Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 07.02.2006 № 80

Правілы прыёму ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

1. Гэтымі Правіламі рэгулюецца парадак прыёму грамадзян на ўсе формы атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі (дзённая, завочная, вячэрняя) у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь* (далей — ССНУ) незалежна ад іх ведамаснай прыналежнасці і формы ўласнасці.

2. У ССНУ на дзённую форму атрымання адукацыі могуць паступаць асобы, якія маюць агульную базавую адукацыю, агульную сярэднюю адукацыю або прафесійна-тэхнічную адукацыю з агульнай сярэдняй адукацыяй; на завочную або вячэрнюю форму атрымання адукацыі — асобы, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю або прафесійна-тэхнічную адукацыю з агульнай сярэдняй адукацыяй, якая пацверджана адпаведным дакументам аб адукацыі.

3. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, асобы беларускай нацыянальнасці, якія з'яўляюцца грамадзянамі замежных дзяржаў і пражываюць на іх тэрыторыі, грамадзяне Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Рэспублікі Таджыкістан маюць права ўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў дзяржаўных ССНУ за кошт сродкаў рэспубліканскага і (ці) мясцовых бюджэтаў (далей — за кошт сродкаў бюджэту), калі гэты ўзровень адукацыі яны атрымліваюць за кошт сродкаў бюджэту ўпершыню, або на конкурснай аснове паступаць у дзяржаўныя ці прыватныя ССНУ на навучанне на ўмовах аплаты фізічнымі ці юрыдычнымі асобамі (далей — на ўмовах аплаты).

У конкурсе на завочную ці вячэрнюю форму атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту могуць удзельнічаць асобы, якія пералічаны ў частцы першай гэтага пункта і якія маюць агульную сярэднюю адукацыю і працуюць па профілю абранай спецыяльнасці, а таксама асобы, якія маюць прафесійна-тэхнічную адукацыю з агульнай сярэдняй адукацыяй і паступаюць на адпаведныя ці роднасныя спецыяльнасці. Асобы, якія не пералічаны ў гэтай частцы, удзельнічаюць у конкурсе на атрыманне гэтай адукацыі па завочнай ці вячэрняй форме на ўмовах аплаты.

4. Прыём на навучанне замежных грамадзян (акрамя ўказаных у пункце 3 гэтых Правілаў) у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку міжведамаснага характару, ажыццяўляецца ССНУ па ўзгадненню з рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, у распараджэнні якога яны знаходзяцца.

Прыём на навучанне на ўмовах аплаты замежных грамадзян, якія прыбываюць у Рэспубліку Беларусь на законных падставах і маюць неабходны ўзровень папярэдняй адукацыі, ажыццяўляецца на аснове дагавораў, заключаемых ССНУ з замежнымі грамадзянамі ці іх прадстаўнікамі, у якіх акрамя ўмоў, устаноўленых заканадаўствам, прадугледжваецца адказнасць бакоў па аплаце расходаў у выпадку неабходнасці адпраўкі замежнага грамадзяніна за межы Рэспублікі Беларусь.

Замежныя грамадзяне прымаюцца на навучанне пры наяўнасці медыцынскага заключэння аб стане здароўя, якое пацвярджае магчымасць навучання ў кліматычных умовах рэспублікі і ў адпаведных ССНУ, выдадзенага афіцыйным органам аховы здароўя краіны, адкуль прыбыў кандыдат на вучобу. Замежныя грамадзяне, якія прыбываюць на вучобу, залічваюцца ў ССНУ пасля праходжання ў тэрытарыяльных арганізацыях аховы здароўя, вызначаных ССНУ, абавязковага медыцынскага абследавання, якое пацвярджае адсутнасць проціпаказанняў да навучання ў Рэспубліцы Беларусь.

Неабходнай умовай залічэння замежных грамадзян на навучанне з'яўляецца наяўнасць у іх пашпарта ці дакумента, які яго замяняе, адпаведнай візы і дагавора абавязковага медыцынскага страхавання, аформленых у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Калі міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя ўмовы, чым тыя, якія прадугледжаны гэтымі Правіламі, то прымяняюцца нормы міжнароднага дагавора.

5. Прыём асоб, якія выказалі жаданне ўзяць удзел у конкурсе на атрыманне адукацыі (далей — абітурыенты), ажыццяўляецца ў адпаведнасці з кантрольнымі лічбамі прыёму, якія зацвярджаюцца заснавальнікамі ССНУ па спецыяльнасцях (спецыялізацыях) і формах атрымання адукацыі (у тым ліку ў скарочаны тэрмін), за кошт сродкаў бюджэту і на ўмовах аплаты ў рамках гранічнай колькасці навучэнцаў, устаноўленай спецыяльным дазволам (ліцэнзіяй) на адукацыйную дзейнасць.

Кантрольныя лічбы прыёму навучання за кошт сродкаў бюджэту ўзгадняюцца заснавальнікамі ССНУ з Міністэрствам адукацыі.

Звесткі аб колькасці месцаў, якія прадастаўляюцца ў дзяржаўных ССНУ на навучанне за кошт сродкаў бюджэту і на ўмовах аплаты, а таксама ў прыватных ССНУ даводзяцца адпаведнымі ССНУ да грамадскасці штогод да 1 красавіка.

6. Для арганізацый, якія знаходзяцца ў населеных пунктах, размешчаных на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, ці ў сельскіх населеных пунктах, ажыццяўляецца прыём абітурыентаў на навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў у межах 20 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму на спецыяльнасці сельскагаспадарчага, лесагаспадарчага, медыцынскага, педагагічнага профіляў, а таксама на спецыяльнасці мастацтва і культуры.

Падставай для ўдзелу ў конкурсе на мэтавае месца з'яўляецца аформлены ў трох экзэмплярах дагавор на мэтавую падрыхтоўку паміж абітурыентам і дзяржаўнай арганізацыяй ці мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, зацікаўленымі ў мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў (далей — заказчык).

Колькасць заяў, падаваемых для ўдзелу ў конкурсе на мэтавае месца, не абмяжоўваецца. Пры адсутнасці конкурсу на мэтавыя месцы ССНУ прадастаўляецца права ў тэрміны, устаноўленыя гэтымі Правіламі, прымаць заявы ад абітурыентаў, якія паступаюць на агульных падставах, на навучанне іх на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Пры гэтым паміж заказчыкам і абітурыентам заключаецца дагавор на мэтавую падрыхтоўку.

У выпадку, калі конкурс на мэтавыя месцы, выдзеленыя заказчыку, не забяспечаны (адзін чалавек і менш на месца), для стварэння конкурсу частка гэтых месцаў перадаецца на агульны конкурс. Калі конкурс не забяспечаны на адзінае мэтавае месца, яно таксама перадаецца на агульны конкурс.

Адбор абітурыентаў, якія выказалі жаданне вучыцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, ажыццяўляецца заказчыкам з ліку выпускнікоў устаноў, што забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія пражываюць у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь, размешчаных на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ці ў сельскай мясцовасці. Абітурыент павінен скончыць установу адукацыі ў адным з указаных населеных пунктаў, навучаючыся і пражываючы там не менш за два гады. Акрамя таго, абітурыент павінен мець у дакуменце аб адукацыі па прадметах уступных іспытаў у адпаведнасці з профілем (накірункам) спецыяльнасці, прадугледжаным у пункце 16 гэтых Правілаў, адзнакі не ніжэй чым 6 (шэсць) балаў.

7. На скарочаны тэрмін навучання ў межах кантрольных лічбаў ажыццяўляецца прыём абітурыентаў, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную адукацыю з агульнай сярэдняй адукацыяй па вучэбных праграмах, якія адпавядаюць вучэбным праграмам адпаведных спецыяльнасцяў ССНУ.

8. На спецыяльнасці, па якіх на вытворчасці праца непаўналетніх забаронена, на дзённую форму атрымання адукацыі на аснове агульнай базавай адукацыі прымаюцца толькі асобы, якім к пачатку вытворчай практыкі споўніцца 18 гадоў.

ГЛАВА 2

ДАКУМЕНТЫ, ЯКIЯ ПРАДАСТАЎЛЯЮЦЬ АБIТУРЫЕНТЫ Ў ПРЫЁМНЫЯ КАМIСII

9. Для арганізацыі прыёму абітурыентаў у ССНУ ствараецца прыёмная камісія, якую ўзначальвае дырэктар (рэктар — пры прыёме ў структурнае падраздзяленне ССНУ). Прыёмная камісія ажыццяўляе працу ў адпаведнасці з Палажэннем, якое зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі.

У прыёмную камісію ССНУ абітурыенты падаюць наступныя дакументы:

заяву на імя кіраўніка ССНУ па ўстаноўленай форме;

арыгіналы дакумента аб адукацыі і дадаткі да яго;

арыгіналы сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання (далей — ЦТ), праведзенага ў Рэспубліцы Беларусь у год прыёму;

медыцынскую даведку па форме, устаноўленай Міністэрствам аховы здароўя;

дакументы, якія пацвярджаюць права абітурыента на льготы пры прыёме на вучобу;

6 фотакартак памерам 3х4 см;

пісьмовую згоду аднаго з бацькоў ці законнага прадстаўніка (для абітурыентаў ва ўзросце да 18 гадоў, якія паступаюць на ваенна-тэхнічныя спецыяльнасці).

10. Акрамя пералічаных у пункце 9 гэтых Правілаў дакументаў пры неабходнасці дадаткова ў прыёмную камісію ССНУ прадстаўляюцца:

выпіска з працоўнай кніжкі (для абітурыентаў, якія паступаюць на завочную ці вячэрнюю форму атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту);

заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай ці медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі аб адсутнасці проціпаказанняў для навучання па абранай спецыяльнасці (для асоб, якія скончылі ўстановы, што забяспечваюць атрыманне спецыяльнай адукацыі, дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў, інвалідаў I, II і III групы);

заключэнне дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі аб рэкамендацыі навучання ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне спецыяльнай адукацыі (для асоб з парушэннямі зроку, слыху, функцый апорна-рухальнага апарату);

даведка сельскага выканаўчага камітэта аб пастаянным (не менш за два гады) пражыванні на момант атрымання адукацыі ў сельскім населеным пункце ці ў населеным пункце, размешчаным на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання (для выпускнікоў устаноў адукацыі, размешчаных ва ўказаных населеных пунктах);

дакументы, якія пацвярджаюць беларускую нацыянальнасць (для беларусаў, якія з'яўляюцца грамадзянамі замежных дзяржаў і пражываюць на іх тэрыторыі);

дагавор паміж абітурыентам і заказчыкам на мэтавую падрыхтоўку (для абітурыентаў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе на мэтавыя месцы).

11. Замежныя грамадзяне (іх прадстаўнікі) падаюць у прыёмную камісію ССНУ на беларускай, рускай ці англійскай, французскай, іспанскай, нямецкай мове наступныя дакументы:

заяву аб прыёме на вучобу з указаннем спецыяльнасці;

пасведчанне (дакумент) аб адукацыі з указаннем вывучаных прадметаў і атрыманых па іх на экзаменах адзнак (балаў);

медыцынскае заключэнне, выдадзенае тэрытарыяльнай арганізацыяй аховы здароўя Рэспублікі Беларусь;

медыцынскае заключэнне аб стане здароўя і сертыфікат аб адсутнасці ВIЧ-інфекцыі, выдадзены афіцыйным органам аховы здароўя краіны, адкуль прыбыў кандыдат на вучобу;

копію пасведчання аб нараджэнні, завераную ва ўстаноўленым парадку;

6 фотакартак памерам 4х6 см.

Да пералічаных дакументаў, якія выкананы на замежнай мове, адначасова прыкладаецца іх пераклад на беларускую ці рускую мову, засведчаны ў натарыяльным парадку.

12. Пашпарт ці дакумент, які яго замяняе, прад'яўляецца абітурыентам асабіста.

13. Прыём дакументаў у ССНУ ажыццяўляецца ў наступныя тэрміны:

13.1. на ўсе формы атрымання адукацыі па спецыяльнасцях мастацтва і культуры на аснове агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі — з 1 па 16 ліпеня; ад абітурыентаў, якія вытрымалі ўступныя іспыты, але не прайшлі па конкурсу на атрыманне адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, на навучанне на ўмовах аплаты — з 28 па 29 ліпеня;

13.2. на дзённую форму атрымання адукацыі па ўсіх спецыяльнасцях (акрамя спецыяльнасцяў мастацтва і культуры) на аснове агульнай базавай адукацыі — з 1 ліпеня па 5 жніўня;

13.3. на ўсе формы атрымання адукацыі па ўсіх спецыяльнасцях (акрамя спецыяльнасцяў мастацтва і культуры, завочнай і вячэрняй формаў атрымання адукацыі па спецыяльнасцях сельскай гаспадаркі і воднага транспарту) на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — з 1 ліпеня па 13 жніўня; ад абітурыентаў, якія вытрымалі ўступныя іспыты, але не прайшлі па конкурсу на атрыманне адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, на навучанне на ўмовах аплаты — з 18 па 19 жніўня;

13.4. на дзённую форму атрымання адукацыі ў скарочаны тэрмін на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй — з 1 па 5 ліпеня;

13.5. на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі па спецыяльнасцях сельскай гаспадаркі і воднага транспарту — з 1 кастрычніка па 30 лістапада.

ГЛАВА 3

ПРАВЯДЗЕННЕ ЎСТУПНЫХ IСПЫТАЎ

14. Правядзенне ўступных іспытаў у ССНУ ажыццяўлецца ў наступныя тэрміны:

14.1. на ўсе формы атрымання адукацыі па спецыяльнасцях мастацтва і культуры на аснове агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі — з 17 па 26 ліпеня;

14.2. на дзённую форму атрымання адукацыі па ўсіх спецыяльнасцях (акрамя спецыяльнасцяў мастацтва і культуры) на аснове агульнай базавай адукацыі — з 6 па 15 жніўня;

14.3. на ўсе формы атрымання адукацыі па ўсіх спецыяльнасцях (акрамя спецыяльнасцяў мастацтва і культуры, завочнай і вячэрняй формаў атрымання адукацыі па спецыяльнасцях сельскай гаспадаркі і воднага транспарту) на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — з 14 па 16 жніўня;

14.4. на дзённую форму атрымання адукацыі ў скарочаны тэрмін на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй — з 6 па 9 ліпеня;

14.5. на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі па спецыяльнасцях сельскай гаспадаркі і воднага транспарту — з 1 па 5 снежня.

15. Абітурыенты, якія паступаюць на ўсе формы атрымання адукацыі (за выключэннем завочнай і вячэрняй формаў атрымання адукацыі па спецыяльнасцях сельскай гаспадаркі і воднага транспарту) на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, уступныя іспыты (акрамя іспыту па спецыяльнасці) здаюць у форме ЦТ за кошт сродкаў бюджэту з 12 чэрвеня па 15 ліпеня.

Рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ праводзіцца з 1 мая па 1 чэрвеня на аснове заявы і дакумента, які сведчыць асобу, у адным з ССНУ, вызначаных пунктамі правядзення ЦТ згодна з дадаткам 1.

Замежныя грамадзяне і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за мяжой, могуць накіроўваць заяву і копію дакумента, які сведчыць асобу, па пошце.

16. Абітурыенты здаюць два ўступныя іспыты: па беларускай ці рускай мове (па выбару абітурыента), за выключэннем філалагічных спецыяльнасцяў, пры паступленні на якія неабходна здаваць уступныя іспыты ў адпаведнасці з абранай спецыяльнасцю, і па агульнаадукацыйнаму прадмету ў адпаведнасці з профілем (накірункам) спецыяльнасці:

тэхніка і тэхналогіі (акрамя спецыяльнасцяў хімічнай і харчовай прамысловасці, мадэліраванне і канструяванне адзення, аналітычны кантроль хімічных злучэнняў, ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў), эканоміка і кіраванне, сельскагаспадарчы менеджмент, будаўніцтва, аграінжынерыя, геадэзія, тапаграфія, пачатковая адукацыя, прафесійнае навучанне, тэхналогія, меліярацыя і водная гаспадарка, лясная гаспадарка, папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый, правазнаўства — матэматыка

хімічная і харчовая прамысловасць, аналітычны кантроль хімічных злучэнняў, ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання; вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства; аграхімія, насенняводства і ахова раслін, фатаграфія — хімія

дашкольная адукацыя, спецыяльнасці аховы здароўя, заатэхнія, ветэрынарная медыцына, пчалярства, агранамія, плодаагародніцтва — біялогія

выкладанне філалагічных дысцыплін, бібліятэказнаўства і бібліяграфія, сацыяльная педагогіка, дакументазнаўства, сацыяльная работа — гісторыя Беларусі

замежныя мовы — замежныя мовы

Абітурыенты, якія не вывучалі гісторыю Беларусі, могуць здаваць уступныя іспыты па сусветнай гісторыі навейшага часу.

Абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасці «мастацтва і дызайн», «музычная адукацыя», «музыказнаўства», «выяўленчае мастацтва», «мадэліраванне і канструяванне адзення», «архітэктура», «цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка», «праваахоўная дзейнасць», «фізічная культура», «спартыўна-педагагічная дзейнасць», здаюць уступныя іспыты па беларускай ці рускай мове (па выбару абітурыента) і па спецыяльнасці (далей — іспыт па спецыяльнасці).

Абітурыенты, якія паступаюць у адпаведнасці ў пунктам 7 гэтых Правілаў на скарочаны тэрмін навучання, здаюць толькі іспыт па спецыяльнасці.

Для абітурыентаў, якія паступаюць на дзённую форму атрымання адукацыі на аснове агульнай базавай адукацыі, уступны іспыт па беларускай ці рускай мове праводзіцца ў форме дыктанта па цэнтралізаваных заданнях у дні, устаноўленыя Міністэрствам адукацыі. Форму правядзення другога ўступнага іспыту вызначаюць прыёмныя камісіі ССНУ.

Абітурыенты маюць права здаваць уступны іспыт па агульнаадукацыйных прадметах у адпаведнасці з профілем (накірункам) спецыяльнасці па беларускай ці рускай мове (па выбару).

Абітурыенты, якія паступаюць на завочную ці вячэрнюю форму атрымання адукацыі па спецыяльнасцях сельскай гаспадаркі і воднага транспарту, здаюць уступныя іспыты ў ССНУ ці прадстаўляюць сертыфікаты ЦТ па адпаведных прадметах.

Абітурыенты з парушэннямі слыху, зроку, апорна-рухальнага апарату, якім у адпаведнасці з заключэннем дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі было рэкамендавана навучанне ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне спецыяльнай адукацыі, пры адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў для вучобы па абранай спецыяльнасці здаюць уступныя іспыты ў ССНУ. Форму правядзення ўступных іспытаў вызначае прыёмная камісія ССНУ з улікам асаблівасцяў псіхафізічнага развіцця абітурыента.

17. Праграмы ўступных іспытаў па агульнаадукацыйных прадметах для ўсіх ССНУ зацвярджаюцца Міністэрствам адукацыі, праграмы іспытаў па спецыяльнасці — заснавальнікамі.

18. Ацэнка ведаў абітурыентаў на ўступных іспытах ажыццяўляецца па дзесяцібальнай шкале з адзнакамі 1 (адзін), 2 (два), 3 (тры), 4 (чатыры), 5 (пяць), 6 (шэсць), 7 (сем), 8 (восем), 9 (дзевяць), 10 (дзесяць) балаў.

Адзнака 0 (нуль) балаў выстаўляецца абітурыенту пры адмове ад адказу, невыкананні задання ўступнага іспыту.

Вынікі ЦТ залічваюцца ў якасці ўступнага іспыту ў адпаведнасці з прадстаўленым сертыфікатам ЦТ з выстаўленнем адпаведнага бала па дзесяцібальнай шкале, вызначанага па пераводнай шкале, зацверджанай Міністэрствам адукацыі.

Калі ўсе ўступныя іспыты праводзяцца ў форме ЦТ, па кожнаму прадмету залічваецца колькасць балаў, указаных у сертыфікатах ЦТ.

У выпадку, калі іспыт па спецыяльнасці праводзіцца ў некалькі этапаў (не больш чым тры), кожны этап ацэньваецца па дзесяцібальнай шкале. Па выніках правядзення іспыту па спецыяльнасці абітурыенту выстаўляецца сума балаў, атрыманых ім на кожным этапе.

Абітурыентам, якія паступаюць на спецыяльнасці «фізічная культура», «спартыўна-педагагічная дзейнасць», у якасці іспыту па спецыяльнасці па рашэнню прыёмнай камісіі ССНУ могуць быць залічаны іх вынікі ў спартыўных спаборніцтвах, якія ўключаны ў каляндарны план спартыўных мерапрыемстваў, зацверджаны Міністэрствам спорту і турызму.

19. Абітурыенты, якія не з'явіліся без уважлівых прычын (хвароба ці іншыя непрадбачаныя абставіны, якія перашкаджаюць удзелу ва ўступных іспытах, пацверджаныя дакументальна) на адзін з уступных іспытаў у назначаны ў раскладзе час ці атрымалі адзнаку 0 (нуль), 1 (адзін), 2 (два) балы на ўступным іспыце (адным з яго этапаў), да наступнага ўступнага іспыту (этапу ўступнага іспыту), паўторнай здачы ўступнага іспыту, удзелу ў конкурсе на ўсе формы атрымання адукацыі ў дадзеным ССНУ не дапускаюцца.

Абітурыенты, якія не змаглі з'явіцца на ЦТ па ўважлівых прычынах (хвароба ці іншыя непрадбачаныя абставіны, якія перашкаджаюць удзелу ў ЦТ, пацверджаныя дакументальна), праходзяць яго ў рэзервовы дзень, дата якога вызначаецца Міністэрствам адукацыі.

Абітурыенты, якія не змаглі з'явіцца на ўступныя іспыты па ўважлівых прычынах (хвароба ці іншыя непрадбачаныя абставіны, якія перашкаджаюць удзелу ва ўступным іспыце, пацверджаныя дакументальна), па рашэнню прыёмнай камісіі ССНУ дапускаюцца да іх здачы ў межах тэрмінаў, вызначаных раскладам уступных іспытаў.

ГЛАВА 4

АСОБЫ, ЯКIЯ МАЮЦЬ ПРАВА НА ЛЬГОТЫ ПРЫ ПАСТУПЛЕННI Ў ССНУ

20. Без уступных выпрабаванняў залічваюцца:

пераможцы (дыпломы I, II, III ступені) міжнародных і рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах, праведзеных Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, які завяршыўся ў год прыёму (далей — навучальны год), пры паступленні на спецыяльнасці, для якіх пунктам 16 гэтых Правілаў па дадзенаму прадмету вызначаны ўступны іспыт;

пераможцы (Гран-пры, дыпломы I, II, III ступені) міжнародных (у адпаведнасці з пералікам, які зацверджаны Міністэрствам культуры і ўзгоднены з Міністэрствам адукацыі), а таксама рэспубліканскіх творчых конкурсаў і фестываляў, алімпіяд па прадметах мастацтва і культуры, якія праведзены ў навучальным годзе Міністэрствам культуры ў адпаведнасці з палажэннямі, якія зацверджаны Міністэрствам культуры і ўзгоднены з Міністэрствам адукацыі, пры паступленні на спецыяльнасці мастацтва і культуры;

пераможцы, прызёры і ўдзельнікі (спартсмены) Алімпійскіх гульняў пры паступленні на спецыяльнасці «фізічная культура», «спартыўна-педагагічная дзейнасць»;

пераможцы і прызёры чэмпіянатаў, фіналаў розыгрышаў кубкаў, першынстваў свету і Еўропы, Алімпійскіх фестываляў моладзі Еўропы, якія праведзены ў адпаведнасці з пералікам, зацверджаным Міністэрствам спорту і турызму і ўзгодненым з Міністэрствам адукацыі, пры паступленні на спецыяльнасці «фізічная культура», «спартыўна-педагагічная дзейнасць»;

асобы, якія ўзнагароджаны ў навучальным годзе нагрудным знакам «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў» або «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі» за творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва, высокія дасягненні ў асобных прадметных галінах, якія адпавядаюць профілю выбранай спецыяльнасці;

пераможцы (дыпломы I, II, III ступені) рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства, якія праводзіліся Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе для навучэнцаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі;

абітурыенты, якія ў год паступлення закончылі з адзнакай установу, якая забяспечвае атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй, і паступаюць на скарочаны тэрмін навучання;

выпускнікі ўстановы адукацыі «Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча», якія закончылі гэту ўстанову ў год паступлення з адзнакамі 6 (шэсць) і вышэй балаў па ўсіх прадметах вучэбнага плана і накіраваны для далейшага навучання ў ССНУ ў межах плана размеркавання сувораўцаў.

21. Пераможцам (дыпломы I, II, III ступені) міжнародных алімпіяд па рускай або беларускай мове, рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах — беларуская або руская мова, калі яны паступаюць на спецыяльнасці, якія не адпавядаюць профілю гэтых алімпіяд, а таксама пераможцам (дыплом I ступені) трэцяга (абласнога, Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах, якія праведзены Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, па ўказанаму ў пункце 16 гэтых Правілаў прадмету ў якасці ўступнага іспыту залічваюцца вынікі алімпіяды і выстаўляецца вышэйшы бал, які ўстаноўлены для ацэнкі вынікаў дадзенага ўступнага іспыту.

22. У выпадку, калі пералічаныя ў пунктах 20 і 21 гэтых Правілаў мерапрыемствы ў навучальным годзе не праводзіліся, абітурыентам залічваюцца іх вынікі папярэдняга навучальнага года.

23. Абітурыенты, якія закончылі ўстановы, што забяспечваюць атрыманне агульнай базавай адукацыі або агульнай сярэдняй адукацыі, з адзнакай, з залатым ці сярэбраным медалём альбо ўстановы, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі на аснове агульнай базавай адукацыі, з дыпломам з адзнакай, здаюць адзін уступны іспыт у адпаведнасці з профілем (напрамкам) спецыяльнасці. Пры атрыманні па гэтаму ўступнаму іспыту адзнакі 9 (дзевяць) або 10 (дзесяць) балаў яны залічваюцца на навучанне. Абітурыенты, якія атрымалі адзнаку ніжэй 9 (дзевяці) балаў, здаюць другі ўступны іспыт і залічваюцца па конкурсу.

На спецыяльнасці (спецыялізацыі), на якія конкурс у год, які папярэднічаў прыёму, складаў 5 і больш чалавек на месца, указаныя ў частцы першай гэтага пункта абітурыенты здаюць усе ўступныя іспыты.

24. Па-за конкурсам, акрамя спецыяльнасцяў (спецыялізацый), на якія конкурс у год, які папярэднічаў прыёму, складаў 5 і больш чалавек на месца, пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэй 3 (трох) балаў па прадметах уступных іспытаў залічваюцца:

дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў;

дзеці-інваліды, інваліды I і II групы, якім у адпаведнасці з заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі або медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі не проціпаказана навучанне ў ССНУ і якія могуць наведваць заняткі;

дзеці з сем'яў ваеннаслужачых, рабочых і служачых, якія займалі штатныя пасады ў воінскіх часцях і загінулі (памерлі ад раненняў) або сталі інвалідамі пры выкананні абавязкаў воінскай службы ці работы ў складзе войскаў на тэрыторыі дзяржаў, дзе вяліся баявыя дзеянні, а таксама дзеці з сем'яў ваеннаслужачых, якія загінулі (памерлі ад раненняў) у мірны час пры выкананні абавязкаў воінскай службы;

дзеці асоб начальніцкага і радавога саставу органаў унутраных спраў, якія загінулі (памерлі ад раненняў) або сталі інвалідамі пры выкананні службовых абавязкаў на тэрыторыі дзяржаў, дзе вяліся баявыя дзеянні, а таксама якія загінулі (памерлі ад раненняў) у мірны час пры выкананні службовых абавязкаў;

дзеці асоб начальніцкага і радавога саставу органаў фінансавых расследаванняў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, якія загінулі (памерлі ад раненняў) пры выкананні службовых абавязкаў;

пераможцы і прызёры афіцыйных чэмпіянатаў, розыгрышаў кубкаў, першынстваў, Алімпійскіх дзён моладзі, спартакіяд дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і спартакіяд школьнікаў (навучэнскай моладзі) Рэспублікі Беларусь, якія праведзены ў адпаведнасці з пералікам і палажэннямі, якія зацверджаны Міністэрствам спорту і турызму і ўзгоднены з Міністэрствам адукацыі, пры паступленні на адпаведныя спецыяльнасці ў межах плана камплектавання па відах спорту;

выпускнікі ўстановы адукацыі «Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча», якія закончылі гэту ўстанову ў год паступлення з адзнакамі ніжэй 6 (шасці) балаў і накіраваны для далейшага навучання ў ССНУ ў межах плана размеркавання сувораўцаў.

25. Пераважнае права на залічэнне пры аднолькавай агульнай суме балаў у парадку пералічэння маюць:

абітурыенты, указаныя ў пункце 24 гэтых Правілаў, калі яны паступаюць на спецыяльнасці (спецыялізацыі), на якія конкурс у год, які папярэднічаў прыёму, складаў 5 і больш чалавек на месца;

асобы, якія пералічаны ў артыкуле 18 Закона Рэспублікі Беларусь ад 22 лютага 1991 года «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, 1991 г., № 10 (12), арт. 111);

абітурыенты, якія маюць вялікі стаж практычнай работы па профілю (напрамку) выбранай спецыяльнасці, калі яны паступаюць на завочную або вячэрнюю форму атрымання адукацыі;

інваліды III групы;

асобы, указаныя ў артыкулах 19, 20, 23—25 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС»;

звольненыя ў запас ваеннаслужачыя, якія маюць рэкамендацыі воінскіх часцей;

абітурыенты з мнагадзетных сем'яў;

абітурыенты, якія закончылі ўстанову, якая забяспечвае атрыманне агульнай базавай або агульнай сярэдняй адукацыі, з адзнакай, залатым ці сярэбраным медалём альбо ўстанову, якая забяспечвае атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі на аснове базавай адукацыі, з дыпломам з адзнакай;

пераможцы трэцяга (абласнога, Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах, рэспубліканскіх і абласных турніраў і конкурсаў, якія праведзены заснавальнікамі ўстаноў адукацыі па прадметах уступных іспытаў;

абітурыенты, якія атрымалі больш высокі бал на ўступным іспыце па профілю (напрамку) спецыяльнасці.

ГЛАВА 5

ПАРАДАК ЗАЛIЧЭННЯ АБIТУРЫЕНТАЎ

26. Залічэнне абітурыентаў у ССНУ ажыццяўляецца ў наступныя тэрміны:

26.1. на ўсе формы атрымання адукацыі па спецыяльнасцях мастацтва і культуры на аснове агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі за кошт сродкаў бюджэту — па 27 ліпеня, на ўмовах аплаты — па 31 ліпеня;

26.2. на ўсе формы атрымання адукацыі па ўсіх спецыяльнасцях (акрамя спецыяльнасцяў мастацтва і культуры, завочнай і вячэрняй формаў атрымання адукацыі па спецыяльнасцях сельскай гаспадаркі і воднага транспарту) на аснове агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі за кошт сродкаў бюджэту — па 17 жніўня, на ўмовах аплаты — па 20 жніўня;

26.3. на дзённую форму атрымання адукацыі ў скарочаны тэрмін на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй — па 10 ліпеня;

26.4. на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі па спецыяльнасцях сельскай гаспадаркі і воднага транспарту — па 10 снежня.

27. Залічэнне на ўсе формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту і на ўмовах аплаты праводзіцца па конкурсу на аснове агульнай сумы балаў, якая падлічана па выніках здачы ўступных іспытаў і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі, які вызначаецца па дзесяцібальнай шкале (з дакладнасцю да дзесятых долей адзінкі). Сярэдні бал дакумента аб адукацыі па пяцібальнай шкале пераводзіцца ў дзесяцібальную шкалу па пераводнай табліцы сярэдняга бала дакументаў аб адукацыі згодна з дадаткам 2.

У выпадку, калі абітурыент прадстаўляе два дакументы аб адукацыі (атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі і дыплом аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі без атрымання агульнай сярэдняй адукацыі), сярэдні бал падлічваецца па гэтых двух дакументах.

У выпадку, калі ўсе ўступныя іспыты праводзяцца ў форме ЦТ, сярэдні бал дакумента аб адукацыі, які вызначаны па дзесяцібальнай шкале з дакладнасцю да дзесятых доляў адзінкі, пераводзіцца ў стобальную шкалу шляхам памнажэння на 10.

28. На месцы, устаноўленыя кантрольнымі лічбамі прыёму на навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, праводзіцца асобны конкурс. Абітурыенты, якія не праходзяць па конкурсу на навучанне на ўмовах мэтавага прыёму, маюць права ўдзельнічаць у конкурсе на агульных падставах.

29. На месцы, устаноўленыя кантрольнымі лічбамі прыёму (без уліку лічбаў прыёму на навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі), залічэнне праводзіцца па асобнаму конкурсу ў адпаведнасці з квотай, якая вызначаецца прапарцыянальна пададзеным заявам сярод дзвюх катэгорый абітурыентаў;

выпускнікоў сельскіх устаноў адукацыі (устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай базавай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй і размешчаны ў сельскіх населеных пунктах), якія на момант атрымання адукацыі пражывалі ў сельскіх населеных пунктах не менш чым 2 гады;

выпускнікоў гарадскіх устаноў адукацыі (устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай базавай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй і размешчаны ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу).

Калі прахадны бал для абітурыентаў — выпускнікоў сельскіх устаноў адукацыі, указаных у абзацы другім часткі першай гэтага пункта, роўны або перавышае прахадны бал для абітурыентаў — выпускнікоў гарадскіх устаноў адукацыі, вызначаных у абзацы трэцім часткі першай гэтага пункта, залічэнне праводзіцца па агульнаму конкурсу.

30. На спецыяльнасці (спецыялізацыі), на якія конкурс у год, які папярэднічаў прыёму, не перавышаў 1,5 чалавека на месца, па конкурсу сярэдняга бала дакумента аб адукацыі залічваюцца абітурыенты, якія маюць у гэтым дакуменце адзнакі не ніжэй 3 (трох) балаў.

Пры паступленні на скарочаны тэрмін навучання на прадугледжаныя ў частцы першай гэтага пункта спецыяльнасці залічваюцца:

абітурыенты, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную адукацыю на аснове агульнай базавай адукацыі, — па конкурсу сярэдняга бала дыплома аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі;

абітурыенты, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную адукацыю на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, — па конкурсу сярэдняга бала двух дакументаў аб адукацыі (атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі і дыплома аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі).

Абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасці, па якіх часткай трэцяй пункта 16 гэтых Правілаў вызначаны іспыт па спецыяльнасці, абавязкова здаюць гэты ўступны іспыт і залічваюцца па суме набраных балаў і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

31. Абітурыенты, якія станоўча здалі ўступныя іспыты, але не прайшлі па конкурсу на атрыманне адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, залічваюцца ў дзяржаўную ССНУ на ўмовах аплаты на падставе асабістай заявы і заключанага дагавора на навучанне.

Для атрымання адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў заключаны дагавор паміж абітурыентам, які прайшоў па конкурсу на мэтавыя месцы, і заказчыкам падпісваецца таксама кіраўніком установы адукацыі.

Пры заключэнні ва ўстаноўленым парадку дагавораў з абітурыентамі ва ўзросце да 18 гадоў неабходна наяўнасць пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (законнага прадстаўніка).

32. Абітурыенты, якія станоўча здалі ўступныя іспыты на навучанне на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, але не прайшлі па конкурсу на месцы, вызначаныя кантрольнымі лічбамі прыёму, могуць быць залічаны на другі курс на вакантныя месцы ў групы, сфарміраваныя на аснове агульнай базавай адукацыі ў год, які папярэднічаў прыёму.

На месцы, якія засталіся пасля залічэння абітурыентаў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе на адпаведную спецыяльнасць (спецыялізацыю), у першую чаргу залічваюцца абітурыенты гэтай ССНУ, якія станоўча здалі тыя ж уступныя іспыты, але не прайшлі па конкурсу на іншую спецыяльнасць (спецыялізацыю).

У выпадку з'яўлення вакантных месцаў на завочную або вячэрнюю форму атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту на гэтыя месцы могуць залічвацца абітурыенты, якія ўдзельнічалі ў конкурсе на завочную або вячэрнюю форму атрымання адукацыі на ўмовах аплаты або якія не прайшлі па конкурсу на дзённую форму атрымання адукацыі.

Пры з'яўленні вакантных мэтавых месцаў па ўзгодненаму рашэнню прыёмнай камісіі ССНУ і заказчыка дагаворы на навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў могуць заключацца з абітурыентамі, якія паспяхова здалі ўступныя іспыты па такіх жа прадметах у гэтай ССНУ або іншай ССНУ, ВНУ, або гэтыя месцы перадаюцца на агульны конкурс.

Залічэнне абітурыентаў з іншых ССНУ або ВНУ ажыццяўляецца на падставе даведак аб выніках здачы ўступных іспытаў або сертыфікатаў ЦТ.

ГЛАВА 6

ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННI

33. У выпадку, калі на працягу 10 дзён пасля пачатку навучальнага года абітурыенты, якія залічаны на навучанне, але не распачалі заняткі і не прадставілі (асабіста або праз законнага прадстаўніка) дакументы, якія пацвярджаюць уважлівую прычыну (хваробу і іншыя непрадбачаныя абставіны, якія перашкаджаюць прыбыццю да месца вучобы), падлягаюць адлічэнню з ССНУ, а на вакантныя бюджэтныя месцы залічваюцца абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсу на гэту спецыяльнасць у гэтай ССНУ.

34. Iншыя пытанні прыёму ў ССНУ, якія не вызначаны ў гэтых Правілах, вырашаюцца ўказанымі ўстановамі адукацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам.


_____________________________________________________________
* Для мэтаў гэтых Правілаў да сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў адносяцца тэхнікумы (вучылішчы), каледжы (сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы), сярэднія школы-каледжы мастацтваў, гімназіі-каледжы мастацтваў, лінгвістычныя гімназіі-каледжы, прафесійна-тэхнічныя каледжы, вышэйшыя каледжы, а таксама структурныя падраздзяленні вышэйшых навучальных устаноў, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Дадатак 1 да Правілаў прыёму ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы

ПЕРАЛIК сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, вызначаных пунктамі правядзення цэнтралізаванага тэсціравання

БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Брэсцкі дзяржаўны політэхнічны каледж

Баранавіцкі тэхналагічны каледж Белкаапсаюза

Пінскі дзяржаўны індустрыяльна-педагагічны каледж

ВIЦЕБСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж

Наваполацкі дзяржаўны політэхнічны тэхнікум

Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж

ГОМЕЛЬСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Гомельскі дзяржаўны машынабудаўнічы тэхнікум

Мазырскі дзяржаўны політэхнічны тэхнікум

Светлагорскі дзяржаўны індустрыяльны тэхнікум

ГРОДЗЕНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Гродзенскі дзяржаўны політэхнічны каледж

Лідскі тэхнічны каледж установы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы»

Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж

МIНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж

Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж

Салігорскі дзяржаўны горна-хімічны тэхнікум

МАГIЛЁЎСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Магілёўскі дзяржаўны політэхнічны каледж

Бабруйскі дзяржаўны аўтатранспартны каледж

Клімавіцкі дзяржаўны аграрны каледж

ГОРАД МIНСК

Філіял «Iндустрыяльна-педагагічны каледж» установы адукацыі «Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі»

Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж

Мінскі дзяржаўны гандлёвы каледж

Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж


Дадатак 2 да Правілаў прыёму ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы

Пераводная табліца сярэдняга бала дакументаў аб адукацыі

Сярэдні бал дакумента аб адукацыі па шкале

пяцібальнай дзесяцібальнай пяцібальнай дзесяцібальнай

3,0 3,0 4,0 6,5

3,1 3,4 4,1 6,9

3,2 3,7 4,2 7,2

3,3 4,0 4,3 7,6

3,4 4,4 4,4 7,9

3,5 4,8 4,5 8,3

3,6 5,1 4,6 8,6

3,7 5,5 4,7 9,0

3,8 5,8 4,8 9,3

3,9 6,2 4,9 9,7

5,0 10,0