Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 75

Аб прадастаўленні грамадзянам, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек, ільготных крэдытаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў

У мэтах паляпшэння жыллёвых умоў грамадзян, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек, павышэння ўзроўню добраўпарадкавання жылых памяшканняў, развіцця інжынернай інфраструктуры ў гэтых населеных пунктах:

1. Устанавіць, што:

1.1. ільготныя крэдыты на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў (далей — ільготныя крэдыты) прадастаўляюцца адкрытым акцыянерным таварыствам «Ашчадны банк «Беларусбанк» працаздольным грамадзянам, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек, у якіх сярэднямесячны сукупны даход на кожнага члена сям'і не перавышае двухкратнага сярэднямесячнага сярэднедушавога мінімальнага спажывецкага бюджэту сям'і з 4 чалавек, вылічанага за 12 месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу падачы дакументаў для ўключэння гэтых грамадзян у спісы на атрыманне льготных крэдытаў.

Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек і працуюць у гэтых населеных пунктах, карыстаюцца правам на атрыманне льготных крэдытаў нараўне з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь;

1.2. для мэтаў гэтага Указа пад жылым памяшканнем разумеецца аднакватэрны жылы дом, кватэра ў шматкватэрным або блакіраваным жылым доме, якія належаць грамадзянам на праве ўласнасці;

1.3. ільготныя крэдыты прадастаўляюцца на працягу трох месяцаў з дня зацвярджэння аблвыканкамамі спісаў грамадзян, якія маюць патрэбу ў атрыманні гэтых крэдытаў, складзеных райвыканкамамі з захаваннем чарговасці (у залежнасці ад даты звароту грамадзян). Зацверджаныя спісы з пералікам затрат на выкананне работ, прадугледжаных гэтым Указам, штоквартальна (за месяц да пачатку крэдытавання) прадстаўляюцца райвыканкамамі ў адкрытае акцыянернае таварыства «Ашчадны банк «Беларусбанк». Гэты пералік рыхтуецца райвыканкамамі на падставе прадстаўленай грамадзянамі праектна-каштарыснай дакументацыі на выкананне работ, прадугледжаных гэтым Указам;

1.4. максімальны памер ільготнага крэдыту — 90 працэнтаў кошту затрат на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылога памяшкання, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў, вызначаных праектна-каштарыснай дакументацыяй, але не павінен перавышаць трохсоткратнага памеру базавай велічыні, дзеючай на дзень уключэння грамадзяніна ва ўстаноўленым парадку ў спіс для льготнага крэдытавання.

Iльготны крэдыт у межах названага максімальнага памеру можа прадастаўляцца грамадзяніну на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылога памяшкання, у якім ён пражывае, будаўніцтва інжынерных сетак да гэтага памяшкання, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў, або на асобныя віды работ па капітальнаму рамонту і рэканструкцыі жылога памяшкання, будаўніцтву інжынерных сетак, або толькі на ўзвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў;

1.5. максімальны тэрмін, на які прадастаўляецца льготны крэдыт, не павінен перавышаць 10 гадоў. Працэнтная стаўка за карыстанне такім крэдытам — 3 працэнты гадавых;

1.6. пагашэнне льготных крэдытаў і выплата працэнтаў за карыстанне імі ажыццяўляюцца грамадзянамі ў роўных долях на працягу ўсяго перыяду іх пагашэння, пачынаючы з наступнага месяца пасля завяршэння работ па капітальнаму рамонту і рэканструкцыі жылых памяшканняў, будаўніцтву інжынерных сетак, узвядзенню гаспадарчых памяшканняў і пабудоў, але не пазней за адзін год пасля атрымання першай часткі льготнага крэдыту;

1.7. перавод доўгу па атрыманаму льготнаму крэдыту дапускаецца толькі на члена сям'і крэдытаатрымальніка;

1.8. адчужэнне жылога памяшкання (шляхам продажу, дарэння або мены), на капітальны рамонт, рэканструкцыю, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў, пабудоў якога прадастаўлены льготны крэдыт, не дапускаецца да поўнага пагашэння гэтага крэдыту;

1.9. размеркаванне крэдытных рэсурсаў па абласцях у залежнасці ад патрэбнасці ў ільготных крэдытах асобных катэгорый грамадзян, якія маюць права на атрыманне такіх крэдытаў у адпаведнасці з гэтым Указам, ажыццяўляецца адкрытым акцыянерным таварыствам «Ашчадны банк «Беларусбанк» па ўзгадненню з Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

1.10. кампенсацыя адкрытаму акцыянернаму таварыству «Ашчадны банк «Беларусбанк» страт за перыяд карыстання грамадзянамі льготнымі крэдытамі ажыццяўляецца да пачатку тэрміну выплаты працэнтаў па гэтых крэдытах — у памеры стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, што склалася ў справаздачным перыядзе, павялічанай на маржу, але не больш як 3 працэнты гадавых, а пасля надыходу тэрміну выплаты працэнтаў па іх — як розніца паміж стаўкай рэфінансавання Нацыянальнага банка, што склалася ў справаздачным перыядзе, павялічанай на маржу, але не больш як 3 працэнты гадавых, і стаўкай працэнтаў па льготных крэдытах;

1.11. уключэнне ў спісы льготнага крэдытавання грамадзян, якія не маюць на момант такога ўключэння права на атрыманне льготнага крэдыту, прыводзіць да накладання штрафу на службовых асоб мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у памеры да 50 базавых велічынь;

1.12. прадастаўленне льготных крэдытаў грамадзянам, не ўключаным ва ўстаноўленым парадку ў спісы льготнага крэдытавання, прыводзіць да накладання штрафу на службовых асоб адкрытага акцыянернага таварыства «Ашчадны банк «Беларусбанк» у памеры да 50 базавых велічынь;

1.13. вядзенне па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжаных падпунктамі 1.11 і 1.12 гэтага пункта, ажыццяўляецца ўпаўнаважанымі службовымі асобамі органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

2. Аблвыканкамам, адкрытаму акцыянернаму таварыству «Ашчадны банк Беларусбанк» забяспечыць кантроль за мэтавым выкарыстаннем крэдытных рэсурсаў, што выдзяляюцца на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў.

3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

3.1. забяспечваць адкрытаму акцыянернаму таварыству «Ашчадны банк «Беларусбанк» за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту штомесячную кампенсацыю страт, звязаных з прадастаўленнем ільготных крэдытаў грамадзянам у адпаведнасці з гэтым Указам;

3.2. у трохмесячны тэрмін:

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам;

прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтага Указа.

4. Гэты Указ уступае ў сілу з 1 сакавіка 2006 г., за выключэннем падпункта 3.2 пункта 3 і гэтага пункта, якія ўступаюць ў сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Указа.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

7 лютага 2006 г.

г. Мінск.