Савету тэрыторыі (за выключэннем рэспубліканскіх дзяржаўных органаў).

Пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў дэпутат Савета карыстаецца правам доступу ў адпаведны мясцовы выканаўчы і распарадчы орган і іншыя арганізацыі, размешчаныя на падведамаснай Савету тэрыторыі. Парадак доступу дэпутата Савета ў дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, наведванне якіх у адпаведнасці з актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь абмежавана, устанаўліваецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 26. Абароны гонару і годнасці дэпутата Савета

Гонар і годнасць дэпутата Савета абараняюцца ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку.

Артыкул 27. Узбуджэнне крымінальнай справы ў адносінах да дэпутата Савета

Крымінальная справа ў адносінах да дэпутата абласнога, Мінс-кага гарадскога Савета можа быць узбуджана пракурорам вобласці, горада Мінска і прыраўнаваным да яго пракурорам або вышэйстаячым пракурорам, а ў адносінах да дэпутата раённага, гарадскога, пасялковага, сельскага Савета — пракурорам раёна, горада і прыраўнаваным да яго пракурорам або вышэйстаячым пракурорам.

Артыкул 28. Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб статусе дэпутата Савета

Асобы, вінаватыя ў парушэнні гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб статусе дэпутата Савета, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.».

Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 3 гэтага Закона, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Артыкул 3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:

распрацаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь праекты палажэнняў аб пасведчаннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў;

прыняць меры па прывядзенню актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам і іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

5 студзеня 2006 года, г. Мінск.

№ 84-3