Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаннях барацьбы з фінансаваннем тэрарыстычнай дзейнасці

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 14 снежня 2005 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 21 снежня 2005 года

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2002 года «Аб барацьбе з тэрарызмам» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 6, 2/825) наступныя дапаўненні і змяненні:

1. Артыкул 1 дапоўніць часткай другой наступнага зместу:

«Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія прадугледжаны гэтым Законам, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.».

2. У абзацы сёмым артыкула 2, абзацах шостым і дзесятым артыкула 3, частцы другой артыкула 4, абзацы чацвёртым часткі чацвёртай артыкула 6, абзацы другім часткі першай, частках другой і пятай артыкула 7, частцы першай артыкула 8, частках першай і трэцяй артыкула 14, назве раздзела 4, артыкулах 17 і 18 словы «тэрарыстычная акцыя» замяніць словамі «акт тэрарызму» ў адпаведных склоне і ліку.

3. У абзацы дзесятым артыкула 2 словы «аб тэрарыстычнай акцыі і» замяніць словамі «аб акце тэрарызму і аб».

4. У артыкуле 3:

абзацы дванаццаты і трынаццаты выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«тэрарыстычная дзейнасць — дзейнасць, якая ўключае арганізацыю, планаванне, падрыхтоўку і здзяйсненне акта тэрарызму, падбухторванне да акта тэрарызму, арганізацыю незаконнага ўзброенага фарміравання, стварэнне арганізацыі, арганізаванай групы для здзяйснення акта тэрарызму, а таксама ўдзел у такім акце, вярбоўку, узбраенне, навучанне і выкарыстанне тэрарыстаў, а таксама фінансаванне такой дзейнасці;

тэрарыстычная арганізацыя — арганізацыя, якая ажыццяўляе тэрарыстычную дзейнасць або якая прызнае магчымасць выкарыстання ў сваёй дзейнасці тэрарызму, або службовая асоба якой фінансуе тэрарыстычную дзейнасць з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў за кошт сродкаў гэтай арганізацыі, у адносінах да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэнне Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь аб прызнанні яе тэрарыстычнай;»;

дапоўніць артыкул абзацам чатырнаццатым наступнага зместу:

«фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці — прадастаўленне або збор грашовых сродкаў, каштоўных папер або іншай маёмасці, у тым ліку маёмасных правоў і выключных правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, любым спосабам у мэтах выкарыстання ў тэрарыстычнай дзейнасці.».

5. У частцы другой артыкула 10 словы «чакаемых негатыўных наступстваў і характару тэрарыстычнай акцыі» замяніць словамі «мяркуемых негатыўных наступстваў і характару акта тэрарызму».

6. У частцы першай артыкула 13:

абзац чацвёрты выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«уваходзіць бесперашкодна, пры неабходнасці з пашкоджаннем устройстваў, якія зачыняюцца, і іншых прадметаў, у любы час сутак у жыллё або іншыя законныя ўладанні грамадзян, у памяшканні і (ці) іншыя аб'екты дзяржаўных органаў і іншых арганізацый (за выключэннем памяшканняў і іншых аб'ектаў дыпламатычных прадстаўніцтваў, консульскіх устаноў і іншых прадстаўніцтваў замежных дзяржаў, міжнародных арганізацый, якія карыстаюцца ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь дыпламатычным імунітэтам, і памяшканняў, у якіх пражываюць супрацоўнікі гэтых прадстаўніцтваў, устаноў, арганізацый і іх сем'і) і аглядаць іх пры праследаванні асоб, падазраваемых у здзяйсненні акта тэрарызму, а таксама пры наяўнасці дастатковых падстаў меркаваць, што там здзяйсняецца або здзейснена злачынства, якое ставіць пад пагрозу жыццё або здароўе грамадзян, з наступным паведамленнем аб гэтым пракурору на працягу дваццаці чатырох гадзін;»;

з абзаца шостага словы «незалежна ад формаў уласнасці» выключыць;

абзац сёмы выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«выкарыстоўваць у выпадках, якія не церпяць адкладу, транспартныя сродкі, што належаць дзяржаўным органам, іншым арганізацыям і грамадзянам (за выключэннем транспартных сродкаў, якія заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, вызвалены ад такога выкарыстання), для прадухілення акта тэрарызму, праследавання, затрымання і перавозкі асоб, якія здзейснілі акт тэрарызму або падазраваемых у яго здзяйсненні, дастаўкі асоб, якія маюць патрэбу ў тэрміновай медыцынскай дапамозе, у арганізацыі аховы здароўя і для праезду да месца здарэння.».

7. У назве і частцы першай артыкула 15 словы «аб тэрарыстычнай акцыі» замяніць словамі «аб акце тэрарызму».

8. У частцы першай артыкула 16 словы «тэрарыстычная акцыя спынена» замяніць словамі «акт тэрарызму спынены».

9. У артыкуле 22 слова «заканадаўствам» замяніць словамі «заканадаўчымі актамі».

10. Артыкул 23 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 23. Адказнасць арганізацыі за тэрарыстычную дзейнасць

На падставе рашэння Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь арганізацыя прызнаецца тэрарыстычнай і яе дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца, а такая арганізацыя, зарэгістраваная на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ліквідуецца, дзейнасць прадстаўніцтва такой замежнай або міжнароднай арганізацыі, размешчанага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, спыняецца.

Заява аб прызнанні арганізацыі тэрарыстычнай, забароне яе дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ліквідацыі такой арганізацыі, зарэгістраванай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама спыненні дзейнасці прадстаўніцтва такой замежнай ці міжнароднай арганізацыі, размешчанага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, падаецца ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь.

У выпадку прыняцця Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь рашэння аб прызнанні арганізацыі, зарэгістраванай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, тэрарыстычнай, забароне яе дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і яе ліквідацыі маёмасць, якая ёй належыць і засталася пасля задавальнення патрабаванняў крэдытораў (пры ўмове іх недатычнасці да тэрарыстычнай дзейнасці), канфіскуецца.

У выпадку прыняцця Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь рашэння аб прызнанні замежнай або міжнароднай арганізацыі, зарэгістраванай за межамі Рэспублікі Беларусь, тэрарыстычнай, забароне яе дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і спыненні дзейнасці прадстаўніцтва такой замежнай або міжнароднай арганізацыі, размешчанага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, маёмасць, якая належыць яму, і маёмасць гэтай замежнай або міжнароднай арганізацыі, што знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і засталася пасля задавальнення патрабаванняў крэдытораў (пры ўмове іх недатычнасці да тэрарыстычнай дзейнасці), канфіскуецца.

Арганізацыя, прызнаная на падставе рашэння Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь тэрарыстычнай, уключаецца ў пералік тэрарыстычных арганізацый, які падлягае апублікаванню ў сродках масавай інфармацыі. Увядзенне такога пераліку і яго апублікаванне ажыццяўляюцца Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у парадку, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь».

11. Дапоўніць Закон артыкулам 231 наступнага зместу:

«Артыкул 231. Адказнасць арганізацыі за фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці службовай асобай гэтай арганізацыі

Калі службовая асоба арганізацыі фінансуе тэрарыстычную дзейнасць з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў за кошт сродкаў гэтай арганізацыі, то ў парадку, прадугледжаным артыкулам 23 гэтага Закона, такая арганізацыя прызнаецца тэрарыстычнай і яе дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца, а такая арганізацыя, зарэгістраваная на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ліквідуецца, дзейнасць прадстаўніцтва такой замежнай або міжнароднай арганізацыі, размешчанага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, спыняецца.».

Артыкул 2. Дапоўніць Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 1999 года (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 76, 2/50) артыкулам 2901 наступнага зместу:

«Артыкул 2901. Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці

1. Прадастаўленне або збор грашовых сродкаў, каштоўных папер або іншай маёмасці, у тым ліку маёмасных правоў і выключных правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, любым спосабам у мэтах выкарыстання ў тэрарыстычнай дзейнасці (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) —

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дванаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

2. Тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна, або арганізаванай групай, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, або асобай, якая раней ўчыніла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 124—127, 131, 287, 289—292, 311, 359 і 360 гэтага Кодэкса, —

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

ЗАЎВАГА. Асоба, якая ажыццявіла фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці па гэтаму артыкулу, калі яна своечасова заявіла аб здзейсненым і (або) іншым чынам садзейнічала прадухіленню акта тэрарызму і раскрыццю гэтага злачынства.».

Артыкул 3. Гэты Закон уступае ў сілу праз месяц пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Артыкул 4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін пасля ўступлення ў сілу гэтага Закона:

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць перагляд і адмену рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, падпарадкаванымі Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў, якія супярэчаць гэтаму Закону;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

9 студзеня 2006 года,

г. Мінск.

№ 97-З