Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 87

Аб некаторых мерах па скарачэнню не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылых дамоў, дач

У мэтах скарачэння колькасці не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылых дамоў, дач, эфектыўнага выкарыстання зямельных участкаў:

1. Устанавіць, што будаўніцтва капітальных будынкаў у выглядзе жылога дома, дачы* на зямельных участках, прадастаўленых ва ўстаноўленым парадку да 1 красавіка 2006 г. для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, для дачнага будаўніцтва, павінна быць завершана** грамадзянінам на працягу трох гадоў з даты ўступлення ў сілу гэтага Указа.

Будаўніцтва гэтых будынкаў на зямельных участках, прадастаўленых ва ўстаноўленым парадку для названых мэтаў пасля ўступлення ў сілу гэтага Указа, павінна быць завершана грамадзянінам на працягу трох гадоў з даты атрымання дазволу на будаўніцтва, выдадзенага мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, але не пазней за 3,5 года з даты атрымання дакумента, які засведчвае дзяржаўную рэгістрацыю права прыватнай уласнасці або пажыццёвага спадчыннага валодання на такі зямельны ўчастак.

Тэрмін будаўніцтва, прадугледжаны часткамі першай, другой, чацвёртай і пятай гэтага пункта, можа быць падоўжаны мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, але не пазней як на адзін год, з улікам матэрыяльнага становішча грамадзяніна па яго заяве, пададзенай не раней як за шэсць месяцаў, але не пазней як за два месяцы да сканчэння тэрміну будаўніцтва.

Пры набыцці на падставах, прадугледжаных заканадаўствам (за выключэннем атрымання спадчыны), зямельных участкаў, на якіх размешчаны не завершаныя будаўніцтвам незакансерваваныя жылы дом, дача, на працягу тэрміну будаўніцтва, названага ў частках першай — трэцяй гэтага пункта, ход гэтага тэрміну не перапыняецца.

Пры атрыманні ў спадчыну зямельных участкаў, на якіх размешчаны не завершаныя будаўніцтвам незакансерваваныя жылы дом, дача, будаўніцтва гэтых дома, дачы павінна быць завершана на працягу трох гадоў з даты атрымання наследнікам пасведчання аб праве на спадчыну.

У выпадку немагчымасці заканчэння будаўніцтва ў тэрміны, названыя ў частках першай — пятай гэтага пункта, грамадзяне абавязаны ажыццявіць кансервацыю не завершаных будаўніцтвам жылых дамоў, дач (за выключэннем выпадку, прадугледжанага часткай сёмай гэтага пункта) і добраўпарадкаванне зямельных участкаў, на якіх размешчаны такія дом, дача, у парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Тэрмін кансервацыі не завершаных будаўніцтвам жылога дома, дачы не можа перасягаць трох гадоў. Кансервацыя не завершаных будаўніцтвам жылога дома, дачы прыпыняе ход тэрміну, названага ў частках першай — пятай гэтага пункта.

Кансервацыя не завершаных будаўніцтвам жылых дамоў, дач, размешчаных на зямельных участках, якія знаходзяцца ў межах 500 метраў ад восі рэспубліканскіх аўтамабільных дарог, не дапускаецца.

2. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы:

2.1. праводзяць работу па выяўленню размешчаных на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылых дамоў, дач, тэрміны будаўніцтва якіх перасягаюць прадугледжаныя пунктам 1 гэтага Указа. Пры выяўленні штогод на 1 студзеня не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылых дамоў, дач выносяць да 1 лютага прадпісанне ўласніку (уладальніку) зямельнага ўчастка аб неабходнасці на працягу шасці месяцаў з дня атрымання ўласнікам (уладальнікам) зямельнага ўчастка гэтага прадпісання завяршэння будаўніцтва такіх дома, дачы або іх кансервацыі. Прадпісанне накіроўваецца ўласніку (уладальніку) зямельнага ўчастка на працягу трох каляндарных дзён з дня яго вынясення.

У гэтым прадпісанні абавязкова растлумачваюцца прававыя вынікі яго невыканання;

2.2. пры незавяршэнні ўласнікам (уладальнікам) зямельнага ўчастка будаўніцтва гэтых дома, дачы або неажыццяўленні іх кансервацыі ў тэрмін, названы ў прадпісанні:

2.2.1. на працягу месяца з дня заканчэння тэрміну, прадугледжанага прадпісаннем, падаюць заяву з прыкладаннем неабходных дакументаў у тэрытарыяльную арганізацыю па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй аб правядзенні ацэнкі кошту не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы, тэрмін правядзення якой не можа перасягаць аднаго месяца з дня падачы названых дакументаў;

2.2.2. на працягу месяца з дня атрымання дакумента тэрытарыяльнай арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй аб ацэнцы кошту не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы падаюць у суд па месцы знаходжання зямельнага ўчастка:

заяву аб адабранні зямельнага ўчастка і не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы шляхам выкупу гэтых дома, дачы адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай або перадачы адпаведнаму мясцоваму выканаўчаму і распарадчаму органу для продажу з публічных таргоў, калі зямельны ўчастак, на якім размешчаны такія дом, дача, знаходзіцца на праве прыватнай уласнасці;

заяву аб адабранні не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы шляхам іх выкупу адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай або перадачы адпаведнаму мясцоваму выканаўчаму і распарадчаму органу для продажу з публічных таргоў, калі зямельны ўчастак, на якім размешчаны гэты дом, дача, знаходзіцца на праве пажыццёвага спадчыннага валодання;

2.3. на працягу трох каляндарных дзён з дня падачы ў суд заявы аб адабранні прыналежнага грамадзяніну на праве прыватнай уласнасці зямельнага ўчастка і размешчаных на ім не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы або заявы аб адабранні не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы інфармуюць тэрытарыяльную арганізацыю па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй і накіроўваюць уласніку (уладальніку) зямельнага ўчастка паведамленне аб падачы ў суд названых заяў;

2.4. прымаюць рашэнне аб адабранні зямельнага ўчастка на падставе рашэння суда аб адабранні размешчаных на зямельным участку, які належыць на праве пажыццёвага спадчыннага валодання, не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы шляхам іх выкупу адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай або перадачы адпаведнаму мясцоваму выканаўчаму і распарадчаму органу для продажу з публічных таргоў.

На падставе рашэнняў суда, мясцовага выканаўчага і распарадчага органа аб адабранні зямельнага ўчастка тэрытарыяльная арганізацыя па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй ажыццяўляе дзяржаўную рэгістрацыю спынення права ўласнасці, права пажыццёвага спадчыннага валодання на такі зямельны ўчастак;

2.5. накіроўваюць уласніку (уладальніку) зямельнага ўчастка прадпісанне, названае ў падпункце 2.1 гэтага пункта, а таксама паведамленне, названае ў падпункце 2.3 гэтага пункта, заказным паштовым адпраўленнем з паведамленнем аб іх уручэнні.

3. Уласніку (уладальніку) зямельнага ўчастка кампенсуецца:

пры выкупе не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай — кошт гэтых дома, дачы ў памеры, устаноўленым у дагаворы паміж адпаведным мясцовым выканаўчым і распарадчым органам і ўласнікам (уладальнікам) зямельнага ўчастка, але не больш за памер, вызначаны тэрытарыяльнай арганізацыяй па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй, за вылікам расходаў на правядзенне ацэнкі не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы ў адпаведнасці з падпунктам 2.2.1 пункта 2 гэтага Указа;

пры продажы не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы мясцовым выканаўчым і распарадчым органам з публічных таргоў — сума, атрыманая ад продажу гэтых дома, дачы, за вылікам расходаў на правядзенне публічных таргоў і ацэнкі не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы ў адпаведнасці з падпунктам 2.2.1 пункта 2 гэтага Указа.

4. Пры набыцці па падставах, прадугледжаных заканадаўствам (за выключэннем атрымання спадчыны), не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы ў грамадзяніна-ўласніка (уладальніка) зямельнага ўчастка, які атрымаў прадпісанне, названае ў падпункце 2.1 пункта 2 гэтага Указа, гэты зямельны ўчастак пераходзіць да грамадзяніна-пакупніка не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы на праве прыватнай уласнасці, пажыццёвага спадчыннага валодання ў парадку, прадугледжаным заканадаўчымі актамі аб зямлі. Тэрмін прыняцця адпаведнага рашэння мясцовым выканаўчым і распарадчым органам не павінен перасягаць сямі каляндарных дзён з дня падачы пакупніком заявы ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган па месцы знаходжання зямельнага ўчастка. Пры гэтым ход вызначанага ў адпаведнасці з падпунктам 2.1 пункта 2 гэтага Указа тэрміну завяршэння будаўніцтва размешчаных на ім не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы не спыняецца, а ў дагаворах адчужэння гэтых дома, дачы ў якасці істотнай умовы называецца дата завяршэння будаўніцтва. У выпадку незавяршэння будаўніцтва незакансерваваных жылога дома, дачы ў тэрмін, прадугледжаны дагаворам на іх набыццё, прымяняюцца правілы, вызначаныя падпунктамі 2.2-2.5 пункта 2 і пунктам 3 гэтага Указа.

Названае ў частцы першай гэтага пункта адчужэнне можа быць ажыццёўлена да атрымання ўласнікам (уладальнікам) зямельнага ўчастка паведамлення аб падачы ў суд заявы ў адпаведнасці з падпунктам 2.3 пункта 2 гэтага Указа.

Пры атрыманні ў спадчыну зямельнага ўчастка, на якім размешчаны не завершаныя будаўніцтвам незакансерваваныя жылы дом, дача, што належаў грамадзяніну на праве прыватнай уласнасці, пажыццёвага спадчыннага валодання, які атрымаў прадпісанне, названае ў падпункце 2.1 пункта 2 гэтага Указа, будаўніцтва гэтых дома, дачы павінна быць завершана на працягу трох гадоў з даты атрымання наследнікам пасведчання аб праве на спадчыну. У выпадку незавяршэння будаўніцтва незакансерваваных жылога дома, дачы ў названы тэрмін прымяняюцца правілы, вызначаныя пунктамі 2 і 3 гэтага Указа.

5. Пры продажы не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы з публічных таргоў да іх пакупнікоў пераходзяць правы на адпаведны зямельны ўчастак па падставах і ў парадку, прадугледжаных заканадаўчымі актамі аб зямлі.

6. Дзяржаўная пошліна за падачу ў суд заявы аб адабранні прыналежнага грамадзяніну на праве прыватнай уласнасці зямельнага ўчастка і размешчаных на ім не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы або заявы аб адабранні не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы ва ўладальніка зямельнага ўчастка шляхам выкупу гэтых дома, дачы адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай або перадачы мясцоваму выканаўчаму і распарадчаму органу для продажу з публічных таргоў не спаганяецца.

7. Абласным і Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў у трохмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне сваіх рашэнняў у адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.

8. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

8.1. у двухмесячны тэрмін:

зацвердзіць палажэнні аб парадку правядзення ацэнкі не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылога дома, дачы і парадку кансервацыі грамадзянамі не завершаных будаўніцтвам жылых дамоў, дач, ажыццяўлення добраўпарадкавання зямельных участкаў, на якіх праведзена кансервацыя такіх дамоў, дач;

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі;

8.2. растлумачваць пытанні прымянення палажэнняў гэтага Указа.

9. Гэты Указ уступае ў сілу з 1 красавіка 2006 г., за выключэннем пунктаў 7, 8 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Указа.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

7 лютага 2006 г.

г. Мінск.

___________________________________________
* Для мэтаў гэтага Указа дачай з'яўляецца капітальны будынак, прызначаны для адпачынку, сезоннага або часовага пражывання.

** Для мэтаў гэтага Указа днём завяршэння будаўніцтва жылога дома, дачы лічыцца дзень атрымання ва ўстаноўленым парадку акта аб увядзенні такіх дома, дачы ў эксплуатацыю.