Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абарачэння і выкарыстання імянных прыватызацыйны чэкаў «Жыллё»

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 14 снежня 2005 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 21 снежня 2005 года

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 16 красавіка 1992 года «Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 15, ст. 247; 1995 г., № 6, ст. 58; Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 20, ст. 220; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2001 г., № 63, 2/778) наступныя змяненні:

1. Артыкул 11 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 11. Права грамадзян Рэспублікі Беларусь на грашовую жыллёвую квоту сведчыцца імяннымі прыватызацыйнымі чэкамі «Жыллё».

Жыллё прадастаўляецца бязвыплатна, калі велічыня жыллёвай квоты (сумы квот) роўная кошту жылля, якое займае грамадзянін, што вызначаецца ў цэнах на 31 снежня 1991 года.

Калі велічыня жыллёвай квоты (сумы квот) перавышае кошт жылля, якое займае грамадзянін, што вызначаецца ў цэнах на 31 снежня 1991 года, жылое памяшканне перадаецца бязвыплатна, а астатак велічыні жыллёвай квоты можа выкарыстоўвацца ў адпаведнасці з артыкулам 16 гэтага Закона.

Частка жылога памяшкання, якая не аплачана за кошт жыллёвай квоты (сумы квот), падлягае выкупу ў цэнах, якія дзейнічаюць на дзень падачы заявы аб прыватызацыі жылля. Пры гэтым жыллёвая квота (сума квот членаў сям'і, жыллёвыя квоты, падораныя па натарыяльна засведчанаму дагавору мужам (жонкай), бацькамі, дзецьмі, усынавіцелямі, усыноўленымі, роднымі братамі і сёстрамі, дзедам, бабкай, унукамі, атрыманыя ў спадчыну ці па рашэнню суда) залічваецца ў лік пагашэння кошту жылога памяшкання, які вызначаецца ў цэнах на 31 снежня 1991 года.

Iндэкс росту кошту будаўніцтва жылля для ацэнкі кошту жылых памяшканняў у цэнах, якія дзейнічаюць на дзень падачы заявы аб прыватызацыі жылля, штомесяц разлічваецца ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.».

2. У артыкуле 16:

абзацы чацвёрты і пяты часткі першай выключыць;

частку другую выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Жыллёвыя квоты (імянныя прыватызацыйныя чэкі «Жыллё») не падлягаюць адчужэнню, за выключэннем дарэння іх па натарыяльна засведчанаму дагавору мужу (жонцы), бацькам, дзецям, усынавіцелям, усыноўленым, родным братам і сёстрам, дзеду, бабцы, унукам, пераходу права ўласнасці ў спадчыну ці па рашэнню суда.».

3. Артыкул 21 выключыць.

4. Артыкул 30 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 30. Сродкі, якія паступаюць ад прыватызацыі жылых памяшканняў, што належаць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам ці знаходзяцца ў гаспадарчым распараджэнні або ў аператыўным кіраванні юрыдычных асоб, залічваюцца ў адпаведныя мясцовыя бюджэты і выкарыстоўваюцца на жыллёвае будаўніцтва.».

Артыкул 2. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 1993 года «Аб імянных прыватызацыйных чэках Рэспублікі Беларусь» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1993 г., № 25, ст. 305) наступныя змяненні і дапаўненні:

1. У артыкуле 4:

словы «чэкаў валодаюць» замяніць словамі «чэкаў «Маёмасць» валодаюць»;

дапоўніць артыкул часткай другой наступнага зместу:

«Правам на набыццё прыватызацыйных чэкаў «Жыллё» валодаюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь і іншыя асобы ў парадку атрымання ў спадчыну ці па рашэнню суда, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.».

2. У частцы трэцяй артыкула 6 слова «чэка» замяніць словамі «прыватызацыйнага чэка «Маёмасць».

3. У частцы першай артыкула 7 словы «з артыкуламі 11 і 13 Закона» замяніць словамі «з Законам».

4. У артыкуле 10:

у частцы трэцяй:

слова «чэкаў» замяніць словамі «чэкаў «Маёмасць»;

дапоўніць частку другім сказам наступнага зместу: «Пераафармленне прыватызацыйных чэкаў «Жыллё» ажыццяўляецца пры атрыманні іх грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і іншымі асобамі ў парадку атрымання ў спадчыну ці па рашэнню суда, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.»;

дапоўніць артыкул часткай сёмай наступнага зместу:

(Абзац шосты не прыводзіцца як не ўступіўшы ў сілу.)*

5. У артыкуле 11:

у абзацы першым слова «чэкамі» замяніць словамі «чэкамі «Маёмасць»;

дапоўніць артыкул часткай другой наступнага зместу:

«Прыватызацыйныя чэкі «Жыллё» выкарыстоўваюцца ўладальнікамі ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь.».

Артыкул 3. Гэты Закон уступае ў сілу з 1 студзеня 2006 года, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 4 гэтага Закона, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Артыкул 4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць перагляд і адмену рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, падпарадкаванымі Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў, якія супярэчаць гэтаму Закону.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

5 студзеня 2006 года, г. Мінск.

№ 101-З

________________________________________

* Абзац шосты пункта 4 артыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абарачэння і выкарыстання імянных прыватызацыйных чэкаў «Жыллё» не ўступіў у сілу ў адпаведнасці з часткай восьмай артыкула 100 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.