УКАЗ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 71

Аб мерах па забеспячэнню своечасовай выплаты падаходнага падатку з фізічных асоб і асобных страхавых узносаў

У мэтах абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы і забеспячэння своечасовай выплаты падаходнага падатку з фізічных асоб, абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і страхавых узносаў па абавязковаму страхаванню ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў:

1. Устанавіць, што:

1.1. аператары паштовай сувязі і банкі прадстаўляюць у падатковыя органы па месцы сваёй пастаноўкі на ўлік (або па месцы знаходжання) звесткі аб выдадзеных і (або) пералічаных імі грашовых сродках, што паступілі фізічным асобам пераводам з-за мяжы, па ўстаноўленай Міністэрствам па падатках і зборах форме не пазней за 15-е чысло месяца, што ідзе за кварталам, у якім названыя грашовыя сродкі былі выдадзены і (або) пералічаны фізічным асобам;

1.2. пры прадастаўленні банкам юрыдычнай асобе, індывідуальнаму прадпрымальніку крэдыту для выплаты заработнай платы ў суму крэдыту ўключаюцца названыя ў заяве на прадастаўленне крэдыту сумы абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, страхавых узносаў па абавязковаму страхаванню ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў (далей — страхавыя ўзносы) і сумы падаходнага падатку з фізічных асоб, якія вылічаюцца з сумы гэтай заработнай платы;

1.3. банк выдае юрыдычным асобам (за выключэннем арганізацый, фінансуемых з бюджэту праз галоўныя ўпраўленні Міністэрства фінансаў па абласцях і г. Мінску), індывідуальным прадпрымальнікам або пералічвае з іх рахункаў грашовыя сродкі для аплаты працы ў разліку за месяц пры адначасовым прадстаўленні банку плацежных інструкцый на пералічэнне падаходнага падатку і страхавых узносаў або даведак аб выкананні абавязацельстваў па названых плацяжах;

1.4. банк пераводзіць з рахунку юрыдычнай асобы, індывідуальнага прадпрымальніка на карысць фізічнай асобы, якая не з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, грашовыя сродкі ў беларускіх рублях на суму, што перавышае 100 базавых велічынь на дату правядзення такой аперацыі, толькі пасля прадстаўлення яму гэтай юрыдычнай асобай або індывідуальным прадпрымальнікам даведкі, якая пацвярджае права на ажыццяўленне банкаўскага пераводу грашовых сродкаў фізічнай асобе і якая выдаецца падатковым органам у мэтах падаткаабкладання.

Форма такой даведкі, парадак яе выдачы і прадстаўлення банку ўстанаўліваюцца Міністэрствам па падатках і зборах.

Не патрабуецца прадстаўлення даведкі падатковага органа пры пералічэнні фізічным асобам грашовых сродкаў:

у якасці выплат, што ўключаюцца ў склад фонду заработнай платы, які зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь для вылічэння абавязковых адлічэнняў у дзяржаўны фонд садзейнічання занятасці і абкладання надзвычайным падаткам;

для выплаты пенсій, дапамог, стыпендый, аліментаў, а таксама пры пералічэнні грашовых сродкаў па рашэннях судоў;

з бюджэту Саюзнай дзяржавы, рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, дзяржаўных мэтавых бюджэтных і пазабюджэтных фондаў, а таксама ў якасці страхавых выплат;

за здадзеную насельніцтвам прадукцыю жывёлагадоўлі (акрамя пушной зверагадоўлі), пчалярства і раслінаводства, за выключэннем даходаў ад рэалізацыі кветак і іх насення;

у мэтах іх вяртання юрыдычнымі асобамі або індывідуальнымі прадпрымальнікамі грамадзянам у выпадку невыканання абавязацельстваў па будаўніцтву (рэканструкцыі) жылых дамоў, кватэр, аб'ектаў жыллёвай інфраструктуры і гаражоў, у тым ліку ў сувязі з датэрміновым скасаваннем дагавораў, выхадам (выключэннем) грамадзян з арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў, гаражна-будаўнічага кааператыва;

для выплаты дывідэндаў;

у якасці асабістага даходу індывідуальнымі прадпрымальнікамі на банкаўскія ўклады (дэпазіты), банкаўскія рахункі (бягучыя (разліковыя), карт-рахункі), адкрытыя імі як фізічнымі асобамі;

на дабрачынныя рахункі;

банкамі пры правядзенні банкаўскіх аперацый;

атрыманых у якасці:

замежнай бязвыплатнай дапамогі згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2003 г. № 24 «Аб атрыманні і выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 135, 1/5134);

міжнароднай тэхнічнай дапамогі па праектах (праграмах) у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 кастрычніка 2003 г. № 460 «Аб міжнароднай тэхнічнай дапамозе, што прадастаўляецца Рэспубліцы Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 119, 1/5020);

1.5. непрадстаўленне, несвоечасовае прадстаўленне і (або) прадстаўленне недакладных звестак, прадугледжаных у падпункце 1.1 гэтага пункта, —

прыводзяць да накладання штрафу на службовых асоб аператараў паштовай сувязі, іх адасобленых падраздзяленняў і банкаў у памеры да пяці базавых велічынь;

1.6. прадастаўленне банкам юрыдычнай асобе, індывідуальнаму прадпрымальніку крэдыту з парушэннем патрабаванняў, выкладзеных у падпункце 1.2 гэтага пункта, а таксама выдача або пералічэнне з іх рахункаў грашовых сродкаў для аплаты працы ў разліку за месяц з парушэннем патрабаванняў, якія змяшчаюцца ў падпункце 1.3 гэтага пункта; правядзенне банкам аперацыі, прадугледжанай у частцы першай падпункта 1.4 гэтага пункта, пры адсутнасці адпаведнай даведкі падатковага органа або пры яе наяўнасці, але на суму, якая перавышае названую ў гэтай даведцы, —

прыводзяць да накладання штрафу на службовых асоб банка ў памеры да пяці базавых велічынь.

Адміністрацыйныя спагнанні за правапарушэнні, прадугледжаныя ў частцы першай гэтага падпункта, могуць накладацца не пазней за адзін год з дня іх учынення;

1.7. прадстаўленне юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў банк даведак аб выкананні абавязацельстваў па пералічэнню сум страхавых узносаў з пазначэннем у іх недакладнай інфармацыі —

прыводзіць да накладання штрафу на службовых асоб юрыдычных асоб або індывідуальных прадпрымальнікаў у памеры да дзесяці базавых велічынь.

2. Прадаставіць права ажыццяўляць вядзенне, у тым ліку накладанне адміністрацыйных спагнанняў, па справах аб правапарушэннях, прадугледжаных у пункце 1 гэтага Указа:

у падпункце 1.5, — упаўнаважаным службовым асобам органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю і падатковых органаў;

у падпункце 1.6, — упаўнаважаным службовым асобам органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і ўпаўнаважаным службовым асобам падатковых органаў;

у падпункце 1.7, — упаўнаважаным службовым асобам органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю і Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

3. Прызнаць страціўшымі сілу:

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 жніўня 2002 г. № 19 «Аб некаторых мерах па забеспячэнню своечасовай выплаты падаходнага падатку і абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 89, 1/3920);

падпункт 4.14 пункта 4 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 ліпеня 2003 г.№ 18 «Аб абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 86, 1/4817);

падпункт 1.6 пункта 1 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2003 г. № 22 «Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ў некаторыя дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнанні страціўшымі сілу пункта 6 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 мая 1997 г. № 12 і іншых дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 127, 1/5084).

4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнаму банку ў трохмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.

5. Гэты Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем пункта 4 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня падпісання Указа.

Падпункты 1.5—1.7 пункта 1 дзейнічаюць да дня ўступлення ў сілу Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях ад 21 красавіка 2003 года і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.ЛУКАШЭНКА.

7 лютага 2006 г.

г. Мінск.