Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях адукацыі

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 4 мая 2006 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 23 мая 2006 года

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка 1991 года «Аб адукацыі» ў рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 сакавіка 2002 года (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1991 г., № 33, ст. 598; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 37, 2/844) наступныя змяненні і дапаўненні:

1. У артыкуле 10:

частку адзінаццатую выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«У дзяржаўных установах, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, ажыццяўляецца мэтавая падрыхтоўка кваліфікаваных рабочых (служачых) і спецыялістаў на аснове дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы, істотныя ўмовы і парадак заключэння якіх вызначаюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.»;

частку дванаццатую пасля слова «якія навучаюцца» дапоўніць словамі «у дзённай форме атрымання адукацыі»;

дапоўніць артыкул часткамі трынаццатай—пятнаццатай наступнага зместу:

«Выпускнікі ўстаноў адукацыі, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў і накіраваны на работу па размеркаванню, лічацца маладымі рабочымі (служачымі), маладымі спецыялістамі і абавязаны адпрацаваць па размеркаванню адзін год — пасля атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, два гады — пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі. Указаны тэрмін работы вылічваецца з дня заключэння працоўнага дагавора паміж маладым рабочым (служачым), маладым спецыялістам і наймальнікам.

Малады рабочы (служачы), малады спецыяліст, які не адпрацаваў тэрмін работы па размеркаванню, прадугледжаны часткай трынаццатай гэтага артыкула, абавязаны кампенсаваць сродкі, затрачаныя на іх падрыхтоўку з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, у адпаведны бюджэт.

Парадак і ўмовы кампенсавання сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага (служачага), спецыяліста, а таксама падставы для вызвалення ад кампенсавання ўказаных сродкаў устанаўліваюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.».

2. У артыкуле 46:

з часткі першай слова «дзяржаўным» выключыць;

частку другую выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Кіраўніцтва ўстановай адукацыі ажыццяўляе кіраўнік, які назначаецца ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі.»;

частку трэцюю выключыць.

Артыкул 2. Пункт 2 артыкула 26 Закона Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2003 года «Аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 76, 2/965) выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«2. Кіраўніцтва ўстановай, якая забяспечвае атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі, ажыццяўляе кіраўнік, які назначаецца ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі.».

Артыкул 3. Гэты Закон уступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Артыкул 4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін пасля ўступлення ў сілу гэтага Закона:

забяспечыць прывядзенне нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

12 чэрвеня 2006 года, г. Мінск.

№ 123-З