Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
29 сакавіка 2006 г. № З-194/2006
Аб адпаведнасці Канстытуцыі, іншым законам Рэспублікі Беларусь, міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 снежня 1992 г. № 758 “Аб умовах назначэння пенсій асобным катэгорыям работнікаў авіяцыі лётна-выпрабавальнага складу” ў частцы пенсіённага забеспячэння бортправаднікоў грамадзянскай авіяцыі
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Цікавенкі А.Г., Філіпчык Р.І., Шукліна В.З.
 
з удзелам прадстаўнікоў:
 
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Красуцкага А.В., намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД; Корапа Р.Л., члена Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі; Шокава У.І., члена Пастаяннай камісіі па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў;
 
Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь – Моравай А.П., Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі, іншым законам Рэспублікі Беларусь, міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 снежня 1992 г. № 758 “Аб умовах назначэння пенсій асобным катэгорыям работнікаў авіяцыі лётна-выпрабавальнага складу” ў частцы пенсіённага забеспячэння бортправаднікоў грамадзянскай авіяцыі”.
 
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:
 
Вышкевіч В.М. – намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Козырава Л.Р. – намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Iваноўскі А.У. – намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Краўцоў А.Э. – намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь 3 студзеня 2006 г. па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
 
Праверцы падлягала пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 снежня 1992 г. № 758 “Аб умовах назначэння пенсій асобным катэгорыям работнікаў авіяцыі лётна-выпрабавальнага складу” з далейшымі змяненнямі і дапаўненнямі (ЗП Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 35, арт. 644; 1993 г., № 28, арт. 545; 1994 г., № 10, арт. 165; Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь, 1996 г., № 36, арт. 984; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 44, 5/874; 2002 г., № 82, 5/10802; 2003 г., № 94, 5/12923; 2004 г., № 52, 5/13984) (далей – пастанова № 758).
 
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прапанавала Канстытуцыйнаму Суду даць заключэнне аб адпаведнасці пастановы № 758 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і законам Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” і “Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” ў частцы рэгулявання пытання пенсіённага забеспячэння бортправаднікоў грамадзянскай авіяцыі.
 
У прапанове ўказана, што для бортправаднікоў устаноўлены ўмовы назначэння пенсій за выслугу гадоў, якія адрозніваюцца ад умоў назначэння пенсій іншым катэгорыям работнікаў авіяцыі, у тым ліку работнікам лётнага і лётна-выпрабавальнага складу. Паветраным кодэксам Рэспублікі Беларусь 1999 года бортправаднікі аднесены да членаў экіпажа паветранага судна, які складаецца з лётнага экіпажа (камандзіра, іншых асоб лётнага складу) і кабіннага экіпажа (бортаператараў, бортправаднікоў). Пастановай № 758 парадак і ўмовы назначэння пенсіі бортаператарам устаноўлены такія ж, як і членам лётнага экіпажа, у той жа час у адносінах да другога члена кабіннага экіпажа – бортправадніка парадак і умовы назначэння пенсіі ўстаноўлены іншыя.
 
У сувязі з гэтым Палата прадстаўнікоў мяркуе, што пастанова № 758 са змяненнем, унесеным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 жніўня 2003 г. № 1074 (далей – пастанова № 1074), супярэчыць нормам Закона Рэспублікі Беларусь “Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні”. Пастанова № 758, па меркаванню Палаты прадстаўнікоў, стварае няроўныя ўмовы ў пенсіённым забеспячэнні членаў экіпажаў паветраных суднаў, што не адпавядае артыкулу 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая прадугледжвае роўнасць усіх перад законам.
 
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Кенік К.І., прадстаўнікоў бакоў, спецыялістаў, сведку, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” і “Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні”, іншых нарматыўных прававых актаў, заканадаўства СССР, практыку іх прымянення, ацаніўшы пазіцыі дзяржаўных ораганў і вучоных, вывучыўшы іншыя матэрыялы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Згодна з артыкулам 47 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам. У адпаведнасці з артыкулам 4 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 г. “Аб пенсіённым забеспячэнні” (далей – Закон “Аб пенсіённым забеспячэнні”) па гэтаму Закону назначаюцца працоўныя пенсіі: па ўзросту, па інваліднасці, з выпадку страты карміцеля, за выслугу гадоў, за асаблівыя заслугі перад рэспублікай. Артыкулам 46 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” вызначана, што пенсіі за выслугу гадоў устанаўліваюцца асобным катэгорыям грамадзян (артыкулы 47 – 492), занятым на работах, выкананне якіх вядзе да страты прафесіянальнай працаздольнасці або прыгоднасці, да наступлення ўзросту, які дае права на пенсію па ўзросту. Да катэгорый грамадзян, занятых на такіх работах, Закон “Аб пенсіённым забеспячэнні” адносіць, у прыватнасці, асобныя катэгорыі работнікаў авіяцыі і лётна-выпрабавальнага складу.
 
Артыкул 47 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” прадугледжвае чатыры катэгорыі работнікаў авіяцыі і лётна-выпрабавальнага складу, якія маюць права на пенсію за выслугу гадоў: 1) работнікі лётнага і лётна-выпрабавальнага складу; 2) работнікі, якія ажыццяўляюць кіраванне паветраным рухам і маюць пасведчанне дыспетчара; 3) інжынерна-тэхнічны склад; 4) бортправаднікі. Пры гэтым для кожнай з указаных катэгорый устаноўлены розныя падставы, умовы і парадак назначэння пенсіі за выслугу гадоў і вылічэння яе размеру. У прыватнасці, бортправаднікі маюць права на такую пенсію пры наяўнасці наступных умоў: мужчыны – па дасягненні 55 гадоў і пры агульным стажы работы не менш 25 гадоў, з іх не менш 15 гадоў бортправадніком; жанчыны – па дасягненні 45 гадоў і пры агульным стажы работы не менш 20 гадоў, з іх не менш 10 гадоў бортправадніцай (пункт “г” артыкула 47).
 
Абзацам трэцім пункта “а” артыкула 47 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” прадугледжана, што пералік пасад работнікаў лётнага складу, парадак вылічэння тэрмінаў выслугі гадоў для назначэння ім пенсій, а таксама парадак назначэння і выплаты пенсій работнікам лётна-выпрабавальнага складу зацвярджаюцца ў парадку, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь; пунктам “в” указанага артыкула ўстаноўлена, што пералік пасад і работ інжынерна-тэхнічнага складу зацвярджаецца ў парадку, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
 
Прадпісанні ўказаных пунктаў артыкула 47 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” рэалізаваны Саветам Міністраў у пастанове № 758, якой зацверджаны: Палажэнне аб парадку назначэння і выплаты пенсій за выслугу гадоў работнікам лётна-выпрабавальнага складу; Пералік пасад работнікаў летнага складу, работа на якіх дае права на пенсію за выслугу гадоў (незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасці прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый); Парадак вылічэння тэрмінаў выслугі гадоў для назначэння пенсій работнікам лётнага складу, а таксама Пералік пасад інжынерна-тэхнічнага складу авіацыі, работа на якіх дае права на пенсію за выслугу гадоў.
 
Ацэньваючы адпаведныя палажэнні пастановы № 758, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з таго, што Законам “Аб пенсіённым забеспячэнні” Савету Міністраў даручана забяспечыць дадатковае прававое рэгуляванне толькі ў адносінах да работнікаў лётнага і лётна-выпрабавальнага складу, а таксама інжынерна-тэхнічнага складу (пункты “а”, “в” артыкула 47).
 
Пералікам пасад работнікаў лётнага складу, работа на якіх дае права на пенсію за выслугу гадоў, зацверджаным пастановай № 758, да лётнага складу былі аднесены, у прыватнасці, члены экіпажаў паветраных суднаў і іншых лятальных апаратаў, а пасля ўнясення ва ўказаную пастанову змянення пастановай № 1074 – члены лётных экіпажаў паветраных суднаў і іншых лятальных апаратаў, бортаператары.
 
З увядзеннем у дзеянне Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” (з 1 студзеня 1993 г.) пенсія за выслугу гадоў работнікам лётнага складу і бортаператарам назначалася ў адпаведнасці з гэтым Законам і на ўмовах, устаноўленых пастановай № 758.
 
У той жа час бортправаднікам, якія таксама ўваходзілі ў склад экіпажа паветранага судна, права на пенсію за выслугу гадоў, умовы і парадак яе назначэння ўстаноўлены пунктам “г” артыкула 47 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні”, які з'яўляецца нормай прамога дзеяння і не патрабуе дадатковага рэгулявання ўмоў і парадку назначэння пенсіі бортправаднікам, а таксама парадку вылічэння ім размеру пенсіі. Такім чынам, бортправаднікі былі выдзелены ў асобную катэгорыю работнікаў авіяцыі, пенсіённае забеспячэнне якіх урэгулявана непасрэдна ў законе. Паколькі Савет Міністраў не быў надзелены правам вызначаць умовы пенсіённага забеспячэння бортправаднікоў, то пастанова № 758, якая рэгулюе ўмовы пенсіённага забеспячэння лётнага складу, на бортправаднікоў не распаўсюджвалася.
 
Згодна з артыкулам 40 Паветранага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1999 года, распрацаванага з улікам палажэнняў Канвенцыі аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі, экіпаж паветранага судна Рэспублікі Беларусь складаецца з лётнага экіпажа (камандзіра, іншых асоб лётнага складу) і кабіннага экіпажа (бортаператараў і бортправаднікоў). Такім чынам, з увядзеннем у дзеянне ўказанага Кодэкса ў бортправаднікоў узніклі фармальныя падставы для пастаноўкі пытання аб распаўсюджванні на іх дзеяння ўмоў пенсіённага забеспячэння, устаноўленых для лётнага складу, тым больш, што ў пастанове № 758 выкарыстоўвалася тое ж паняцце – “экіпаж паветранага судна”, да якога ў адпаведнасці з Паветраным кодэксам аднесены і бортправаднікі. Да таго ж, па звестках Дзяржаўнага камітэта па авіяцыі Рэспублікі Беларусь, у 1992 годзе, да прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні”, на ўрадавым узроўні было ўзгоднена, што пытанне аб аднясенні бортправаднікоў да лётнага складу можа быць разгледжана пры распрацоўцы Паветранага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Узнікла яўная калізія паміж указаным Кодэксам і пенсіённым заканадаўствам у частцы выкарыстання тэрмінаў і паняццяў. Артыкулам 141 Паветранага кодэкса Савету Міністраў было дадзена даручэнне да 1 студзеня 2000 г. прывесці заканадаўчыя акты ў адпаведнасць з гэтым Кодэксам. Аднак указаная калізія захоўвалася працяглы час, што таксама выклікала павелічэнне колькасці зваротаў грамадзян – былых бортправаднікоў аб пераглядзе іх пенсіённага забеспячэння з улікам палажэнняў Паветранага кодэкса.
 
Пастановай № 1074 у названы Пералік было ўнесена ўдакладненне, у адпаведнасці з якім замест паняцця “члены экіпажа паветранага судна”, у катэгорыю якіх фармальна траплялі і бортправаднікі, якое выкарыстоўвалася раней, указана паняцце “члены лётных экіпажаў (гэта значыць камандзір, іншыя асобы лётнага складу). Пры гэтым Пералік быў дапоўнены такой катэгорыяй работнікаў, як бортаператары, у адносінах да якіх з 1959 года саюзным заканадаўствам парадак і ўмовы назначэння пенсіі ўстанаўліваліся такія ж, як і ў адносінах да лётнага складу. Дадзенае змяненне заканадаўства не датычылася ўмоў пенсіённага забеспячэння бортправаднікоў, паколькі адпаведныя ўмовы назначэння ім пенсій, вызначаныя прама ў Законе “Аб пенсіённым забеспячэнні”, не змяняліся.
 
Тая акалічнасць, што ў Пералік пасад работнікаў лётнага складу пастановай № 1074 уключаны бортаператары, якія, як і бортправаднікі, адносяцца не да лётнага, а да кабіннага экіпажа, што з'явілася адной з прычын аспрэчвання законасці пастановы № 758, не можа ўплываць на парадак і ўмовы назначэння пенсій бортправаднікам, паколькі ў Законе “Аб пенсіённым забеспячэнні” для іх устаноўлена самастойнае прававое рэгуляванне пенсіённага забеспячэння, якое таксама носіць ільготны характар па ўзросту і спецыяльнаму стажу (пункт “г” артыкула 47 Закона).
 
Раней дзеючае заканадаўства аб пенсіённым забеспячэнні работнікаў грамадзянскай авіяцыі, у прыватнасці пастанова Савета Міністраў СССР ад 20 снежня 1958 г. № 1372 “Аб пенсіях за выслугу гадоў работнікам лётна-пад'емнага складу грамадзянскай авіяцыі і паветраплавання”, адносіла да лётна-пад'ёмнага складу і бортаператараў, якія забяспечваліся пенсіяй за выслугу гадоў разам з лётным складам.
 
Бортправаднікі пенсіённым заканадаўствам да лётнага складу не былі аднесены і забяспечваліся пенсіяй па старасці за работу з асаблівымі ўмовамі працы па Спісу № 1 вытворчасцей, цэхаў, прафесій і пасад на падземных работах, на работах са шкоднымі ўмовамі працы і ў гарачых цэхах, работа ў якіх дае права на дзяржаўную пенсію на льготных умовах і ў ільготных размерах, зацверджанаму пастановай Савета Міністраў СССР ад 22 жніўня 1956 г. № 1173 (далей Спіс – № 1). Пры гэтым вылічэнне размераў такіх пенсій ажыццяўлялася па агульных нормах, устаноўленых для пенсіі па старасці.
 
Законам СССР ад 15 мая 1990 г. “Аб пенсіённым забеспячэнні грамадзян у СССР”, а затым Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” ўстаноўлена пенсіённае забеспячэнне бортправаднікоў, як і работнікаў лётнага складу, пенсіямі за выслугу гадоў. Аднак для бортправаднікоў на заканадаўчым узроўні былі прадугледжаны ўмовы назначэння пенсій за выслугу гадоў, якія адрозніваюцца ад умоў назначэння пенсій іншым катэгорыям работнікаў авіяцыі, у тым ліку работнікам лётнага і лётна-выпрабавальнага складу, і раней існуючага парадку іх пенсіённага забеспячэння па Спісу № 1. Так, права на пенсію за выслугу гадоў бортправаднікам прадастаўляецца: жанчынам – па дасягненні 45 гадоў і пры агульным стажы работы не менш 20 гадоў, з іх не менш 10 гадоў бортправадніцай, мужчынам – па дасягненні 55 гадоў і пры стажы работы не менш 25 гадоў, з іх не менш 15 гадоў бортправадніком. Пры гэтым агульны стаж работы ў якасці бортправадніка вылічваецца ў каляндарным парадку, а размер пенсіі – на агульных падставах, устаноўленых для працоўных пенсій. У той жа час за бортправаднікамі, якія выпрацавалі патрабуемы стаж работы да 1 студзеня 1992 г., захавана права на назначэнне пенсій па ўзросту па Спісу № 1 (артыкул 15 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні”).
 
Закон “Аб пенсіённым забеспячэнні”, устанаўліваючы агульнае палажэнне аб размеры пенсій, для работнікаў лётнага і лётна-выпрабавальнага складу робіць выключэнне, паколькі пунктам “а” артыкула 47 гэтага Закона Савету Міністраў даручана вызначыць парадак назначэння і выплаты пенсій работнікам лётна-выпрабавальнага складу (артыкул 50). Так, пенсіі работнікам лётнага складу вылічваюцца па ўстаноўленых нормах у працэнтах да адкарэкціраванага ў сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы рабочых і служачых у рэспубліцы фактычнага заработку, які вызначаецца ў адпаведнасці з артыкуламі 57, 58 і 70 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні”. Пры гэтым заработак не звыш 130 працэнтаў сярэдняй заработнай платы рабочых і служачых у рэспубліцы, якая прымяняецца для карэкціроўкі фактычнага заработку пенсіянера (артыкул 70 Закона) улічваецца поўнасцю, а заработак у межах ад 130 да 400 працэнтаў сярэдняй заработнай платы рабочых і служачых у рэспубліцы, якая прымяняецца для карэкціроўкі фактычнага заработку пенсіянера, улічваецца ў размеры 10 працэнтаў. Атрыманая такім чынам сума лічыцца заработкам, з якога вылічваецца пенсія (пункт 2 пастановы № 758).
 
Гэта азначае, што пенсія работнікам лётнага складу вылічваецца без прымянення артыкула 56 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” аб абмежаванні заработку. За кошт гэтага пенсіі работнікаў лётнага складу па свайму размеру вышэй, чым пенсіі па ўзросту і некаторыя іншыя пенсіі за выслугу гадоў, у тым ліку і бортправаднікоў.
 
Заканадаўства не прадастаўляла раней і не прадастаўляе ў цяперашні час бортправаднікам права на вылічэнне ім пенсіі ў парадку, устаноўленым для работнікаў лётнага і лётна-выпрабавальнага складу. Размер працоўных пенсій бортправаднікам, як і іншым катэгорыям работнікаў, увязаны з працягласцю стажу работы і велічынёй заработку, прынятага для вылічэння пенсіі, і вылічваецца ў адпаведнасці з артыкулам 56 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні”.
 
Такім чынам, Закон “Аб пенсіённым забеспячэнні” не прадастаўляе Савету Міністраў права ўстанаўліваць іншыя ў параўнанні з гэтым Законам парадак і ўмовы пенсіённага забеспячэння бортправаднікоў, таму пастанова № 758 не была прадназначана для рэгулявання пенсіённага забеспячэння бортправаднікоў і пры назначэнні ім пенсій не прымянялася.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што абзацам другім артыкула 5 Закона “Аб  парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб  пенсіённым забеспячэнні” Савету Міністраў было даручана ў тэрмін да 1 снежня 1992 г. распрацаваць і зацвердзіць спісы і пералікі вытворчасцей, работ, прафесій, пасад і паказчыкаў, якія даюць права на атрыманне пенсій за работу з асаблівымі ўмовамі працы і пенсій за выслугу гадоў, а таксама парадак і ўмовы назначэння пенсій за выслугу гадоў у адпаведнасці з артыкуламі 47 і 49 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні”. Прыведзенае прадпісанне, якое адсылае да артыкула 47 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні”, неабходна суадносіць толькі з нарматыўнымі палажэннямі пунктаў “а” і “в” указанага артыкула, якія ўтрымліваюць канкрэтныя прадпісанні ў адносінах да правамоцтваў Савета Міністраў. Таму палажэнні абзаца другога артыкула 5 Закона “Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” пашыранаму тлумачэнню не падлягаюць. Тым больш, што акцэнт ва ўказаным артыкуле зроблены не на канкрэтызацыю адпаведных даручэнняў Савету Міністраў, а на тэрмін іх выканання. У сувязі з гэтым Савет Міністраў і не павінен быў вырашаць пытанне аб парадку і ўмовах назначэння пенсій бортправаднікам.
 
Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае, што выкладзеная ў звароце Палаты прадстаўнікоў пазіцыя аб неабходнасці пошуку справядлівых падыходаў да вырашэння пытанняў пенсіённага забеспячэння работнікаў авіяцыі, якія адносяцца да кабіннага экіпажа паветранага судна, заслугоўвае ўвагі, аднак гэта магчыма шляхам удасканальвання пенсіённага заканадаўства. Праведзены Канстытуцыйным Судом аналіз заканадаўства аб пенсіённым забеспячэнні работнікаў авіяцыі сведчыць аб тым, што ўстанаўленне больш ільготных умоў пенсіённага забеспячэння бортправаднікоў магчыма толькі шляхам унясення змянення ў Закон “Аб пенсіённым забеспячэнні”. Канстытуцыйны Суд мяркуе, што характар працы і адказнасць лётнага экіпажа мае сваю спецыфіку і адрозніваецца ад характару працы і адказнасці кабіннага экіпажа, прычым гэты факт з’яўляецца дастаткова відавочным. Што ж датычыцца супастаўлення умоў працы і адказнасці бортаператараў і бортправаднікоў, якія, як адзначана ў інфармацыі Дзяржкамавіяцыі, пераносяць, як і іншыя члены экіпажа, аднолькавае ўздзеянне знешняга асяроддзя, то дадзенае пытанне ў сілу яго не настолькі відавочнага характару павінна вырашацца тымі органамі дзяржаўнай улады, да кампетэнцыі якіх адносіцца вызначэнне парадку і ўмоў пенсіённага забеспячэння.
 
Канстытуцыйны Суд у такой сітуацыі можа толькі адзначыць, што няма перашкод для аднясення бортправаднікоў, як і бортаператараў, да катэгорыі работнікаў авіяцыі лётнага складу, у адносінах да якіх устаноўлена льготнае вылічэнне размеру пенсіі, аднак вырашэнне гэтых пытанняў знаходзіцца ў кампетэнцыі заканадаўца.
 
У судовым пасяджэнні Канстытуцыйны Суд не разглядаў пытанне аб канстытуцыйнасці Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні”, паколькі прадметам разгляду на гэтай справе з’яўлялася пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 снежня 1992 г. № 758 “Аб умовах назначэння пенсій асобным катэгорыям работнікаў авіяцыі лётна-выпрабавальнага складу”. Згодна з артыкулам 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” Канстытуцыйны Суд надзелены правам выносіць рашэнні толькі ў адносінах да актаў, якія заснаваны на правераным акце або аднаўляюць яго асобныя палажэнні, калі яны і не ўпаміналіся ў прапанове, аднак у дадзеным выпадку правяраемы акт сам заснаваны на Законе “Аб пенсіённым забеспячэнні”.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся часткамі першай, чацвёртай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 снежня 1992 г. № 758 “Аб умовах назначэння пенсій асобным катэгорыям работнікаў авіяцыі лётна-выпрабавальнага складу” (з далейшымі змяненнямі і дапаўненнямі) у частцы пенсіённага забеспячэння бортправаднікоў грамадзянскай авіяцыі, адпавядаючымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь і законам Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” і “Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні”.
 
Адзначыць, што пры неабходнасці кампетэнтныя дзяржаўныя органы маюць права змяніць падыходы да пенсіённага забеспячэння бортправаднікоў, адпаведным чынам скарэкціраваўшы пенсіённае заканадаўства.
 
2. Звярнуць увагу нарматворчых органаў на тое, што наперакор патрабаванням Канстытуцыі (артыкул 59), Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” у заканадаўстве ёсць супярэчнасці, фармулёўкі, вызначэнні, якія неадназначна разумеюцца, што асабліва недапушчальна, калі гэта датычыцца правоў, свабод і абавязкаў грамадзян, так як параджае скаргі і заявы грамадзян і не садзейнічае ўстанаўленню канстытуцыйнага парадку.
 
3. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, устаноўлены заканадаўствам, у газетах “Звязда” і “Народная газета”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
4. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                      Р.А.Васілевіч