Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 126

Аб некаторых пытаннях платнага навучання ў дзяржаўных установах, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі

1. Устанавіць, што:

1.1. кошт платнага навучання ў дзяржаўных установах, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, вызначаецца ў памеры эканамічна абгрунтаваных затрат, неабходных для падрыхтоўкі спецыялістаў па канкрэтнай спецыяльнасці (спецыялізацыі) у гэтай навучальнай установе, і ўзроўню рэнтабельнасці не больш як 30 працэнтаў;

1.2. кіраўнікі дзяржаўных устаноў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, могуць прадастаўляць скідкі з сфарміраванага кошту навучання ў парадку і памерах, устаноўленых Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, студэнтам і навучэнцам:

якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у навучальна-пазнавальнай*, навукова-даследчай дзейнасці і грамадскай рабоце;

якія з'яўляюцца членамі малазабяспечаных сем'яў у адпаведнасці з абзацам пятым артыкула 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 1999 года «Аб пражытачным мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 5, 2/14);

якія з'яўляюцца дзецьмі-сіротамі, дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, асобамі з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобамі ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў, якія страцілі апошняга з бацькоў у перыяд навучання;

з ліку дзяцей ваеннаслужачых, асоб радавога і начальніцкага складу органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях і органаў фінансавых расследаванняў, якія загінулі (памерлі) або сталі інвалідамі пры выкананні абавязкаў воінскай службы (службовых абавязкаў), работнікаў, якія абслугоўвалі воінскія кантынгенты ў Афганістане або іншых дзяржавах, дзе вяліся баявыя дзеянні, якія загінулі (памерлі) або сталі інвалідамі ў перыяд вядзення баявых дзеянняў;

інвалідам I, II і III групы, дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў;

якія маюць ільготы, або з ліку асоб ва ўзросце да 23 гадоў, якія не маюць уласнай сям'і, бацькі якіх маюць ільготы, у адпаведнасці з артыкуламі 18—20, 23—25 Закона Рэспублікі Беларусь ад 22 лютага 1991 года «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, 1991 г., № 10 (12), ст. 111);

з сем'яў, у якіх выхоўваецца трое і больш непаўналетніх дзяцей;

1.3. сродкі, атрыманыя ад платнага навучання ў дзяржаўных установах, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, расходуюцца строга па мэтаваму прызначэнню і накіроўваюцца на аплату працы з налічэннямі педагагічных работнікаў, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, навучальна-метадычнае забеспячэнне і гаспадарчыя патрэбы ў адпаведнасці з каштарысам даходаў і расходаў пазабюджэтных сродкаў, складзеным у парадку і па форме, зацверджанымі Міністэрствам фінансаў;

1.4. выдатна паспяваючыя студэнты і навучэнцы**, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у навукова-даследчай дзейнасці і грамадскай рабоце, пры наяўнасці свабодных бюджэтных месцаў могуць быць пераведзены кіраўнікамі дзяржаўных устаноў, што забяспечваюць атрыманне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, з платнага навучання на навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў у адзіным парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

2. Пералік тавараў (работ, паслуг), цэны (тарыфы), надбаўкі (скідкі) на якія рэгулююцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Ураду Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным банкам, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам, зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 мая 1999 г. № 285 «Аб некаторых мерах па стабілізацыі цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 40, 1/371; 2003 г., № 124, 1/5054), пасля раздзела «Міністэрства інфармацыі» дапоўніць раздзелам наступнага зместу:

«Міністэрства адукацыі

Платнае навучанне ў дзяржаўных установах, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі».

3. Прызнаць страціўшымі сілу:

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 жніўня 1996 г. № 320 «Аб павелічэнні прыёму студэнтаў у дзяржаўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы» (Збор указаў Прэзідэнта і пастаноў Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь, 1996 г., № 24, арт. 610);

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 1996 г. № 453 «Аб унясенні змянення ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 жніўня 1996 г. № 320 (Збор указаў Прэзідэнта і пастаноў Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь, 1996 г., № 31, арт. 806);

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 лютага 2001 г. № 59 «Аб унясенні змянення ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 жніўня 1996 г. № 320 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2001 г., № 16, 1/2026).

4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

4.1. у трохмесячны тэрмін:

зацвердзіць парадак прадастаўлення скідак з сфарміраванага кошту навучання і іх памеры, а таксама парадак пераводу студэнтаў і навучэнцаў з платнага навучання на навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў;

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі гэтага Указа;

4.2. забяспечыць кантроль за выкананнем гэтага Указа.

5. Гэты Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.

* Для мэтаў гэтага Указа да дасягнуўшых высокіх паказчыкаў у навучальна-пазнавальнай дзейнасці адносяцца студэнты і навучэнцы, якія маюць па выніках навучальнага года не менш як 50 працэнтаў адзнак 10 (дзесяць) і 9 (дзевяць) балаў, а астатнія адзнакі не ніжэйшыя за 6 (шэсць) балаў.

** Для мэтаў гэтага Указа да выдатна паспяваючых адносяцца студэнты і навучэнцы, якія маюць па выніках навучальнага года не менш як 75 працэнтаў адзнак 10 (дзесяць) і 9 (дзевяць) балаў, а астатнія адзнакі не ніжэйшыя за 7 (сем) балаў.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка.

28 лютага 2006 г.

г. Мінск.